Гісторыя4242

Крыж пакаяння: жанчына з Нясвіжа пайшла ў госці да міліцыянера, які ў 1949 годзе арыштоўваў яе бабу і дзеда

Гісторыю сваёй сям'і і міліцыянта Янчэўскага апавядае Наста Азарка.

Настасся Азарка з Нясвіжа.

Што тады насамрэч адбывалася — ніхто ўжо не скажа. Чыёй віны было болей — таксама.

Тады ў нас вёсак не было, а былі хутары. Калі пачалася вайна, Сашы было 15, Мані — 13. Была ў Сашы стрыечная сястра Наташа. І была яна замужам за камуністам. У памяці людзей засталося гэтае прозвішча, якое доўгі час наводзіла на ўсіх партыйных актывістаў ды простых людзей самы натуральны жах і якое па гэты дзень узгадваюць шэптам. Дэмух Мікалай. І пайшоў ён на фронт. Кажуць, што да жанчыны пачаў заляцацца нейкі ўпаўнаважаны. Жонка напісала пра гэта мужу, той вярнуўся дадому. Забіў упаўнаважанага. А далей…

Назад — расстраляюць за дэзерцірства. Тут заставацца — ці то ўжо ўзяў страх, ці то сумленне, ці то што яшчэ. Сышоў у лес. Да партызанаў.

Гэта ў падручніках пра партызанаў пішуць, што яны героі. А насамрэч не разбярэш, хто лепшы — чужак з цукеркаю ці свой партызан з аўтаматам…

Знайшоў групоўку людзей, якая хавалася таксама, з розных прычынаў. У прынцыпе, гэта стандартны варыянт. І пачалося. Можа, і не хацеў забіваць, але ў вайну ўсё спісвалася на вайну. Падумаць і пакаяцца можна было потым… калі паспееш.

Кіраваў групай з шаснаццаці чалавек (а можа, іх было болей, ды не ўсіх схапілі ці з цягам часу засталося столькі) Раманчук з Баяраў.

Група брала на сябе залішне рызыкі. Рабавалі, забівалі, здзекаваліся. Расстралялі камуністычных дзеячаў…

Дэмух клікаў у свой хаўрус й майго дзеда, якому тады было каля дваццаці. Але той з вайны вярнуўся з медалямі й на мыліцах, з падстрэленай нагою. У 1946 г. ажаніўся. Маладая жонка, маленькае дзіця. Якое тут партызанства?! Але злачынцы зрабілі налёт на мясцовую краму, а потым тое, што скралі, знайшлося закапаным на дзедавым гародзе… Помста? Падстава? Зноў-такі, безвыходнасць?

Аляксандр Азарка, дзед Настассі, быў паранены на вайне.

І ці не ад безвыходнасці Дэмух з галаварэзамі наважыўся пры канцы свае шалёнае эпапеі (1949 год) «прыйсці» ў Квачоўскі сельсавет падчас сходу актывістаў пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Бірукова… Была жорсткая разня, падчас якой Дэмуха падстрэлілі.

Уначы ён і некалькі ацалелых партызанаў, узброеныя, уваліліся да дзеда ў хату.

Гэта цяпер лёгка казаць, што маглі б не пусціць і справы не было б. Гэта цяпер лёгка ўсіх вінаваціць. А тады што б зрабіў малады хлапец, якому толькі споўнілася 23 гады, якому балюча было стаяць на цяжка параненай назе, калі побач была яшчэ зусім маладзенькая жонка й паўтарагадовы сын? А хтосьці знайшоўся добразычлівы, хто гэта бачыў.

Якое ў той час следства? На гары схаваўся забойца, да таго ж сваяк, а на гародзе пакрадзеныя з крамы рэчы… вінаваты. У сваяцтве са злачынцам. Кампаннік. У тым, што своечасова не паведаміў, куды патрэбна. А калі ты вінаваты, то й жонка твая, вядома, таксама. А пра маці з бацькам і гаварыць няма чаго. Усіх, пад корань, на Калыму. У Салаўкі. У Джэзказган. Паўвёскі тады вымелі. Больш як сто чалавек.

Справу вёў падпалкоўнік М.А. Аршынаў. Цікава было б даведацца, што з ім сталася… Спачатку забралі маіх прадзеда Фёдара й прабабку Соф’ю. Потым дзеда Сашу. Потым і па бабу Маню прыйшлі.

І вось тут ужо пачатак новае гісторыі. Баба Маня хацела ўзяць з сабою дзіця. Майго дзядзьку. Міліцыянт, які яе арыштоўваў, пачаў упрошваць, каб яна пакінула сына, не брала з сабою. Таму што іх усё роўна разлучылі б. Забралі б хлопчыка ў дзіцячы дом, а там — іншае прозвішча, іншае імя, іншая біяграфія… Згубіліся б назаўсёды.

Міліцыянт Мар'ян Янчэўскі (на матацыкле) угаварыў Марыю Азарку не браць з сабой сына, каб той не прапаў у ГУЛАГу.

Спытаеце, адкуль знайшоўся такі, сардэчны? Але ж знайшоўся! Мар’ян Іосіфавіч Янчэўскі. Самому тады было 25. Ці ж дзядзька не разумеў, што ў гэтай дурной справе ну хай сабе хлапец вінаваты, што своечасова не сказаў, не здаў, а можа, і дапамагаў насамрэч, бо баяўся за жонку з дзіцем. А можа, і у вайну з імі знаўся, раз сваякі… А можа, перакананні. Але якая сувязь са страшнаю бандаю ў гэтае дзяўчыны, што й сама яшчэ дзіця, а ўжо на руках малое? У бабы бабскі клопат…

Яму быў дадзены загад. І ён мусіў яго выконваць. Гэта цяпер лёгка казаць — а мог і не, мог сысці з органаў, мог перайсці ўвогуле ў штаб, каб не бачыць і не чуць, каго… Не мог! Сам бы пайшоў па этапах, і гэта ў мяккім варыянце. Каб не панеслі. Жыць хацелася ўсім. А тое, што даводзілася вось такіх вось дзяцей кідаць у турмы, лагеры, ссылкі, дык час быў такі. Магчыма, дзяўчына спадабалася Мар’яну, магчыма, ён ужо й сам разумеў, што яна ні ў чым не вінаватая, і таму стараўся як мага дапамагаць ёй ды іншым дзяўчатам у этапе.

Бабуля пакінула сына ў роднай вёсцы, а сама паехала па лагерах. Аўгуста потым забрала да сябе бабуліна сястра Эфця. Гадавала, пакуль Маня вярнулася.

Маленькі Аўгуст, дзіця ворагаў савецкай улады, з бабай Вікцяй.

Шмат давялося прайсці дзядулю й бабулі, перш як лёс зусім выпадкова ізноў звёў іх разам. Дзед быў ва Уладзіміры — сядзеў у закрытай турме. Трымаў галадоўку. У Куйбышаве сядзеў, Іркуцкай вобласці, у Тайшэце і Брацку, і, нарэшце, Казахстан — горад Джэзказган. Назва якая — нібы пясок на зубах. Мужчынскі й жаночы лягеры. Яны сустрэліся там. Маладосць брала сваё. Схітроўваліся ладкаваць таемныя спатканні.

У лагеры Кенгір баба падарыла дзеду ўласнаручна пашытую наўлечку, а дзед бабе — самаробную шкатулку.

Дамаўляліся з ахоўнікамі, таварышамі, сядзелі ў карцарах, але ўжо болей не выпускалі адно аднаго з поля зроку.

Потым быў 1953 год. Смерць Сталіна перакуліла свет з ног на галаву. Пераглядаліся справы. Пераглядаліся вінаватасці. Амністыя прыйшла да бабулі ў 1954 годзе, да дзядулі — у 1956 годзе.

Вярнуліся дадому. Да сына. Да сям’і. Пачалі адбудоўваць наноў двойчы пакалечанае жыццё.

Дзед Аляксандр пасля вяртання з лагера.

