Скандал вакол пасрэднай карціны «Код да Вінчы», што была на пяты дзень паказу зьнятая з пракату, паставіў рубам два фундамэнтальныя пытаньні: «На што здольныя сродкі масавай камунікацыі?» і «Які статус хрысьціянства ў грамадзтве?»

Забава ці маніпуляцыя?

У спрэчцы сутыкнуліся два несумяшчальныя погляды на кіно (дый увогуле на мастацтва). Першы лічыць кіно забавай, фікцыяй, умоўнай гульнёй са знакамі. Адпаведна, глядач такога кіно — вольны чалавек, які цешыцца з жанравых прыёмчыкаў і цытатаў.

Згодна з другім падыходам, фільм ёсьць самой рэчаіснасьцю, што выхоўвае гледача й маніпулюе ім. Глядач падуладны экранным вобразам, якія пераносіць у сваё жыцьцё.

Абаронцы «Коду» падкрэсьлівалі забаўляльнасьць кіно — і сваю свабодную волю. Вернікі-пікетоўцы казалі пра скрыўленьне праўды і маніпуляцыю недасьведчаным чалавекам.

Кіно — гэта забава вольных ці замбаваньне залежных? Праблема вырашэньня ня мае.

Супярэчнасьць закладзеная ў кожным чалавеку. Левая паўсфэра нашага мозгу бачыць кіно як забаву, правая — як саму рэчаіснасьць.

Адзін і той жа чалавек можа сказаць: «О, крута, які прыёмчык!» А можа і заявіць: «Ганна Карэніна — гэта я!» — і кінуцца пад цягнік, сьцвярджаючы гэтым праўду кінакарціны.

Асобныя групы больш схільныя цягнуць у жыцьцё ўбачанае на экране: дзеці, старыя (пакінутыя жыць у таварыстве герояў мыльных опэраў).

Ніхто не жадае прызнацца ў сваёй залежнасьці — кожны лічыць сябе разумным. Мы ўсе кпім з «тупой рэклямы», але, высьвятляецца, яна дзейсная. Рэкляма разглядае чалавека як аб’ект «гандлёвай» маніпуляцыі — у поўнай адпаведнасьці з другім падыходам.

Пасьля выхаду ў сьвет кнігі Дэна Браўна 25 адсоткаў французаў згадзіліся з «гіпотэзай» аўтара, што Хрыстос і Марыя Магдаліна былі мужам і жонкай. Так што ня кожная фікцыя ўсьведамляецца фікцыяй.

Сучаснасьць глядзіць на мастацтва як на аўтаномную сфэру, а гледача, чытача лічыць асобай свабоднай. Абмежаваньні мусяць адсекчы ад прагляду групы, якімі кіно здольнае маніпуляваць (так дзеці адсякаюцца ад гвалту й эротыкі).

«Коду» быў нададзены найстражэйшы статус «з 18 гадоў», былі ўведзеныя абмежаваньні на пракат.

Зьняцьце карціны з экранаў зьвязанае не з мастацтвам, але з грамадзтвам — і палітыкай.

Хрысьціянства на выпаленай зямлі

Чаму ў каталіцкай Польшчы не адбылося анічога падобнага? Чаму не было забаронаў у Гішпаніі ці Італіі? (Але яны былі ў Сырыі і Эгіпце.)

Ніводная канфэсія ў Беларусі не адчувае сваёй трываласьці. ХХ стагодзьдзе ўвогуле было антырэлігійным, а 70 гадоў атэізму стварылі тут сапраўдную духоўную пустыню.

Трэба сказаць праўду. Нягледзячы на статыстыку, хрысьціяне ў нашай краіне зьяўляюцца меншасьцю. Колькі чалавек ходзіць у царкву ці касьцёл? Колькі спрабуе жыць па запаветах Бога? Колькі хаця б ведае пра іх?

У галовах людзей пануе каша з гараскопаў, тэлевізійных стодаў і бабак-знахарак.

І вось у такіх умовах зьяўляецца фільм, дзе жэняць Хрыста й зьневажаюць царкву. Што мусіць адчуваць шчыры вернік? Апраўдвацца, што блюзьнерствы — толькі мастацкая фікцыя? Што фільм папсовы й кепскі? Але становішча хрысьціянскай супольнасьці хісткае, скура садраная, нэрвы аголеныя…

Дарэчы, пратэсты супраць карыкатураў на прарока Мухамэда адбыліся не таму, што іслам нейкі адмыслова гвалтоўны.

Ёсьць сацыяльны чыньнік. Дыялёг заблякаваны. Ніхто нікога ня чуе. Дэмакратычныя мэханізмы ўзгадненьня пазыцый адсутнічаюць (тут вам і Беларусь, і Эгіпет).

Я не кажу ўжо пра паноўныя сродкі масавай інфармацыі, дзе шал нянавісьці пераплюне любыя блюзьнерствы «Коду».

У такіх умовах застаецца толькі жэст, а шэпт у замкнёнай прасторы становіцца крыкам.

Хрысьціянства спрабуе дакрычацца да грамадзянаў. «Мы перамаглі», — кажа ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк, калі карціну зьнялі з экранаў.

Але да перамогі супакою, павагі і любові яшчэ вельмі далёка.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0