Следчы камітэт Беларусі дазволіў экс-кандыдату ў прэзідэнты Алесю Міхалевічу з 30 кастрычніка па 5 лістапада выехаць у Чэхію. 

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Як паведаміў Міхалевіч, у Чэхіі ён мае намер адмовіцца ад палітычнага прытулку, пасля чаго вернецца ў Беларусь, дзе ў дачыненні да яго ўсё яшчэ вядзецца крымінальная справа аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года.

Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь 8 верасня праз чатыры з паловай гады эміграцыі ў Чэхіі, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. Ён быў затрыманы беларускімі памежнікамі пры ўездзе з Літвы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая зараз знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Вярнуўшыся на радзіму, Міхалевіч адразу ж падаў ва Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, якая ў дачыненні да іншых фігурантаў ужо закрытая. Аднак у задавальненні хадайніцтва яму адмоўлена.

Такім чынам, Алесь Міхалевіч працягвае заставацца ў статусе абвінавачванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.

Варта зазначыць, што ў Канвенцыі ААН аб статусе бежанца ўтрымліваюцца шэраг умоў, пры якіх чалавек пазбаўляецца статусу бежанца. Адна з іх — добраахвотнае вяртанне ў краіну, якую чалавек пакінуў з-за апасенняў пераследу. Такая ж норма ўтрымліваецца і ў законе Чэхіі аб бежанцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?