Таго маладзенькага міліцыянта Янчэўскага бабуля й дагэтуль узгадвае з вялікаю ўдзячнасцю і добрымі словамі. Міліцыянт аказаўся больш чалавечным, чым стрыечны дзядзька. Разумею, што пра гэта было б лепей таксама прамаўчаць, таму што гаворка ідзе пра Якуба Коласа.

Падчас пераследу мы звярталіся да яго з просьбаю дапамагчы. Уратаваць. Паслабіць прысуд. Ён збаяўся. Вядома, і тут трэба казаць пра тое, што час быў такі. Нават калі й паспрабаваў бы Якуб Колас зрабіць хоць што-небудзь, то ўсё адно не дапамог бы, а, мала таго, і сам бы заграз у той багне. Можна цяпер казаць, што час чумы прабачае ўсё. І страх, і адступніцтва. Але хіба можна зразумець дарослага сталага чалавека, якому бліжэйшы быў статус Народнага пісьменніка, чым лёс нікому не вядомае няшчаснае дзяўчыны, аднае з мільёнаў…

Дэмух адсядзеў усе дадзеныя яму 25 гадоў. Хворы й разбіты, недзе яшчэ доўга бадзяўся, перш як аднойчы ноччу вярнуўся ў родную вёску. Ноччу ж і памёр. І ноччу яго пахавалі. Баяліся помсты.

Ягоная ўнучка, Ілона Мікалаеўна, была маёй першай настаўніцаю. Выйшла замуж. Цяпер яна матушка ў царкве ў Нясвіжскім раёне. 

Дзядуля й бабуля пасля 1990 году падавалі ці не штогод на рэабілітацыю. І заўсёды прыходзіў адказ — яны былі асуджаныя правільна. Крыўдна. Дзед дажыў да васьмідзесяці. Памёр у 2007. Хворы. Ляжаў каля года.

Калі на мяне ў 2006 годзе была распачатая крымінальная справа за ўдзел у Маладым Фронце і міліцыянты ці не штодзень хадзілі па хаце, той страх, які яны здолелі ўтаймаваць за доўгае спакойнае жыццё, вярнуўся. Старым было цяжка й страшна. За мяне. За ўсіх нас. Разумелі, што тых павальных рэпрэсіяў ужо не можа быць, што больш нікога ў турму не пацягнуць следам за мною, калі справа дайшла б да суду. Але было вельмі цяжка. Міліцыянты гэта бачылі, таму стараліся як мага супакойваць старых, казалі, што нічога страшнага не будзе, што хутка ўсё скончыцца й скончыцца добра. Так яно й сталася.

Дзядуля моцна перажываў за ўсіх нас, маладых. Пасля нашае маладафронтаўскае галадоўкі ён негалосна пераняў эстафету й давёў яе да фіналу. Свайго фіналу. Ціха й спакойна.

Баба Марыя Азарка паспела нацешыцца праўнучкай.

І нечаканы працяг гэтае гісторыі. Была для школьнікаў сустрэча з ветэранам міліцыі ў нашым аддзеле МУС. Мар’янам Ёсіфавічам Янчэўскім. Пра гэта было напісана ў раённай газеце, адкуль я і даведалася, што чалавек, які некалі арыштоўваў бабулю, жывы і жыве ў нашым горадзе.

Вырашыла схадзіць да Мар'яна Янчэўскага ў госці.

Дый нагода была — бабуля ўвесь час яго ўзгадвала, чаму б не зрабіць так, каб гэты чалавек ведаў, што на яго ніхто зла не трымае… Дзядок, які адчыніў мне дзверы, выглядаў даволі бадзёра. Калі ж я растлумачыла мэту свайго візіту, твар ягоны дык і зусім прасвятлеў. Ён памятае кожны эпізод з тых часоў ліхалецця, памятае й маю бабулю, і маці майго дзядулі. Нават сам узгадаў іх імёны, ледзь толькі я нагадала пра год зняволення.

Ён узгадаў і Дэмуха. Са спачуваннем. Выказаўся, што няшчасны быў проста заблытаным чалавекам, якому насамрэч не было ўжо ніякага выйсця, як толькі забіваць, забіваць, забіваць… Калі б знайшоўся хтосьці, хто мог яго своечасова спыніць, магчыма, пакаранне за страшныя ўчынкі панёс бы толькі адзін Дэмух альбо нашмат менш людзей, чым тады…

У гады ягонай маладосці загады не аспрэчваліся. Забаранялася нават думаць над іхным сэнсам. Усе разважанні пакідаліся на пасля, калі ён заставаўся сам-насам з сабою, ды і то таемна нават ад самога сябе, таму што асэнсаванне падзеяў прыводзіла да яшчэ больш страшэнных вынікаў. Мар’ян Ёсіфавіч вельмі хацеў спадзявацца, што з гэтых дзяўчат, якіх ён вымушаны быў арыштоўваць, хоць хто-небудзь выжыве, хоць хто-небудзь здолее вярнуцца. Ён прыехаў на нашу нясвіжскую зямлю ў 1942 г. ды так тут і застаўся. Усё сваё жыццё сп.Янчэўскі прысвяціў адданаму служэнню народу і ніколі не забываўся пра тых, хто не без ягонага ўдзелу быў вырваны з жыцця, кінуты ў пустэчы Казахстана, на каго назаўсёды было пастаўлена кляймо ворага.

Я прыйшла да яго не з абвінавачваннем, але з падзякаю. Падзякаю за тое, што ён застаўся чалавекам у нечалавечых абставінах.

Гэта й ёсць адзін з хрысціянскіх прынцыпаў: прабачыць сёння ўчорашнім нашым ворагам. Мы не маем права іх вінаваціць. За свае ўчынкі яны адкажуць перад Богам. А нам патрэбна маліцца пра іх пакаянне й уратаванне. І самае лепшае, што мы можам зрабіць для тых, хто насамрэч гэтага заслугоўвае, — падзякаваць за нястрачаную чалавечнасць.

Таму што гэта і наш крыж таксама.

Замест пасляслоўя. Дзевяць гадоў пазней

Артыкул быў упершыню апублікаваны ў «Нашай Ніве» ў 2008 годзе. Настасся Азарка перачытала, удакладніла яго і дапоўніла фотамі сёлета.

«Мар'ян Янчэўскі пайшоў з жыцця ў 2014 годзе, — расказвае яна. — Бабуля Марыя з 2014 года знаходзіцца на нашым даглядзе ў сувязі з тым, што зламала шыйку сцягна і не рухаецца.

У 2024 годзе, праз 75 год пасля прысуду, можна будзе дабіцца чытання справы, планую перачакаць гэтыя гады і звярнуцца ў КДБ з просьбаю аб рэабілітацыі.

І напоўніцу разумееш, што адчуваў і з якімі думкамі Мікола Дэмух «клаў» сельсавет, калі ўсю цябе калоціць адначасова з раз'юшанасці і ўласнага бяссілля перад службоўцамі, якія здзекліва пасміхаюцца табе ў твар, бо ўпэўненыя ў сваёй абсалютнай беспакаранасці», — дадае Азарка. 

Каментары42

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура18

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура

Усе навіны →
Усе навіны

Платформу «Тры сланы» і ініцыятыву «Вольныя» прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі

З 1 мая ў мінскім наземным транспарце запрацуюць кнопкі адкрыцця дзвярэй1

Два рыбакі патанулі ў Віцебскім раёне

Wildberries запусціў у Беларусі дастаўку ежы з кафэ і рэстаранаў3

Стала вядома, у чым абвінавачваюць архітэктурную студыю ZROBIM architects8

«Часам я жыла на 100 і на 40 рублёў у месяц». Як маці з 4 дзецьмі выстаяла ў глухой беларускай вёсцы2

«Бесіць, калі мне кажуць кітайскае «ніхаа». Казашка расказала, як ёй жывецца ў Беларусі30

Трамп заявіў, што Іран пагадзіўся перадаць ЗША ўзбагачаны ўран2

Як зрабіць пасведчанне кіроўцы на беларускай мове? Усё прасцей, чым вы думаеце13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура18

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць