Тэатр22

Згубіцца ў бацькоўскай любові. Найлепшы ўкраінскі спектакль па беларускай п'есе паказалі ў Мінску

Модны кіеўскі рэжысёр Стас Жыркоў прывёз у Мінск другі свой спектакль паводле п'есы беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага. Раней у рамках фестывалю маладой рэжысуры краін СНД мінская публіка мела магчымасць паглядзець яго спектакль у Кіеўскім маладзёжным тэатры «Любоў людзей». А цяпер пры дапамозе ўкраінскай амбасады паказалі пастаноўку «Тата, ці ты мяне любіў?» паводле п'ес «Ціхі шорах сыходзячых крокаў» тэатра «Залаті ворота», які Стас Жыркоў узначальвае як мастацкі кіраўнік. Спектакль ужо паказвалі ў Беларусі на фестывалі «Март-кантакт» у Магілёве, дзе ён атрымаў станоўчыя водгукі, а кіеўскія крытыкі назвалі гэты спектакль сярод найлепшых трох прэм'ер мінулага года.

На сустрэчы пасля паказу рэжысёр сярод іншага распавёў, што ў сучаснай украінскай драматургіі вельмі распаўсюджаны архетып маці, і пасля прэм'еры спектакля паводле беларускай п'есы сталі казаць, што вось архетып бацькі таксама цяпер ёсць. Бацьку сыграў Аляксандр Ярэма, і гэткае простае, цёплае з хітрынкай выкананне ролі сапраўды робіць вобраз бацькі цэнтральным у спектаклі вельмі складаным і па змесце, і па гісторыі. Да канца незразумела ў спектаклі, хто ёсць хто, хто каму сніцца і хто жывы, а хто ўжо не. Але паміж героямі настолькі жывы эмацыйны кантакт, што гэта ледзь не пачынае шкодзіць логіцы дзеі. Ці любіць яго бацька? — вось галоўнае пытанне, якім задаецца Аляксандр (у выкананні Рамана Ясіноўскага). Увесь спектакль мы бачым, як ён сустракаецца з бацькам і паўтарае з ім адзін і той жа дыялог, дзе той заклікае яго дбаць пра хату, чысціць калодзеж, клапаціцца пра сясцёр. Мы наяўна бачым любоў у гэтых сцэнах. Але Аляксандр зацыклены на тым, каб любоў атрымаць у той форме, якую вызначае сам. Яго ўпартая зацыкленасць на самасцвярджэнні і прызнанні вызначае ўвесь ход спектакля. Ну вось просты прыклад, адзін з канфліктаў п'есы нібыта пра тое, як сёстры Аляксандра вырашылі прадаць бацькоўскую хату, і ён, які быў супраць, знайшоў грошы, каб тую хату выкупіць. То добра, але ўвесь час толькі і кажацца пра тое, каб «кінуць грошы сёстрам у твар!»

Нервовая імпульсіўнасць Аляксандра не супадае з памяркоўнасцю бацькі. У такой трактоўцы вобраза Раманам Ясіноўскім, такім чынам, у меншай ступені падкрэсліваецца пераемнасць, сямейнасць канфлікту п'есы, у большай ступені такі Аляксандр прадукт нервовага часу, у спектакль уведзены шматлікія моманты, якія робяць героя больш пазнавальным для ўкраінскай аўдыторыі. Напрыклад, герой згубіў працу ў новай паліцыі пасля рэформы (па п'есе ён служыў афіцэрам у войску), гэта ў нейкай ступені становіцца тэмай: бацька спачувальна заўважае, што вось нармальных людзей пазвальнялі, сястра крыўдліва называе Аляксандра «мянтом». Сам Аляксандр нічым не паказвае, што ён моцна пакрыўджаны на жыццё, але сам факт ягонай зацыкленасці на сям'і і бацькоўскай хаце ўскосна паказвае, што за плотам нармальнага жыцця няма.

Цікава, як праз гэта раскрываецца п'еса Багаслаўскага, у якой адмыслова размыты межы паміж рэальнасцю і мрояй. Ці не кожная падзея раптам аказваецца вынікам «спірытычнага» сеансу, які Аляксандр робіць разам з медыумам Альбертам. У п'есе рэальнасці нібыта няма ўвогуле. У гэтым цікавостка спектакля кіргізскага рэжысёра Шаміля Дыйканбаева на сцэне РТБД. Часу няма, прасторы няма, рэальнасці няма, толькі сям'я, толькі памяць пра дзяцінства ёсць нечым пэўным. Стас Жыркоў робіць спектакль пра тое, як рэчаіснасць лёгка прымае формы кашмару. Нават такі прыём, калі артысты праз мікрафон спяваюць пазнавальныя эстрадныя песні (а сёстры разам з песнямі спяваюць і малітвы), раптам робіць адчуванне фантасмагорыі і кепскага сну яшчэ больш моцным. А паўторы, якія заклаў драматург у аснове свайго спектакля, узмацняюць эфект яшчэ больш.

Адзін з самых важных выканаўцаў для спектакля — Антон Салавей, ён выконвае ролю Юрасіка і Альберта (і ўзнагароджаны за сваё выкананне «Кіеўскай пектараллю», вядомай украінскай тэатральнай узнагародай). І ён задае гэтую блазнаватую, юрлівую, няўрымслівую інтанацыю спектакля з самага пачатку. Быццам бы разбураецца сюррэалістычная атмасфера, аднак, з іншага боку, менавіта праз гэта стрыманая манера Аляксандра Ярэмы выглядае яшчэ больш пераканальнай. Менавіта яны удвох выводзяць спектакль на стрыманы, няхай і пафасны фінал, дзе гучаць страшныя словы: «Усе ёсць, цябе, сынку, няма…» І маецца на ўвазе, вядома, не толькі тое, што сын Аляксандр фізічна памёр, але значна важней, што, засяродзіўшыся на памяці, на гісторыі, на любові бацькі, ён нейкім чынам губляе самога сябе. Менавіта ў фінале па-асабліваму пачынаюць гучаць бацькоўскія словы, якія паўтараюцца ўвесь спектакль, ён увесь спектакль прыходзіць да сына ў снах, увесь час спрабуе залагодзіць гэты канфлікт дзяцей між сабой, калодзеж, які ён заклікае сына пачысціць («я ў калодзежы» — піша сын напрыканцы на сценцы), гэта быццам бы ён сам павінен пачысціць сваё ўспрыманне свету…

Цудоўна, што ў мінскай публікі была магчымасць пазнаёміцца з кіеўскім актуальным тэатрам, у якім апошнія гады адбываюцца вельмі цікавыя працэсы. І тое, што адзін з самых цікавых украінскіх рэжысёраў новай хвалі жывіцца беларускім драматычным матэрыялам, вельмі важна і прыемна. У ліпені украінская амбасада анансавала яшчэ шэраг падзей, якія складуць дні культуры Украіны ў Беларусі, а ўвосень анансавалі прэм'еру спектакля Жыркова ў РТБД.

Каментары2

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?18

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Аўтагіганты «Хонда», «Нісан» і «Міцубісі» рыхтуюць гістарычнае зліццё3

Ля берагоў Іспаніі затанула расійскае судна, якое забяспечвала групоўку ў Сірыі2

Мінчанка перавяла гадалцы-таролагу ў тыктоку больш за 70 тысяч рублёў за зняцце сурокаў і іншыя абрады

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?18

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →