Гісторыя11

Звацца Юдам забаронена

Піша Наталка Бабіна, што пабывала ў Берліне ў музеях Штазі і Берлінскай сцяны.

Дзякуючы нямецкаму Фонду Адэнаўэра, група беларускіх журналістаў недзяржаўных выданняў правяла тыдзень у Берліне. Арганізатары паездкі імкнуліся паказаць журналістам з Беларусі — краіны, у якой дзяржаўная прапаганда адрадзіла таталітарныя каштоўнасці, — чым гэтыя таталітарныя каштоўнасці абярнуліся для Германіі і немцаў, і як жыве краіна зараз, праз дваццаць гадоў пасля таго, як аб’ядналася на аснове зусім іншых каштоўнасцяў — дэмакратычных. Сярод групы журналістаў была і я.

Пасля ўсіх сустрэчаў у Берліне: з дэпутатамі Бундэстагу і ландтагу Брандэнбургу, гісторыкамі, архівістамі, журналістамі, былымі вязнямі гэдээраўскіх турмаў, музейнымі працаўнікамі я зразумела, што насуперак стэрэатыпу, у Германіі больш ведаюць пра Беларусь, чым у Беларусі — пра Германію.

Уражанняў ад паездкі было шмат. Раскажу пра тыя, якія прыводзілі да відавочных паралеляў з беларускім жыццём.

Штазі і КДБ: хто круцейшы

Мянушкі маглі быць любымі: імёны літаратурных ці гістарычных персанажаў, назвы прадметаў — усё, што хочаце. Агентам Штазі забаронена было толькі браць мянушку «Юда». Афіцэры Штазі ніколі не пагаджаліся, каб завербаваны імі грамадзянін выбіраў сабе такі псеўданім. Яны лічылі, што праца ў спецслужбе не мае з дзейнасцю гэтага вядомага персанажу нічога супольнага, і няма чаго пра яго ўспамінаць…

На кожных 180 грамадзянаў ГДР прыпадаў адзін супрацоўнік Штазі. (У былым Савецкім Саюзе 1 кэдэбіст быў на 595 грамадзянаў, у сацыялістычнай Польшчы — на 1594.)

З нямецкай метадычнасцю Штазі ахапіла сваёй дзейнасцю кожнага.

«Справа» заводзілася яшчэ падчас навучання ў школе і «пухла» на працягу ўсяго жыцця грамадзяніна. Але нягледзячы на гэта, рэвалюцыя ў былой ГДР адбылася мірна і хутка, дзякуючы чаму ўвесь агромністы архіў Штазі захаваўся і стаў даступным грамадскасці.

А ў цэнтры вялікага кварталу, які займала гэтая арганізацыя ў Берліне, у доме, дзе месцілася найвышэйшае кіраўніцтва, цяпер — музей. І адзін з кіраўнікоў яго, Увэ Хільмэр, водзіць нас па экспазіцыі. Нязмушана абапёршыся на гранітны бюст Дзяржынскага, які ў свой час падарылі нямецкім калегам дзеячы з Лубянкі, расказвае і паказвае, чым і як займалася тое гэдээраўскае КДБ. А я лаўлю сябе на думцы, што мне гэта, як у той рэкламе, «нешта нагадвае»…

У першыя дзесяцігоддзі існавання ГДР у краіне было шмат палітычных зняволеных. Анекдот пра кіраўніцтва краіны, расказаны калегу па працы ці знаёмаму ў кавярні — ярлык нацыста і 2,5 гады турмы. Але з цягам часу, пад ціскам Захаду, настала «лібералізацыя». І метады працы Штазі памяняліся.

Кіраўнічка падпольнай апазіцыйнай групы дабіраецца на працу і на паседжанні групы на ровары — супрацоўнік Штазі цікуе за ёй і рэгулярна прабівае колы ровара. Жанчына нервуецца, усюды спазняецца, пачынаюцца праблемы на працы… (Колькі разоў прабівалі колы Вашай машыны, сп. Мілінкевіч?)

Пастар лютэранскай царквы мае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Каб паралізаваць яго дзейнасць, афіцэр‑куратар з Штазі распрацоўвае план, як дабіцца, каб праз 6 месяцаў жонка пастара падала на развод. Да яе падсылаюць прыгожага рамантычнага маладзёна, які, аднак, пасля разводу знікае. Але справа зробленая. (Дарэчы, пасля аб’яднання Германіі, калі святар і яго былая жонка пазнаёміліся са сваімі справамі і даведаліся праўду, сям’я зноў з’ядналася.)

Штазі яшчэ ў школе пачынала адсочваць моцных і актыўных дзяцей, якія ў будучыні маглі б стаць апазіцыйнымі лідэрамі. Рабілася ўсё, каб не даць ім атрымаць атэстат і перашкодзіць вучыцца далей, аб чым захавалася шмат дакументаў. (Ваня Шыла, гнюснасць, з якой ты сутыкнуўся, была масавай у ГДР. Можа, адтуль і быў пераняты досвед?)

Вось вы думаеце, што гэта палівачка? Ды не, гэта фотаапарат. Такую «палівачку» «забываліся» на адной з магілаў, калі хавалі каго з апазіцыянераў, і атрымлівалі здымкі тых, хто прыходзіў на пахаванне.

А вось гэты аб’ектыў у шпакоўні, наадварот, нічога не мог здымаць — ракурс вельмі вузкі. Але такія «шпакоўні» наўмысна развешвалі ў парках, каб прагнаць адтуль моладзь у месцы, дзе за ёй віжаваць зручней. (У нас палівачкі і шпакоўні ператварыліся ў аператараў КДБ, якія на мітынгах і судах дэманстратыўна здымаюць прысутных на відэа. На судзе над рэдактарам «НН» у 2006‑м адзін такі прышчавы нават папрасіў: «Будзьце ласкавы, прапусціце, калі ласка, наперад», — на што Алена К., загароджваючы яго спінай, адказала: «Ага, зараз!»)

«Увогуле, — кажа сп.Хільмэр, — Штазі імкнулася, каб яе супрацоўнікаў лічылі людзьмі недалёкімі, дурнямі, якіх лёгка падмануць, абмежаванымі службістамі. Тады Штазі было б лягчэй трымаць грамадства пад кантролем». (Цікава, калі Сухарэнка вяшчаў пра пацукоў у водаправодзе, ён таксама імкнуўся да падобнай мэты?)

А якую пенсію, да слова, атрымае Сухарэнка? Пытанне пенсіяў для былых супрацоўнікаў Штазі балючае ў Германіі. Яна ў іх на траціну большая, чым у астатніх пенсіянераў. Адразу пасля ўз’яднання Германіі палажэнне аб падвышанай пенсіі для былых супрацоўнікаў спецслужбаў былі адмянілі, але памянёныя супрацоўнікі звярнуліся у Канстытуцыйны суд аб’яднанай краіны, і суд вынес вердыкт, што дзейнасць палажэння трэба ўзнавіць, бо «людзі, якія ішлі на працу ў гэтыя органы, на яго разлічвалі»… Што зробіш — прававая дзяржава.

Прапаганда: паралелі

73‑гадовы прафесар Пэтэр Шывы, былы кіраўнік теле‑ і радыёканалу NDR, за сталом у кавярні «Куток канцлера» гаворыць павольна і спакойна: «Я скажу парадаксальную рэч: нам, немцам, вельмі пашанцавала, што мы прайгралі вайну. Гэта дазволіла нам пачаць усё з чыстага ліста, улічваючы былыя памылкі. У сферы сродкаў камунікацыі галоўная выснова з трагічнай гісторыі вайны была наступнай: ніколі больш ніводзін палітык не павінен з’явіцца ў эфіры ці на газетнай старонцы без таго, каб побач не з’явіўся ягоны палітычны праціўнік. Гледачы і чытачы павінны ў аднолькавай меры быць праінфармаваныя пра розныя палітычныя пазіцыі. Страшная фашысцкая старонка ў гісторыі Германіі — вынік таго, што Гебельсу ўдалося ў кожным нямецкім доме ўсталяваць радыёкропку, праз якую немцаў бесперапынна пераконвалі ў беспамылковасці шляху нацыянал‑сацыялізму, у геніяльнасці фюрэра…»

Калега з газеты «Беларусы і рынак» сп.Скуратовіч заўважае: «Каб дабіцца таго, што на экране і ў газетах у Беларусі будзе не толькі адзін палітык, нам, мусіць, трэба вечарам аб’явіць вайну Еўрасаюзу, а раніцай капітуляваць і пачаць усё з чыстага ліста…»

«Думаю, войскі Еўрасаюзу не ўвойдуць на тэрыторыю вашай краіны, — пасміхаецца сп.Шывы. — Мусіць быць іншы шлях».

Паліткарэктнасць? Не, дзякуй!

Тыя ўсходнія немцы, што маюць уладу і ўплыў у сённяшняй Германіі, прайшлі праз многія выпрабаванні у часы ГДР: розныя тэрміны турэмнага зняволення, высылкі, правакацыі спецслужбаў. Пра гэтыя факты сваёй біяграфіі расказвалі многія з тых, з кім мы сустракаліся. Прычым маштаб і жорсткасць рэпрэсіяў былі такімі, што сучасная Беларусь на гэтым фоне выглядае домам адпачынку.

Там, дзе месціўся памежны пункт паміж Заходнім і Усходнім Берлінам, на былым пераходзе «Чэкпойнт Чарлі», цяпер таксама музей. Тут нас сустракае журналіст Райнер Шуберт. У часы ГДР ён дапамагаў людзям уцякаць у Заходнюю Германію. Спробы трапіць за Берлінскі мур тады былі вельмі небяспечнымі і часта сканчаліся гібеллю: ахова мяжы ГДР была вельмі шчыльнай, і салдаты мелі прыказ страляць ва ўсіх парушальнікаў. Але людзі ўпарта імкнуліся «за сцяну» і прыдумлялі розныя спосабы: падкопы, тайнікі ў аўтамабілях… Менавіта ў тайніку, у багажніку аўтамабіля, сп.Шуберту ўдалося вывезці ў ФРГ некалькіх сваіх сяброў. Аднойчы яму ў Заходні Берлін пазваніў сябар Крыстыян, наступны ў чарзе на перавозку, і падчас размовы сказаў умоўленую фразу, якая азначала: прыязджай, я гатовы. Калі Райнер прыехаў, яго схапілі: аказваецца, Крыстыян трапіў у Штазі і там з яго выбілі згоду на супрацоўніцтва… Райнера схапілі адразу пасля пераезду і судзілі. Ён атрымаў 15 гадоў турмы, з якіх адседзеў 9, пасля чаго яго абмянялі… Сп. Райнер расказвае і паказвае на слайдах, у якіх умовах ён правёў гэтыя 9 гадоў.

Экскурсію па музеі вядзе для нас яго калега Рудзі. Ён таксама дапамагаў людзям з ГДР трапіць на Захад: рабіў падкопы з заходняга боку. І настолькі ўдала, што Штазі не ніяк не магло яго нейтралізаваць. Кіраўнік спецслужбы, генерал Мільке, асабіста выдаў загад забіць яго (Рудзі дэманструе нам ксеракопію). У загадзе супрацоўніку Штазі прадпісваецца паехаць у Заходні Берлін, высачыць Рудзі, у пэўным месцы ўдарыць яго па галаве тупым прадметам вагой не меней за 1 кг, а пасля аднесці цела ў хмызняк, каб імітаваць напад з мэтай рабунку… Такіх загадаў датычна розных людзей было шмат. Генерал Мільке пасля аб’яднання Германіі правёў у турме некалькі месяцаў і быў адпушчаны — па стане здароўя…

«На маім аўтамабілі налепка: «Паліткарэктнасць? Не, дзякуй!» — гаворыць сп. Шуберт. — Я ніколі не прабачу ім. Я ніколі не пагаджуся, каб гэтыя людзі зноў увайшлі ў сілу ў маёй краіне. А яны спрабуюць».

…Усё ж такі Юда мае дачыненне да дзейнасці любога чалавека, які забывае пра чалавечае ў сабе і лю¬дзях. Крыстыян, які здрадзіў сябру, цяпер, праз дваццаць гадоў, жыве ў Берліне і кажа, што ўсё забыў.

Пра што будзе памятаць праз дваццаць гадоў Сцяпан Сухарэнка? Міністр Радзькоў? Прышчавы кэдэбіскі аператар?

Пра што будзеце памятаць праз дваццаць гадоў Вы?

Наталка Бабіна

Каментары1

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай8

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Усе навіны →
Усе навіны

Ці можна выстаўляць у сацсеткі фота і відэа ранішнікаў сваіх дзяцей, калі не спытаеш дазволу ў іншых бацькоў?6

Жываглод расказала, колькі падпісчыкаў засталося ў чат-бота «Сумленныя людзі»5

Як украінскія інжынеры ператварылі лёгкі самалёт ва ўдарны беспілотнік, што можа далятаць да Масквы2

У выбарчай праграме Канапацкая патрабуе вызваліць палітвязняў18

Мужчына стаў своеасабліва прыбіраць кватэру — яго забралі ў міліцыю ВІДЭА

У Гомелі 20-гадовая дзяўчына на «ягуары» цудам выжыла ў аварыі2

«Пуцін свядома абраў Каляды для нападу». Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па энергетыцы Украіны4

Беларусаў, якія раней заплацілі за данаты, пачалі выклікаць у пракуратуру13

Стаў вядомы прысуд Паўлу Іванову з Віцебска, якога судзілі за «абразу Лукашэнкі»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай8

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Галоўнае
Усе навіны →