Працяглыя дажджы і моцны вецер хуткасцю да 27 метраў за секунду чакаюцца ў Беларусі 24 верасня, паведамляе Белгідрамет. Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
Будзе воблачна. Ноччу па паўднёвым захадзе пройдуць дажджы, днём на большай частцы тэрыторыі краіны — працяглыя моцныя дажджы. Вецер будзе паўднёвы з пераходам на паўночна-заходні: ноччу па паўднёвым захадзе краіны, а днём у многіх раёнах моцны, парывісты, месцамі вельмі моцны. Чакаецца ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с, месцамі — да 22-27 м/с.
Тэмпература паветра ноччу і раніцай складзе 5-10 градусаў цяпла, па поўначы ў асобных раёнах — плюс 2-4 градусы. У другой палове дня павысіцца да 8-14 градусаў са знакам плюс, па Гомельскай вобласці — да 16 градусаў.
У аўторак 25 верасня ў многіх раёнах краіны захаваецца ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с, ноччу месцамі па ўсходзе да 22-27 м/с.
Рэкамендацыі МНС пры моцным ветры:
- Прыбярыце гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў у дом (падвал), абрэжце сухія дрэвы, якія могуць пашкодзіць вашае жыллё.
- Машыну пастаўце ў гараж, пры адсутнасці гаража машыну варта паркаваць удалечыні ад дрэў, а таксама слаба умацаваных канструкцый.
- Абыходзьце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам.
- Пазбягайце дрэў і разнастайных збудаванняў павышанай рызыкі (мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб'ектаў).