Ландсбергіс: Падчас вайны Расіі з Украінай мы не павінны забывацца і пра беларусаў
З нагоды другой гадавіны пачатку пратэстаў супраць непрызнаных Захадам прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюc Ландсбергіс у панядзелак сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і іншымі прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, піша Delfi.lt.

Па словах кіраўніка літоўскай дыпламатыі, распачатыя два гады таму масавыя пратэсты сталі відавочным маніфестам імкнення народа Беларусі да свабоды, прыкладам таго, як годна, мужна і міралюбна можна змагацца за свае свабоды і права.
«Падчас вайны Расіі супраць Украіны мы таксама не павінны забывацца пра Беларусь. Як і два гады таму, сёння краіна мае патрэбу ў падтрымцы дэмакратычнага свету. Беларусь, якая імкнецца да свабоды, павінна заставацца ў парадку дня як літоўскай, так і міжнароднай палітыкі.
Я веру, што згуртаваныя намаганні дэмакратычных сіл Беларусі і ўсіх нас дапамогуць рэалізаваць галоўную мэту — як мага хутчэй правесці дэмакратычныя выбары ў краіне», — сказаў Ландсбергіс.
Таксама з удзельнікамі сустрэчы абмяркоўвалася тэма палітвязняў, якія знаходзяцца ў турмах беларускага рэжыму. Ландсбергіс выказаў падтрымку жаданню беларускага народа супрацьстаяць удзелу беларускага рэжыму ў агрэсіі Расіі супраць Украіны, а таксама намаганням Крамля па знішчэнні незалежнасці Беларусі.
Каментары