Жыгар з «Белпола»: Сыходзім ад прывязкі да аб'яднання сілавікоў. А Сахашчык нам нецікавы
Журналіст «Нашай Нівы» на адным з дыпламатычных прыёмаў сустрэў прадстаўніка «Белпола» Уладзіміра Жыгара і задаў некалькі пытанняў — пра Сахашчыка, абмену сексотаў КДБ на палітвязняў і іншае.
Апошнім часам Белпол выпусціў некалькі гучных расследаванняў, Лукашэнка апраўдваўся нягегла і публічна — што рэдкасць.
Уладзімір Жыгар — адзін з асноўных твараў Белпола пасля таго, як арганізацыя раскалолася. Гаварыць з былымі сілавікамі складана. Яны не расказваюць і лічаць сакрэтнымі нават тыя рэчы, якія, здавалася б, можна было б і публічыць. Але як ёсць.
Прыводзім кароткую размову.
— Што думаеце пра канспіралагічны ліст Сахашчыка (аб удары па АЭС)? Ці верыце ў тое, што інфармацыю перадалі заходнія спецслужбы?
— Нам гэты ліст Сахашчык таксама адправіў. Тэкст у ім, мякка кажучы, выклікаў у нас пытанні. Як па змесце, так і па выкананні: дакумент не робіцца сакрэтным ад таго, што на ім напісалі «цалкам сакрэтна». Гэта не так працуе.
— А як ацэньваеце той канспіралагічны канал, адкуль Сахашчык чэрпае свае інсайды?
— Гэтая персона і яго дзейнасць нам не вельмі цікавая.
— Выглядае, што Белпол сыходзіць у бок эканамічных расследаванняў.
— Белпол сыходзіць ад прывязкі да «Аб’яднання былых сілавікоў»: задачы, якія мы вырашаем, інфармацыю, якую мы збіраем і аналізуем, падыходы і метады наўрад ці ўжо маюць наўпроставую сувязь з нашым мінулым. Мы выраслі і выйшлі на іншы ўзровень у разуменні працэсаў у Беларусі. Цяпер мы — дэмакратычная арганізацыя з пэўным бэкграўндам і профілем дзейнасці. Мы пашырылі і павялічылі свой штат, цяпер у ім і эканамісты, і аналітыкі і айцішнікі.
Так, эканоміка нас цікавіць: санкцыі супраць выканаўцаў нічога не даюць, рэжым не пераймаецца лёсамі сваіх шасцёрак у судзейскіх манціях ці ў міліцэйскай форме. А вось эканоміка — гэта балюча. І мы пайшлі туды.
І мы найбольш цэнім тое, што нашыя крыніцы з Беларусі. Яны там жывуць, [шмат] ведаюць. І дзеляцца інфармацыяй з намі. Такім чынам гэтыя людзі адчуваюць сваю датычнасць да барацьбы за дэмакратыю. Як могуць.
— Шмат увагі Лукашэнку.
— Так. Бо ўся Беларусь, па вялікім рахунку, гэта актыў сям’і Лукашэнкаў. Гэта калі па-філасофску. А практычна… Мы лічым, што дабярэмся і выцягнем на белы свет і персанальныя актывы сям’і Лукашэнкаў за мяжой.
— Што цікавага рыхтуеце?
— У бліжэйшую нядзелю мы раскажам, як Лукашэнка зарабляе на вайне, адначасова расказваючы пра недапушчальнасць пралівання крыві. Мы лічым, што гэта ў нас атрымаецца нават з элементамі міжнароднага скандалу, будзе на што паглядзець.
— Раскажыце пра агентаў КДБ на Захадзе. Які звычайны партрэт чалавека, які супрацоўнічае са спецслужбамі рэжыму, што імі рухае? Колькі вы іх знайшлі ўжо? І як увогуле распазнаць стукача ў сваім атачэнні.
— Штомесячна нам паступае некалькі дзясяткаў запытаў ад беларускіх дыяспар з просьбамі праверыць людзей. Дарэчы, прасілі нават праверыць журналістаў «Нашай Нівы», якія ў нейкай там сітуацыі паказаліся падазронымі.
Вельмі часта просяць: «а праверце вось такога, таму што ён цікавіцца рэчамі, да якіх у яго няма прамога інтарэсу; навязваецца, імкнецца ўбудавацца ў працэсы і засвоіцца ў чужых кампаніях». Але забаўна, што такія падазрэнні часцей за ўсё аказваюцца памылковымі.
«Агентамі» ў тым сэнсе, што потым перадаюць інфармацыю спецслужбам рэжыму, з’яўляюцца такія людзі, на якіх не падумаеш. Якія часта робяць гэта мімаволі, паддаўшыся на шантаж. Такіх мы таксама знаходзілі. Практычны вынік — іх затрымлівалі, а потым дэпартавалі з Еўрасаюза назад у Беларусь.
— А ці магчымы быў бы варыянт абмену такіх сексотаў на палітвязняў?
— Думаю, што не. Любыя сексоты каштоўныя для рэжыму толькі пакуль прыносяць карысць. Калі іх схапілі — яны ўжо непатрэбныя, яны не ўяўляюць каштоўнасці для абмену.
Каментары