Эканоміка

Супрацоўнікі «Камунаркі»: На фабрыцы з’явіўся спіс нядобранадзейных, і іх прымушаюць звальняцца

Чытачка «Нашай Нівы» Вольга працуе на «Камунарцы» амаль 40 год. На мінулым тыдні яе выклікала начальніца цэха і сказала, што кантракт з ёй не працягнулі, хоць да пенсіі засталося няшмат. Вольга кажа, што на прадпрыемстве створаны спісы нядобранадзейных, у якія яна і патрапіла. Пра існаванне гэтых спісаў нам паведамілі і іншыя супрацоўнікі фабрыкі.

Фота: foodbay.com.

«Да пенсіі засталося зусім нічога, і тут на мінулым тыдні мяне выклікае начальніца цэха і кажа: «Ну што, уляпалася? Пішы цяпер заяву на звальненне ў сувязі з заканчэннем дзеяння працоўнага кантракта», — расказвае Вольга.

— Я была ў шоку. Ніколі не мела дысцыплінарных і адміністрацыйных пакаранняў, спазненняў і іншых парушэнняў на працы.

Законы Беларусі я таксама не парушала. Столькі год аддала фабрыцы, а цяпер мяне выкідваюць на вуліцу, не даючы дапрацаваць толькі праз тое, што ў мяне актыўная грамадзянская пазіцыя і я супраць гвалту і беззаконня ў краіне».

Па яе словах, незадоўга да таго як жанчыне не працягнулі кантракт, папаўзлі чуткі, што на фабрыцы стварылі «спісы ненадзейных супрацоўнікаў» і ад іх нібыта будуць пазбаўляцца.

«Потым мы даведаліся, што спісы насамрэч існуюць. У іх уключаныя тыя работнікі, чые дзеці, напрыклад, хадзілі на маршы пратэстаў, хто сам хадзіў на мітынгі, хто негатыўна выказваўся ў бок улады ці падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў.

Кажуць, што ў спісе 300-400 чалавек. А гэта ж чвэрць калектыву! — расказвае жанчына — Што тычыцца мяне, то я ў мінулым годзе пакінула свой подпіс за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы. І калі на працы ў асабістых размовах у мяне пыталіся, як я стаўлюся да таго, што адбываецца ў краіне, шчыра казала, што супраць гвалту і беззаконня».

«Гавораць: «Рыпацца табе бессэнсоўна. Пойдзеш па судах — цябе задушаць»

«Мінуў год, на працоўных месцах ужо больш-менш усталявалася зацішша, і вось чамусьці раптоўна пачынаецца «зачыстка» работнікаў. Калі папаўзлі гэтыя чуткі, я здагадалася, што маё прозвішча ў гэтых спісах таксама ёсць.

Калі мне сказалі пра звальненне, я хацеў пайсці да дырэктара, каб пагаварыць з ім. Але начальніца цэха прамым тэкстам сказала: «Нават не думай, ён цябе слухаць не будзе. Там вельмі сур’ёзны загад зверху».

У аддзеле кадраў — такая ж гісторыя. Усе, нібыта, па-чалавечы разумеюць, але гавораць: «Рыпацца табе бессэнсоўна. Пойдзеш па судах — цябе задушаць. Сапсуеш жыццё і сабе, і родным». А ў мяне дзеці».

Вольга кажа, што яна такая не адна. Па яе словах, не так даўно вымусілі звольніцца слесара, які адпрацаваў на фабрыцы 15 год.

«Ён быў вельмі сумленным і адкрытым. У размовах пра падзеі ў краіне шчыра казаў, што не падтрымлівае дзеянні цяперашняй улады. Але што ў гэтым незаконнага? Кожны чалавек мае права на грамадзянскую пазіцыю. Проста задумайцеся: калі ў бліжэйшы час на фабрыцы скароцяць 400 чалавек, хто будзе працаваць? На кім яна будзе трымацца?» — разважае жанчына. 

