Культура1010

Не надта прызнаны ў Беларусі кампазітар стаў выключна папулярным у свеце

Неарамантычныя трэкі Аляксандра Літвіноўскага сабралі некалькі мільёнаў праслухоўванняў на YouTube и Spotify. Ліцэнзію на яго творы выкупіў італьянскі лэйбл Halidon, піша Мікіта Доўнар.

Аляксандр Літвіноўскі. Фота Wikimedia Commons

За мінулы месяц музыку Аляксандра Літвіноўскага толькі на Spotify праслухалі 160 тысяч разоў. Літвіноўскі — творца сучаснай класічнай музыкі, ён шмат піша для струнных аркестраў.

«Ад традыцыі да авангарду» — так ён сам кажа пра свой творчы кірунак. І гэта не перабольшванне. У яго творах усё: ад музыкі эпохі Адраджэння, барока да электронікі. Але беларусы калі і чулі Літвіноўскага, то хутчэй як голас Радыё Культура, дзе ён вядзе музычную перадачу. Калі меркаваць па папулярных музычных платформах і каментарах пад ягонымі творамі, то практычна ўся аўдыторыя кампазітара — зусім не беларусы.

На YouTube ліцэнзію на творы Літвіноўскага выкупіў італьянскі лэйбл Halidon — адзін з самых рэйтынгавых каналаў класічнай музыкі з амаль 5 млн падпісчыкаў. У базе даных кампаніі 6000 кампазітараў. Пошукавая сістэма выдае прозвішча Літвіноўскага як другое па папулярнасці на гэтым канале.

Першым творам беларуса, які стрэліў на платформе, стаў Le Grand Cahier (Вялікі нататнік).

Гэта элегантная неарамантычная музыка, класічная па форме і сучасная па гучанні. І яна няўлоўна родная беларусам, сугучная нашаму эстэтычнаму і гістарычнаму досведу. Так, адна з частак твора называецца «Бабіна бульба».

Гэтую сюіту для струннага аркестра паслухалі ўжо чвэрць мільёна разоў. Пад відэа 5000 лайкаў і сотні каментароў, у якіх людзі прызнаюцца, што іх зачаравала музыка беларуса.

Вось у такім стылі:

«Аж не верыцца, што ён сучасны кампазітар, яго творы гучаць няйначай старая класіка. Дзякуй за тое, што зрабілі яго музыку даступнай для шырокай аўдыторыі!»

«Вельмі дзякую, што вы зрабілі гэтага кампазітара вядомым свету! Сёння я ўпершыню чую пра яго, дзякуючы вашаму допісу! Я так рады і ўсхваляваны тым, што адкрыў для сябе адзін з самых неверагодна прыгожых твораў усіх часоў! Хай дабраславіць вас Бог, Літвіноўскі!»

Менавіта пасля гэтага твора беларуса заўважылі ў свеце. Яго творы прадаюцца не толькі ў лічбавым фармаце, але на дысках і вінілавых кружэлках, па 35 даляраў.

Музычную кар’еру 62-гадовы Літвіноўскі пачаў у палове 1980-х, калі працаваў рэдактарам музычнага вяшчання на Беларускім радыё.

Тады ён напісаў сімфанічную фрэску «Крэва» (1987 год) і містэрыю «Францыск» (1990), прысвечаную Скарыну.

Пісаў ён музыку і да спектакляў паводле Янкі Купалы, Якуба Коласа, Караткевіча, «Дзядоў» Міцкевіча.

Другім творам, які сабраў на Youtube больш за 200 тысяч праслухоўванняў, сталі «Казкі чароўнага дрэва». На іх аўтара натхніла атмасфера Нясвіжскага парку. Гэта 12 твораў для струннага аркестра ў рамантычным стылі, натхнёным Шуманам, Шубертам і Мендэльсонам.

«І як гэта я ніколі пра яго не чуў? Ён не горшы за старых класічных кампазітараў. Але я нават не змог знайсці пра яго старонку ў Вікіпедыі. Напэўна, у гэтым свеце нешта не так, калі такі мастак, як ён, не атрымлівае прызнання», — напісаў адзін з каментатараў, сабраўшы сотні лайкаў.

Старонка ў Вікіпедыі пра Літвіноўскага пасля з’явілася: на беларускай і нямецкай мовах. Праўда, апрача пераліку твораў, пра кампазітара там шмат не даведаешся. А гэта больш за 70 твораў.

Сярод ментараў Літвіноўскага былі такія славутыя музыканты, як паляк Кшыштаф Пэндэрэцкі, амерыканец Марцін Брэснік, брытанец Майкл Найман, італьянец Сільвана Бусоці.

У 2000 годзе Літвіноўскі працаваў у творчых майстэрнях камп'ютарнай музыкі Acanthes/IRCAM з Джонатанам Харві, аўтарам музыкі для ангельскіх фільмаў, якога The Guardian назваў адным з самых важных брытанскіх кампазітараў XX стагоддзя.

Супраца з італьянскай музычнай кампаніяй Halidon стала паваротным момантам у творчасці Літвіноўскага. А як так сталася?

Пра «сакрэт» ён расказаў сам у інтэрв’ю газеце «Культура» ў 2012 годзе. Аказваецца, Літвіноўскі раней за іншых беларускіх кампазітараў стварыў у інтэрнэце свой сайт.

«З дапамогай сайта, да прыкладу, здзейсніліся мае канцэрты з Кёльнскім аркестрам. У мяне так і некалькі замоў на новыя творы ўзнікла — праз сеціва. Галоўнае, каб інфармацыя пра цябе была ў агульнай сістэме каардынат», — расказваў Літвіноўскі.

Але здараліся і прыкрыя гісторыі. Звярталіся да яго нібыта патэнцыйныя партнёры, прасілі ноты, але пасля іх атрымання знікалі. Зразумела, што ў выніку такіх пірацкіх акцый кампазітар не атрымлівае ніякіх аўтарскіх адлічэнняў.

Калі імя Літвіноўскага стала распазнавальным у заходнім музычным асяродку, то прызнанне ён атрымаў і за творы, напісаныя і не заўважаныя 20 год таму. Яшчэ ў 1995 годзе ён напісаў імшу «Грыгарыяніка» для мужчынскага хору.

Ці шмат беларусаў, нават тых, хто цікавіцца музыкай, пра яе чулі? Некалькі гадоў таму Літвіноўскі паехаў з гэтым творам у Нью-Ёрк і выйграў кампазітарскі конкурс з часткай з гэтай імшы.

Сёння ў яго творчасці пераважае музыка да спектакляў аўтарства класікаў: Астрыд Ліндгрэн, Ганса-Хрысціяна Андэрсэна, Марка Твэна, Антона Чэхава, Шарля П’еро, Вітольда Гамбровіча. Адным з апошніх твораў стала сюіта «Пінокіа» для струннага аркестра і мандаліны. За некалькі тыдняў гэты паўгадзінны твор для спектакля паслухалі больш за 55 тысяч разоў

«Я закахалася ў Літвіноўскага. Яго творы натхняюць мяне брацца за кнігі і чытаць далей, а таксама, калі я займаюся спортам ці еду куды-небудзь у машыне. Я не магу жыць без яго музыкі!»

У анлайн-краме партытура гэтага твора з 500 старонак каштуе 250 еўра.

Больш за 117 тысяч праслухоўванняў у сюіты «Pélleas et Mélisande» паводле п’есы бельгійскага пісьменніка Марыса Метэрлінка. Усе 150 каментарыяў пад відэа практычна ў адной танальнасці:

«Здаецца, гэты хлопец піша эпічныя саўндтрэкі да сучасных фільмаў і гульняў. У мяне такое адчуванне, што Джон Уільямс, Ханс Цымер і Джэймс Говард вучыліся на яго творах».

Музыка Аляксандра Літвіноўскага гучыць на многіх еўрапейскіх музычных фестывалях у Аўстрыі, Германіі, Фінляндыі, Чэхіі, Харватыі, Галандыі, Польшчы, Сербіі. Сюіты цалкам гучалі ў эфіры брытанскага BBC і аўстралійскага ABC.

Беларускі творца таксама смела эксперыментуе. У 2022 годзе ён выдаў джазавы альбом Jazz Graffiti.

Літвіноўскі — гэта прыклад таго, як для беларусаў «няма прарока ў сваёй айчыне». Беларусы зачаста пачынаюць шанаваць суайчыннікаў толькі пасля таго, як іх ацэніць свет.

Каментары10

  • Ха
    13.05.2025
    Dzyady выйшлі падобна на "вікінгаўскую" музыку. Падымае адрэналін.
  • дзе маркетынг
    13.05.2025
    > няма прарока ў сваёй айчыне
    Ну вось не трэба. І як нам было пра яго даведацца? Яго сайт толькі на ангельскай, нават расейскай няма, што ўжо пра беларускую. Зараз пагугліў, яго імя толькі адзін раз сустракаецца на сайце "Будзьма" у матэрыяле "Топ-5 беларускіх сучасных кампазітараў" за 2022 год. Апроч гэтага толькі дзяржаўныя сайты.
  • Віталь
    13.05.2025
    Ведаю музыку Аляксандрв са студэнцкіх гадоў, я проста ачумеў у свой час у сярэдзіне 2000-ых, калі пачуў ягоную барочную сюіту пад дырыжорствам спадара Вандзілоўскага. Мы потым перапісваліся, ён мне падарыў запісы сваіх струнных твораў, флейтавых санат, а яму запісы опер Вівальдзі, якія на той час былі вялікай рэдкасцю. Абсалютны геній, прыкра, што на радзіме яго так мала ведаюць

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі — беларусам: «Калі вы чакалі знак, то вось ён». Прайшла прэс-канферэнцыя з вызваленымі палітвязнямі

Усе навіны →
Усе навіны

«Казырамі не раскідваюцца. Бацька перайграў і знішчыў». Як прапаганда патлумачыла вызваленне Ціханоўскага19

Франак Вячорка пра Ціханоўскага і іншых вызваленых: Спісы мяняліся ў самы апошні момант19

З чым Келаг параўнаў Палац незалежнасці Лукашэнкі?9

«Пабачыў шмат крыві». Сябар 43-гадовага Змітра Каспяровіча расказаў, як знайшоў яго цела3

Вызваленыя грамадзяне Латвіі — Юрыс Ганіньш і Дзмітрыйс Міхайлаўс

Перамовы Лукашэнкі і Келага пачаліся яшчэ ўчора. Эйсмант расказала дэталі6

Наталля Эйсмант пракаментавала вызваленне вязняў на просьбу ЗША. Асобна — пра Ціханоўскага19

Праўладны аналітык Шпакоўскі спрабуе патлумачыць, што хацеў Лукашэнка ад ЗША13

Выкладчыца Наталля Дуліна: Я катэгарычна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні. І я б была рада, калі б вывезлі кагосьці іншага18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі — беларусам: «Калі вы чакалі знак, то вось ён». Прайшла прэс-канферэнцыя з вызваленымі палітвязнямі54

Ціханоўскі — беларусам: «Калі вы чакалі знак, то вось ён». Прайшла прэс-канферэнцыя з вызваленымі палітвязнямі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць