Пружанца асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады
У судзе Пружанскага раёна 28 снежня асудзілі Максіма Міцкевіча паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вадзім Мазоль прызначыў Максіму два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Дзяржабвінаваўцай выступіла старшая памочніца пракурора Вераніка Манец, піша «Вясна».

Максім прабыў у зняволенні з 8 па 10 лістапада 2022 года. Далей яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.
Пружанскі суд абвінаваціў мужчыну ў тым, што ён 29 красавіка 2021 года пад публікацыяй у тэлеграм-канале пакінуў абразлівыя каментарыі на адрас супрацоўнікаў дзяржорганаў па каардынацыі знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці. Каментарый тычыўся тагачаснага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. Пазней Міцкевіча ўключылі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Мужчына прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.
Максіму Міцкевічу 22 гады, ён мае сярэднюю адукацыю, працаваў распрацоўшчыкам сыравіны на пружанскім прадпрыемстве.
Каментары