У Стамбуле ў гэтую суботу прайшлі акцыі пратэсту супраць законапраекта, які адмяняе пакаранне для мужчын за сэкс з непаўналетнімі дзяўчынкамі, калі яны з імі жэняцца.
Па ацэнцы агенцтва Франс прэс, на вуліцы горада выйшлі як мінімум 3 тысячы чалавек.
Пратэстоўцы скандавалі лозунг: «Мы не замоўкнем. Мы не скарымся». Яны патрабуюць адмовіцца ад прыняцця гэтага закону.
Праціўнікі закона мяркуюць, што ён фактычна легалізуе згвалтаванне непаўналетніх. Супраць закона выступілі апазіцыйныя палітыкі і многія вядомыя людзі ў Турцыі.
Акцыі пратэсту прайшлі і ў іншых буйных турэцкіх гарадах.
Па дадзеных Франс прэс, на мітынгах гучалі і антыўрадавыя лозунгі. Напрыклад, былі банеры з заклікам да кіруючай Партыі справядлівасці і росту «прыняць свае рукі ад майго цела».
Закон прапанаваў прэзідэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган. Урад настойвае на тым, што гэты закон дазваляе вырашыць праблемы, звязаныя з распаўсюджанай у Турцыі традыцыяй шлюбаў з непаўналетнімі.
У чацвер закон у першым чытанні быў ухвалены парламентам. У бліжэйшыя дні пройдзе яго другое чытанне. Калі закон будзе прыняты, з турмаў змогуць выйсці мужчыны, якія адбываюць тэрміны за сэксуальныя адносіны з непаўналетнімі.
Узрост згоды ў Турцыі - 18 гадоў. Пры гэтым у краіне, асабліва ў сельскай мясцовасці, папулярныя раннія шлюбы.
![Клас Клас](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-like.png)
![Панылы сорам Панылы сорам](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-facepalm.png)
![Ха-ха Ха-ха](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-smile.png)
![Ого Ого](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-omg.png)
![Сумна Сумна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-sad.png)
![Абуральна Абуральна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-anger.png)