Літаратура

Скурко: Не варта на будучыню накопліваць у сабе нейкую злосць ці нянавісць

Паўліна Скурко, жонка палітзняволенага рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, атрымала ад мужа з-за кратаў ліст пад круглым нумарам 100. Ён апісвае свае турэмныя будні ў калоніі пад Магілёвам і адначасова, як заўсёды, дзеліцца гістарычнымі і філасофскімі рэфлексіямі.

Атрымаў сёння твой ліст і так радаваўся, чытаючы, як вы там бавіце час з клубніцамі, вавёркамі, зайцамі і як малы спазнае свет! Абавязкова пахвалі за мяне малога. Ён такі малайчына ў нас! (А мы ў яго)…

* * *

Сёння самы доўгі дзень года (і Купалле). У нас увесь час ідзе дождж, часам ператвараючыся ў залеву. Трохі пахаладнела — але і добра, што няма такой гарачыні, як мінулыя дні… Ужо каля 8-й вечара, дзень быў доўгі і не толькі астранамічна:).

* * *

Скончыўся каранцін, мяне перавялі ў атрад №7, брыгада 1. Умовы побытавыя тут нармальныя, калектыў таксама, ёсць нават акварыум з рыбкамі ў спальні.

Многа свежага паветра — у памяшканнях тут, канечне ж, ніхто не курыць, [як у СІЗА]. На тэрыторыі ёсць спортгарадок з турнікамі і трэнажорамі — паспрабую схадзіць, калі дождж сціхне:)

Тут ёсць таксама стадыён, дзе можна бегаць — высветлю ў далейшым, як туды трапляць. У атрадзе вельмі чыста, ёсць сушылкі, каб сушыць рэчы, пральная машына, халадзільнікі, тэлевізар. Словам, буду пакуль абжывацца:)…

* * *

Ад усіх нас гэты час патрабуе цярпення і вытрымкі. Шкадую страшна, што не магу вам там дапамагаць і падстрахоўваць.…Ужо раніца наступнага дня. Спалася добра.

Усю ноч ліў дождж, зараз ён працягваецца. Схадзіў на сняданак — дыябетыкі тут харчуюцца асобна. Далі ў дадатак да кашы масла, яйко і сок — словам, можна жыць.

Здаў сёння ўсе неабходныя заявы на званкі і відэазванкі, буду чакаць зацвярджэння…

* * *

Па тэлевізары зараз паказвалі перадачу пра востраў Тэнерыфе. Аказваецца, у іх няма свайго пяску ў дастатковай колькасці, і ўлады закуплялі яго ў Заходняй Сахары, каб зрабіць пляж:)) Сказалі таксама, што на востраве жыве каля мільёна чалавек — я думаў, разоў у дзесяць меней.

* * *

Таксама мы хадзілі сёння ў клуб на відэалекцыю пра шкоду накотыкаў — на вялікім экране. Я атрымаў вялізнае задавальненне — і інфармацыя новая, і само пачуцце, што ты можаш пайсці ў кіно. Нібы яшчэ адзін крок да вяртання ў нармальнае жыццё…

Да сярэдзіны дня істотна схаладала ў нас — імжа, вецер. Спадзяюся, у вас там у дастатковай колькасці ёсць швэдрыкі, шапкі, курткі і чай.

Заўтра 23-е — дзень нараджэння Міколы Шакеля. Стаў успамінаць, як віншавалі яго год таму. Колькі ўсяго адбылося за гэты час! А колькі за наступны год можа ўсяго новага адбыцца!

Я, як і ты, шчыра веру, што ўсё, Бог дасць, скончыцца добра і мы скора зноў будзем разам. Галоўнае — берагчы здароўе і блізкіх, захоўваць спакой і цярпенне. «Максімальна захаваць сябе для далейшага жыцця», як ты некалі сказала.

Для мяне гэта, у тым ліку — напаўненне сэнсам і зместам майго цяперашняга перабывання. Усе дробныя нязручнасці мінаюць, а назбіранае ў сабе на будучыню — застаецца. Менавіта таму, мне здаецца, не варта на будучыню накопліваць у сабе нейкую злосць ці нянавісць. Згадаем Мандэлу ці Гандзі.

Пісаць Андрэю Скурко трэба на адрас: Папраўчая калонія №15, атрад 7 212013, Слаўгарадская шаша, 183, п/а Вейна, г. Магілёў. Скурко Андрэю Генадзевічу

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты2

Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты

Усе навіны →
Усе навіны

Як выпадковае знаёмства ў гей-клубе скончылася гучным забойствам. Новыя дэталі па справе беларуса, які 25 гадоў таму зарэзаў прадзюсара ў Маскве6

У Беларусі за 5 тысяч рублёў прадаюць 200-рублёвую банкноту. У яе вельмі незвычайны брак1

У ЗША могуць запусціць рэаліці-шоу, дзе імігранты будуць спаборнічаць за грамадзянства3

Затрымалі адміністратара беларускай Вікіпедыі Максіма Лепушэнку5

Беларускі ВУП вырас на 2,8 працэнта, але тэмпы запаволіліся1

Для ўсіх дзесяцікласнікаў увядуць вучэбна-палявыя зборы35

У тыктоку пакістанцам рэкламуюць магчымасць атрымання дазволу на працу ў Беларусі. Але беларусы бачаць падвох адразу1

Карпянкоў заявіў, што 90% навабранцаў хочуць служыць па кантракце18

Расія выставіла Украіне восем умоў21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты2

Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць