Карціна Юліяна Фалата «Ашчэпнікі» (1890) была напісаная на матэрыяле нясвіжскіх паляванняў Радзівілаў канца 1880-х, яшчэ бачныя апошнія акорды даўніх традыцый.

Карціна Юліяна Фалата «Ашчэпнікі» (1890) была напісаная на матэрыяле нясвіжскіх паляванняў Радзівілаў канца 1880-х, яшчэ бачныя апошнія акорды даўніх традыцый.

10 лютага 1940-га НКВД правёў імклівую аперацыю па высяленні з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны некалькіх дзясяткаў тысяч асаднікаў і служачых былой дзяржаўнай і прыватнай лясных вартаў разам з іх сем’ямі.

Адных толькі службоўцаў лясной варты з Беларусі было вывезена 17 561 чалавек. Большасць з вартаўнікоў былі спадчыннымі ляснымі службоўцамі, якія неслі сваю нялёгкую службу ад дзядоў-прадзедаў.

Праз лютыя маразы і нечалавечыя ўмовы перавозкі многія з дэпартаваных не даехалі да месцаў высылкі. Шмат хто з іх памёр у Сібіры, Казахстане, на Далёкім Усходзе ў наступныя гады, а большасць з тых, хто выжыў, праз армію Андэрса і іншымі шляхамі па вайне апынуліся не ў Беларусі. Перастала існаваць цэлая сацыяльная група са сваім укладам жыцця, светапоглядам, доўгай і годнай гісторыяй.

Разам з імі знікла традыцыйная шляхецкая культура палявання, захавальнікамі якой яны, не ўсведамляючы гэтага, былі. 

Даўняя паляўнічая гаспадарка адыгрывала велізарную ролю ў жыцці грамадства ў цэлым, працуючы не толькі на арыстакратычныя забавы, але і з’яўляючыся першай арганізаванай формай аховы прыроды, а таксама самабытнай формай захавання гістарычнай памяці.

Вось памяці колішніх лясных вартаўнікоў і хочацца прысвяціць невялічкую дылогію. Першы артыкул — пра асочнікаў, самую старажытную катэгорыю лясной варты.

Ходзіць асочнік па асоцы

Назва гэтай прафесіі паходзіць ад дзеяслова «сачыць» — назіраць. А першыя звесткі пра асочнікаў у Вялікім Княстве Літоўскім адносяцца да XIV стагоддзя.

Іх абавязкам была ахова пушчаў вялікага князя (пазней караля) або магнатаў ад браканьераў, а таксама нагляд за звярынымі пераходамі і логавішчамі, прыкладны ўлік колькасці звяроў і птушак, падрыхтоўка паляванняў і дапаможны ўдзел у іх, нарыхтоўка дзічыны і адлоў звяроў для звярынцаў. Таксама асочнікі рыхтавалі паляўнічыя засідкі, рабілі загонныя агароджы і памосты.

Белавежскі асочнік з ашчэпам.

Белавежскі асочнік з ашчэпам.

За кожным асочнікам або іх групай (напрыклад, у Аўгустоўскай пушчы за чацвёркай) замацоўвалася асока — тэрыторыя адказнасці, за парадкам на якой яны мусілі сачыць. Абходы чацвёркі асочнікаў па асоцы ў XIV—XV стагоддзях, калі пушчы былі зусім мала заселеныя і бездарожныя, маглі цягнуцца некалькі тыдняў.

Сацыяльнае становішча

Асочнікі звычайна жылі ў асобных вёсках па перыметры пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, часам удзельнічалі ў ваенных паходах.

Сляды гэтага асадніцтва засталіся ў нашай тапаніміцы. Напрыклад, каля Сапоцкіна дагэтуль ёсць вёска Асочнікі, вядомая з 1554 года як пасяленне асочнікаў тагачаснай Перстунскай пушчы. А ў Свіслацкім раёне, на тэрыторыі Белавежскай пушчы, ёсць хутар Ашчэп, назва якога, магчыма, паходзіць ад тыповай зброі асочнікаў.

Найбольш падрабязныя весткі пра асочнікаў паходзяць з пушчаў уздоўж сучаснай беларуска-польскай мяжы: Белавежскай, Аўгустоўскай, Кнышынскай. Менавіта тут часцей за ўсё і палявалі каралі — яны ж вялікія князі літоўскія, — таму патрэба ў асочніках была найбольшая. Хоць арганізацыя службы ў буйных прыватных уладаннях, напрыклад у радзівілаўскіх, была досыць падобнай да дзяржаўнай.

Паводле «Уставы на валокі» (1557) асочнікі за службу атрымлівалі дзве валокі зямлі, вольныя ад падаткаў. Служба гэтая часта была дэ-факта спадчыннай, і з пункту гледжання большасці сялянства — зайздроснай, хоць і небяспечнай.

