
У Мінску працягваецца грамадскае абмеркаванне новага генеральнага плана развіцця Мінска да 2030 года. Якія цікавыя прапановы і ідэі ўтрымліваюцца ў 130-старонкавым дакуменце?
1. Насельніцтва расселяць па спадарожніках
Распрацоўшчыкі дакумента папярэджваюць, што пры захаванні цяперашніх тэндэнцый насельніцтва Мінска да 2030 года можа вырасці да 2,12 мільёна чалавек. Аднак план трымацца ў рамках 2 мільёнаў ніхто не адмяняў!
Таму насельніцтва, якое хацела б перабрацца ў сталіцу, будуць заахвочваць асядаць у гарадах-спадарожніках. Мяркуецца, што найбольш разрасцецца Рудзенск — з 10 да 81 тысячы чалавек. У Дзяржынску будуць жыць 40 тысяч чалавек, у Смалявічах — 30 тысяч, у Фаніпалі і Заслаўі — 23 тысячы, а ў Лагойску — 19 тысяч.
2. Што знясуць і дзе пабудуюць
Будаўніцтва ў Мінску будзе скарачацца. Вялікі новы жылы раён у межах МКАД з’явіцца толькі адзін — у раёне Навінак, на месцы цяперашняй птушкафабрыкі.
Іншыя высотныя дамы будуць з’яўляцца на месцы вынесеных прадпрыемстваў (напрыклад, «Гарызонта» ці завода імя Кірава), а таксама ўздоўж магістральных вуліц Багдановіча і Арлоўскай, дзе пакуль стаяць прыватныя дамы.
Знос прыватнага сектара — самае балючае пытанне для мінчукоў. Кніга скаргаў і прапановаў спісаная дзясяткамі абураных меркаванняў! Адныя просяць пакінуць іх хату ў спакоі, іншыя, наадварот, просяць хутчэй знесці іх жыллё і выплаціць кампенсацыю.
Спраўдзіць лёс кожнай сядзібы можна ў распрацоўшчыкаў генеральнага плана падчас грамадскага абмеркавання.
Агулам запланавана знесці 30% прыватных дамоў, а 70% — пакінуць. У цяперашнім генеральным плане лічбы былі адваротныя — 70% супраць 30%.
3. Новыя дарогі і транспартныя колы
Што да транспартнага будаўніцтва, то запланавана стварэнне некалькіх новых радыяльных дарог. Вуліца Ваўпшасава працягнецца ў бок аэрапорта, а вуліца Маякоўскага перарасце ў трасу да Рудзенска.
Новыя вуліцы плануецца пабудаваць уздоўж чыгуначных шляхоў у маскоўскім, гомельскім і брэсцкім накірунках. А Байкальскую вуліцу працягнуць да Магілёўскай шашы.
Праекціроўшчыкі збіраюцца ўсё ж дабудаваць паўнавартае першае транспартнае кола, а пасля замахнуцца і на элементы трэцяга і чацвёртага колаў (МКАД будзе лічыцца пятым).
4. Кальцавая лінія метро
Пакуль у Мінску будуецца трэцяя лінія метро, абмяркоўваюцца перспектывы наступнай, чацвёртай. Паводле ранейшай задумы, яна мусіла злучыць Вяснянку і Серабранку.
Аднак цяпер з’явілася новая ідэя — зрабіць чацвёртую лінію кальцавой. Праекціроўшчыкі прапануюць пачаць будаўніцтва з участка паміж плошчай Бангалор і аўтавакзалам «Усходні» (гэта станцыі «Парк Дружбы народаў», «Сурганава», «Дом друку», «Платонава», «Уральская», «Даўгабродская», «Аўтавакзал «Усходні»). Далей лінія пойдзе ў бок вуліцы Прытыцкага — станцыі «Дзянісаўская», «Мінсксвет», «Жукава», «Праспект Дзяржынскага», «Харкаўская» і «Прытыцкага». Нарэшце, апошні ўчастак уключае ў сябе станцыі «Альшэўскага», «Вяснянка», «Старавіленская» і «Арлоўская».
Агулам чацвёртая лінія метро ў выпадку будаўніцтва расцягнецца больш чым на 25 км.
5. Новыя паркі
Адной з задач генеральнага плана з'яўляецца азеляненне Мінска. Распрацоўшчыкі задумалі стварэнне некалькіх новых паркаў. Месца ў раёне перасячэння праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава, дзе мае быць пабудаванай новая штаб¬кватэра «Газпрома», атрымае назву Прэзідэнцкі парк. Зрэшты, зона адпачынку там існуе і цяпер.
Плануецца акультурыць і тэрыторыю між вуліцамі Прытыцкага і Панамарэнкі. Тамтэйшая зялёная зона стане Гарадскім дзіцячым паркам, які расцягнецца прыблізна на 4 км2.
Апроч таго, у склад Мінска плануецца ўключыць Заслаўскае вадасховішча. Прыбярэжная тэрыторыя будзе лічыцца найвялікшай зонай адпачынку сталіцы.
***
Новы генеральны план выстаўлены ў памяшканні па адрасе Камсамольская, 8-204. Доступ для наведнікаў адкрыты ў будні з 14 да 18 гадзін, у выходныя — з 10 да 15 гадзін. Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 5 лістапада.
Каментары