Бізнэсмен Уладзімір Япрынцаў, найбліжэйшы бізнэс-партнёр мільярдэра Юрыя Чыжа, арыштаваны Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.

У рэйтынгу самых паспяховых і уплывовых беларускіх бізнэсменаў, складзеным «Ежедневніком» ў 2013 годзе, Япрынцаў займаў 19-е месца.

Уладзімір Япрынцаў. Фота combat-sambo.by.

Уладзімір Япрынцаў. Фота combat-sambo.by.

«Наша Ніва» ўзгадвае пяць фактаў пра апальнага бізнэсмена.

Расеец з Туркменістана

Япрынцаў нарадзіўся ў 1961 годзе ў Ашгабаце, сталіцы Туркменістана. Ягоныя бацькі былі расейцамі. У маладосці яму даводзілася ўдзельнічаць у бытавых канфліктах расейцаў і туркменаў, расказваў ён сам.

Ягоны бацька рана кінуў сям’ю, калі хлопцу было дзевяць гадоў. Яго выхоўвала адна маці. Жанчыне даводзілася працаваць у трох месцах, каб пракарміцца.

Сваіх бацькоў маці Япрынцава не памятала. Яна вырасла ў дзіцячым доме, дзе і атрымала сваё прозвішча — Валянціна Невядомая. Адправіўшыся на камсамольскую будоўлю ў Туркменскую ССР, яна сустрэла будучага мужа.

«Цяпер, шчыра кажучы, ад таго Ашхабада мала што засталося. Сёння гэта тыповы турэцкі, назавем так, горад. І калі я захачу ўбачыць Турцыю, то паеду ў краіну, якая была калісьці Асманскай імперыяй… Дый ад Расеі кіраўніцтва Туркменіі адварочваецца, я ж — рускі чалавек. І патрыёт сваёй краіны — Беларусі».

Япрынцаў з настальгіяй узгадвае пра Савецкі Cаюз і лічыць ЗША «імперыяй зла». 

Чэмпіён па самба

У Мінск Япрынцава прывёз трэнер-беларус, які працаваў у Туркменскай СССР. Хлопец займаўся самба і паспрабаваў паступіць у Інстытут фізкультуры.

«Экзамен па хіміі праваліў, атрымаў заслужаную двойку. Я пасля той ганьбы, калі з аўдыторыі выйшаў, перажыў адзін з наймацнейшых стрэсаў ў жыцці. Я сам быў вінаваты, прыехаў як піжон. Думаў, мяне залічаць за выдатныя спартыўныя поспехі. Праўда, так яно потым і выйшла, двойку выправілі на тройку», — узгадваў Япрынцаў.

Уладзімір Япрынцаў (злева)

Уладзімір Япрынцаў (злева)

«Заслужаны майстар спорту СССР па самба, заслужаны трэнер Беларусі, 4-х разовы чэмпіён свету па самба, 3-х разовы чэмпіён Еўропы па самба, уладальнік Кубка свету», — гучыць спіс дасягненняў Япрынцава.

Япрынцаў стаў апошнім чэмпіёнам СССР па самба. Развал дзяржавы адкрыў перад ім новыя перспектывы.

Першыя грошы зарабіў ахоўнікам

Япрынцава паклікалі выступаць у Германію. Сябры-прадпрымальнікі вырашылі скарыстацца ягонай дапамогай пры транспарціроўцы партыі лікёра «Амарэта» ў Маскву. Спартовец-чэмпіён быў ахоўнікам.

На такой жа пасадзе ён працаваў і ў Юрыя Чыжа — суправаджаў груз з Мінска ў Маскву, ахоўваючы яго ад рэкеціраў.

З Чыжом яны пазнаёміліся, гуляючы разам у футбол. Дапамаглі байцоўскія сувязі — Чыж ў свой час паспяхова займаўся грэка-рымскай барацьбой.

Канец 1990-х дыктаваў новыя формы працы. Япрынцаў стаў звацца начальнікам службы бяспекі «Трайпла».

А ў 2000-я ўзняўся да статуса найбліжэйшага партнёра Юрыя Чыжа. Япрынцава нават называлі суўласнікам «Трайпла». Пры гэтым ён абараніў дысертацыю доктара філасофскіх навук, ён суаўтар кнігі «Нацыянальная самасвядомасць як інтэгратыўная прыкмета нацыі».

Уладзімір Япрынцаў (злева), Юрый Чыж (справа) і гімнастка Ксенія Санковіч

Уладзімір Япрынцаў (злева), Юрый Чыж (справа) і гімнастка Ксенія Санковіч

(Былы?) жыхар Драздоў

Як і свой бос, Япрынцаў атрымаў магчымасць пабудаваць катэдж у самым статусным раёне Беларусі.

Адметна, што спачатку бізнэсмен узвёў дом, і толькі пасля атрымаў ва ўласнасць зямлю (амаль 11 сотак) пад ім.

Двухпавярховы цагляны катэдж плошчай больш за 450 м2 будаваўся на пазычаныя грошы. «Беларускі народны банк» адкрыў Япрынцаву крэдытную лінію на $230 тысяч. Неўзабаве бізнэсмен папрасіў пашырыць яе да $270 тысяч. Япрынцаў меўся вярнуць грошы да кастрычніка 2015 года.

Магчыма, выканаць свае абавязацельствы яму будзе складана. 17 жніўня катэдж у Драздах быў апячатаны. Падставай для арышту маёмасці стала пастанова Камітэта дзяржаўнай бяспекі ад 12 жніўня 2015 года.

Сын-інвестар

Бізнэсам займаецца і сын Уладзіміра Япрынцава, Казбек. Хлопец атрымаў імя ў гонар сябра бацькі, трэнера па дзюдо Казбека Рамазанава.

Казбек Япрынцаў

Казбек Япрынцаў

Кампанія «Ямікс Груп» Япрынцава-малодшага займалася раскруткай інтэрнэт-сайтаў. Напрыклад, яму належыць футбольны сайт footballtop.ru, турыстычны партал, даведкавы аўтамабільны каталог.

Ёсць у Япрынцава і дзве дачкі. Адна з іх, Марына, скончыла мінскі Лінгвістычны. Цяпер дзяўчына жыве ў Вене. Аднак менавіта на яе зарэгістраваныя трохпакаёвыя апартаменты Япрынцавых у «доме Чыжа» ў Траецкім прадмесці. Гэта і ўратавала кватэру ад арышту спецслужб.

Марына Япрынцава.

Марына Япрынцава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?