Але адносіны з наваколлем, у прыватнасці са шляхтай, у асочнікаў маглі складвацца няпростыя. «Хутчэй можна верыць расцуглянаму каню, чым пустому слову асочніка» — чытаем у першым слоўніку польскай мовы Самуэля Багуміла Ліндэ. Або яшчэ: «Хто шкодзіць добраму імені іншага, заслугоўвае, каб яго звалі асочнікам».

З паступовым заняпадам палявання, масавым высяканнем лесу, развіццём лясных промыслаў і фальваркавай гаспадаркі становішча асочнікаў пагаршалася. Ільготныя зямельныя надзелы зменшыліся спачатку да адной, а потым і да паловы валокі.

Час супраць асочнікаў

З XVII стагоддзя асочнікаў паступова пачынае выцясняць новая катэгорыя службоўцаў — стральцы, а ад пачатку XVIII-га — яшчэ і стражнікі.

Працэс гэты быў вельмі марудны. Яшчэ ў 1764 годзе ў Белавежскай пушчы было 213 асочнікаў, расселеных па 16 вёсках, але неўзабаве рэформа Антонія Тызенгаўза радыкальна скараціла іх колькасць. У 1795 годзе, на момант апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, пушчу сцераглі 102 стральцы і ўсяго 16 асочнікаў (а таксама 13 стражнікаў, 2 старшыя стражнікі і ляснічы).

Польскі кароль Ягайла лічыў паляванне адпачынкам і магчымасцю развеяцца пасля дзяржаўных спраў. Найчасцей паляваў з нешматлікімі даверанымі прыдворнымі, узброенымі толькі сякерамі і ашчэпамі. Малюнак з кнігі Г. Карцава «Белавежская пушча», С.-Пецярбург, 1903.

Польскі кароль Ягайла лічыў паляванне адпачынкам і магчымасцю развеяцца пасля дзяржаўных спраў. Найчасцей паляваў з нешматлікімі даверанымі прыдворнымі, узброенымі толькі сякерамі і ашчэпамі. Малюнак з кнігі Г. Карцава «Белавежская пушча», С.-Пецярбург, 1903.

Відавочна, што для рэгулярнага вартавання трэба было ўжо мець агнястрэльную зброю, а не толькі старамодны ашчэп. Стральцы ж і высочвалі звера, і на паляванні выконвалі ўсе іншыя дапаможныя функцыі, так што патрэба ў асобнай катэгорыі асочнікаў няўхільна змяншалася. Трымаліся яны болей па традыцыі, і прытым на іх часта ўскладалі абавязкі буднікаў (вырабляць драўняны вугаль, дзёгаць, паташ) ды бортнікаў (збіраць мёд), а таксама іншыя, мала ўжо звязаныя ўласна з паляваннем. Магчыма, такое сумяшчэнне нават было і ўласнай ініцыятывай лясных вартаўнікоў: чыста асочніцкая служба ўжо не магла забяспечыць ім дастатковага ўзроўню жыцця.

Кап’ё на мядзведзя

Калі асочнікі толькі з’явіліся, асабістай агнястрэльнай зброі яшчэ не было. А потым доўгі час яна заставалася дастаткова дарагой. Таму іх галоўнай зброяй быў ашчэп. Ён быў падобны на тое, што мы цяпер завём дзідай ці кап’ём, бо ашчэпам не толькі калолі — яго можна было яшчэ і трапна кідаць.

Блізкай па выглядзе і выкарыстанні да ашчэпа была рагаціна, хіба што толькі рагаціны звычайна былі даўжэйшыя і цяжэйшыя. Хоць нярэдка пад гэтымі двума словамі мелі на ўвазе адно і тое ж. Розніца больш у тым, што рагаціна — слова з агульнарускага культурнага поля (распаўсюджанае на ўсёй Русі), а ашчэп — польска-літоўскае, больш характэрнае для Польшчы і гістарычнай Літвы.

Наканечнікі, або гроты, ашчэпаў і рагацін рабіліся двусечнымі: імі можна было не толькі калоць, але і сячы. Гэта рабіла ашчэп даволі грознай зброяй, прычым у абароне ад буйнога дзікага звера больш зручнай за цяжкі меч. Часцей за ўсё за лязом ашчэпа рабілі папярэчную перакладзіну, каб зброя не захрасала занадта глыбока ў целе звера і яе можна было хутка выцягнуць у мэтах бяспекі.

Наканечнікі ашчэпаў. Pl.Wikisourse.org.

Наканечнікі ашчэпаў. Pl.Wikisourse.org.

І на звера, і на чалавека

Доўгі час, прыкладна да канца XVI стагоддзя, ашчэп быў у роўнай ступені баявой і паляўнічай зброяй. Ён — фірмовая зброя Збышка з Багданца, галоўнага героя рамана Генрыка Сянкевіча «Крыжакі». У кнізе ёсць некалькі эпізодаў, у якіх Збышка спрытна арудуе ашчэпам. У адным з іх, ратуючы каханую Данусю і мазавецкую князёўну Ганну Дануту Кейстутаўну ад раптоўнага нападу тура, ён з такой моцай уганяе ашчэп туру пад лапаткі, што тронак зброі ламаецца і герой падае тварам у снег проста перад параненым зверам. І толькі спрыт чэха Главы ратуе Збышку жыццё — той дабівае тура моцным ударам сякеры па карку.

Хроніка Літоўская і Жамойцкая паведамляе, што вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена ў Грунвальдскай бітве 1410 года быццам бы «просты драб [пехацінец] ашчэпам прабіў».

Ашчэп спачатку быў тыповай зброяй і пешых, і конных ваяроў, але пазней хутчэй пяхоты. Асабліва часта ён сустракаецца ў попісах войска ВКЛ XVI стагоддзя. Па меры змяншэння баявога значэння халоднай зброі ашчэпы зрабіліся зброяй выключна паляўнічай, у пэўным сэнсе — спартыўнай. Паляванне з ашчэпамі было данінай даўняй традыцыі, а таксама пацвярджэннем спрыту, мужнасці і вытрымкі паляўнічага. Спосабам праверыць самога сябе і атрымаць, як кажуць сёння, ладную порцыю адрэналіну.

Таму небяспечнае паляванне на дзікоў і мядзведзяў (як некалі і на тураў) без агнястрэльнай зброі захоўвалася аж да самага канца XIX стагоддзя. Прычым паляванне на старых дасведчаных дзікоў-адзінцоў лічылася нашмат болей небяспечным, чым нават на мядзведзяў. «Калі ідзеш на мядзведзя, рыхтуй ложак, калі на дзіка — насілкі» — раіла паляўнічая прымаўка. Нездарма ж у многіх народаў ёсць легенды пра непераможных дзікіх вепрукоў, якія наводзілі жах на цэлыя акругі і забіць якіх удавалася толькі міфалагічнаму герою.

Стратэгія палявання заключалася ў тым, каб сабакі, акружыўшы дзіка, схапілі яго за вушы і шыю і ўтрымлівалі як мага шчыльней, а паляўнічы забіў яго трапным ударам ашчэпа ў сэрца. Аднак перш чым атрымаць гэты смяротны ўдар, дзік звычайна паспяваў забіць некалькіх сабак, разрываючы ім жываты ікламі. Такая ж небяспека пагражала і паляўнічаму, калі б яму здрадзілі рука або вытрымка. 

Часам паляўнічы меў пры сабе і стрэльбу, і ашчэп. Стрэліць можна было з больш бяспечнай адлегласці, але калі стрэл аказваўся няўдалым, асцярожны альбо менш адважны паляўнічы спрабаваў уратавацца, напрыклад, на дрэве. Адважны ж мусіў шчыльна ўзяць у рукі ашчэп, укленчыць на адно калена і з прыўзнятым лязом чакаць атакі дзіка, у якой шанцы бакоў былі амаль роўнымі. Не адзін паляўнічы зрабіўся ахвярай вострых іклаў на такіх паляваннях.

Драматычны момант паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Пры паляванні на мядзведзя ў Тадэвуша з графам застаецца адзін ашчэп на дваіх. Міжваенная паштоўка.

Драматычны момант паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Пры паляванні на мядзведзя ў Тадэвуша з графам застаецца адзін ашчэп на дваіх. Міжваенная паштоўка.

З цягам часу ашчэпы (і рагаціны) ужываліся ў паляваннях усё радзей, хутчэй для нагонкі звера, чым уласна як зброя апошняга ўдару. Але на даволі вядомай карціне Юліяна Фалата «Ашчэпнікі» (1890), створанай на матэрыяле нясвіжскіх паляванняў Радзівілаў канца 1880-х, мы яшчэ бачым апошнія акорды даўняй традыцыі.

У самым канцы стагоддзя складальнік «Старапольскай энцыклапедыі» Зыгмунт Глогер набыў у старога былога асочніка з Белавежскай пушчы для свайго прыватнага збору ў Ежаве на Падляшшы грот ад ашчэпа, якім той, як пахваляўся, забіў некалькі дзясяткаў дзікоў. Але відавочна, што ў гэты час такая зброя ўжо ўспрымалася як чыста музейная экзотыка.

Клас
48
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
8
Сумна
2
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?