Грамадства1414

«А ці будзе створаны рэсурс накшталт Tut.by?» Што прапагандысты кажуць беларусам на сустрэчах і якія пытанні ім задаюць людзі 

Пасля выбараў 2020 года прапагандыстаў сталі часцей пускаць у народ. Яны праводзяць прыёмы грамадзян, сустрэчы са студэнтамі і калектывамі. Паглядзелі, што адбывалася на такіх сустрэчах у апошнія месяцы. Пытанні, якія задаюць прапагандыстам, часам даволі нечаканыя.

Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

Ксенія Лебедзева

Часцей за ўсё сустракацца з людзьмі любіць прапагандыстка Ксенія Лебедзева. Так, напрыклад, у сярэдзіне мая тэму інфармацыйнай бяспекі яна абмяркоўвала за «круглым сталом» у Віцебску.

Па словах Лебедзевай, на сустрэчы людзі расказвалі пра праблему камунікацыі з чыноўнікамі. 

«Гэта калі праблему ўзнімаюць знізу, а яна ў сярэдзіне не вырашаецца, вышэй не ідзе, зваротнай сувязі таксама няма, а калі ёсць, то гэта адпіска», — напісала прапагандыстка ў сацыяльных сетках. 

Фота: «Витебские вести»

Яшчэ адна выснова, якую зрабіла Лебедзева пасля сустрэчы: у абласных, раённых медыя не ўзнімаецца праблемная тэматыка.

Хтосьці з прысутных задаў пытанне: «А ці будзе створаны ў краіне рэсурс накшталт старога Tut.by?»

«Людзей найперш цікавіць месца, дзе можна пачытаць пра падзеі ў краіне, афішы, нейкія побытавыя моманты, інтэрв'ю з чыноўнікамі, дзе ўсё сканцэнтравана на адной пляцоўцы, — разважае Лебедзева, не згадваючы, што гэтыя незалежныя пляцоўкі знішчылі ўлады. — Галоўнае перажыванне, што гэтую нішу зойме дэструктыў, не сёння, дык заўтра». 

Фота: «Витебские вести»

Звярнула ўвагу прапагандыстка і на тое, што чыноўнікі ў інтэрв'ю не хочуць адказваць на вострыя пытанні. 

«Гучыць: «Давайце прапусцім». Сёння прапусцім, заўтра сваю версію прапануе ўмоўны Латушка. На перспектыву думаць цяжка. Не жадаюць. А ў выніку частка электарату скажа, што ва ўсім вінаваты Бацька, як гэта было ў 2020 годзе», — робіць выснову прапагандыстка. 

Таксама ў маі Лебедзева прыязджала на сустрэчу з моладдзю ў Мазырскі дзяржаўны музыкальны каледж. 

Такія размовы прапагандысты ладзяць у рамках праекта «Зачетный разговор», які падаецца як інфармацыйна-асветніцкі. Ён быў створаны БРСМ.

Ксенія Лебедзева расказала навучэнцам пра сваю камандзіроўку на Данбас і пра досвед, які яна атрымала ў гэтай паездцы.

«Адчуць каштоўнасць беларускай стабільнасці можна толькі пасля шуму снарадаў над галавой. Але вучыцца лепш на досведзе іншых. Нам не патрэбны досвед Украіны. І я не хачу такога для сваёй краіны», — прыводзіць яе словы мясцовая раёнка.

Фота: «Жыццё Палесся»

Пытанні, якія задавалі з залы, былі пра знешнепалітычную сітуацыю. Як рапартуе раёнка, цікавіліся ўдзельнікі, «якім чынам і якімі сродкамі вядзецца інфармацыйная вайна, якая роля сродкаў масавай інфармацыі ў сучасных рэаліях, як адрозніць дакладную навіну ад фэйкавай, што можа зрабіць моладзь для захавання міру ва ўсім свеце».

Рыгор Азаронак

У красавіку такі ж самы «Зачётный разговор» праводзіў Рыгор Азаронак ва ўніверсітэце фізкультуры для першага і другога курсаў.

Як паведамляла лукашэнкаўская газета, многія на сустрэчы згадалі фота, «дзе наш салдат унутраных войскаў паказвае на чалавека, які ляжыць, і далей ідуць каментары, што гэта сілавік-гвалтаўнік».

Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

«Як выявілася, ніхто з прысутных студэнтаў не бачыў поўнага відэа, пасля прагляду якога станавілася ясна, што чалавек у форме насамрэч проста дапамагаў адцягнуць п'янага з-пад аўтазака. Чаму фэйкавае фота тыражавалася, а відэа, якое выкрывала яго, няма? Спікеры патлумачылі: часткова таму, што большая частка публікі любіць смажаныя навіны і вядзецца на хайп», — піша «СБ. Беларусь сегодня». У рэчаіснасці медыя публікавалі і відэа таго моманту, а мужчына, што ляжаў на зямлі, Яўген Заічкін не мог апрытомнець пасля збіцця.

Рыгор Азаронак пытаўся ў прысутных: не крыўдна ім, што «помнікі вашым землякам, нашым продкам-героям зносяць?»

«Апаганьваюць памяць пра людзей, якія ачысцілі Еўропу ад фашысцкай чумы? А там не вельмі змагаліся. Францыя, адна з апор дэмакратыі, месяца не пратрымалася», — казаў ён, перакручваючы гісторыю. Нягледзячы на тое, што ўрад Францыі пайшоў на перамовы з немцамі, частка французаў на чале з генералам Шарлем дэ Голем арганізавала рух супраціву.

У адказ — цішыня.

Тады Азаронак пацікавіўся ў прысутных хлопцаў, хто гатовы ісці добраахвотнікам абараняць радзіму, «калі раптам на нас нападуць з боку Польшчы ці Украіны».

 У адказ падняў руку адзін хлопец.

«Планаў шмат — працаваць, стварыць сям'ю, — кажа іншы студэнт. — Урэшце жыць хочацца». 

Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

Андрэй Мукавозчык

Сёлета ў маі Мукавозчык сустрэўся з навучэнцамі Беларускага каледжа прамысловасці і будматэрыялаў. 

«Зачётный разговор» не моцна адрозніваўся ад іншых сустрэч вышэй: з тэмамі для «дыскусій» прапагандысты не замарочваюцца. 

Мукавозчык расказваў моладзі пра нацыянальную бяспеку, размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, праблему наркаманіі, сацыяльную падтрымку сем'яў, тое, як адрозніць праўду ад фэйкаў і як інфармацыя сёння змяняе свет.

Фота: скрын з СТБ

«Гэтыя ўсе Telegram-каналы кажуць, што Беларусь дрэнная, што там усё разрабавана — бамбасховішча. Гэта ўсё фэйкі, я ў гэтым не сумняваюся. Наогул наша канферэнцыя прайшла паспяхова, мне ўсё спадабалася», — зрабіў выснову пасля сустрэчы навучэнец каледжа Антон Чарапан. 

Фота: скрын з СТБ

Разам з галоўным рэдактарам лукашэнкаўскай «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрыем Жуком Мукавозчык сустракаўся з «актывам» у Лагойску. 

Фота: logoysk.by

Там яны прапанавалі абмеркаваць тыя пытанні, якія хвалююць сёння жыхароў краіны, і падзяліліся сваімі думкамі пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі і вакол яе, як піша мясцовая раёнка. 

Удзельнікаў размовы цікавіла, «які цяперашні статус такой асобы, як Кастусь Каліноўскі».

Фота: logoysk.by

Але тут адказ Андрэя Мукавозчыка раёнка не прыводзіць, толькі Дзмітрыя Жука.

«Я лічу, што не трэба кідацца з боку ў бок, — кажа ён. — Робячы кагосьці спачатку героем, а потым ворагам ці наадварот. Мяркую, правільна проста ўспрымаць яго існаванне як гістарычны факт.

А галоўны ўрок у тым, каб задумацца, што і чым мы хочам замяніць. Мірнае жыццё на рэвалюцыйныя перавароты? Сацыяльныя заваёвы на законы дзікага рынку? Сямейныя каштоўнасці на абязлічаныя стасункі? Гэты пералік можна працягваць. Пытанне ў тым, ці трэба нам усё гэта. Думаю, адказ разважнага чалавека прадказальны».

Ігар Тур

З прапагандыстам ладзілі «дыялогавую пляцоўку» ў Крупскім лясгасе.

Мясцовая раёнка суха паведамляе, што з прысутнымі Ігар Тур абмяркоўваў грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне.

Фота: krupki.by

У гэтым кантэксце гаворка ішла пра «методыку працы экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, правакаванні карыстальнікаў на лайкі і каментары, вырыванне сэнсаў з кантэксту».

Таксама размаўлялі пра эканоміку. Ігар Тур пераконваў прысутных, каб яны не давяралі аналітыкам, якія выступаюць у незалежных медыя.

«Гэта не таму, што яны дрэнныя аналітыкі, а таму, што ў іх недастаткова вычарпальнай інфармацыі. Для таго, каб зрабіць якасны аналіз, неабходна прапрацаваць увесь масіў інфармацыі, а такой магчымасці ў іх няма. У выніку атрымліваецца не аналітыка, а фантастыка», — кажа ён. 

Фота: krupki.by

Хтосьці з залы задаў пытанне пра сучасную моладзь. Вось толькі складана зразумець, на якое канкрэтнае пытанне адказваў Тур, бо мясцовая раёнка яго не прыводзіць.

«Патрыятызм — гэта адэкватнае разуменне і гонар за перавагі сваёй краіны. Пераваг, безумоўна, шмат. Але нельга ствараць ілюзорную карціну, трэба абмяркоўваць праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння. Мы цудоўныя, але не беспамылкова ідэальныя», — кажа ён. 

Чытайце таксама: 

«Клеілі літару Z, а пасля яе аддзіралі». Былы вязень шклоўскай калоніі расказвае, як няўдачы расіян на фронце змянялі настроі сілавікоў

Што беларусы думаюць пра размяшчэнне ў краіне ядзернай зброі?

«Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыладай на раз-два». Аповед журналістаў, чыю рэдакцыю знішчылі два месяцы таму

«Нарэшце з'явілася магчымасць пісаць за сталом, а не на каленку». Палітвязень Гундар даслаў першы ліст

Каментары14

  • бандарава
    19.06.2023
    «А ці будзе створаны рэсурс тыпу Tut.by?»

    так он же уже есть

    точка.бай

    че им еще надо ?
  • К121
    19.06.2023
    что мешает читать зеркало через телеграм или с помощью vpn? Если всё мешает, то какой смысл вам читать зеркало? Читайте белту(
  • clay
    19.06.2023
    зачем гною что то знать?) лол)
    раб должен читать только орко новости про очередную сотню поверженных хаймарсов/ патриотов и 10 000 солдат НАТО за предыдущие 26 минут

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў4

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў

Усе навіны →
Усе навіны

Самалёт ЗША падбілі «сяброўскім агнём» над Чырвоным морам1

«Гэта літаральна зрывае дах!» Тэлевядучая Люцыя Герашчанка распавяла пра паездку ў Індыю з сынам7

Ужо тыдзень у Расіі не могуць знайсці мужчыну, які забіў паліцэйскага, а пасля згвалціў і забіў яго маладую жонку12

«Скралі тры партсігары, тры курткі». Віцебскі губернатар абвінаваціў прадпрымальнікаў у перабольшванні наступстваў пажару3

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года69

Афіцыйна пацвердзілася трагічная прычына смерці хакеіста Уладзіміра Цыплакова1

Ідэя на падарунак — падборка стылёвых аксесуараў з беларускім каларытам1

Зніклы чатыры дні таму на Камчатцы самалёт Ан-2 знойдзены. Людзі жывыя

Кулямёт замест кантрактаў. Чым запомніцца візіт Лукашэнкі ў Аман?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў4

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў

Галоўнае
Усе навіны →