Грамадства1010

«Адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў». Як беларуска з Бабруйска стала спявачкай у Іспаніі

Бабруйчанка Наталля Саед паўтара года жыве ў іспанскім горадзе Валенсія. У крытычны момант, калі над Наталляй і яе двума малымі дзецьмі навісла пагроза застацца без даху над галавой, жанчына пайшла спяваць на вуліцу. У гутарцы з выданнем 1387.by Наталля распавядае, як гэтае рашэнне змяніла яе жыццё, ці эміграцыя — гэта толькі пра «грэцца на сонцы каля мора», і навошта далёка ад Беларусі весці ўласны тыкток-канал пра радзіму.

Наталля Сайед. Фота: Instagram

Засталася адна з двума малымі дзецьмі

— Наташа, распавядзі, калі і чаму ты з’ехала з Беларусі?

— У верасні 2021 года. Па-першае, я тады ўбачыла, што законы ў Беларусі больш не працуюць, і жыць у такой краіне мне не хацелася, а па-другое, мне проста стала там небяспечна. Пад маімі вокнамі стаяла міліцэйская машына. Я не магла жыць у пастаянным напружаным стане, гэта не мой стыль. Таму я прыняла рашэнне з’ехаць.

Малады чалавек, з якім я тады сустракалася, прапанаваў ехаць у Іспанію. Я тады зусім нічога не ведала пра гэтую краіну, мову таксама не ведала. Я валодаю англійскай, але тут мала хто на ёй размаўляе. Таму давялося вучыць іспанскую, і магу сказаць, што цяпер, праз паўтара года я даволі добра размаўляю.

— Якім было першае ўражанне ад Іспаніі і як прайшоў славуты перыяд адаптацыі?

— На самым пачатку было захапленне. Валенсія вельмі прыгожая, тут мора. Але праз некаторы час мы разышліся з тым маладым чалавекам, з якім разам прыехалі. Я засталася адна з двума дзецьмі. З Бабруйскам усе сувязі разбурыліся. Там у мяне была праца — уласная адукацыйная студыя Yellow Duck. У мяне была надзея на маіх вучняў, што буду працаваць з імі анлайн і пасля пераезду. Але большасць «адвалілася». Потым мяне папрасілі з’ехаць з кватэры. У мяне не было працы, не было грошай. Гэта быў вельмі крытычны момант, я была на мяжы адчаю. Гэтыя паўгода былі вельмі цяжкімі. Трэба было наноў шукаць сябе і рабіць гэта хутка. Эміграцыя — гэта няпроста. Гэта зусім не так, як некаторыя думаюць, што мы тут пад сонейкам на моры ляжым і грэемся.

«Выйсці спяваць на вуліцу было страшна і цяжка маральна»

Наталля Саед. Фота: Instagram

— Якое выйсце знайшлося з гэтай няпростай сітуацыі?

— Я думала, дзе зарабляць грошы. Прыбіраць кватэры я не хацела, быць нянькай, калі дома двое сваіх — таксама. І тады я пайшла спяваць на вуліцу — стала вулічнай артысткай.

— Нічога сабе! Як прыйшло такое рашэнне?

— Гэта быў чысты выпадак. Бабруйцы мусяць памятаць, як некалі ў нашым горадзе на вуліцах спяваў эквадорац. Ён прыводзіў сваю дачку да мяне ў студыю на заняткі. І вось мне патэлефанавала яго жонка і распавяла, што ён цяпер там жа, дзе і я — у Валенсіі. Я звязалася з ім і ўжо на наступны дзень пайшла разам з ім спяваць на вуліцы. Мне было вельмі страшна. Выйсці спяваць на вуліцу — гэта вельмі цяжка маральна. Я здолела. Таму што адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў. І цяпер, калі прайшоў час, я ўжо адчуваю сябе даволі камфортна як артыстка. Я нават завяла сабе старонку ў інстаграме, дзе прасоўваю сябе менавіта як спявачку.

— Як людзі ў Іспаніі ставяцца да вулічных спевакоў?

— Я для іх стала шокам (смяецца, — рэд.). Яны ніколі не могуць здагадацца, адкуль я. З іх мала хто чуў пра Беларусь да 2020 года, але цяпер яны ведаюць нашую краіну ў сувязі з рэпрэсіямі. Яны распытваюць мяне, адкуль я, чаму спяваю па-іспанску. Я ўсё часцей чую словы падтрымкі і не толькі ў свой адрас, але ўвогуле ўсіх беларусаў. Іспанцы нас добра прымаюць.

«Іспанцы — вельмі ўдзячная публіка»

Наталля Сайед. Фота: Instagram

— Ты выступаеш толькі на іспанскай? На беларускай не спрабавала штосьці іспанцам праспяваць?

— Я спяваю на іспанскай, італьянскай, англійскай, рускай. Што спяваць на беларускай — не ведаю. Увогуле, нейкі свой рэпертуар я склала не адразу. Я ніколі да гэтага не спявала на вуліцы, гэта быў вялізны стрэс для мяне. Мне было страшна, бо я памятала перадузятае стаўленне да вулічных спевакоў у Беларусі. Таму я спачатку выступала разам з эквадорцам, а потым ужо і самастойна пачала. І пераканалася, што іспанцы — вельмі ўдзячная публіка.

Я паступова набралася смеласці, каб спяваць без мікрафона. Таму ў рэпертуары ў мяне цяпер у асноўным опера, бо яна не патрабуе мікрафона. Да таго ж, у Валенсіі ўвогуле забаронена выкарыстоўваць апаратуру, калі спяваеш на вуліцы. І спачатку, калі я спявала з мікрафонам, то перажывала, што мяне можа спыніць паліцыя, забраць апаратуру. Таму я прыняла рашэнне спяваць без мікрафона. Я выкарыстоўваю калонку, але гэта ціхая фонавая музыка.

«Людзі самі нясуць мне грошы»

— Ці сапраўды такім чынам можна зарабіць нармальныя грошы на жыццё?

— Я ўжо стала вядомай у Валенсіі, мяне шмат хто ведае і мне паўсюль рады — і іспанцы, і турысты. Пераважна вулічныя артысты тут апранаюцца ў брудную вопратку, спяваюць няякасна. Я ж заўсёды стараюся выглядаць прыгожа, рабіць якасны прадукт. Таму людзі самі нясуць мне грошы, дзякуюць і кажуць, каб я не кідала музыку. Але я і не збіраюся, бо я ж — музыкант паводле адукацыі.

Мяне ўжо запрашаюць выступаць на розных мерапрыемствах, вінных дэгустацыях. Я і сама прапаноўваю свае паслугі, але пакуль што я пераважна вулічная артыстка і часам выступаю ў рэстаранах. Але стараюся расці.

Наталля Сайед. Фота: Instagram

— Ты кажаш, што вулічным спевакам нельга карыстацца апаратурай. Ці ёсць яшчэ нейкія правілы? Ці павінен вулічны спявак атрымліваць дазвол, каб недзе на вуліцы спяваць?

— Валенсія — горад турыстычны, да музыкі тут ставяцца вельмі добра. Але правілы, канешне, ёсць. Каб спяваць на вуліцы, патрэбны дазвол. Але з ім можа быць больш праблем, чым бонусаў. Калі табе даецца дазвол, у ім прапісана, што ты не маеш права карыстацца ўзмацняльнікамі, ты можаш толькі спяваць акапэла. Але па факце ніхто гэтае правіла не выконвае, усе спяваюць з мікрафонам ці калонкай. І калі цябе спыняюць у такой сітуацыі, і ў цябе ёсць дазвол, то табе скажуць — вы ведаеце, што нельга карыстацца калонкай, але парушаеце гэта, таму штраф. А калі няма дазволу, ты быццам не ведаеш правілаў, і тады табе проста скажуць, што трэба звярнуцца ў мясцовы аналаг выканкама і ўзяць дазвол і проста адпусцяць.

«Калі ў Іспаніі штосьці не складзецца, я выжыву ў любой краіне»

— Ты хочаш далей развівацца як спявачка ці ёсць нейкія іншыя планы наконт таго, што далей рабіць у эміграцыі?

— Так, я хачу далей развівацца як спявачка. Хачу паўдзельнічаць у адным конкурсе, але пакуль не буду казаць, якім, каб не спудзіць удачу. Я буду далей у гэтым кірунку развівацца, бо з такім відам заробку я нідзе не прападу. І нават калі з Іспаніяй штосьці не складзецца, я змагу выжыць і зарабіць у іншай краіне. Хоць адсюль мяне ніхто не выганяе і не выганіць без прычын. Тут увогуле, калі ты жывеш законапаслухмяна, да цябе не будзе ніякіх пытанняў, усё будзе добра.

Акрамя таго, я шукаю магчымасць адкрыць тут сваю адукацыйную студыю для дзяцей, як у мяне была ў Бабруйску.

Наталля Сайед. Фота: Instagram

— Наташа, кажуць, у Іспаніі няпроста легалізавацца, атрымаць дазвол на жыхарства. Распавядзі, як у цябе гэта атрымалася?

— Калі я прыехала, то адразу падалася на міжнародную абарону, таму цяпер мы тут з дзецьмі знаходзімся цалкам легальна. У нас ёсць медыцынская страхоўка, у мяне — права на працу. Далей ёсць магчымасць падацца на дазвол на жыхарства па аселасці, калі мы тры гады тут пражывём. У гэтым верасні будзе ўжо два гады і застанецца год. Час ляціць хутка.

Тыкток-эфіры з Іспаніі пра Беларусь і для беларусаў

— Што самае цяжкае для цябе цяпер у Валенсіі?

— Тут вельмі няпроста зняць жытло. Патрабуюць пацверджанне даходаў. А спевы на вуліцы — гэта прыбытак, які не дэкларуецца, таму я не магу нічога пацвердзіць. Каб тут зняць кватэру, патрэбная вялікая ўдача ці шмат знаёмстваў.

— Як адаптаваліся дзеці? Як усё вырашылася са школай?

— Са школай не ўзнікла ніякіх праблем. У Іспаніі цудоўнае стаўленне да дзяцей. Тут кожнае дзіця мае права на адукацыю, нават калі яго бацькі ў краіне нелегальна знаходзяцца. Я хутка ўладкавала дзяцей у школу. Мы прыехалі ў верасні, а ў кастрычніку ўжо пачаліся заняткі. Школа дзяржаўная, бясплатная, і дзеці харчуюцца ў школе бясплатна. З мовай у іх таксама праблемы не ўзнікла.

6.jpeg
Наталля Саед. Фота: Instagram

— Ты сумуеш па Беларусі? Часта згадваеш пра мінулае жыццё?

— Я не кідаю беларускі парадак дня. Я дагэтуль сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі, і непакоюся пра сваю краіну. Яшчэ ў 2020 годзе, калі была ў Беларусі, я стварыла тыкток-канал, у якім паказвала сваё стаўленне да шмат якіх праблем у краіне. Пасля пераезду я паставіла яго на стоп, але апошнім часам вырашыла аднавіць. З лютага гэтага года я вяду жывыя эфіры для беларусаў унутры краіны і за мяжой. Да мяне на эфіры прыходзяць розныя людзі, якія гэтак жа, як і я, эмігравалі, але таксама людзі з іншага боку барыкад, якія знаходзяцца ў Беларусі.

— Пра што твой канал?

— Я ствараю смешныя ролікі, тролю тых, хто падтрымлівае цяперашні стан у Беларусі. І я бачу, што людзям цікава, нават з іншага лагера, бо ў мяне яны бяруць інфармацыю, якой не хапае ўнутры Беларусі. Да таго ж, у мяне фармат адкрытага мікрафона і можна падключыцца і адкрыта выказацца. І я даю слова ўсім, каб людзі паслухалі і зрабілі свае высновы. Я бачу ў іх шмат страху, трывогі. Яны разумеюць, якая будучыня іх чакае.

Адначасова я бачу, што беларускі сегмент у тыктоку цяпер актыўна развіваецца, і там з’яўляецца шмат цікавага кантэнту пра Беларусь і для беларусаў. Але да мяне на эфіры, акрамя беларусаў, прыходзяць таксама ўкраінцы. Мы падымаем самыя розныя, часта вострыя тэмы. Я кажу на сваім канале пра ўсё.

«Мяне пытаюць — табе больш за ўсіх трэба? Я думаю — а хто, калі не я?»

Наталля Саед. Фота: Instagram

— Наташа, навошта табе гэта? І так жа хапае розных складанасцяў на новым месцы. Адкуль ты бярэш энергію на канал?

— Гэта покліч сэрца. Мне хочацца гэта рабіць. Ніхто мне за гэта не плаціць. Я ахвярую свой час, свае высілкі цалкам бясплатна, па ўласным жаданні. І я бачу, што людзям гэта патрэбна, і гэта дае мне сілы працягваць. Што здзіўляе — да мяне прыходзяць тыя, хто памятае мяне па маіх судах у Бабруйску ў 2020 годзе (Наталлі не дазволілі быць назіральніцай на выбарчым участку падчас выбараў у 2020 годзе і завялі на яе адміністратыўную справу. Наталля доўга спрабавала адстаяць справядлівасць і даказаць, што былі парушаныя яе правы. На суды да дзяўчыны тады прыходзіла шмат бабруйчан, — рэд.).

За прыкладна паўтара месяца ў эфіры ў мяне пабылі 100-120 чалавек, падпісчыкаў у маім акаўнце цяпер больш за 4 тысячы.

Я тут чула ад беларусаў — цішэй, Наташа, куды ты лезеш? Табе больш за ўсіх трэба? Тая ж рыторыка, што і ў Беларусі. А я думаю — хто, калі не я? Я хацела стварыць пляцоўку для беларусаў з рознымі пазіцыямі, бо я б хацела, каб беларусы былі салідарнымі і маглі дамовіцца. Бо заўважыла нават у беларускіх суполках за мяжой, што людзі пачынаюць сварыцца. Я гляджу на гэта і думаю — навошта? Ці не больш сэнсу ў тым, каб паразмаўляць і дамовіцца?

«Я шчаслівая там, дзе я ёсць»

Наталля Сайед. Фота: Instagram

— Наташа, як ты глядзіш на будучыню Беларусі? Ці падзяляеш упэўненасць, што неўзабаве ўсё зменіцца і будзе добра?

— Я ўпэўненая, што ў Беларусі будуць перамены, і нам не так доўга чакаць іх, калі беларускі народ стане свядомым, прыме адказнасць за сваё жыццё на сябе. Бо свабода не даецца проста так, бясплатна, за яе трэба пацярпець і пачакаць. Я лічу, што мы цяпер у такім гістарычным моманце, калі ці Беларусі не стане, яна перастане існаваць на палітычнай мапе свету, ці яна адродзіцца. І я кажу цяпер, і ў мяне ўнутры ўсё трымціць, мне балюча, бо я не разумею, як хтосьці можа вырашыць, што мае права пазбаўляць грамадзянства, выганяць з краіны.

— Ты хочаш вярнуцца дамоў?

— Я шмат дзе пажыла, і я лічу сябе чалавекам свету. Я шчаслівая там, дзе я ёсць. Але гэта не адмяняе таго факту, што я — беларуска, нарадзілася ў Беларусі, маю права голасу і буду казаць без залежнасці ад таго, падабаецца гэта каму ці не падабаецца.

Я аб’ектыўна разумею, што каб я вярнулася ў Беларусь, старая сістэма павінна быць разбураная. Я не фантазёрка, у тую Беларусь, якая ёсць цяпер, я не гатовая вярнуцца. І я буду зямлю грызці, але я туды цяпер не паеду, бо ў гэты момант ад мяне больш карысці за мяжой.

«Мне кажуць — трэба захаваць Беларусь. А я пытаюся — а што захоўваць?»

Наталля Саед. Фота: Instagram

— Ці добра табе ў Іспаніі?

— Мне тут цалкам камфортна. Мне падабаецца, што людзі расслабленыя, усміхаюцца, яны шчаслівыя. Тут файны клімат, мора, сонца. Я спяваю. Канешне, паўсюль ёсць нейкія праблемы, бюракратычныя моманты, пытанні сістэмы. Але ў еўрапейскім шляху нашмат больш плюсаў, чым у савецкім, які ўсім спрабуюць навязаць беларускія ўлады. Мне надоечы на эфіры сказалі, што галоўнае — захаваць Беларусь. А я пытаюся — а што вы хочаце захаваць? Што па факце трэба захаваць? Нам сапраўды трэба захоўваць тую Беларусь, якой яна ёсць цяпер?

— Ці шмат беларусаў у Валенсіі і ці падтрымліваеш ты з імі сувязь?

— У групе «Беларусы Валенсіі» 200 чалавек. Часам мясцовыя беларусы ладзяць нейкія акцыі, часам — проста сустракаюцца на пікнікі. Людзі тут вельмі розныя. Ёсць беларускамоўныя, але ўсё ж такі руская мова больш распаўсюджаная. Нават школа, якую тут зрабіла беларуска — рускамоўная. І я цалкам нармальна стаўлюся да рускай мовы, я не лічу, што пасля таго, як Расія напала на Украіну, рускую мову трэба забараніць. Але ў мяне ўзнікла думка — мо, у маёй школе, якую я хачу тут адкрыць, зрабіць беларускі клас? Збіраць дзяцей на беларускія мульцікі, фільмы?

Наталля Саед. Фота: Instagram

Увогуле, я вельмі хацела б наноў адкрыць тут сваю студыю. У Бабруйску ў мяне дзеці навучаліся музыцы, англійскай, кітайскай мовам. Але ў мяне была больш шырокая ідэя, куды развівацца далей. Я хацела вучыць дзяцей думаць. Бо я разумела, што ў беларускай школе гэта немагчыма. Я хацела, каб у дзяцей была бяспечная прастора, дзе дзеці маглі б пасваволіць, пастаяць на галаве, сказаць тое, што яны думаюць. На жаль, у Беларусі цяпер адну за адной закрываюць падобныя прыватныя прасторы.

«Не чакаю ні ад каго дапамогі, разлічваю толькі на сябе»

— Ці проста стварыць школу ў Іспаніі?

— Тут цяжка распачаць уласны бізнес, калі ты без грошай. Магчымасці ўзяць крэдыт няма, бо яго даюць толькі пад гарантыі, якіх у мяне няма. Зняць памяшканне — тая ж праблема, што і з кватэрай, бо патрэбныя гарантыі аплаты.

Увогуле, гэта заўсёды самае цяжкае — пачатак. Я асабліва не чакаю ні ад каго дапамогу, разлічваю толькі на сябе. Я бачу такую тэндэнцыю ў супольнасцях беларусаў — яны любяць крытыкаваць, а каб самім пайсці і зрабіць, дык не. Усе чакаюць, што хтосьці прыйдзе, пашкадуе яго і за яго зробіць.

Я таксама хачу, каб мяне хтосьці пашкадаваў, але такі хтосьці ўсё не прыходзіць. Таму я ўстаю і раблю сама, і лічу, што гэта найлепшы шлях.

Каментары10

  • Максим Дизайнер
    01.04.2023
    Это не простой момент переступить через себя, и пойти мыть унитазы и попы пенсионерам. Для большинства эмигрантов это или стройка - единственный путь. Понятно, что у Натальи не все так сладко и размеренно в жизни, как в статье и на фотографиях. В Испании возле мусорного бака можно сфотографироваться - будет красиво. Но, приятно, что героиня в этой непростой ситуации умудряется заниматься тем, что ей нравится, и выглядеть прекрасно. Я думаю, что здесь все дело в смене обстановки и отношении людей друг к другу. И все правильно, хорошо там, где вы есть, а не только в Германии на пособии, да, борщеварки?
  • Консуэлла
    01.04.2023
    С прошлого года по оседлости в Испании можно подаваться через два года👍👍
  • Консуэлла
    01.04.2023
    С прошлого года в Испании по оседлости можно подаваться через два года👍👍👍
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

На купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей13

На купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Усе навіны →
Усе навіны

У тыктоку пакістанцам рэкламуюць магчымасць атрымання дазволу на працу ў Беларусі. Але беларусы бачаць падвох адразу1

Карпянкоў заявіў, што 90% навабранцаў хочуць служыць па кантракце18

Расія выставіла Украіне восем умоў21

Трамп не стаў лічыць Пуціна перашкодай на шляху да міру8

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч расказаў, як працаваў разам з будучым Папам Львом XIV1

Ціханоўская пра ўдар па маршрутцы ў Сумскай вобласці: Відавочна, што Расія не хоча міру4

У панядзелак павінна стаць цяплей

Эйсмант пра перамовы ў Стамбуле: Мы не напрошваліся на ролю пасярэдніка, але калі неабходна — арганізуем15

Пад Оршай злавілі гіганцкага залатога карася7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей13

На купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць