Навука і тэхналогіі

На краі Сонечнай сістэмы можа хавацца велізарная планета. Што знайшлі навукоўцы

Далёка за арбітай Нептуна можа існаваць яшчэ адна, пакуль невядомая планета, маса якой у паўтара-два разы большая за зямную. Менавіта яе гравітацыйны ўплыў можа тлумачыць загадкавыя паводзіны некаторых нябесных цел на ўскраінах Сонечнай сістэмы.

Меркаваны выгляд Планеты X2, якая можа знаходзіцца далёка за арбітай Нептуна. Мастацкая візуалізацыя: Patryk Sofia Lykawka / SpaceEngine

За арбітай Нептуна знаходзіцца велізарная вобласць, запоўненая ледзянымі аб'ектамі, якія засталіся пасля фарміравання Сонечнай сістэмы. Значная іх частка размешчана ў поясе Койпера і рухаецца вакол Сонца па адносна прадказальных арбітах.

Аднак за апошнія два дзесяцігоддзі астраномы выявілі нямала аб'ектаў, траекторыі якіх выглядаюць незвычайна. Іх арбіты моцна выцягнутыя або нахіленыя адносна плоскасці, у якой рухаюцца большасць планет.

Адзін з найбольш вядомых прыкладаў — Седна, далёкі ледзяны аб'ект, які рухаецца па надзвычай выцягнутай арбіце. Нават у найбліжэйшай да Сонца кропцы яна знаходзіцца значна далей за Нептун. Растлумачыць такія арбіты толькі ўплывам вядомых планет складана.

Адна з гіпотэз заключаецца ў тым, што на гэтыя аб'екты на працягу мільярдаў гадоў магла ўздзейнічаць гравітацыя яшчэ адной, пакуль не адкрытай планеты.

Як піша Daily Mail, каб праверыць гэтую гіпотэзу, даследчыкі правялі камп'ютарнае мадэляванне, якое ахоплівала 4,5 мільярда гадоў эвалюцыі Сонечнай сістэмы. Яны разглядалі розныя варыянты масы і арбіты невядомай планеты, каб высветліць, як яе прыцягненне магло змяняць рух далёкіх ледзяных аб'ектаў.

Вынікі паказалі, што такая планета сапраўды магла б растлумачыць многія назіраныя асаблівасці. Пад уздзеяннем яе гравітацыі некаторыя аб'екты паступова выходзілі б з-пад пераважнага ўплыву Нептуна, а іх арбіты станавіліся б больш выцягнутымі і нахіленымі.

Гіпатэтычны аб'ект, які даследчыкі назвалі Планетай X2, павінен мець масу прыкладна ў 1,5—2 разы большую за зямную і рухацца вакол Сонца па моцна выцягнутай арбіце. Нават у найбліжэйшай да зоркі кропцы ён знаходзіўся б не менш чым за 200 астранамічных адзінак ад яе.

Адна астранамічная адзінка адпавядае сярэдняй адлегласці паміж Зямлёй і Сонцам — каля 150 мільёнаў кіламетраў. Такім чынам, нават пры максімальным набліжэнні Планету X2 аддзялялі б ад Сонца не менш за 30 мільярдаў кіламетраў. На такой адлегласці яе надзвычай цяжка выявіць з дапамогай тэлескопаў.

Камп'ютарная мадэль Сонечнай сістэмы з меркаванай арбітай Планеты X2 (блакітная лінія) і арбітамі далёкіх ледзяных аб'ектаў. Фота: Patryk Sofia Lykawka et al. / ras.ac.uk

Пры гэтым Планету X2 не варта блытаць з больш вядомай гіпатэтычнай Дзявятай планетай. Апошняя, паводле іншай папулярнай гіпотэзы, павінна быць значна масіўнейшай. Новая мадэль прапануе іншае тлумачэнне незвычайных арбіт далёкіх аб'ектаў, якое не патрабуе існавання настолькі вялікай планеты.

Аднак пакуль гэта толькі гіпотэза. Хоць камп'ютарныя разлікі дазволілі ўзнавіць шэраг назіраных асаблівасцей руху ледзяных цел, некаторыя вынікі мадэлявання ўсё яшчэ не супадаюць з рэальнымі назіраннямі. Саму ж планету астраномы пакуль не бачылі.

Праверыць гіпотэзу навукоўцы спадзяюцца з дапамогай абсерваторыі Веры Рубін у Чылі. Яе магутны тэлескоп будзе рэгулярна аглядаць вялікія ўчасткі неба, выяўляючы ў тым ліку вельмі слабыя і далёкія аб'екты.

Новыя назіранні дапамогуць знайсці невядомыя раней ледзяныя целы і вывучыць іх арбіты. Калі іх рух будзе адпавядаць прадказанням новай мадэлі, гэта стане дадатковым аргументам на карысць існавання Планеты X2. А пры ўдалым збегу абставін астраномам, магчыма, удасца заўважыць і саму планету.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Дык тады трэба ўсю Расію аддаць Манголіі?» Лукашэнка паразважаў пра «спрадвечна расійскія» землі Украіны28

«Дык тады трэба ўсю Расію аддаць Манголіі?» Лукашэнка паразважаў пра «спрадвечна расійскія» землі Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі дзяўчына выпіла 20 таблетак валяр'янкі і запіла іх гарэлкай1

Лукашэнка так прагне міру, што гатовы сам завезці Зяленскага да Пуціна ў Маскву21

Расійскі генерал заклікаў да мірнага перавароту і адхілення Пуціна ад улады21

У Генпракуратуры прапанавалі памяняць гарадскія гербы, на якіх ёсць «Пагоня»75

Зборнай Сенегала вярнулі Кубак Афрыкі, заваяваны амаль год таму1

Лукашэнкаўская прапаганда пагражае Еўрасаюзу, калі той «адмовіцца прыняць новую рэальнасць»10

Кубракоў папярэдзіў, што будучыя пратэсты ў Беларусі будуць разганяць інакш49

Бязногага брытанскага баскетбаліста абвінавацілі ў 11‑ці згвалтаваннях3

У расійскіх беспілотніках, якімі атакуюць Украіну, знайшлі літоўскія SIM-карты і шмат іншых еўрапейскіх кампанентаў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дык тады трэба ўсю Расію аддаць Манголіі?» Лукашэнка паразважаў пра «спрадвечна расійскія» землі Украіны28

«Дык тады трэба ўсю Расію аддаць Манголіі?» Лукашэнка паразважаў пра «спрадвечна расійскія» землі Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць