Выбары-2020

«Сястра, як пачула голас, заплакала». Што зараз з Яўгенам Заічкіным, якога 9 жніўня лічылі загінулым

Фота з пратэстаў Яўгена Заічкіна абляцела ўвесь свет: беспрытомны і ў крыві, ён ляжыць ля аўтазака, а разгублены амапавец разводзіць рукамі. «Я яго адпусціў! Вы хуткую выклікайце, дэбілы!» — у паніцы крычыць натоўпу сілавік у масцы. Яўгена лічылі загінулым, і толькі на наступны дзень блізкія даведаліся, што ён у бальніцы. Цяпер Заічкін у Вільні. Для «Нашай Нівы» ён згадвае той дзень і распавядае, як пражыў гэты год.

Падзеі 9 жніўня Яўген памятае ўрыўкамі. Затрымалі яго на Нямізе.

«Калі ўбачыў бакавым зрокам бусік і як адтуль выбягаюць амапаўцы, я стаў на калені і падняў рукі.

Першыя 10 удараў памятаю, а пасля не. Унутры аўтазаку я прыходзіў у сябе, глядзеў у акно, каб зразумець, дзе я. Амапаўцаў там было шэсць чалавек, і я памятаю тыя вочы — ім было страшна, яны былі рады, што не на вуліцы.

Калі пачалі ўзрывацца гранаты і трапіў дым у аўтазак, я прысеў, і мне зноў стала дрэнна. Наступнае, што памятаю, — як ляжаў на мокрай траве, было холадна і вакол сілуэты ў чырвоных камізэльках».

Дактары забралі мужчыну ў бальніцу хуткай дапамогі. ЧМТ, пашкоджанне шыйных пазванкоў, разарваная губа і шматлікія гематомы — у такім стане Заічкін быў пасля затрымання.

«Калі апрытомнеў, нада мной стаялі два міліцыянты з папкамі і нейкімі паперамі. Папрасілі распавесці, пры якіх абставінах што здарылася, але я сказаў, што мне дрэнна і не магу зараз гаварыць. Калі яны сышлі, я падняўся, зразумеў, што магу хадзіць, падышоў да паста і папрасіўся ў медсястры сысці. Яна сказала, што зараз падыдзе доктар — калі ён вас адпусціць, то можна».

Пра тое, што Яўген жывы, не ведалі нават яго блізкія. Тэлефон растапталі пры затрыманні. У палаце разбіты экран пастаянна міргаў, але мужчына не мог адказаць на званкі. Толькі пазней успомніў, што мае з сабой навушнікі, і праз іх пачаў прымаць выклікі.

«Дазванілася стрыечная сястра. Як пачула голас, заплакала. Мне ўжо паказалі, што пішуць у інтэрнэце, таму я папрасіў, каб майму 12-гадоваму сыну не ўключалі навіны».

Пасля выпіскі з бальніцы Яўген паехаў шукаць брата, якога затрымлівалі разам з ім. Чатыры дні пра яго не было інфармацыі. Знайшлі брата ў лячэбна-працоўным прафілакторыі пад Слуцкам, куды ў тыя дні перавозілі многіх затрыманых.

Яўген прызнаецца: у дзень выбараў быў упэўнены, што вечар скончыцца інакш.

«Мяркуючы па тым, што я бачыў на ўчастку, па колькасці людзей з белымі павязкамі, я верыў у перамогу. Думаў, што будзем ірваць салюты. Але калі я сеў у таксі і спытаў у кіроўцы, хто перамог, быў у шоку ад пачутага — яшчэ і з такім працэнтам галасоў».

Разам з адвакатамі-валанцёрамі мужчына склаў заяву па факце збіцця. Яна дагэтуль ляжыць у яго. Яўген не паспеў перадаць яе у СК: ранкам 19 жніўня яму пазваніў сябра, параіў з’язджаць. Сказаў, што пачалі забіраць тых, хто распавядаў нешта на камеру. Аб 11-й вечара Яўген ужо ехаў на аўтобусе ў Вільню. А на наступны дзень сілавікі прыйшлі да яго сына і былой жонкі — распытвалі, дзе ён.

Уехаць у Літву мужчына разлічваў па працоўнай візе. Ён каля года працаваў рабочым на тамтэйшую будаўнічую фірму, але калі разгарэлася эпідэмія, вярнуўся ў Мінск.

«На мяжы даведаўся, што яе анулявалі, і мяне не папярэдзілі. Я так разумею, па заканадаўстве за кожную выдадзеную візу фірма, якая наймае работнікаў, мусіць справаздачыцца ў міграцыйных органах, і калі чалавек не знаходзіцца на працы, але ў яго ёсць віза, яны плацяць штраф. Прыйшлося прасіць прытулак, каб упусцілі».

Пазней дакументы на бежанства Яўген забраў, захацеў паехаць адпачыць у іншую краіну. Тры месяцы ён правёў на Мальце.

«Чаму там? А вы там былі хоць раз? Я на Мальце калісьці адпачываў, і мне вельмі спадабалася. Калі зляцеў туды, мне стала лягчэй: я практычна не глядзеў навіны, толькі тое, што мне асабіста дасылалі. А калі знаходзіўся ў Вільнюсе, кожны дзень перажываў тое, што было. І цяпер, чым бліжэй 9 жніўня, тым больш успамінаў».

У найбліжэйшы час мужчына не збіраецца вяртацца дадому. З сынам ён ужо год не бачыўся.

«Пакуль улада не зменіцца, у Мінск складана паехаць, каб не патрапіць у турму. Сям’я там засталася. Старэйшы брат (не той, якога затрымлівалі) у мяне ваенны, маёр. Пасля гэтых падзей яго пачалі выклікаць на размовы, і я з ім год ужо не камунікую. Размаўляю з яго жонкай, яна коратка кажа, што ўсё ў іх у парадку.

Зноў падаў дакументы на бежанства. Хадзіў у Літве на акцыі, ездзіў перакрываць дарогі каля памежнага пункта. Афіцыйна працаваць пакуль нельга. А далей буду ў будаўнічай сферы заставацца, я ўсё жыццё тут. Думаў памяняць прафесію, але, каб перавучвацца, патрэбны час. У прынцыпе, гэта праца добра аплачваецца, хоць і надакучыла крыху».

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу

«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу

Усе навіны →
Усе навіны

Дарадца Трампа расказаў, калі ЗША могуць размарозіць вайсковую дапамогу Украіне6

Мінпрыроды сабрала нараду па рэдказямельных металах. На наступны дзень пасля загаду Лукашэнкі капаць7

Ваюючы супраць Украіны, знік без вестак серыйны рабаўнік з Беларусі3

«Некаторыя кліенты знайшлі альтэрнатыву новым далярам». Касірка банка адказала на пытанні, якія ўзнікаюць пры абмене валюты

Танкі замест аўтамабіляў. ВПК замяняе аўтапрамысловасць у якасці галоўнага рухавіка эканомікі Германіі4

Абменены расійскі шпіён інфармаваў ГРУ пра беларускія дэмсілы ў Польшчы2

«Улік надою». Расійскі банк спрабуе хітра абысці санкцыі — ён замаскіраваўся пад дадатак для даярак

Прадаюць санаторый, у якім адпачываў Пятрусь Броўка2

«Рэйган пераварочваецца ў труне». Дэмакраты даручылі адказваць Трампу сенатарцы, чый прадзед уцёк у Амерыку з Койданава8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу

«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць