Гамяльчанка замовіла для маці букет за 250 рублёў — а ў ім былі штучныя кветкі
Замоўца была вельмі здзіўленая, калі маці папрасіла больш не дарыць штучных кветак.

Пра дзіўную сітуацыю Крысціна распавяла ў Threads.
Маладая жанчына жыве на Кіпры, а яе маці засталася ў Гомелі. Крысціна захацела парадаваць яе на Дзень маці кветкамі. Дзяўчына звярнулася ў гомельскую кветкавую краму Blos і выбрала на сайце аўтарскі букет, які ёй спадабаўся. Каштавала кампазіцыя 181 рубель, беларуска першапачаткова разлічвала недзе на 250, таму ўдакладніла: калі што, можна дадаць яшчэ кветак у межах бюджэту.

Букет маці даставілі, яна падзякавала дачцэ — букет выглядаў прыгожа. А праз месяц жанчына максімальна далікатна сказала: «Дачушка, можа, больш не дары мне штучныя кветкі?».
Крысціна здзівілася такой просьбе — і нават не зразумела адразу, пра што гаворка. Высветлілася, што фларыст дадаў у букет два штучныя антурыумы. Пра тое, што побач з жывымі кветкамі будуць штучныя, ніхто не папярэдзіў.

Абураная Крысціна звярнулася ў кветкавую краму: там у выніку папрасілі прабачэння (хаця ўдакладнілі, што гэта ў іх нармальная практыка — дадаваць у букет штучныя кветкі), але пераклалі ўсю віну на менеджара — маўляў, менавіта ён не папярэдзіў замоўцу.
Беларуска з такім падыходам не згодная: «Чаму толькі менеджар? Фларыст сабраў букет. Кіраўніцтва замаўляе матэрыялы і фарміруе правілы працы крамы. А кліент у выніку дазнаецца праз месяц — калі падарунак ужо даўно ўручаны».
Крысціна лічыць: пра тое, што ў букеце будуць штучныя кветкі, павінна быць напісана адкрыта і ў сацыяльных сетках крамы, і на сайце (беларуска сцвярджае, што такой інфармацыі нідзе не было). Бо кліент мусіць разумець, за што канкрэтна аддае грошы, і вырашаць, згодны на такі варыянт ці не.
Адна з чытачак «Нашай Нівы» звярнулася ў краму Blos і спытала, ці сапраўды яны такое практыкуюць — дадаваць штучныя кветкі да жывых.
Там адразу зразумелі, пра які канкрэтна букет ідзе гаворка, і прызналі, што штучныя кветкі былі. Праўда, сцвярджаюць, што гэта было пазначана ў апісанні на сайце — праверыць гэта складана, бо цяпер спрэчны букет выдалены. Яго знікненне тлумачаць тым, што цяпер у наяўнасці няма неабходных кветак, каб паўтарыць.
Таксама дадалі, што ў сучаснай фларыстыцы могуць спалучацца жывыя кветкі, сухацветы, стабілізаваныя кветкі і розныя штучныя элементы — маўляў, іх выкарыстоўваюць, каб падкрэсліць ідэю букета і дадаць яму асаблівы характар.
Каментары