Культура

«Я не хачу, каб у мяне была беларускамоўная дзяўчына». Выйшла кніга, дзе сабраная маленькая частка гісторый пра дыскрымінацыю белмоўных

У адной з сузаснавальніц ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліны Нагорнай выйшла аўтарская кніга «МОВА 404». У ёй апісваецца шэраг сітуацый з жыцця беларускамоўных людзей, якія штодзень сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, нягледзячы на дзяржаўны статус мовы.

Пагутарылі з пісьменніцай пра працу над кнігай і тое, што варта зрабіць, каб апісаныя ў ёй факты сышлі ў нябыт і засталіся толькі ва ўспамінах.

Аліна Нагорная.

«Паміж дрэдамі і беларускай мовай ёсць агульнае: незнаёмыя людзі задаюць дзіўныя пытанні і пра першае, і пра другое»

Да напісання такой кнігі Аліну падштурхнула само жыццё. У працэсе дзейнасці «Умоваў для мовы» да яе і Ігара Случака заўсёды звярталіся па юрыдычныя кансультацыі. Адзін чалавек, напрыклад, не мог арганізаваць дзіцёнку навучанне па-беларуску, іншаму не давалі па-беларуску судзіцца, кагосьці абражалі за беларускую мову ці ўвогуле не прынялі на працу.

Такіх гісторый тысячы, кажа Аліна. Але пры гэтым заўжды знаходзяцца людзі, якія не вераць у іх існаванне, сцвярджаючы: ніхто не замінае беларусам па-беларуску размаўляць.

Дадатковы імпульс для асвятлення маштабаў моўнай праблемы Аліне дала асабістая гісторыя:

«Калі я прыехала ў радзільню, то, як заўжды, запоўніла дакументы па-беларуску. А калі ўжо нараджала, у мяне запыталі, ці заўжды я па-беларуску размаўляю. І яшчэ нешта пра дрэды (увогуле, паміж дрэдамі і беларускай мовай ёсць агульнае: тое, што незнаёмыя людзі задаюць дзіўныя пытанні і пра першае, і пра другое).

Звычайна я не звяртаю ўвагу на такое, але радзільня — месца, дзе пачуваешся вельмі неабароненай. Таму мяне пытанне зачапіла. Тады я вырашыла: калі выйду адсюль жывой і псіхічна здаровай, дакладна напішу кнігу, каб людзі ўбачылі праблему. Бо праблему з беларускай мовай абавязкова трэба вырашаць: а пакуль яе не бачаць, гэта немагчыма».

Дзяўчына напісала пост у фэйсбуку і ў ім анансавала, што збірае гісторыі дыскрымінацыі беларускай мовы. Людзі адгукнуліся — так з’явіліся героі для кнігі. У фінальнае выданне ўвайшло каля сотні гісторый. Перапрацоўвала іх аўтарка на працягу амаль двух месяцаў. Грошы на друк першага тыражу былі сабраныя з дапамогай краўдфандынгу.

«Часу на саму працу над кнігай сышло няшмат: частку гісторый прыйшлося адкінуць, бо яны паўтараліся. А вось чаго згублена шмат, дык гэта нерваў, бо мяне моцна трыгерылі гэтыя гісторыі», — каментуе Аліна.

Хутка стваральнікі ініцыятывы «Умовы для мовы» запусцяць кампанію ў падтрымку беларускай мовы ў інтэрнэце, і за актыўны ўдзел у ёй можна будзе атрымаць кнігу Аліны ў падарунак.

Для аўтаркі кожная з сабраных гісторый — абуральная ў існасці. Але калі абіраць топ-3 самых невытлумачальных, то Аліна прыводзіць наступныя.

Гісторыя першая. «Я сустракалася пэўны час з хлопцам, і адна з прычын, чаму мы разышліся, што ён сказаў: «Вось ты гаворыш па-беларуску, я так не магу, і ўвогуле мне не падабаецца, калі ты так гаворыш. Я не хачу, каб у мяне была беларускамоўная дзяўчына, я хачу нармальную».

Гісторыя другая. «127 чалавек трымалі разам у адным гэтым дворыку. Амапаўцаў вельмі раззлавала, што мая дэкларацыя была на беларускай мове, і мяне, поўнасцю голага, пачалі паказальна перад усімі збіваць. Гэта дакладна рабілі беларусы, бо яны зразумелі і без перакладу, а толькі казалі: «А-а-а, на беларускай мове».

Гісторыя трэцяя. «У кабінеце сядзелі дзве жанчыны, якія паглядзеўшы на мае дакументы па-беларуску пачалі смяяцца, а потым паглядзелі на мяне і спыталі: «А чаму не на кітайскай?»

Я так трохі і прысела, бо не чакала такой рэакцыі. Я кажу: «Ну, таму што дзве дзяржаўныя мовы, і я зрабіла на адной з іх».

—Вообще-то, у нас русский язык главный.

— У сэнсе, дзе гэта напісана?

— Ну вообще-то да, два государственных, но русский главный и, короче, так не принимают».

«Сем з паловай месяцаў выдаткавалі на тое, каб нам склалі па-беларуску дамову з ЖКГ»

Што, на думку актывісткі, дапамагло б змяніць сітуацыю з беларускай мовай у лепшы бок?

«Трэба, каб беларуская мова была запісаная адзінай дзяржаўнай у Канстытуцыі. Адзіная дзяржаўная — гэта мова справаводства, адукацыі, войска і іншых дзяржпаслуг. У прыватным жыцці ніхто не ў праве вырашаць, на якой мове размаўляць, таму рускамоўным людзям няма чаго тут баяцца.

Адзіная дзяржаўная мова — гэта не толькі вяртанне да сябе, гэта і яшчэ і шанец для беларусаў выйсці з-пад уплыву іншай краіны, пабудаваць сапраўды незалежную дзяржаву.

Увогуле, калі казаць пра права, то калі б усе беларусы жылі па законе, то моўнай дыскрымінацыі ўжо не было б. Бо калі мова дзяржаўная — значыць, на ёй павінна быць усё.

Калі дзве мовы — значыць, на кожнай з іх павінна быць даступна ўсё. А на практыцы мы з Ігарам сем з паловай месяцаў выдаткавалі на тое, каб кожны мог скласці па-беларуску дамову з ЖКГ. А каб з’явілася страхавое пасведчанне па-беларуску, нам спатрэбіўся год», — кажа Аліна Нагорная. 

Цяпер дзяўчына марыць, што пасля прачытання кнігі «МОВА 404», больш людзей адкрые беларускую мову для сябе і будзе ісці да таго, каб вярнуць ёй годнае месца ў Беларусі — пра такія пазітыўныя перамены можна будзе напісаць яшчэ адну кнігу.

Каментары

Выпусцілі старшыню БНФ Рыгора Кастусёва12

Выпусцілі старшыню БНФ Рыгора Кастусёва

Усе навіны →
Усе навіны

Прыпяцкі нацыянальны парк будуць адмыслова забалочваць, каб адкруціць назад меліярацыю яшчэ XIX стагоддзя3

Што найлепшае для развіцця плавальных здольнасцей дзяцей? 

Лукашэнка знайшоў прычыну, чаму заходнія палітыкі апалчыліся на Беларусь. Яна настолькі ж нечаканая, як і абсурдная6

Мінск за год палепшыў паказчыкі па якасці жыцця

Лукашэнка асіплым голасам заявіў, што трэба прывесці да ўлады новых маладых людзей17

«Мы ледзь не здохлі за адзін прыпынак». У адным з мінскіх тралейбусаў тэмпература паднялася да 40°4

«Успрымаюць мае словы як папулізм». Падначаленыя сабатуюць загад кіраўніка Мінлясгаса падняць заробкі3

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Падрабязнасці8

Беларускія сілавікі прыехалі затрымліваць футбольнага фаната на машыне з расійскімі нумарамі ФОТАФАКТ8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выпусцілі старшыню БНФ Рыгора Кастусёва12

Выпусцілі старшыню БНФ Рыгора Кастусёва

Галоўнае
Усе навіны →