Улада2929

«Слуга народа — 3»: фільм, які можа паўплываць на вынікі ўкраінскіх выбараў

У эфір найбуйнейшага ўкраінскага тэлеканала 1+1 выйшаў трэці сезон папулярнага серыяла «Слуга народа». Суперрэйтынгавы серыял выйшаў за некалькі дзён да першага тура прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, на якіх адным з фаварытаў з'яўляецца ўкраінскі комік і медыяменеджар Уладзімір Зяленскі, які сыграў галоўную ролю ў «Слузе народа» — пазітыўнага, шчырага, адданага Украіне прэзідэнта Васіля Галабародзькі.

Фільм таленавіта, у яркай мастацкай форме і адначасова бязлітасна эксплуатуе вобразы сучасных украінскіх палітычных рэалій, высмейваючы ўкраінскі палітычны клас і ўзвышаючы Галабародзьку-Зяленскага.

Серыял фактычна ператварыўся ў трохгадзінны перадвыбарчы ролік Уладзіміра Зяленскага. І ён рэальна зможа паўплываць на вынікі маючых адбыцца выбараў.

Новы сезон «Слугі народа» складаецца з трох серый. Калі пераказаць коратка, першая серыя — пра тое, як кепска будзе, калі прэзідэнтам Украіны застанецца Парашэнка, другая серыя — што будзе, калі прэзідэнтам стане Цімашэнка, трэцяя серыя — пра тое, як расквітнее Украіна пры Зяленскім. Прозвішчы ў серыяле іншыя, але кожны, хто знаёмы з сучаснай украінскай палітычнай сцэнай, пазнае галоўных асоб.

У першай серыі прэзідэнтам становіцца Сурыкаў (алюзія на Парашэнку), а галоўны станоўчы герой Галабародзька трапляе ў турму.

Галабародзька ў турме.

Напрыклад, пра Сурыкава ў фільме паведамляецца, што ён прапанаваў алігархам зарабляць на схеме імпарту вугалю «Амстэрдам+»; у яго — «казачныя крамы каля кожнай станцыі метро», толькі прэзідэнт Сурыкаў гандлюе малочнай прадукцыяй, а не цукеркамі, як Парашэнка. Абыгралі сцэнарысты нават хваробу Парашэнкі. Калі цяперашні прэзідэнт Украіны, нягледзячы на свой кандытарскі бізнес, не можа есці цукеркі, таму што хварэе на дыябет, то ў Сурыкава са «Слугі народа» аналагічная праблема — непераноснасць лактозы, праз якую ён не можа ўжываць прадукцыю сваёй кампаніі. Калі Сурыкаў стаў прэзідэнтам, свой бізнэс ён перадаў «сляпому трасту» (такая ж гісторыя была і з Roshen), ён валодае Трэцім каналам (Парашэнка — Пятым), адпачывае ён на Мальдывах. Згадваецца ў серыяле і скандал ва «Украбаронпраме». Нават жэстамі Сурыкаў нагадвае цяперашняга ўкраінскага прэзідэнта.

Прэзідэнт Сурыкаў.

Хцівасць да грошай загубіла прэзідэнта-бізнесмэна Сурыкава. Праз вялікую колькасць карупцыйных схем адбыўся «Малочны Майдан», у выніку якога Сурыкаву аб'явілі імпічмент, а новым кіраўніком Украіны стала Барысенка (прамая алюзія на Юлію Цімашэнка).

Барысенка дбае пра свае касцюмы, эксплуатуе вобраз строгага школьнага завуча, носіць модныя дарагія акуляры, абяцае панізіць цану на электрычнасць у 2 разы. Праз вялікую колькасць папулістычных абяцанак Барысенка вымушана ісці на дадатковую эмісію грошай, што вядзе да гіперінфляцыі і чарговага крызісу.

Барысенка.

Ва Украіне здараецца чарговы Майдан, улада пераходзіць у рукі «Нацыянальных дружын», мяняецца 6 прэзідэнтаў, дзяржава развальваецца на 28 асобных княстваў, якімі кіруюць мясцовыя князькі. Напрыклад, кіраўніком «Чарнаморскай канфедэрацыі», якая ўзнікла на месцы Адэскай вобласці, стаў былы прэзідэнт Сурыкаў (алюзія на Парашэнку). Нагадаем, Пятро Парашэнка з'яўляецца ўраджэнцам Адэскай вобласці.

Для таго, каб зноў аб'яднаць краіну, з турмы выпускаюць Галабародзьку і робяць яго прэзідэнтам. Аднак княствы не хочуць аб'ядноўвацца з Украінай, якая скарацілася да памераў Кіеўскай вобласці. І тады мудры Галабародзька пачынае займацца эканомікай. Украіна аднаўляецца, прычым метады гэтага аднаўлення на 100% супадаюць з перадвыбарчай праграмай Уладзіміра Зяленскага: скасаванне дэпутацкай недатыкальнасці, фарміраванне прэзідэнцкай каманды з маладых спецыялістаў на конкурснай аснове, электронная дэмакратыя, сілавікі перастаюць займацца эканамічнымі злачынствамі і г.д. І тут, як у найлепшых утопіях, наступае росквіт: у серыяле паказваюць будаўніцтва новых дарог, рабатызаваных заводаў, пабудаваных за грошы замежных інвестараў, украінскія аграрыі збіраюць вялікія ўраджаі пшаніцы, а ўкраінскіх алігархаў узялі пад кантроль. Разрозненая дзяржава пачынае аб'ядноўвацца, княствы просяцца назад у склад Украіны.

Толькі дзве тэрыторыі не могуць дамовіцца. Галіцкае каралеўства (Львоўская вобласць) не супраць вярнуцца ў склад Украіны, але толькі пры ўмове, калі там не будзе дзяржавы «СССР» (Данецкая і Луганская вобласці). Тое ж самае і «СССР», яны гатовыя быць у складзе Украіны, але без Галіччыны.

Але сітуацыю мяняе няшчасны выпадак — на львоўскай шахце адбылася аварыя, дзясяткі гарнякоў аказаліся пад зямлёй. Ніхто іх не можа выратаваць, акрамя калег з «СССР», якія маюць падобныя шахты і адпаведную падрыхтоўку. Кіраўніцтва «СССР» пад пагрозай смяротнага пакарання забараняе сваім шахцёрам ехаць у Галіцкае каралеўства. Але, нягледзячы на пагрозы, яны, рускамоўныя данецкія шахцёры, прыязджаюць і ратуюць сваіх галіцкіх калег. Напэўна, гэта была наймацнейшая драматычная сцэна ўсяго серыяла, вельмі блізкая да сучасных украінскіх рэалій. У выніку Данбас і Галіччына забываюць пра старыя крыўды і вяртаюцца ў склад Украіны. Праўда, як у склад Украіны вярнуўся Крым, у серыяле не гаворыцца. Як не кажа пра гэта і кандыдат Зяленскі.

Львоўскія і данецкія шахцёры вітаюць адзін аднаго і аб'ядноўваюць краіну.

Еўрапейскія структуры, «Вялікая сямёрка» і МВФ паказваюцца ў серыяле ў карыкатурным негатыўным святле. Яны — адны з ворагаў Галабародзькі. Яны толькі гатовыя пазычаць Украіне грошы, каб яна заставалася сыравінным і аграрным прыдаткам Еўропы. А вось дазволіць прэзідэнту Галабародзьку пачаць касмічную праграму Украіны яны не хочуць, прапанаваўшы, у такім выпадку, вярнуць усе пазыкі. І тады ўкраінцы збіраюць усю сваю маёмасць, у тым ліку залатыя зубы і ўпрыгажэнні, і прыносяць іх на Майдан Незалежнасці, і такім чынам дзяржава сплачвае ўсе свае пазыкі.

Увесь гэты сюжэт, паводле серыяла, апісвае сваім студэнтам універсітэцкі выкладчык у 2049 годзе, у ідэальнай Украіне будучыні. Ва Украіне, якая ўвайшла ў топ-20 эканомік свету, якая ператварылася ў касмічную звышдзяржаву. І ўсё гэта дзякуючы мудраму Галабародзьку.

Недахопаў у серыяла больш чым дастаткова. «Слуга народа — 3» паўтарае старыя крамлёўскія прапагандысцкія наратывы, што майданы могуць арганізоўвацца толькі алігархамі і што яны заўсёды вядуць да хаосу і збяднення насельніцтва. Для дэманстрацыі новых алігархічных майданаў у серыяле выкарыстоўваліся кадры Рэвалюцыі Годнасці, што выклікае справядлівае абурэнне ў тых людзей, якія за ідэю стаялі на сапраўдным Майдане. Культывуе фільм і стэрэатыпны рэгіянальны падзел Украіны.

У той жа час «Слуга народа — 3» з'яўляецца моцным мастацкім інструментам, які рэальна зможа паўплываць на прэзідэнцкія выбары 31 сакавіка ва Украіне.

Цяжка сказаць, якім будзе Зяленскі палітыкам (і ці будзе ён палітыкам). Але Зяленскі — геніяльны кінапрадзюсар, які стварыў сапраўдны шэдэўр выбарчай кампаніі.

Каментары29

Цяпер чытаюць

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь нарасціла пастаўкі бензіну ў Расію да гістарычнага максімуму. Гэта можа паставіць беларускія НПЗ пад удар Украіны49

У якім выпадку Кіеў будзе лічыць, што мае права нанесці ўдар па беларускіх НПЗ? Украінскі эксперт назваў галоўную ўмову31

Два легкавікі лоб у лоб сутыкнуліся каля Лагазы ў Лагойскім раёне1

За 4 ліпеня Расія страціла 1290 вайскоўцаў забітымі і параненымі10

Музычны кіраўнік дзіцячага садка з Кармы разам з жонкай стаў зоркай сацсетак. Ужо нават бухога Ігара абышоў5

Свіння з'явілася і знікла ў тэлеграм-канале Дзмітрыя Мядзведзева7

«На тобе й кош і рыба». 81‑гадовая Вера запісала ўспаміны пра Давыд-Гарадок 1950‑х і зрабіла аўдыязапісы дарагой яе душы гаворкі13

Беларускі інтэрнэт пад ботамі: як іх распазнаваць і што з імі робяць20

«Камунізм — гэта сістэма-няўдачніца, і так будзе заўсёды». Трамп выступіў з прамовай на святкаванні 250‑годдзя незалежнасці ЗША18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць