Па шматлікіх просьбах чытачоў мы публікуем на сайце артыкул, які выйшаў у лістападаўскім папяровым месячніку «Наша Ніва». Гэта сабраны Ігарам Ляльковым матэрыял пра кола заходнерусістаў і ягоную тактыку.
Заходнерусізм з'явіўся ў сярэдзіне ХІХ ст. як адзін з кірункаў у расійскай гістарычнай навуцы таго часу. Яго прадстаўнікамі была сфармуляваная ідэя гэтак званай «Заходняй Расіі» — так яны называлі тагачасны «Паўночна-Заходні край» Расійскай Імперыі, г. зн. землі былога Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, інкарпараваныя Расіяй у канцы XVIII ст.
З пункту гледжання апалагетаў заходнерусізму, гэтыя тэрыторыі кваліфікаваліся як «спрадвечна рускія», сапсаваныя «польскім уплывам» за часы знаходжання па-за межамі «Рускай дзяржавы» — гэта значыць, за 600 гадоў пасля распаду Кіеўскай Русі.
Побач з гістарыяграфічнай задачай вывучэння мінулага гэтых земляў яшчэ больш важнай мэтай заходнярусы вызначалі для сябе іншую, ідэалагічна-палітычную — «дэзынфекцыю» мясцовага насельніцтва, якое адносна нядаўна стала падданымі Расейскай Імперыі, ад «еўрапейскага налёту».
Заходнярусы параўноўвалі мясцовыя традыцыі з традыцыямі ўнутраных губерняў Расіі. Элементы, якія не адпавядалі рускаму эквіваленту, абвяшчаліся нанесенымі, польскімі — іх трэба было выкараніць і знішчыць. Між іншым, такія мэты патрабавалі глыбокага вывучэння этнаграфіі, гісторыі, археалогіі, антрапалогіі, лінгвістыкі краю. Таму ў ХІХ ст. заходняруская школа выканала аб’ектыўна вялікую і важную працу па палявым зборы інфармацыі, якая пазней лягла ў падмурак беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі (М.Каяловіч, І.Грыгаровіч, І.Насовіч, П.Шпілеўскі, П.Шэйн, У.Стукаліч, М.Нікіфароўскі, А.Сапуноў, Я.Карскі ды іншыя).
Аднак з надыходам ХХ ст., фармаваннем уласна беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай школы і паўстаннем беларускай дзяржаўнасці, спачатку ў форме БНР, а потым БССР, і навуковым, і ідэалагічным трэндам стала асэнсаванне мясцовай гісторыі і культуры не як «паталогіі» на фоне іншых, «паўнавартасных», культур, а як самастойнага і самадастатковага феномена. Да сярэдзіны 1920-х заходнерусізм фактычна спыніў сваё існаванне і як навуковая, і як грамадска-палітычная плынь.
Але ў пачатку 1990-х, пасля распаду СССР і атрымання Беларуссю незалежнасці, відавочна, як рэакцыя на гэтыя падзеі з боку часткі інтэлектуалаў, для якіх яны абазначалі «трагедыю страты Вялікай радзімы», пачалі з’яўляцца «даследчыцкія», «асветніцкія» ды іншыя падобныя гурткі, сябры якіх ставілі сабе за мэту «адраджэнне заходнерусізму». На той момант яны ўяўлялі сабою вельмі маргінальную плынь сярод даволі вялікай колькасці «ўз’яднальніцкіх» арганізацый, што выступалі пад лозунгамі «постсавецкай інтэграцыі», а калі казаць наўпрост — аднаўлення ў тым ці іншым выглядзе Савецкага Саюза.
Да пачатку ХХІ стагоддзя ўлады Расіі фактычна не бачылі сэнсу ў падтрымцы русафільскіх ініцыятываў унутры Беларусі, калі яны не сыходзілі наўпрост ад адміністрацыі Лукашэнкі. У гэтых умовах носьбіты ідэяў заходнерусізму, бадай, не бачылі сэнсу праяўляць нейкую адмысловую актыўнасць, бо мелі ўсе магчымасці іх рэалізацыі на дзяржаўным узроўні.
І прыдумалі «рускі свет»
Сітуацыя змянілася бліжэй да сярэдзіны 2000-х. Адмова Беларусі ад прыняцця «саюзнай канстытуцыі», пераходу на расійскі рубель у якасці адзінай валюты «саюзнай дзяржавы» і ўрэшце ад уваходжання ў склад Расіі «шасцю абласцямі» акрэсліла межы інтэграцыйнага праекта, якія ніяк не маглі задаволіць адэптаў заходнерусізму. Да таго ж у Расіі акурат у гэты перыяд на дзяржаўным узроўні выкрышталізоўваецца ідэя глабальнай рэвізіі вынікаў халоднай вайны, а ў якасці аднаго з інструментаў гэтай рэвізіі бачыцца выкарыстанне канцэпцыі «рускага свету». Упершыню тэрмін «рускі свет» у публічнай прамове прэзідэнта Расіі У. Пуціна прагучаў у 2001 годзе перад Сусветным кангрэсам суайчыннікаў, што жывуць за мяжой: «Рускі свет далёка выходзіць за геаграфічныя межы Расіі і нават далёка за межы рускага этнасу».
У сваёй прамове ў снежні 2006 г. у Санкт-Пецярбургу Пуцін удакладніў: «Рускі свет можа і павінен аб’яднаць усіх, каму дарагое рускае слова і руская культура, дзе б яны ні жылі, у Расіі ці за яе межамі».
Практычная неабходнасць гэтага аб’яднання стала канчаткова зразумелая пасля яго ж праграмнай прамовы ў Мюнхене ў лютым 2007 г., якая распачала эпоху новага супрацьстаяння паміж Расіяй і Захадам.
Не прымусілі сябе чакаць і практычныя захады па стварэнні інстытуцыяў, для якіх пашырэнне «рускага свету» стала асноўнай задачай дзейнасці. 21 чэрвеня 2007 г. указам прэзідэнта РФ № 796 быў створаны адмысловы фонд «Рускі свет», толькі на першыя два гады дзейнасці якога і толькі з дзяржаўнага бюджэту РФ было вылучана каля 1 млрд рублёў.
Таксама ўказам прэзідэнта РФ №1315 ад 6.09.2008 замест сціплага Расійскага цэнтра міжнароднага навуковага і культурнага супрацоўніцтва пры МЗС быў створаны адмысловы федэральны орган выканаўчай улады — Федэральнае агенцтва па справах Садружнасці незалежных дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжою, і міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве («Россотруднічество»). Пра памеры фінансавання гэтай структуры можна меркаваць па факце выдзялення ёй у 2013 г. амаль 10 млрд рублёў толькі на «паляпшэнне іміджу Расіі за мяжой».
«Імперыя.by»
Нядзіўна, што пры такой спрыяльнай кан’юнктуры ў Беларусі рэзка ўзрастае актыўнасць рознага кшталту прарасійскіх арганізацый і суполак, сярод якіх не апошняе месца займаюць і заходнярусы. Іх першай сур’ёзнай публічнай трыбунай робіцца «інфармацыйна-аналітычны партал «Імперыя», створаны ў 2007 г. былым супрацоўнікам Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Юрыем Баранчыкам.
Цяпер, пасля канфлікту Баранчыка з беларускімі ўладамі і яго пераезду на працу ў Маскву, заходнярусы не вельмі ахвочыя ўзгадваць пра гэта, але на працягу як мінімум 5 гадоў гэтая інфармацыйная «сметніца» ўсіх апалагетаў «рускага свету» ласкава давала магчымасці для публікацыі сваіх тэкстаў усім тым асноўным дзеячам сучаснага заходнерусізму, гаворка пра якіх пойдзе ніжэй.
Гігін, Крыштаповіч, Малішэўскі
Але ўжо ў наступным, 2008, годзе заходнярусы атрымліваюць у сваё распараджэнне і нашмат больш паважаныя пляцоўкі камунікацыі з беларускім грамадствам.
Менавіта ў гэты час доктар філасофскіх навук Леў Крыштаповіч прызначаецца намеснікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін становіцца рэдактарам галоўнага друкаванага органа гэтай Адміністрацыі — часопіса «Беларуская думка», а кандыдат палітычных навук Мікалай Малішэўскі ўзначальвае ключавую кафедру ідэалогіі і палітычных навук Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі.
А 19 кастрычніка гэтага ж года ў мінскім Палацы мастацтваў адбылася знешне непрыкметная падзея: у межах праграмы выставы «Пакроўскі кірмаш» адбылася прэзентацыя праекта «Белая Русь — сястра Сербіі».
Насамрэч, гэтая прэзентацыя сталася фактычным пачаткам іншага, нашмат больш амбітнага, праекта — «Западная Русь», які распачаўся ў чэрвені 2010 г. На сёння менавіта гэты «навуковаасветніцкі праект» (як называюць яго самі ўдзельнікі) з’яўляецца галоўным цэнтрам гуртавання прыхільнікаў заходнерусізму, а яго сайт zapadrus.su — іх асноўным медыярэсурсам. Існуюць і іншыя базаваныя ў Беларусі рэсурсы адпаведнай накіраванасці, — напрыклад «Вместе с Россіей» (ross-bel.ru) ці «Русь молодая» (rumol.org), — але менавіта першы рэсурс задае «трэнд» заходнярускага дыскурсу ў медыяпрасторы Беларусі.
Дарэчы, ужо на прэзентацыі ў Палацы мастацтваў можна было пабачыць і пачуць некалькі асноўных постацяў будучай «Западной Русі», а на той момант — чальцоў аргкамітэта праекта «Белая Русь — сястры Сербіі». Згодна з рэпартажам пра гэтую імпрэзу, асноўнымі выступоўцамі там былі: «старшыня аргкамітэта праекта, прафесар філалогіі І.А.Чарота, член аргкамітэта праекта, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» В.Ф.Гігін, адказны сакратар аргкамітэта праекта І.Ф.Зелянкоўскі».
А вось як ужо сам лідар «Западной Русі» Ігар Зелянкоўскі распавядае пра значэнне «сербскага» пачатку праекта (дарэчы, у матэрыяле пад вельмі выразным загалоўкам «Заходняя Русь — антызаходні праект»): «Ядром праекта сталі беларускія гісторыкі і грамадскія дзеячы, якія працавалі разам яшчэ з 2008 года ў дабрачынным праекце «Белая Русь — сястры Сербіі»… Гісторыкаў, філосафаў і святароў аб’ядноўвала думка пра славянскае адзінства і пра першасную неабходнасць для сучаснага грамадства адраджаць і развіваць найбагацейшую спадчыну дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі, філасофіі і культуры, асновай якіх было праваслаўе».
