Па словах даследчыкаў, новая тэхналогія дазволіць ствараць мікраробатаў, здольных лячыць ракавыя пухліны.

Навукоўцы са Швейцарскай тэхналагічнай школы Цюрыха і даследчай лабараторыі IBM навучыліся ствараць штучныя малекулы з нанапамерных шарыкаў.

Як лічаць навукоўцы, новая тэхналогія дазволіць ствараць мікраробатаў, здольных лячыць ракавыя пухліны, або іншыя прылады. Праца апублікаваная ў часопісе Science Advances.

Памер штучных малекул, якія складаюцца са сферычных модуляў, большы, чым у звычайных малекул, аднак па чалавечых мерках застаецца маленькім і складае парадку некалькіх мікраметраў. Самі сферы складаюцца з крамянёвых або палімерных матэрыялаў і могуць валодаць рознымі фізічнымі ўласцівасцямі, напрыклад, электрычнай праводнасцю або магнетызмам. Злучаючы такія шарыкі адзін з адным, даследчыкі атрымліваюць мікрааб'екты з жаданай геаметрыяй, структурай і іншымі асаблівасцямі, якія дазваляюць часціцам па-рознаму рэагаваць на ўмовы асяроддзя. Штучным малекулам можна надаваць форму палачак, трохкутнікаў або складаных трохмерных аб'ектаў.

Каб атрымаць мікрааб'екты, навукоўцы скарысталіся адмысловымі формамі з паглыбленнямі розных памераў. З дапамогай іх даследчыкі стваралі малюсенькія сферы, якія затым сплаўляюць у адзіную структуру кароткачасовым награваннем. Сам працэс вырабу адрозніваўся ад звычайнага 3D-друку тым, што для апошняга ўжываецца аднастайны матэрыял, а аб'екты маюць раўнамерную структуру.

У будучыні на базе штучных малекул навукоўцы плануюць пабудаваць самарушныя прылады са складанай геаметрыяй і хімічным складам, якія прыводзяцца ў рух магнітнымі палямі. Такія мікрааб'екты могуць прымяняцца ў медыцынскіх даследаваннях у якасці пераносчыкаў лекавых і хіміятэрапеўтычных прэпаратаў. Таксама інжынеры зоймуцца стварэннем малекул, якія змогуць узаемадзейнічаць адна з адной і злучацца ў суперструктуры, здольныя ўзаемадзейнічаць са святлом. Такія прылады маглі б паспяхова прымяняцца ў фатоніцы.

Фатоніка — вобласць навукі, якая займаецца стварэннем сістэм, у якіх у якасці пераносчыка сігналу выкарыстоўваецца светлавое выпраменьванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0