«Ведаю, што спіс складаў не дырэктар, а даслалі аднекуль зверху»

Пра існаванне спісаў «Нашай Ніве» расказала яшчэ адна супрацоўніца «Камунаркі» Таццяна. Яна адзначае, што яе прозвішча таксама ёсць у гэтым жа спісе. Па яе словах, усяго ў спісе каля 200 чалавек.

«На якой падставе людзі туды трапілі, афіцыйна ніхто не кажа. Але работнікі мяркуюць, што звальняюць тых, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў, — кажа Таццяна. — Спісы дырэктар перадаў у аддзел кадраў. А ўжо адтуль перадалі кіраўнікам падраздзяленняў.

Работнікам неабходна пісаць заявы на звальненне па згодзе бакоў. Камусьці прапаноўваюць дапрацаваць да Новага года, камусьці — пісаць заяву на звальненне на працягу двух тыдняў».

Яшчэ адзін супрацоўнік «Камунаркі» адзначае, што, калі людзі не пагаджаюцца пісаць заяву па ўласным жаданні, то ім пачынаюць пагражаць звальненнем па артыкуле.

«Шукаюць нагоды прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці — за спазненні і гэтак далей. А ўжо потым звольніць па артыкуле, — кажа ён. — З 1 лістапада ўжо сышлі вядучы бухгалтар, праграміст і некаторыя іншыя спецыялісты.

Звальняюць паціху, не ўсіх у адзін час. Відаць, каб шуму не было. Што тычыцца колькасці людзей у спісе, то гэта каля 150 чалавек. Ведаю, што яго складаў не дырэктар, а даслалі аднекуль зверху».

Як кажуць супрацоўнікі «Камунаркі», цяпер кіраўніцтва адсочвае сацыяльныя сеткі работнікаў, вывучае асабістыя справы і гэтак далей.

«Мабыць, баяцца, каб не распачалі забастоўку ці што? — разважаюць супрацоўнікі. — Але людзі настолькі запалоханыя і трымаюцца за свае месцы, што, здаецца, хутка адзін аднаго здаваць пачнуць. Гэта самае страшнае ў нашай сітуацыі, калі чалавек чалавеку становіцца ворагам».

Афіцыйна

Мы патэлефанавалі на «Камунарку». На нашае пытанне пра звальненні ў аддзеле кадраў фабрыкі нам адказалі, што нічога не ведаюць і што размаўляць з журналістамі ім увогуле забаронена. У прыёмнай дырэктара Сяргея Анюхоўскага таксама адмовіліся размаўляць з журналістамі.

***

Ці ёсць такія спісы на вашых прадпрыемствах? Пішыце ў наш бот.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Знік без звестак» вельмі малады беларускі наёмнік12

«Знік без звестак» вельмі малады беларускі наёмнік

Усе навіны →
Усе навіны

Кіраўнікі еўрапейскіх абарончых кампаній узмацняюць сваю бяспеку праз пагрозы з боку расійскіх спецслужб1

«Пакінуў 10 капеек у пад'ездзе, прыклееныя скотчам». Незвычайны канфлікт у мінскім шматпавярховіку14

У аграгарадку пад Слонімам зачыніліся пошта, Дом быту і аптэка. Яшчэ нядаўна ўлады хваліліся клопатам пра жыхароў4

Арына Сабаленка хоча вяселле згуляць у Грэцыі7

«Студыя ў «Мінск-Свеце» павінна каштаваць $300 па курсе, двухпакаёўка — $500». Мінчук пра цэны на жыллё16

Яўген Хмара стаў новым міністрам абароны Украіны14

«Я шалёнав хачу ў Маскву». Беларуска, якая чакае ў ЗША суда за кантрабанду авіякампанентаў у Расію, спадзяецца на дапамогу РФ7

Хмарачос Wildberries будзе самым высокім будынкам у Маскве8

У Польшчы адбылася самая вялікая ўцечка медыцынскіх асабістых даных у гісторыі краіны. Вось што ўцякло і як засцерагчыся4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Знік без звестак» вельмі малады беларускі наёмнік12

«Знік без звестак» вельмі малады беларускі наёмнік

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць