Бард Андрэй Мельнікаў: Заставацца ў Беларусі стымулюе сорам перад людзьмі, якія абралі варыянт сядзець
Будучыня Беларусі залежыць ад таго, ці зможам мы абраць аптымальны варыянт паводзін, лічыць бард Андрэй Мельнікаў. «Новы час» паразмаўляў з ім пра тое, чаму пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту ён застаецца ў краіне, пра дыялог з уладамі і пра тое, як нам усім паразумецца.
«Сказалі, што за мной назіраюць»
Андрэй Мельнікаў 5 лютага выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання Мінскага раёна пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія барду прысудзілі за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у аднакласніках. Ён сам прыйшоў на сустрэчу з участковым у Калодзішчах. Што праўда, музыка зусім не меркаваў, што атрымае арышт за рэпост, бо на сустрэчы міліцыянт настойваў з іншай нагоды.
«Я пайшоў, каб разабрацца, бо з лета мінулага года мне даводзілі, нібыта ID майго тэлефона супадае з тым, які знаходзіцца ў росшуку. Хаця гэты тэлефон я сам набываў яшчэ ў якім 2006 годзе. І вось я падыходжу, пад’язджае ўчастковы Аляксей Міхалевіч з напарнікам, адразу рукі за спіну — «вы затрыманыя», — успамінае бард.
Увогуле, цікаўнасць да яго міліцыянты сталі праяўляць яшчэ мінулай вясной. У Гомелі, адкуль бард родам, яму тэлефанавалі і запрашалі на сустрэчу: маўляў, размяшчае ў тэлеграм-канале «экстрэмісцкі кантэнт».
«Але ў мяне тэлефон кнопачны і няма тэлеграма, таму я не магу размяшчаць гэты кантэнт. Тым не менш, адбылася прафілактычная гутарка з папярэджаннем аб недапушчэнні яго размяшчэння. І сказалі, што за мной назіраюць».
На думку Андрэя Мельнікава, такая цікавасць да яго персоны выкліканая тым, што міліцыянтам даведзена адміністрацыйна караць людзей, якія тым ці іншым чынам «засвяціліся».
«Я так мяркую, бо са мной сядзеў чалавек, якому паставілі ў віну эпізоды рэпостаў з 2013 па 2017 гады, калі тыя матэрыялы яшчэ не былі «экстрэмісцкімі». А чалавек некалькі гадоў у фэйсбук не заходзіў. Таму, як і ў мяне, гэта толькі нагода фармальна прыцягнуць да адказнасці, рэальная ж прычына іншая. Мне цікава, для чаго гэта робіцца. Напэўна, з нейкіх вышэйшых сфер беларускага кіраўніцтва даводзіцца пастулат пра непазбежнасць пакарання».
«Беларусы, якія тут, жадаюць заставацца беларусамі»
Ці можна пасля гэтага адчуваць сябе ў бяспецы? Андрэй Мельнікаў усміхаецца: ён і да гэтага ў пэўным сэнсе не адчуваў сябе ў бяспецы, і адчуванне гэтае не звязанае з перспектывай страты свабоды.
«Свабода — гэта тое, што ў цябе ўнутры, — заўважае ён. — Па сутнасці, ні ў мінулую адседку (у 1997—1998 гадах. — «НЧ»), ні ў цяперашнюю я не зведаў у няволі катэгарычных нечаканак з боку тых, хто мяне знявольваў. Мы для іх чужыя, і іх дзеянні выглядаюць лагічнымі для чужых. Мне больш цікава асэнсоўваць сваіх.
А ў сваіх я, на жаль, пабачыў тыя ж мінусы, што і ў мінулую адсідку. Перадусім — залежнасці. Я тады казаў і кажу цяпер, што чалавека, які залежны ад палення, падчас ломкі можна прымусіць да чаго заўгодна. На жаль, мы да гэтага часу не навучыліся цаніць чыстае паветра.
Абсалютная большасць людзей, з якімі я сядзеў, маюць намер з’язджаць адсюль. Яны адчуваюць, што не патрэбныя дзяржаве РБ. Мяркую, іх ад’езд выгадны перадусім Расіі. А беларускай уладзе калі і дае выгады, то мізэрныя. Апошнія дзесяцігоддзі я лічыў і лічу, што мы можам быць адзіным народам, і ўладзе больш выгадна ісці на кампраміс, чым убачыць канец ад расіян, якія прыйдуць і зробяць тут Расію».
Андрэй Мельнікаў мяркуе, што кампраміс паміж уладай і грамадствам у Беларусі адбываўся ўвесь час і працягваецца нават цяпер.
«Я ўпэўнены, што і «там» ёсць людзі, якія за Беларусь, і, дарэчы, мая адседка гэта пацвердзіла. Нават тая ж рэакцыя на беларускую мову. Беларусы, якія тут, усё ж жадаюць заставацца беларусамі».
У той жа час бард лічыць, што Расія ўжо тут, але пакуль — не адна яна, захоўваецца своеасаблівае двоеўладдзе, і беларуская аўтарытарная ўлада пакуль што вырашае больш. І дамовіцца з ёй прасцей, бо, як бы дзіўна гэта ні гучала, у нас ёсць агульныя інтарэсы.
«Я перакананы, што даўно ўжо можна было б дамовіцца наконт вызвалення ладнай часткі палітзняволеных, калі б за іх была прапанаваная пэўная сума.
Гэта зыходзячы з майго досведу і выпадкаў, пра якія я асабіста ведаю».
«Няхай над Акрэсціна застаецца чырвона-зялёны сцяг»
«Я думаў з’ехаць яшчэ ў 1990-я гады. У той час Беласточчына, як ні дзіўна, для мяне асабіста нагадвала ўсход Мінскай вобласці. Але там жылі людзі, якія прайшлі праз усе цяжкасці польскага ваеннага становішча. І застацца там значыла ў пэўнай ступені паказаць сваю слабасць, што я да гэтых людзей не дацягваю. А кудысьці далей ехаць мне не цікава. Засталося занадта многа людзей унутры Беларусі, з якімі я павязаны.
Цяпер заставацца ў Беларусі мяне стымулюе і матывуе сорам перад тымі людзьмі, якія абралі варыянт сядзець — Бяляцкі, Пушкін, Судаленка, тая самая Марыя Калеснікава.
Пакуль я бачу тут перспектывы і тут застаюся. А што мне рабіць за мяжой? Быць яшчэ адной канкурэнтнай адзінкай альбо проста забяспечыць сабе камфортнае жыццё і не высоўвацца?
Так склалася, што апошнія дзесяцігоддзі я не быў у мэйнстрыме. І гэта дало мне пэўныя прэферэнцыі цяпер. Магчыма, калі б я заставаўся ў медыйнай абойме, напэўна, таксама б з’ехаў».
Вырвацца з-пад расійскага ўплыву і захаваць незалежную дзяржаву ў нас атрымаецца тады, калі незалежнасць Беларусі стане нашым асноўным нацыянальным інтарэсам, перакананы Андрэй Мельнікаў.
«Беларусы — індывідуалісты. Літоўцаў, латышоў, эстонцаў з’ядналі агульныя нацыянальныя святыні. У нас жа адносна іх ёсць варыянты. Магчыма, такой адназначнай нацыянальнай святыні для ўсіх беларусаў і няма».
У той жа час, на думку Андрэя Мельнікава, і цяпер магчымыя непублічныя спробы паразумецца з уладамі. Бо ім надта не хочацца дзейнічаць па ўказаннях Масквы, і на гэтым тле, лічыць бард, магчымыя крокі насустрач прабеларускай частцы грамадства.
«Мне здаецца, што самы цяжкі і крызісны час для паразумення з уладамі ў нас прайшоў. У тым сэнсе, што калі я нават не бачу жадання паразумецца, я не бачу і жадання паглыбляць наша адрозненне.
У 1980-х гадах для мяне святыняй быў чырвоны сцяг. І калі я адкрыў для сябе бела-чырвона-белы, першы мітынг у Оршы, арганізатарам якога я быў, мы рабілі пад двума сцягамі. Таму я перакананы, што паразумецца можна. Няхай над Акрэсціна, над «Валадаркай» застаецца чырвона-зялёны сцяг.
Таму робім, што мажліва, без патэтыкі. І калі ўнутры Беларусі мы, мяркую, хай зусім пакрысе, набліжаемся да асэнсавання неабходнасці паразумення, то знешнія выклікі, бачу, нас чакаюць больш сур’ёзныя і складаныя.
Ведаеце, чым адрозніваецца песіміст ад аптыміста? Песіміст кажа: «Горш ужо не будзе», а аптыміст — «Будзе, будзе». Напэўна, я аптыміст».
Каментары