Сталіца Украіны стала папулярным месцам адпачынку для беларусаў. Нашых грамадзян Кіеў прыцягвае блізкасцю да Беларусі, багатым культурным жыццём і адносна невялікімі цэнамі ўстаноў грамадскага харчавання. У Кіеве існуе вялікая колькасць цікавых тэматычных бараў і рэстаранаў, якія могуць быць цікавымі ў тым ліку і беларускім турыстам. «Наша Ніва» склала топ-9 канцэптуальных бараў і рэстаранаў Кіева, якія могуць быць цікавымі беларусам. У тым ліку і тым, што выправяцца ў Кіеў у суботу на фінал Лігі чэмпіёнаў.
1. Parovoz
вул.Чырвонаармейская, 19 (метро Плошча Льва Талстога)
Кінатэатр «Кіеў»
12.00 — 03.00
Заснаваны ў 2002 годзе, бар Parovoz займеў другое дыханне разам з новай канцэпцыяй, інтэр’ерам і прыстаўкай SpeakEasy у назве. З той пары штогадова ён займае першыя месцы ў рэйтынгах кіеўскіх кактэйльных бараў. Наведвальнікі адзначаюць яго ўнікальную атмасферу, кактэйльную класіку з «твістамі», і адну з лепшых сярод бараў Кіева кухань.
2. Бармен Диктат
вул. Хрышчацік, 44 (метро Тэатральная)
18.00 — 06.00
Адносна новы бар, які адкрыўся ў 2016 годзе на месцы былога арт-клуба «44», знаходзіцца на самым Хрышчаціку. Але трэба зайсці ў двор, каб туды патрапіць — арыентуйцеся на ўказальнікі. Есць жывая музыка, пераважна ў стылі рок і джаз.
3. Lisopylka
вул. Старасельская, 1а
16.00 — 01.00
Нягледзячы на тое, што гэты бар знаходзіцца адносна далёка ад цэнтра, на левым беразе Дняпра, эксперты лічаць яго адным з найлепшых бараў з крафтавым півам і багатым выбарам кухні. Lisopylka пазіцыянуе сябе як месца, дзе «няма пафасу, штучнасці, дэкарацый, дзе ўсё сапраўднае, нават пілы на сценах і стосы дроў — не дэкаратыўныя, а тыя, на якіх мы вэндзім рабрынкі».
Карыстальнікі Foursquare адзначаюць, што бар мае смачную кухню, але выбар ежы, у адрозненне ад алкаголю, не такі вялікі.
4. Argentina Grill
вул. Маршала Цімашэнкі, 18 (метро Мінская)
08.00 — 02.00
Хаця гэтая ўстанова і пазіцыянуе сябе ў першую чаргу як грыль-рэстаран, але тут ёсць вялікая вінная карта. Гэтае месца ў першую чаргу можа быць цікавым для тых, хто хоча адпачыць з сям’ёй ці калегамі па працы.
Але галоўнай адметнасцю ўстановы з’яўляецца ўсё ж не алкаголь, а мясныя стравы аргенцінскай, іспанскай і італьянскай кухні.
5. Китайский привет
вул. Івана Франка, 7 (метро Залатыя Вароты)
12.00 — 23.00
Установа, як вынікае з назвы, прысвечана кітайскай кухні. Ад іншых месцаў з кітайскай кухняй рэстаран адрозніваецца наяўнасцю не толькі традыцыйных для такіх месцаў локшыны і рысу, але і шматлікіх страў з ялавічыны, качкі, свініны, курыцы і бараніны ў вострых соўсах і густых азіяцкіх супоў.
Выбар алкаголю таксама вялікі. Аматары экзотыкі могуць паспрабаваць японскае крафтавае піва (але яно каштуе каля 10 даляраў). Калі гэта дорага для вас, у якасці альтэрнатывы там ёсць адносна таннае піва ўласнай вытворчасці і некалькі кітайскіх кактэйляў.
6. ORANG+UTAN
вул. Сімона Пятлюры, 16/108 (метро Універсітэт)
вул. Сечавых Стральцоў, 72 (метро Лук’янаўская)
10.00 — 22.00
Гэтая ўстанова пазіцыянуе сябе як вегетарыянскі сэндвіч-бар. Алкаголю тут няма. У меню можна знайсці сем пазіцый сэндвічаў, салаты, а таксама смузі з высокай энергетычнай каштоўнасцю.
7. Wood You Like Bar
вул. Межыгорская, 24 (метро Кантрактовая Плошча)
09.00 — 02.00
Невялікі ўтульны з бар у самым сэрцы і гістарычным цэнтры ўкраінскай сталіцы — на Падоле. Месцы ёсць як за стойкай, так і на маленькіх канапах. Установа пазіцыянуе сябе як моладзевая кропка з вялікай кактэйльнай картай. Месца добрае ў першую чаргу для сустрэчы з сябрамі і адпачынку. У аснове інтэр’еру прысутнічае дрэва, што вынікае з назвы ўстановы.
8. Black Tot Bar
вул. Вялікая Жытомірская, 16 (метро Майдан Незалежнасці)
06.00 — 02.00
Бар знаходзіцца ў самым цэнтры Кіева каля Сафійскай плошчы, Андрэеўскага ўзвозу. Галоўны напой гэтай установы — ром (каля 45 відаў). Гэта не кавярня, не рэстаран з барнай картай, не кальян, не дыскатэка, а кактэйльны бар — акрамя рому, яны прапануюць каля 30 кактэйляў. Кожны госць атрымлівае бясплатную чарку рому.
У аснове інтэр’еру вінтажная галандская мэбля 50-ых гадоў.
9. Уся вуліца Шата Руставэлі
На гэтай пазіцыі мы не здолелі вылучыць нейкую асобную ўстанову. Гэтая вуліца мае велізарную канцэнтрацыю бараў, кожны з якіх з’яўляецца цікавым і ўнікальным. У некаторым сэнсе вуліца нагадвае мінскую вуліцу Зыбіцкую.
Большая частка бараў канцэнтруецца на кавалку вуліцы паміж станцыямі метро «Палац Спорту» і «Плошча Льва Талстога».