«Альбо супрацоўніцтва, альбо ШІЗА і новая справа». Марфа Рабкова і Наста Лойка — пра ціск, страх і змены ў калоніі
«Пачынаюцца нейкія таргі, нас вызваляюць. Яны не разумеюць: што будзе заўтра? З кім дамаўляцца? Хто прыйдзе? Кім я буду праз год ці два?».

Праваабаронцу Насту Лойку ў Гомельскай жаночай калоніі паставілі перад выбарам: пагадзіцца на размовы з супрацоўнікамі або рыхтавацца да новых пакаранняў — ШІЗА, памяшкання камернага тыпу і яшчэ адной крымінальнай справы. Пры гэтым некаторыя супрацоўнікі рабілі кар’еру на пераследзе палітзняволеных, а іншыя напярэдадні вызваленняў спрабавалі тэрмінова стварыць пра сябе лепшае ўражанне. Пра тое, як змяняўся ціск у калоніі і чаго цяпер баіцца сама сістэма, Наста Лойка і Марфа Рабкова расказалі падчас сустрэчы ў Вільні.
«У цябе два варыянты»
Паводле Лойкі, адміністрацыя калоніі цесна супрацоўнічала з ГУБАЗіКам, а ціск на яе асабліва ўзмацніўся незадоўга да вызвалення з памяшкання камернага тыпу.
— Прыкладна за месяц да вызвалення з ПКТ да мяне прыйшлі і сказалі: «У цябе два варыянты. Альбо ШІЗА, ПКТ, 411‑я і Рэчыца, альбо ты пачынаеш размаўляць з супрацоўнікамі», — расказала праваабаронца.
Артыкул 411 Крымінальнага кодэкса — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» — дазваляе распачаць новую крымінальную справу супраць чалавека, які ўжо адбывае пакаранне, і працягнуць яго зняволенне. У Рэчыцы знаходзіцца жаночая папраўчая калонія № 24, куды накіроўваюць жанчын-рэцыдывістак.
Фактычна, кажа Лойка, ёй прапанавалі выбіраць паміж кантактам з супрацоўнікамі і далейшым разбурэннем здароўя:
— Гэта быў выбар паміж тым, хачу я забіць сваё здароўе ці не хачу. Я кажу: «Калі варыянт два, то колькі ШІЗА?» Таму што ШІЗА — самае цяжкае фізічна і псіхалагічна.
Па словах праваабаронцы, супрацоўнікі запэўнівалі, што не патрабуюць ад яе «нічога амаральнага». Лойка прызнаецца: пасля працяглай ізаляцыі і пастаяннага псіхалагічнага ціску ў яе амаль не заставалася сіл на падобныя размовы:
— Я ў той момант ужо хацела нарэшце скончыць з гэтым і паехаць у Рэчыцу, таму што мне было вельмі цяжка.

Ад вады на коўдрах — да рапартаў і пазбаўлення лістоў
За час зняволення Наста Лойка назірала, як змяняліся метады ціску на палітычных у жаночай калоніі.
Калі ў 2021 годзе туды пачалі прыбываць першыя палітзняволеныя, адміністрацыя, паводле яе, яшчэ не разумела, як з імі абыходзіцца. Спачатку яны адбывалі пакаранне прыкладна на тых жа ўмовах, што і астатнія жанчыны. Пазней, мяркуе Лойка, з Дэпартамента выканання пакаранняў паступілі асобныя ўказанні — і пачалося мэтанакіраванае цкаванне.
— Начальніца атрада ліла ваду на коўдры, аператыўнікі скручвалі ложкі «баранімі рагамі». Ты раніцай прачынаешся і не ведаеш, што цябе сёння чакае, ці не знойдуць у цябе ў кішэні лязо. Гэта быў сапраўды страшны перыяд вельмі сур’ёзнага цкавання, — расказвае праваабаронца.
Сітуацыя пачала змяняцца, калі палітзняволеныя сталі выходзіць на волю і публічна расказваць пра тое, што адбывалася за кратамі. Паводле Лойкі, супрацоўнікі апынуліся паміж указаннямі Дэпартамента выканання пакаранняў і ГУБАЗіКа з аднаго боку і грамадскім розгаласам — з другога.
Адкрытага гвалту з боку супрацоўнікаў стала менш, але ціск не знік — змянілася толькі яго форма. Замест адкрытых здзекаў пачалі часцей выкарыстоўваць дысцыплінарныя рапарты, ШІЗА, пазбаўленне спатканняў і перадач, абмежаванне карэспандэнцыі і кантактаў з адвакатамі.

Пры гэтым апошнюю частку свайго тэрміну Лойка не лічыць перыядам змякчэння. У калоніі з’явіліся новыя аператыўнікі, якія, паводле яе, былі прыхільнікамі жорсткага рэжыму. Ад гэтага пагоршыліся ўмовы не толькі для палітычных, але і для ўсіх зняволеных.
«На палітычных зрабілі кар’еру»
Наста Лойка сцвярджае, што пераслед палітзняволеных дапамагаў некаторым супрацоўнікам калоніі атрымліваць новыя званні і пасады:
— На маіх вачах некалькі супрацоўнікаў, чалавек пяць, рэальна зрабілі на нас кар’еру. Яны пісалі шмат рапартаў — і чалавек вельмі хутка з малодшага лейтэнанта станавіўся капітанам.
Паводле яе, у Дэпартамент выканання пакаранняў перавялі і супрацоўніка, які ўдзельнічаў у працяглым псіхалагічным ціску на яе праз гісторыю з сабакам Эрыкам. На працягу месяца аператыўнік прыходзіў да Лойкі амаль праз дзень і спрабаваў пераканаць яе, што сабака нібыта памёр.
— Гэта вельмі складаны механізм. З аднаго боку, людзі сапраўды зрабілі на нас кар’еру. З другога — яны спрабавалі знайсці нейкую мяжу паміж тым, што ім загадваюць зверху, і магчымай шкодай для іх саміх у будучыні, — адзначае Лойка.
Пасля вызвалення Ціханоўскага пачалі «ўскокваць у апошні вагон»
Марфа Рабкова лічыць, што супрацоўнікаў калоніі турбуюць не столькі санкцыйныя спісы і магчымыя абмежаванні на выезд, колькі агульная палітычная няпэўнасць.
Раней сістэма прапаноўвала ім простую карціну: палітычныя зняволеныя — «ворагі», якіх трэба прыніжаць, караць і ізаляваць. Аднак пасля пачатку перамоў з Захадам і вызвалення часткі палітвязняў гэтая карціна пачала разбурацца.
— У іх павінна ўсё быць проста: калі ім кажуць, што мы ворагі, што трэба нас катаваць, што трэба нас знішчаць. А зараз пачынаюцца нейкія таргі, нас вызваляюць. Яны не разумеюць: што будзе заўтра? З кім дамаўляцца? Хто прыйдзе? Кім я буду праз год ці два? — расказвае Рабкова.

Асобным сігналам для адміністрацыі стала вызваленне Сяргея Ціханоўскага. Паводле Рабковай, у калоніі многія былі перакананыя, што ён застанецца за кратамі яшчэ надоўга. Калі Ціханоўскі выйшаў на волю, супрацоўнікі зразумелі, што следам могуць вызваліць і іншых вядомых зняволеных.
— Я бачыла, як яны пачынаюць перастройвацца. Яны разумелі, што людзі, якія сёння сядзяць тут, заўтра могуць апынуцца ў Еўропе, дзе іх будуць прымаць на даволі высокім узроўні і дзе яны змогуць нешта сказаць пра супрацоўнікаў, — адзначае Марфа.
Незадоўга да вызвалення некаторыя супрацоўнікі нібыта змянілі тон размоў і пачалі пераконваць палітзняволеных, што насамрэч добра да іх ставяцца і лічаць іх «разумнымі, нармальнымі людзьмі». Рабкова расцэньвае гэта як спробу загадзя стварыць пра сябе больш спрыяльнае ўражанне.
— У 2023‑м ці 2024 годзе пра такое нельга было нават марыць. А цяпер тыя, хто хоча ўседзець на двух крэслах, пачынаюць думаць: караць ці не караць, прыніжаць гэтага чалавека ці не. Яны самі не ведаюць, што будзе заўтра і дзе гэтыя людзі апынуцца. Гэта ў тым ліку страх.
Паводле Рабковай, недавер існуе і ўнутры самой сілавой сістэмы:
— Яны не ведаюць, ці не апынуцца заўтра самі за кратамі, калі сістэма пачне жэрці свой уласны хвост. Яны баяцца нават іншых супрацоўнікаў: ГУБАЗіК баіцца КДБ, КДБ баіцца ГУБАЗіКа.
Праваабаронца мяркуе, што сілавікі дапускаюць магчымасць унутраных чыстак, падчас якіх сістэма можа пакараць і сваіх учорашніх выканаўцаў.
На настроі супрацоўнікаў, паводле Рабковай, паўплываў і ход вайны ва Украіне. Многія з іх верылі, што Расія хутка пераможа і захопіць Кіеў. Калі гэтага не адбылося, ранейшая ўпэўненасць пачала знікаць:
— Яны ўсе лічылі, што Расія хутка зможа заваяваць Украіну, — вось гэты «Кіеў за тры дні». А з цягам часу бачаць, што Расія буксуе. Яны пачынаюць разумець, што свет вельмі складаны і яны не ведаюць, што будзе заўтра. З кім мы будзем сябраваць? Куды заўтра скажуць перавесці гэтую жанчыну, якая сёння сядзіць перад намі за нейкі «тэрарыстычны» артыкул?

Заробак каля дзвюх тысяч, людзей не хапае
Наста Лойка таксама расказала пра вялікую цякучку кадраў у калоніі:
— Вельмі моцная цякучка, асабліва сярод ніжэйшага персаналу. Ты ідзеш без адукацыі, атрымліваеш каля дзвюх тысяч рублёў — і нават на такіх умовах яны не могуць набраць людзей.
Праваабаронца называе пенітэнцыярную сістэму закрытым і таксічным асяроддзем. Паводле яе, супрацоўнікі самі знаходзяцца пад пастаянным кантролем і асцерагаюцца калег.
«Гэта былі не паблажкі, а іх унутраныя гульні»
Падчас сустрэчы ў Рабковай і Лойкі спыталі, чаму адміністрацыя дазваляла ім сустракацца адна з адной і давала пэўныя паблажкі, якія цяжка было атрымаць, нічога не аддаўшы ўзамен. Такое ўражанне склалася пасля аповеду дзяўчын пра жыццё ў калоніі.
Наста Лойка з такім уражаннем не пагадзілася. Паводле яе, яны не знаходзіліся ў прывілеяваным становішчы: у адрозненне ад многіх іншых палітзняволеных ёй адразу забаранілі спатканні і істотна абмежавалі кантакты з адвакатамі. Сама Наста старалася па магчымасці пазбягаць адміністрацыі, аднак супрацоўнікі рэгулярна прыходзілі да яе або выклікалі на размовы.
Дазволеныя напрыканцы тэрміну сустрэчы з Марфай Лойка назвала ўнутранымі гульнямі адміністрацыі:
— Мне падаецца, што канкрэтна гэтаму супрацоўніку было вельмі важна, каб мы выйшлі з добрым уражаннем пра яго. Не скажу, што ў дачыненні да мяне яго мэта была дасягнутая. Мне гэтыя размовы з ім зусім не падабаліся, часам мне было страшна да яго хадзіць. Я разумела, што любая размова магла скончыцца ШІЗА, — патлумачыла яна.
Марфа Рабкова таксама падкрэсліла, што не прыходзіла да адміністрацыі сама і не прасіла паляпшэння ўласных умоў. Паводле яе, праз публічнасць супрацоўнікі заўсёды праяўлялі да яе павышаную ўвагу і самі выклікалі на размовы. Рабкова карысталася гэтым, каб заступацца за іншых жанчын:
— Я заўсёды казала ім праўду і ніколі не прасіла за сябе. Але калі мяне выклікалі, я казала: «Навошта вы яе саджаеце ў ШІЗА? Колькі можна? У яе дрэннае здароўе. Навошта вы адпраўляеце туды людзей сталага ўзросту?» — расказала праваабаронца.
Яна таксама спрабавала пераканаць супрацоўнікаў спачатку размаўляць са зняволенымі, а не адразу складаць рапарты і адпраўляць іх у штрафны ізалятар. У прыватнасці, Рабкова заступалася за хворых, пажылых і цяжарную жанчыну.
Змякчэнне стаўлення напрыканцы зняволення яна звязвае са зменай палітычнай сітуацыі. Дазвол сустрэцца з Настай яна таксама расцаніла як спробу адміністрацыі загладзіць тое, што адбывалася раней, і пакінуць пра сябе больш спрыяльнае ўражанне. Паводле Рабковай, у 2023—2024 гадах такія сустрэчы былі б немагчымыя.
Каментары
Ну і няўжо вы думаеце што гэтыя сентэнцыі адной і другой што "хутчэй давайце дыялог", "не ўсе там такія кепскія", "лібералізацыя" - гэта ўсё выпадкова? Паназірайце, хто з палітвязняў якія наратывы штурхае ў масы і многае зразумееце.