Далей Зелянкоўскі пералічвае тых асобаў, якія побач з ім, Чаротам і Гігіным стаялі ля вытокаў «адраджэння заходнерусізму»: «прафесар Мінскай духоўнай акадэміі Валянціна Анатолеўна Цяплова, доктар гістарычных навук Аляксандр Юр’евіч Бендзін, кандыдат гістарычных навук і каардынатар праекта Аляксандр Дзмітрыевіч Гронскі, святары протаіерэй Аляксандр Раманчук і іерэй Алексій Хацееў, літаратурны рэдактар сайта, выдатны паэт Анатоль Юр’евіч Аўруцін, каардынатар праекта ў Расіі Юрый Глебавіч Авяр’янаў, каардынатар праекта ва Украіне Уладзіслаў Аляксандравіч Гулевіч, доктар гістарычных навук Кірыл Уладзіміравіч Шаўчэнка».
А Баранчык ужо ў Маскве
Звяртае на сябе ўвагу, што ў спісе ініцыятараў праекта, па версіі Зелянкоўскага, яўна бракуе двух ключавых прозвішчаў — узгаданых вышэй доктара філасофскіх навук Льва Яўстаф’евіча Крыштаповіча і кандыдата філасофскіх навук Юрыя Уладзіміравіча Баранчыка.
Гэта дазваляе зрабіць дапушчэнне аб тым, што менавіта яны ад пачатку былі куратарамі ініцыятывы з боку Адміністрацыі Лукашэнкі і з боку расійскіх фундатараў — адпаведна. Цяпер абодва яны знаходзяцца ў апале ў беларускіх уладаў, таму, відаць, і рэкламаваць іх датычнасць да «Западной Русі» здаецца непажаданым.
Ідэйным падмуркам, на якім стаялі і стаяць усе былыя і сучасныя ўдзельнікі праекта, з’яўляецца сцверджанне аб тым, што «цяперашнія Расія, Беларусь і Украіна не проста роднасныя дзяржавы, а неад’емныя складнікі вялікай усходнеславянскай цывілізацыі — Святой Русі».
Мэту сваёй дзейнасці яны абазначаюць такім чынам: «Гістарычна склалася так, што народ Белай (Заходняй) Русі стагоддзямі адстойваў сваю рускасць і сваё права быць самім сабою… Аднак шмат што з гэтай барацьбы аддадзена забыццю і невядома нашаму сучасніку. Навуковы і асветніцкі праект «Западная Русь» ставіць сабе за мэту ўнесці пасільную лепту ў выпраўленне гэтай гістарычнай несправядлівасці».
Ну і, нарэшце, тэрыторыя, якая падлягае выпраўленню, апісваецца такім чынам: «Заходняя Русь — гістарычная вобласць, якая ўключае цяперашнюю Беларусь, Цэнтральную і Заходнюю Украіну, а таксама некаторыя прылеглыя да яе тэрыторыі, то бок землі Старажытнай (Кіеўскай) Русі, падпарадкаваныя пасля татарамангольскага нашэсця літоўцамі, а потым палякамі. Побыт на працягу многіх стагоддзяў пад польска-літоўскім і каталіцкім прыгнётам наклаў адбітак на культуру і мову беларусаў і ўкраінцаў».
Звяртае на сябе ўвагу, што тут дэфініцыя Заходняй Русі нашмат шырэйшая, чым у папярэдняй цытаце з таго самага сайта, бо ўключае ў сябе таксама і Украіну, а таксама тое, што аўтары сайта, сярод якіх ладную частку складаюць разнастайныя дактары і кандыдаты гістарычных навук, ці то не ведаюць, ці то свядома ігнаруюць агульнавядомы факт: на тэрыторыі сучаснай Беларусі татара-мангольскае нашэсце не фіксуецца ні ў адной вядомай гістарычнай крыніцы…
Калі спыняцца на персаналіях, якія займаюцца рэалізацыяй гэтай амбітнай праграмы па «вяртанні» Беларусі і Украіны ў стан «Заходняй Русі», і на тых ідэях, якія прапагандуюцца імі ў нашай медыяпрасторы, то варта ў першую чаргу прыгледзецца да асноўных постацяў гэтый плыні.
Пісьменнік без твораў
Як ні дзіўна, найменш інфармацыі ў адкрытых крыніцах можна знайсці пра самога кіраўніка праекта — Ігара Зелянкоўскага. Звычайна ўсе дадзеныя пра яго абмяжоўваюцца двуматрыма радкамі: «член Саюза пісьменнікаў Расіі, кіраўнік праекта «Западная Русь», галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Западная Русь».
Пры гэтым нават ніводнай узгадкі ні пра адзін твор гэтага пісьменніка, пра самі творы я ўжо і не кажу, асабіста мне адшукаць не ўдалося. Затое знайшліся паведамленні аб тым, што акурат напярэдадні стварэння праекта «Белая Русь — сястры Сербіі» Зелянкоўскі вярнуўся ў Беларусь пасля працяглага побыту за мяжою, дзе ён нават стаў «грамадзянінам адной з блізкаўсходніх дзяржаў». Магчыма, гэтай дзяржавай з’яўляецца Ізраіль?
«Мінімум аргументаў — максімум агрэсіі»
Яшчэ адной малавядомай старонкай яго біяграфіі ёсць супрацоўніцтва з Асацыяцыяй праваслаўных экспертаў і Карпарацыяй праваслаўнага дзеяння, прадстаўніком якіх у Беларусі Зелянкоўскі стаў у 2011 годзе. Гэтыя расійскія каляцаркоўныя арганізацыі, як і іх кіраўнік Кірыл Фралоў, маюць вельмі супярэчлівую рэпутацыю ў сябе на радзіме з прычыны свайго «праваслаўнага радыкалізму». На думку вядомага царкоўнага дзеяча Андрэя Кураева, «гэта крайне маргінальная група, якая агучвае свае асабістыя сімпатыі і антыпатыі, гэта не ёсць голас царквы і не голас экспертаў — гэта вузкая група партыйных таварышаў, у якіх свае партыйныя ўяўленні аб тым, што адбываецца ў свеце і як гэта трэба ацэньваць, мінімум аргументаў — максімум агрэсіі», а некаторыя аналітыкі наўпрост называюць асацыяцыю «псеўдахрысціянскім экстрэмісцкім рухам».
З другога боку, структура Фралова ўваходзіць у грамадскую раду пры Аддзеле ўзаемадзеяння царквы і грамадства РПЦ, а сам Фралоў мае непасрэдныя кантакты з патрыярхам РПЦ Кірылам і з’яўляецца супрацоўнікам Інстытута краін СНД.
У кожным разе сувязі Зелянкоўскага і «Западной Русі» з гэткай структурай, здаецца, заслугоўвалі б асобнага вывучэння. Хіба можна толькі яшчэ дадаць, што Асацыяцыя праваслаўных экспертаў забароненая ва Украіне, а Кірыл Фралоў з’яўляецца непажаданай асобай у нашай паўднёвай суседцы з 2006 года, задоўга да падзей 2014-га.
Між тым, менавіта Зелянкоўскі з’яўляецца найважнейшай асобай і для паўстання, і для развіцця праекта. Пра гэта, дарэчы, недвухсэнсоўна сведчыць адзін з яго найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандр Бендзін: «Аднаўленне пераемнасці, пераадоленне амаль стагадовага разрыву ў гісторыі заходнярускай думкі стала адбывацца дзякуючы ініцыятыве невялікай групы людзей, якія склалі касцяк першапачатковага аўтарскага калектыву. Але… патрэбны быў чалавек, здольны ўзяць на сябе галоўнае пачынанне і асноўную адказнасць у нялёгкай справе аб’яднання аднадумцаў, раскіданых па гарадах і вёсках новага постсавецкага свету. Неабходны быў лідар, для якога ўсведамленне нашай агульнай заходнярускай нематы, адсутнасць магчымасці звярнуцца да шырокага чытача стала ўжо невыносным. Такім лідарам стаў Ігар Фёдаравіч Зелянкоўскі. І вось тады справа пайшла!»
«Беларусь неабходна будаваць як рускую дзяржаву»
У гэтым кантэксце даволі цікава выглядае погляд самога «лідара заходнярусаў» на беларускую нацыю, беларускую мову і беларускую дзяржаўнасць, бо з улікам значнасці яго аўтарытэта гэты погляд можна лічыць «эталонным» для ўсёй супольнасці. А выглядае ён наступным чынам: «Беларусы ёсць самабытнай часткаю рускага суперэтнаса… Неабходна беражліва ставіцца да беларускай гаворкі [у арыгінале — «наречія» — НН] як да складовай часткі агульнарускай мовы, якая моцна пацярпела ў выніку навязвання штучнай беларускай літаратурнай мовы. Рэшткі гэтай гаворкі, на якой яшчэ размаўляе шмат беларусаў, нацыяналістычная інтэлігенцыя гідліва называе «трасянкай». Заходнерусізм у роўнай ступені адстойвае як правы рускай літаратурнай мовы, так і беларускай гаворкі… Беларусь [у арыгінале — «Белоруссію» — НН] неабходна будаваць як рускую дзяржаву, якая з захаваннем сваёй суверэннасці будзе натуральным чынам інтэгравацца з дзвюма іншымі рускімі дзяржавамі — Украінай і Расійскай Федэрацыяй».
Працаваў у МЗС, Мінадукацыі і Адміністрацыі прэзідэнта
Не бачу сэнсу настолькі ж доўга спыняцца на іншай постаці, важнай для пачатковага этапу станаўлення сучаснага заходнерусізму, якая цяпер ужо не мае дачынення да праекта «Западная Русь» (дый самі заходнярусы актыўна ад яе адмяжоўваюцца). Маю на ўвазе былога супрацоўніка Міністэрстваў адукацыі, замежных спраў і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, а таксама актуальнага кіраўніка інфармацыйна-аналітычнага партала «Імперыя» Юрыя Баранчыка. Але ўсё ж лічу неабходным працытаваць і яго погляд на «беларускае пытанне» — хаця б для таго, каб праілюстраваць, як выглядае заходняруская ідэя «Святой Русі», даведзеная да лагічнага канца: «Час ужо сканчаць з гэтым прыдуманым трыадзінствам рускай нацыі, якая складаецца з рускіх, беларусаў і ўкраінцаў, і толькі ўносіць сумятню і супярэчанні ў зыходную канцэпцыю рускага свету. Тое, што гістарычна склаліся тэрыторыі ўскраіны і Белай Русі, — яшчэ не азначае, што ёсць народы, якія адпавядаюць гэтым тэрыторыям. І тое, што жыхары Крыма і паўднёвага ўсхода адчуваюць сябе рускімі, а зусім ніякімі не ўкраінцамі — гэта лепш за ўсё даказвае, што так яно і ёсць. І на гэтым фоне нехта сумняваецца, што ў Беларусі справы стаяць інакш? Зусім не. Пераважная частка беларусаў дакладна таксама адчувае сябе рускімі… Сапраўдны беларускі шлях — гэта шлях канчатковага ўз’яднання рускага народа, калі ўнутраны раскол адзінай нацыі, што цягнуўся стагоддзямі, будзе цалкам пераадолены».
Баранчык працуе цяпер шэф-рэдактарам агенцтва «Рэгнум». Гэта ён замаўляў тэксты Паўлаўцу, Алімкіну і Шыптэнку, якія на мінулым тыдні былі арыштаваныя па падазрэнні ў распальванні міжнацыянальнай варожасці.
Камуністычны ідэал і рэальны сацыялізм
Пра пераадоленне названага «расколу, які цягнуўся стагоддзямі», марыць і іншы паважаны ў асяродку заходнярусаў чалавек, які шмат зрабіў і для ідэалагічнага, і для арганізацыйнага афармлення заходнярускага праекта.
«Працамі жыцця» доктара філасофскіх навук, прафесара Льва Крыштаповіча сталіся дзве салідныя кніжкі — «Беларусь як руская святыня» і «Беларусь і Расія: гістарыясофскае і цывілізацыйнае адзінства». З 2008 па 2014 год ён знаходзіўся на пасадзе намесніка дырэктара Інфармацыйнааналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і, відаць, някепска зарэкамендаваў сябе ў ролі куратара розных прарасійскіх праектаў у нашай краіне, уключна з заходнярускім. У 2013 годзе за свае высілкі па прасоўванні «рускага свету» атрымаў ад Уладзіміра Пуціна дзяржаўную ўзнагароду РФ «орден Дружбы». Праўда, з пачаткам «рускай вясны» ва Украіне беларускія ўлады ўсё ж вырашылі пазбавіцца ад прысутнасці такога адыёзнага кадра ў ідэалагічным «сэрцы» адміністрацыі, але 65-гадовы на той час прафесар без працы не застаўся. Ён працягвае сваю барацьбу за «ўз’яднанне рускага народа» ўжо ў адукацыйнай установе — у якасці загадчыка навукова-даследчага аддзела Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Як важны штрых да пытання, з якіх увогуле каранёў у незалежнай Беларусі вырасла «заходнярускае дрэва», можна яшчэ падаць тэмы дысертацый гэтага патрыярха сучаснага заходнерусізму: «Камуністычны ідэал і рэальны сацыялізм» (кандыдацкая) і «Сацыялістычная ідэя: метадалогія даследавання, гістарычная практыка, перспектыва развіцця» (доктарская).
Гігін: самы асцярожны
Хіба найбольш паспяхова з усіх асноўных дзеячаў праекта «Западная Русь» складаецца пакуль дзяржаўная кар’ера маладога паплечніка Крыштаповіча кандыдата гістарычных навук Вадзіма Гігіна.
Пасля сканчэння гістфака БДУ і аспірантуры РІВШ пры БДУ, абараніўшы кандыдацкую дысертацыю на тэму «Фарміраванне аднапартыйнай сістэмы ў Беларусі (1917—1925)», малады гісторык (1977 г.н.) быў абраны сакратаром Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ, а ў 2006 г. і ўзначаліў гэтую арганізацыю. На гэтай пасадзе больш за ўсё запомніўся сваім інтэрв’ю газеце «Знамя юності», дзе сказаў літаральна наступнае: «Мне заўсёды імпанаваў віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, які больш вядомы тым, што задушыў паўстанне 1863 года. Але я добра вывучыў яго біяграфію. Гэта цудоўны чалавек, адміністратар, кіраўнік, які можа служыць прыкладам для любога дзяржаўнага дзеяча».
У 2008 Гігін прызначаецца на пасаду галоўнага рэдактара часопіса Адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка», а ў кастрычніку таго ж года фігуруе як член аргкамітэта праекта «Белая Русь — сястры Сербіі». Апрача гэтага, ён здымае фільмы і вядзе шоу-праграмы на дзяржаўным беларускім тэлебачанні. Ва ўсіх гэтых іпастасях спадар Гігін вядзе ўпартае змаганне з беларушчынай: ці гэта памяць пра паўстанне Каліноўскага, ці гэта гісторыя БНР, ці то ўжыванне беларускай лацінкі. Уласна кажучы, і цяжка было б чакаць нечага іншага ад чалавека, які падпісанне дамовы пра стварэнне Еўразійскага саюза (у тым ліку і з Казахстанам!) тлумачыць «метафізікай, асаблівым сэнсам існавання рускага народа, які складаецца з велікарусаў, беларусаў і маларосаў».
Дзеля справядлівасці адзначу, што ў пытаннях дзяржаўнага ўз’яднання «падзеленага народа» Гігін займае адну з самых асцярожных пазіцыяў з усіх заходнярусаў. Але, як справядліва адзначыў нехта з прыхільнікаў заходнерусізму ў сваім каментары пад апошнім з цытаваных гігінскіх тэкстаў, «гэты артыкул карысны тым, што з’явіўся на беларускім дзяржаўным інфармацыйным агенстве БелТА. І там упершыню прагучала, што рускія, беларусы і ўкраінцы — адзін народ… У факце з’яўлення ў афіцыйным СМІ такога матэрыялу ёсць частковая заслуга і чальцоў праекта «Западная Русь», многія з якіх друкаваліся на старонках часопіса Адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка», рэдактарам якога з’яўляецца Вадзім Гігін». Гэтым Гігін для праекта і каштоўны.
Ад 2016 года Вадзім Гігін, у дадатак да сваёй медыйнай дзейнасці, стаў яшчэ і дэканам факультэта філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржуніверсітэта.
Якое супадзенне!
Характэрным штрыхом у партрэце сучаснага заходнерусізму ў Беларусі можна лічыць наяўнасць сярод яго асноўных «стаўпоў» грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які акурат у 2010 годзе перабраўся на працу ў Беларусь (якое супадзенне!), доктара гістарычных навук Кірыла Шаўчэнкі. Гэты народжаны ў Новачаркаску спецыяліст па гісторыі лужыцкіх сербаў і карпацкіх русінаў цяпер узначальвае фактычна асноўную інстытуцыю ўсёй заходнярускай плыні — Цэнтр еўразійскіх даследаванняў пры філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску, а таксама выкладае ў гэтым ВНУ і на гістарычным факультэце БДУ.
Дарэчы, мінскі філіял РДСУ — гэта адзіная ў свеце навучальная ўстанова, якая належыць фантомнай «Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі» і фінансуецца з «саюзнага бюджэту». Пры гэтым сам РДСУ — установа вельмі цікавага паходжання, бо з’яўляецца пераемніцай Маскоўскай вышэйшай партыйнай школы і Расійскага сацыяльнапалітычнага інстытута ЦК Кампартыі РСФСР. Сабраўшы на грошы «саюзнай дзяржавы» пад дахам гэткай экзатычнай навучальнай установы ўвесь «цвет» мясцовага заходнерусізму (са спісам супрацоўнікаў Цэнтра еўразійскіх даследаванняў можна азнаёміцца на сайце РДСУ), грамадзянін Расіі Шаўчэнка дакладна ведае, якая ідэалогія павінна панаваць у незалежнай Рэспубліцы Беларусь: «Найбольш адэкватнай і гістарычна апраўданай падставай Рэспублікі Беларусь і абгрунтаваннем яе месца ў цывілізацыйнай сістэме каардынат павінен зрабіцца не штучны культ ВКЛ і Рэчы Паспалітай, які насаджаецца зверху, а ідэалогія напаўзабытага заходнерусізму, што арганічна спалучае ў сабе як прызнанне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа, так і яго прыналежнасць да агульнарускай цывілізацыйнай прасторы. Менавіта ў сэнсавых і каштоўнасных межах заходнерусізму, а зусім не ў межах ВКЛ і тым больш не Рэчы Паспалітай магчымы паспяховы і арганічны пошук гістарычнай суб’ектнасці беларусаў».
І Бендзін там жа
У спісе супрацоўнікаў Цэнтра еўразійскіх даследаванняў пры мінскім філіяле РДСУ можна адшукаць і іншага ключавога ідэолага сучаснага заходнерусізму — доктара (па іншай версіі — кандыдата) гістарычных навук Аляксандра Бендзіна. Гэты ўраджэнец горада Ізмаіл Адэскай вобласці ўжо ў разгар перабудовы, у 1989 годзе, абараніў ў БДУ кандыдацкую дысертацыю на выключна высока-навуковую тэму: «Дзейнасць Кампартыі Беларусі па ідэйнапалітычным выхаванні студэнцкай моладзі (1928—1937)». Такая практычная скіраванасць яго навуковай думкі дазволіла Бендзіну атрымаць працу ў Міністэрстве адукацыі Беларусі, а з 1997 г. стаць дацэнтам факультэта тэалогіі (!) Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Пасля выгнання ЕГУ з Беларусі ў 2004 г. Бендзін застаўся працаваць у Мінску, у створаным на базе вышэйназванага факультэта Інстытуце тэалогіі БДУ. Як спецыяліст па камуністычнай ідэйна-выхаваўчай рабоце, ён знайшоў добрае прымяненне сваім ведам і навыкам ва ўлонні Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы — з’яўляецца членам калегіі выдавецкай рады БЭ РПЦ, а таксама адказным рэдактарам і кіраўніком рэдакцыйнай рады «Міжнародных КірылаМяфодзеўскіх чытанняў». Што да ўласна навуковай працы Аляксандра Бендзіна, то яго адзіная сур’ёзная манаграфія «Праблемы верацярпімасці ў ПаўночнаЗаходнім краі Расійскай Імперыі (1863—1914)» пабачыла свет у 2010 годзе. Згодна з афіцыйнай біяграфіяй аўтара, за гэтую кнігу ў 2013 г. ён стаў лаўрэатам Макар’еўскай прэміі, якая прысуджаецца фондам, заснаваным Рускай праваслаўнай царквой, урадам Масквы і Расійскай акадэміяй навук, а таксама «па гэтай жа тэме абараніў у кастрычніку 2013 года доктарскую дысертацыю». Але, як ні дзіўна, на старонцы кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі БДУ, дзе Аляксандр Юр’евіч мае асноўнае месца працы, ён дасюль лічыцца кандыдатам гістарычных навук (магчыма, абароненая ў Расіі доктарская ў Беларусі не настрыфікаваная). Але навуковая дзейнасць, пэўна, ужо даўно не з’яўляецца асноўнай сферай інтарэсаў лаўрэата Макар’еўскай прэміі.
Затое Бендзін зараз — адзін з найбольш пладавітых аўтараў інтэрнэт-сайта «Западная Русь». Там ён самааддана бароніць ідэалы заходнерусізму перад абліччам «новага нацыяналістычнага дыскурсу, які мае быць неадкладна створаны для ідэйна-гістарычнай легітымацыі існай «незалежнасці» і таго палітычнага рэжыму, які яе ўвасабляе» (што праўда, у іншым месцы гэтага ж тэксту характарызуе «нацыяналістычны дыскурс» як ужо створаны, які ўяўляе сабою «палітыка-культурную ідэалогію, якая абгрунтоўвае перавагу дзяржаўнага існавання беларускай нацыі над такой формай сумеснага пражывання народаў, як Расійская Імперыя»), а таксама сыпле абразамі на адрас беларускіх «нацыяналістычных» даследчыкаў — ад Аляксандра Цвікевіча да Ігара Мельнікава. І гэта ўсё для таго, каб давесці да ведама чытачоў дастаткова банальныя для заходнярусаў рэчы: «Заходнерусізм адстойвае ідэі агульнарускага адзінства, зацвярджае права беларусаў думаць і гаварыць на рускай мове, бачыць у нацыянальнай культуры гістарычны рускі пачатак і змест. Заходнерусізм — гэта гістарычная і ментальная легітымнасць арганічнай датычнасці беларусаў да рускага свету».
Ізноў «Філіял РГСУ»
У названым філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску у якасці намесніка загадчыка Цэнтра еўразійскіх даследаванняў падвізваецца і яшчэ адзін з першапачынальнікаў праекта «Западная Русь» кандыдат гістарычных навук Аляксандр Гронскі — аўтар вызначэнняў «беларусамарфізм» для беларускай нацыянальнай ідэі, «квазісамаідэнтыфікацыя» для беларускай нацыянальнай традыцыі і «крыптарэвізіянізм» для беларускай гістарычнай памяці, люты барацьбіт за гістарычную рэабілітацыю падаўляльнікаў паўстання 1863—1864 гадоў у Беларусі і за аднаўленне помніка цару Аляксандру ІІ у Мінску.
Тэксты Гронскага вылучаюцца, бадай, найбольшай «навукападобнасцю» сярод опусаў адэптаў заходнерусізму, але вось адказ на пытанне пра паходжанне і сутнасць беларусаў гэты інтэлектуал дае гранічна просты: «Тады [у пачатку ХХ ст. — НН] спецслужбамі Германіі і Аўстра-Венгрыі пачаў рыхтавацца праект расколу адзінага рускага этнасу на 3 народы: на рускіх, украінцаў і беларусаў. Гэтыя ідэі былі падхопленыя як нешматлікімі яшчэ этнасепаратыстамі ў Маларосіі і Беларусі [у арыгінале Белоруссіі — НН], так і інтэрнацыяналістамі-бальшавікамі, галоўным ворагам і ахвярай якіх заўсёды быў рускі народ, гэтая «велізарная, кансерватыўная сялянская маса, што тармазіла перамогу сусветнай рэвалюцыі». Аднак усе домыслы пра тое, што беларусы — нібыта асобны, нярускі народ, разбіваюцца аб трывалую сцяну гістарычных крыніц, велізарны масіў якіх цалкам абгрунтоўвае тую навуковую тэорыю і народную ідэю, якія лічаць беларусаў рускім народам з рускай культурай і рускай этнічнай самасвядомасцю». Характэрна, што чалавек, які такім чынам бачыць беларускую гісторыю і беларусаў, яшчэ з’яўляецца і актыўным універсітэцкім выкладчыкам, сумяшчаючы пасады дацэнта кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і дацэнта Інстытута бізнэсу і мэнеджменту тэхналогій БДУ.
Можна толькі ўяўляць сабе, якія веды нясе і якія ідэі прышчапляе ён там студэнтам, але вось пра тое, якім чынам адбываецца працэс навучання ў Гронскага, ёсць дакументальныя сведчанні саміх студэнтаў: «Быў на палове першай лекцыі, на ёй ён распавядаў гістарычныя анекдоты ў стылі савецкага палітінфарматара пра Чэрчыля, Сталіна, Мадлен Албрайт і яшчэ кагосьці… Чамусьці на языку круціцца вызначэнне «маніпулятар свядомасцю», або «Залік па паліталогіі ўяўляў сабою залік па сітуацыі ва Украіне (смайл). Здалі ўсе».
Пры пасадах
Між іншым, нават беглае вывучэнне пытання пра ступень прысутнасці заходнярусаў у вышэйшых навучальных установах Беларусі дае вельмі цікавыя вынікі.
Вышэй ужо згадваліся Леў Крыштаповіч у БДУКіМ, Кірыл Шаўчэнка ў філіяле РДСУ ў Мінску, Аляксандр Бендзін у БДУ і Аляксандр Гронскі ў БДУІР і тым жа БДУ, Гігін у БДУ.
Апрача іх, у Белдзяржуніверсітэце вучаць студэнтаў і іншыя актыўныя ўдзельнікі праекта «Западная Русь»: кандыдат гістарычных навук дацэнт кафедры міжнародных адносінаў Вадзім Ялфімаў, кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры паліталогіі Усевалад Шымаў, доктар сацыялагічных навук, прафесар кафедры сацыялогіі Дзмітрый Бязнюк.
Не бракуе іх і ў іншых мінскіх ВНУ. У Мінскай духоўнай акадэміі — кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Гардзей Шчаглоў, кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры царкоўнай гісторыі Валянціна Цяплова і прафесар Віталь Антонік.
У Вайсковай акадэміі — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры сацыяльных навук Аляксандр Кісялёў; у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры паліталогіі, сацыялогіі і сацыяльнага кіравання Аляксей Бяляеў; у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў — кандыдатка мастацтвазнаўства, дацэнтка Ларыса Густава; у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце — доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Рассадзін; у Беларускім дзяржаўным універсітэце радыёэлектронікі і інфарматыкі — калега А.Гронскага па кафедры, кандыдат гістарычных навук Юрый Паўлавец (нядаўна яго арыштавалі па справе аўтараў Рэгнума пра распальванне варожасці).
Іх аднадумцы даносяць гуманітарныя веды да маладога пакалення беларусаў у многіх вядучых рэгіянальных універсітэтах краіны: у Гродзенскім дзяржуніверсітэце кафедрай гісторыі славянскіх дзяржаў ужо шмат гадоў загадвае кандыдат гістарычных навук Валеры Чарапіца і на той жа кафедры працуе яго вучань кандыдат гістарычных навук, дацэнт Віктар Лінкевіч; у Брэсцкім дзяржуніверсітэце выкладае доктар гістарычных навук, прафесар кафедры філасофіі Барыс Ляпешка; у Віцебскім дзяржуніверсітэце — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратуры Алена Крыклівец.
Чарнасоценства
На падставе гэтага далёка не поўнага спісу цяжка нават палічыць, якая колькасць беларускіх студэнтаў штодня знаходзіцца пад непасрэдным уплывам удзельнікаў «Западной Русі». А яны, як можна было ўжо пераканацца, маюць даволі своеасаблівае бачанне Беларусі і беларусаў, што можна падмацаваць яшчэ адной цытатай з сайта праекта: «Заходнерусізм звернуты да натуральнага працэсу аб’яднання рускага свету, рускай зямлі, рускай цывілізацыі… Заходнярусы лічаць сябе рускімі людзьмі ў тым сэнсе, што яны належаць да трыадзінай рускай нацыі (велікаросаў, маларосаў і беларусаў), жывуць на тэрыторыі Заходняй Русі, Белай Русі. Таму «заходнярускі» і «беларускі» — для іх паняцці не этнічныя, але тэрытарыяльнагеаграфічныя… Сучасныя заходнярусы зыходзяць з фундаментальнага прынцыпу геапалітыкі, згодна з якім, лімітрофы, ад пачатку нежыццяздольныя, па вызначэнні не могуць прадэманстраваць высокую культуру, эканамічную і палітычную самадастатковасць, не ў стане забяспечыць сваю бяспеку». А таму пажаданая для заходнярусаў будучыня нашай краіны выглядае зусім адназначна: «Заходнерусізм лічыць найвялікшай каштоўнасцю адзіную рускую дзяржаўнасць, … лічыць разбурэнне Расійскай Імперыі і Савецкага Саюза найвялікшымі гістарычнымі трагедыямі. І ніяк не можа разглядаць дзяржаўную незалежнасць Беларусі як безумоўную і вечную самакаштоўнасць». Усё вельмі проста і ясна!
Не менш цікавы і палітычны ідэал заходнярусаў, які яны мяркуюць праводзіць у жыццё ў выпадку пажаданых для іх геапалітычных зменаў у нашым рэгіёне: «Ідэалогія заходнерусізму зліваецца з кансерватыўнай агульнарускай ідэалогіяй «праваслаўя — самадзяржаўя — народнасці». Цяпер, на жаль, пакуль яшчэ няма выразнай грамадскай сілы, якая б трымала на сваіх сцягах заходнярускую ідэалогію. Але да рэвалюцыі 1917 года такой быў зганены на працягу цэлага стагоддзя аднолькава ліберальнай, нацыяналістычнай і рэвалюцыйнасацыялістычнай прапагандай рух чарнасоценства… Асаблівая ўвага надавалася чарнасоценствам вярхоўнай дзяржаўнай уладзе: адпрэчваючы партыйны парламентарызм з дэцэнтралізацыяй улады і сталай партыйнай і індывідуальнай барацьбой за яе і карыслівыя інтарэсы ў ёй усімі сродкамі і прыёмамі, яны ўсяляк баранілі паўнавартасную, надсаслоўную, пазапартыйную, аўтарытэтную, адказную, устойлівую і бестэрміновую ўладу першай асобы ў дзяржаве як падставы справядлівасці і міру ў Айчыне», — гаворыцца ў апублікаваным на сайце «Западная Русь» артыкуле. Нельга адмаўляць, што ў чымсьці ідэал дзяржаўнапалітычнага ладу чарнасоценцаў-заходнярусаў у Беларусі ўжо дасягнуты, але хочацца спадзявацца, што фармальнае яго замацаванне нам пакуль не пагражае.
Калі коратка падводзіць вынікі гэтага агляду ідэяў сучаснага заходнерусізму, выказаных у беларускай медыяпрасторы, то напрошваюцца дзве простыя высновы:
1) Ідэалогія заходнерусізму наўпрост варожая беларускай нацыянальнай ідэі ўвогуле ды ідэі самакаштоўнасці беларускай дзяржаўнасці ў прыватнасці.
2) Шырокі распаўсюд гэтай ідэалогіі (да ўзроўню, калі «ідэя авалодвае масамі»), асабліва ў колах студэнцкай моладзі ды ў іншых колах з яшчэ не сфарміраваным да канца светапоглядам, можа спрыяць фармаванню і ўзмацненню ўнутры Беларусі антыбеларускіх, антынезалежніцкіх прарасійскіх асяродкаў.
Каментары