Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі пакінула без зменаў прысуд суда Гродзенскай вобласці ад 20 лістапада 2015 года аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання жыхару Лідскага раёна Івану Куляшу.

Касацыйная скарга адваката Куляша на прыгавор абласнога суда разглядалася 29 сакавіка.

Сам Кулеш, абвінавачаны ў забойстве трох жанчын і іншых злачынствах, прасіў Вярхоўны суд пакінуць вынесены яму прысуд у сіле, бо ён «заслужыў» смерць, абсалютна спакойна ўспрыняў абвяшчэнне апеляцыйнага вызначэння і заявіў, што прысуд яму зразумелы.

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч, які старшыняваў на працэсе, паведаміў падсуднаму, што той мае права звярнуцца з хадайніцтвам аб памілаванні да кіраўніка дзяржавы.

Як паведаміў адвакат Міраслаў Карэцкі, ён будзе звяртацца да прэзідэнта з хадайніцтвам аб памілаванні ад імя Кулеша, нягледзячы на тое што яго падабаронны не аспрэчвае прысуд.

20 лістапада Гродзенскі абласны суд прыгаварыў 28-гадовага Івана Куляша да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары — за забойства трох жанчын, крадзеж і разбой. Паводле версіі следства, у верасні 2013 года Кулеш забіў двух прадаўцоў у Лідзе і выкраў з крамы грошы і тавары больш як на 37 млн. рублёў. У лістападзе 2014 года забіў яшчэ аднаго прадаўца ў Лідскім раёне — нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і выкраў з магазіна грошы і тавары. Акрамя таго, Кулеш прызнаны вінаватым у замаху на забойства сына прадаўшчыцы, які заспеў яго ў краме.

Пасля вынясення смяротнага прысуду Куляшу (як і іншым асуджаным на смяротнае пакаранне ў Беларусі) Савет Еўропы і Еўрасаюз заклікалі беларускія ўлады аб`явіць мараторый на гэты від пакарання, а таксама даць асуджаным магчымасць звярнуцца з апеляцыяй.

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?