Для мінімізацыі негатыўных наступстваў і прадухілення ўцягвання ў расійскія канфлікты Беларусі варта захоўваць дыстанцыю ад знешняй палітыкі Расіі.

Даследаванне «Выклікі для беларускай знешняй палітыкі і постсавецкая прастора пасля 2008 года» 31 мая ў Мінску прэзентаваў Інстытут «Палітычная сфера».

Асноўны фокус даследавання засяроджаны на досведзе эканамічнага, палітычнага і ваеннага супрацоўніцтва краін ЕАЭС і краін «Усходняга партнёрства» пасля 2008 года (пачатак сусветнага эканамічнага крызісу і расійска-грузінскі канфлікт).

Выснова інстытута «Палітычная сфера» несуцяшальная: Беларусь з’яўляецца самай залежнай ад Расіі краінай на постсавецкай прасторы. Аднак нават ва ўмовах усеагульнай залежнасці наша краiна можа дыверсіфікаваць свае эканамічныя і палітычныя стасункі, не ўступаючы ў адкрыты канфлікт з Расіяй.

Вынікі даследавання ў інтэрв'ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» каментуе дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

— У палітычнай і навуковай літаратуры дыскутуецца перспектыва супрацьстаяння Расіі і Захаду ў рэгіёне ЕАЭС і «Усходняга партнёрства». Але лічбы паказваюць, што пазіцыі Расіі ў рэгіёне вельмі слабыя, перш за ўсё ў эканамічным плане. Толькі ў асобных сектарах РФ мае добрыя пазіцыі, толькі адна краіна – Беларусь – цалкам знаходзіцца ў эканамічнай арбіце Расіі. І толькі для двух краiн — Беларусi і Кіргізіi — Расія выступае галоўным эканамічны партнёрам. Для астатніх рэспублiк пост-СССР галоўным эканамічным партнёрам выступае ЕС. У асобных краінах (Грузія, Азербайджан, Казахстан) Расія не толькі не можа заняць пазіцыю лідэра, але вымушана змагацца за другое месца з Турцыяй ці Кітаем.

Расія мае неблагія эканамічныя пазіцыі толькі ў трох краінах (Беларусь, Арменія, Кіргізія), але пры гэтым, напрыклад, больш за 48% армянскага экспарту ідзе ў ЕС і ЗША. На Расію прыпадае толькі 18% (калі браць сярэдні паказчык за 2008—2014 гады).

Таксама назіраецца вялікая розніца ў палітычным патэнцыяле Расіі і Захаду ў рэгіёне. Расія знаходзіцца ў адкрытым ці патэнцыйным канфлікце з чатырма краінамі (Грузія, Украіна, Малдова, Азербайджан). Такім чынам, з паловай краін рэгіёну Расія проста не можна развіваць нармальныя стасункі. Палітычныя магчымасці яшчэ больш абмяжоўваюцца тым, што Расія знаходзіцца ў стане канфлікту з іншымі асноўнымі гульцамі на постсавецкай прасторы: ЕС, ЗША і, з нядаўняга часу, Турцыяй.

У ЕС і ЗША, наадварот, такіх праблем няма. Адкрытыя канфлікты адсутнічаюць, і ўсе дзяржавы праяўляюць жаданне да супрацоўніцтва. Частка краін шчыльна далучана да палітычнай і эканамічнай арбіты ЕС/ЗША (Грузія, Украіна, Малдова), іншая частка паглыбляе разнастайныя індывідуальныя фарматы (Азербайджан, Арменія, Казахстан). Апошнім часам нават нармалізаваліся стасункі з Беларуссю.

Адным словам, палітычныя патэнцыял Расіі ў рэгіёне значна саступае патэнцыялу Захаду, пры гэтым Масква практычна не мае рэсурсаў свае пазіцыі палепшыць.

— Фактычна Беларусь засталася адзіным верным саюзнікам Расіі на постсавецкай прасторы?

— Я б сказаў інакш: Беларусь з’яўляецца самай залежнай ад Расіі постсавецкай краінай. Усе астатнія краіны, нават удзельнікі АДКБ і ЕАЭС, праводзяць значна больш самастойную палітыку: і ў супрацоўніцтве з Еўрасаюзам, і з НАТА, і ЗША.

— Ці можна разарваць зачараванае кола ўсеахопнай залежнасці Беларусі ад Расіі?

— Гэта неабходна для ўстойлівасці Беларусі як дзяржавы, хаця і не варта адразу рабіць рэзкія рухі. На бліжэйшы час пэўным прыкладам для Беларусі хаця б магла стаць стратэгія Казахстана, які застаецца ў арбіце еўразійскай інтэграцыі, але захоўвае значную палітычную аўтаномію ад Расіі, самастойна развівае адносінах з Еўрасаюзам, ЗША і міжнароднымі арганізацыямі.

Пры вызначэнні знешняй палітыкі Беларусі трэба ўлічваць, што яна з’яўляецца самай залежнай ад Расіі краінай на постсавецкай прасторы. Між тым ва Усходняй Еўропе эканамічна дамінуе Еўрасаюз, і такая асіметрыя можа ў будучыні прывесці да значных стратаў, а таксама няўстойлівасці эканамічнага развіцця.

Больш за тое, знешняя палітыка Расіі – асноўнага фармальнага саюзніка Беларусі – носіць надзвычай канфліктны характар у рэгіёне. Для мінімізацыі негатыўных наступстваў і прадухілення ўцягвання ў расійскія канфлікты Беларусі варта як мага больш дыстанцыявацца ад знешняй палітыкі Расіі. Беларусь не мусіць стрымліваць развіццё стасункаў з краінамі, з якімі канфліктуе Расія.

Беларусі варта выпрацоўваць механізмы індывідуальнага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, ЗША, Кітаем, іншымі партнёрамі зыходзячы толькі з уласных інтарэсаў, што можа стаць адзінай супрацьвагай залежнасці ад досыць вузкага рынку ЕАЭС, а таксама кампенсаваць дастаткова абмежаваны палітычны патэнцыял гэтага ўтварэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?