Здароўе

Стоячы ці седзячы? Як лепш для мужчынскага здароўя мачыцца — тлумачыць уролаг 

На гэтае і больш сур’ёзныя пытанні са сферы здароўя мочапалавой сістэмы ў інтэрв'ю Medonet адказвае доктар Пшэмыслаў Дудэк, уролаг з клінікі SCM у Кракаве і намеснік загадчыка аддзялення ўралогіі і анкалагічнай уралогіі ўніверсітэцкага шпіталя ў Кракаве.

— Стоячы ці седзячы?

Добрае пытанне. Але адзінага правіла тут няма.

Здаецца, што мочаспусканне стоячы для мужчын больш фізіялагічнае. 

— Але гэта не мае ніякага дачынення да гігіены прастаты?

— Гэта больш звязана з фізіялогіяй і статыкаю таза. Мяркую, што мы больш прыстасаваныя да мочаспускання стоячы (так гэта сталася за гады эвалюцыі). У жывёл таксама існуюць розныя спосабы мочаспускання.

Многія мужчыны мочацца седзячы пераважна з меркаванняў гігіены і чысціні, некаторым пажылым мужчынам лягчэй мачыцца седзячы, а некаторым — цяжэй.

Дакладных даследаванняў наконт гэтага не было. Але гэта цікавы момант, магчыма, тое варта зрабіць.

— Што яшчэ мужчыны мусяць памятаць пры мочаспусканні? Я маю на ўвазе механіку.

— З ранняга дзяцінства трэба прывучаць дзяцей да пэўных звычак. Напрыклад, з ранніх гадоў іх трэба мякка прывучаць, каб не перарывалі струмень мачы, не пераціскалі мачаспускальны канал для прыколу, бо спачатку гэта весела, а потым аказваецца, што ствараецца штучная непраходнасць мачавога пузыра, а ўся наша мачавая сістэма самарэгулюецца і рэагуе пэўнымі механізмамі на праблемы. 

— Карацей кажучы, мы не гуляем з нашым інструментам для мочаспускання?

— Мы выпускаем мачу натуральным чынам, пажадана, калі мы расслабленыя. У некаторых людзей бывае такая праблема, што яны не могуць памачыцца ў грамадскай прыбіральні або на вачах у незнаёмага чалавека. Бываюць такія хваробы, іх трэба лячыць. Калега расказвала мне пра выпадак, калі ў пацыента развіўся алкагалізм, бо ён не мог памачыцца ў грамадскім туалеце, пры іншых людзях.

— Тут праблема псіхалагічная, а не фізіялагічная…

— Дакладна. Таму што трэба памятаць, што гэта вельмі далікатная ды інтымная справа. Лепш за ўсё гэта рабіць спакойна, не спяшаючыся. І што вельмі важна — у максімальна гігіенічных умовах. Мыць рукі варта таксама перад, а не толькі пасля. Мы прызвычаіліся проста мыць рукі пасля. А перад гэтым — таксама варта.

А яшчэ, калі заўважаем, што нам даводзіцца напружваць жывот, каб добра памачыцца, то гэта сігнал, што трэба звярнуцца да тэрапеўта, а яшчэ лепш — да ўролага.

— Вяртаючыся да гігіены ў месцы мочаспускання… Часта кажуць, што жанчыны неахвотна карыстаюцца грамадскімі туалетамі. Ці азначае гэта, што мужчыны ў большай бяспецы? Ці радзей яны падхопліваюць інфекцыі?

— Інтымныя інфекцыі наўрад ці будуць звязаныя з грамадскімі прыбіральнямі. Яны з’яўляюцца, хутчэй, пры палавым кантакце. Захварэць на пранцы або ганарэю ў бруднай прыбіральні няпроста. Гэта перабольшанне. Але заўсёды добра мыць рукі, каб не распаўсюджваць бактэрыі на адчувальныя органы.

— А мужчыну даводзіцца мачыцца часцей, чым жанчыне?

— Абсалютна не. Мы павінны мачыцца столькі ж разоў. Дакладнай нормы няма, але павінна быць да 7—8 разоў на дзень. Калі часцей, гэта ўжо выходзіць за межы рэгулярнасці. Але памятайце, што тая рэгулярнасць заснаваная на крывой Гаўса. Яна індывідуальная. Адзін усё жыццё мочыцца раз на гадзіну, іншы — два разы на дзень. Але гэта крайнасці, яны могуць быць паталагічнымі.

Мочаспусканне ад сямі да васьмі разоў на дзень — гэта нармальна. Вядома, з начным перапынкам. Мы не павінны мачыцца ўначы, таму што тады ныркі выпрацоўваюць значна менш мачы. Гэта механізм, які дае нам ад некалькіх да васьмі гадзін сну. Падымацца ноччу, каб схадзіць у прыбіральню — сведчанне таго, што ў нас ёсць шкодныя звычкі. Ці вы п’яце зашмат вадкасці або алкаголю проці ночы. Ці пачынаюцца некаторыя праблемы, напрыклад, з падкарэннай залозаю, ці яшчэ горш, з самім мачавым пузыром.

— Я спытаў пра розніцу ў частаце мочаспускання напалову жартам, напалову сур’ёзна. Таму што я меў на ўвазе сітуацыю, калі ідзе група людзей абодвух полаў, і мужчыну даводзіцца час ад часу заходзіць, скажам, у кусты. А жанчына дойдзе да месца прызначэння. Але, напэўна, гэта звязана толькі з лёгкасцю працэсу?

— Я думаю — так. Бо на вечарынках, дзе ёсць туалет, дамы ходзяць у яго гэтак жа часта, асабліва ў кампаніі сябровак. Абодва полы павінны мачыцца аднолькава часта — кожныя дзве гадзіны ці каля таго. Прычым аб’ём гэтай мачы павінен быць прыкладна 200 мл за раз, хоць тут дакладнай нормы няма. Аднак 50 мл — замала.

— Тады яшчэ адно не зусім сур’ёзнае пытанне. Чалавек, ці чалавечы род, таксама адчувае патрэбу пазначаць мясцовасць мачой?

— Я пра гэта не ведаю. Я не адчуваю такой патрэбы (смяецца). Але гэта добрае пытанне. Я мушу падумаць пра гэта.

— Дазвольце мне растлумачыць дакладней. Чалавеку, скажам, да туалета трэба прайсці некалькі метраў, а бліжэй да яго дрэва ці куст, таму ён і робіць гэта там…

— Можа, ён лічыць, што там больш гігіенічна. Але калі так зробіць не адзін чалавек, а дзясяткі ці сотні… Мы — від, якога на свеце зашмат, і ад гэтага паўстаюць розныя праблемы.

— І тэмпература мае значэнне (я ўсё ж вярнуся да гэтага дрэва). Ці бяспечна мужчыну мачыцца на холадзе?

— Даказанай сувязі няма, але кожны ўролаг скажа: апранайцеся цяплей, асабліва, калі ў вас прастатыт. Гэта можа быць таму, — я тэарэтызую — што перахаладжэнне выклікае звужэнне сасудаў таза, але гэта толькі мая тэорыя. Аднак вы ж не прастынеце, калі выставіце член на холад.

— Як мы павінны апранацца ўзімку?

— Не зацёпла і не захоладна — па сваіх адчуваннях. Не трэба замарожваць або пераграваць тое, што ў вас там. Не трэба апранацца так, каб сапрэць. Таму што тут ёсць яшчэ і пытанне плоднасці. Каб адбывалася выпрацоўка здаровай спермы, яечкі не павінны перагравацца. Бялізна не павінна быць занадта цеснай. Нездарма ж прырода вывела яечкі па-за наша цела, а не пакінула ўнутры. Яны павінны быць адносна свабоднымі.

— Ці варта назіраць за мачой?

— Безумоўна. Любая змена колеру павінна нас хваляваць. Пах — крыху менш, бо ён залежыць ад рацыёну.

Але любое адхіленне ад нормы варта расследаваць. Асабліва калі ў мачы з'яўляецца кроў. Гэта ўжо сігнал трывогі.

Не трэба блытаць кроў з колерам буракоў, пасля буракоў у нас таксама мача афарбоўваецца ў чырвоны колер. Але кроў часам можа быць і прыкметай раку мачавога пузыра.

Таксама варта зважаць на ўдзельную вагу мачы. Таму што мы часта п’ем замала, а пры вялікай масе цела ўтвараюцца камяні. Мача загушчаецца, у ёй шмат рэчываў, якія крышталізуюцца, і ў нас утвараюцца камяні ў нырках. Я заўсёды кажу сваім пацыентам, асабліва з мачакаменнай хваробай, што іх мача павінна быць празрыстай, амаль як вада. Або саламянага колеру. Не можа быць згушчанай, аранжавай.

— Якога яшчэ колеру можа быць мача?

— Колер мачы можа залежаць таксама ад прыёму розных лекаў. Блакітны, зялёны, карычневы, бардовы, светла-жоўты. Уплываюць на колер мачы і розныя генетычныя захворванні. 

Агулам колер не можа быць надта цёмным, пах не павінен быць занадта непрыемным, мочаспусканне павінна быць натуральным, свабодным. Таксама не мусіць быць пякучкі пры мочаспусканні. Пякучка або боль могуць сведчыць аб інфекцыі ці паталогіі.

У жанчын мочаспускальны канал кароткі і з’яўляецца варотамі для інфекцыі, а ў мужчын канал даўжэйшы, і рознага роду інфекцыі мочавыводных шляхоў, якія праяўляюцца болем або пякучкаю, сведчаць пра паталогіі. У гэтым выпадку трэба звярнуцца да доктара.

— А празрыстасць мачы таксама важная?

— У пэўным сэнсе, так, але яна звязаная таксама з ужываннем пэўнай ежы ці напояў. Калі мы п’ём патрэбную колькасць вадкасці, мача не будзе каламутнай. Але калі мача, напрыклад, занадта моцна пеніцца — тое можа быць прыкметай страты бялку або праблемаў з ліпідамі. Адчуваеце штосьці ненармальнае — ідзіце да доктара. 

— Ціск мачы — гэта звязана толькі з падкарэннай залозай?

— Гэта звязана, можа быць, па-першае, з непраходнасцю мачавога пузыра. Калі ціск слабы, гэта можа сведчыць аб некалькіх праблемах. Гэта можа быць павелічэнне прастаты, гэта могуць быць дэфекты і звужэнне ўрэтры, але гэта можа быць і праблема з дэтрузарам мачавога пузыра, які дрэнна скарачаецца. Гэта можа сведчыць аб розных захворваннях, трэба кансультавацца з доктарам.

Зачастае мачавыпусканне пры адсутнасці якіх-небудзь сімптомаў можа сведчыць пра празмерную скарачальнасць мачавога пузыра. Гэта таксама патрабуе лячэння або спраўджвання прычыны. Мы заўсёды павінны выключаць любыя новаўтварэнні.

— Існуе аптымальны штодзённы аб’ём мачы?

— Усё залежыць ад таго, колькі мы выпіваем. Але ўлічыце, што што з лёгкіх выходзіць некалькі соцень мілілітраў вадкасці штодзень, тое ж — з фекаліямі, з потам. Штодзень рэкамендуецца выпіваць 1,5—2 літры вады, што дае нам 1—1,5 літра мачы.

— Мабыць, важная і працягласць аднаразовага мачавыпускання.

— Так, таму што сведчыць і пра ёмістасць мачавога пузыра, і пра магчымую перашкоду. Калі мачавы пузыр скарачаецца, а струмень мачы вузкі, гэта можа паказваць на праблему з падкарэннай залозай. Добра, што жанчыны часта думаюць пра гэыя нашы праблемы за нас. Трэба пахваліць іх за тое, што яны выпраўляюць мужчын да ўролага.

— Таму што мужчыны самі ісці баяцца?..

— Вядома, так, хоць гэта не страшнае абследаванне, тут няма чаго баяцца.

Мужчынам пасля 40—50 гадоў варта перыядычна абследавацца для выяўлення пухлін прастаты — аднаго з самых частотных відаў раку ў іх пола. 

Каментары

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

У Мінску з'явіліся дзве новыя вуліцы. Вось якія назвы1

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →