Грамадства

«Як толькі яны пачынаюць сварыцца, гусі ўжо стаяць ля веснічак, чакаюць». Жанчына ў Мёрскім раёне працягвае традыцыі продкаў і весяліць гасцей гісторыямі з даўніны

Гасцінная, шчырая, натхнёная сваёй справай, Галіна Паўлоўская з Мёрскага раёна ўспрымаецца як чалавек-гісторыя. Бо іх, розных — вясёлых і сумных, з жыцця сваякоў і аднавяскоўцаў, — ведае мноства, у чым пераканалася карэспандэнтка «Звязды», з'ездзіўшы да жанчыны дахаты.

Душэўная і натхнёная сваёй справай Галіна Паўлоўская

Хто спявае, той двойчы моліцца

Сустрэлася журналістка «Звязды» з Галінай Уладзіміраўнай на яе малой радзіме — у вёсачцы Пераброддзе. «Тут мне асабліва лёгка дыхаецца, — кажа жанчына. — Гэта маё месца сілы». І перш-наперш запрашае ў былое гаспадарчае памяшканне, якое з любоўю заве «кутком вясковых гісторый». Тут сабраныя рэчы, якімі калісьці карысталіся яе продкі. І з кожнай звязаная нейкая гісторыя.

Найбольш запомнілася — пра пасажны куфар бабулі Зузаны.

«Мой дзед Мацей хоць і быў з рукамі, але меў невялікі рост ды сціплы надзел зямлі. Таму за яго ніхто не хацеў ісці замуж. Але Мацейка (так ласкава называлі яго ў мястэчку) не разгубіўся, запрог каня і паехаў у суседнюю вёску, дзе сасватаў такую красуню (ды яшчэ з поўным куфрам пасагу), што ўсе дзеўкі ў Пераброддзі локці кусалі. Для мяне гэта гісторыя пра тое, што кожны чалавек — каваль свайго шчасця і што не варта губляцца ў любой сітуацыі. Яе, як і мноства іншых, я пачула ад таты. Ён быў расказчык ад Бога. Калі меў настрой, дык нават самыя простыя сітуацыі так апавядаў, што ўсе проста падрывалі жываты са смеху».

Адзін з самых старых «экспанатаў» — рыбная сетка з ільняных нітак з грузіламі-камянямі, пераплеценымі лазой, ёй пад сто гадоў. «Мой тата, як і большасць перабродцаў, лавіў рыбу. Толькі ўявіце сабе, хоць мы і жылі побач з возерам, ён за ўсё сваё жыццё ні разу не памыў там брудных ботаў. Вось якое было выхаванне! Які б ні быў стомлены, прыходзіў, даставаў ваду з калодзежа і ішоў іх мыць на агарод. Мы таксама стараемся беражліва ставіцца да прыроды, вядзём раздзельны збор смецця».

— А якая рэч для вас самая каштоўная? 

— Тут кожны цвічок, кожная нітачка захоўваюць цяпло рук маіх дзядулі, таты, мамы, цётачак. Гэта ўсё для мяне даражэйшае за любы скарб. Але калі трэба штосьці выдзеліць, то, напэўна, татавы цымбалы — яны былі нашым кармільцам. На жаль, на іх ужо не пайграеш, можна толькі распавядаць.

Цымбалы, якія ў свой час «кармілі» сям’ю

Зрабіў іх дзед Мацей адмыслова для свайго сына. Два гады сушыў дрэва ў цені, каб яно было звонкае. Памятаю, як гэтыя цымбалы спявалі ў руках майго бацькі. Ён быў самавукам. Акрамя цымбалаў, асвоіў баян, акардэон. Хоць і не ведаў нот, але мог на слых падхапіць любую мелодыю.

Разам з братамі Пушкелямі, Антосем і Мечыславам, тата граў на вяселлях. Калі яны рэпеціравалі ў нас дома, я баялася варухнуцца, настолькі гэта былі чароўныя гукі. Калі ствараўся хор Рыгора Шырмы, тату таксама туды запрашалі. Але ён адмовіўся: маўляў, «я ўжо стары (яму было ўсяго 32 гады) ды і музычнай граматы не ведаю».

Паводле слоў Галіны Уладзіміраўны, Пераброддзе раней было вельмі музычным. У кожнай хаце гралі на адным, а то і на двух інструментах. А пачыналася ўсё з царкоўнага хору, спяваць на клірасе ў вёсцы лічылася за гонар. З усёй акругі ў царкву прыязджалі людзі, каб пачуць тыя ўнікальныя галасы. Менавіта з гэтага хору нарадзіўся Перабродскі чатырохгалосы хор, які меў званне народнага і праіснаваў 50 гадоў.

«Даўней, памятаю, калі збіраліся за святочным сталом, ежа была небагатай. Але гэта было не галоўным. Самае галоўнае, што спявалі. У мяне і цяпер слова «госці» асацыіруецца з душэўнымі спевамі. У нас дома часта гучала фраза: «Хто спявае, той двойчы моліцца». Мае бацькі — простыя вясковыя людзі, тата працаваў у калгасе, маці — прыбіральшчыцай у школе. Але, калі збіраліся ў нас, спявалі ў чатыры галасы.

Песні на вершы Ясеніна, цудоўныя рамансы, якія ўжо дарослай слухала па радыё, я ўпершыню пачула менавіта ў сябе дома. Уяўляеце, які быў высокі ўзровень культуры! Апошні раз у нас было тое шматгалоссе, калі мне спаўнялася 40 гадоў, калі яшчэ былі жывыя мае бацькі, мае цёткі… Божа мой, як жа гэта было цудоўна!»

Дарэчы, дзякуючы Галіне Паўлоўскай, якая больш як дзесяць гадоў прапрацавала старшынёй мясцовага сельвыканкама, у Пераброддзі пачалі ладзіць свята народнай творчасці «Перабродская зорка». Тым самым адрадзілі мясцовую традыцыю. Даўней у Пераброддзі штогод праходзіў фэст у дзясятую нядзелю пасля Вялікадня. З усіх суседніх вёсак збіраліся людзі спачатку на царкоўную службу, а потым на плошчы ладзіліся кірмаш і розныя забавы.

«Талент праклюнуўся пасля 50-ці»

Сёння Галіна Уладзіміраўна працягвае традыцыі сваіх умелых сваякоў. Валіць з воўны карціны, брошкі, вопратку, абутак… «Валеннем пачала займацца позна. Талент праклюнуўся пасля 50-ці гадоў нечакана для мяне самой.

Пастаянна спрабую штосьці новае. Сёлета навучылася сама варыць воўну. Муж смяецца: «Цяпер трэба правяраць каструлі, бо ты ж можаш на абед замест супу падаць воўну». А перад Вялікаднем фарбавала яйкі шалупіннем ад цыбулі і вырашыла пафарбаваць гэтым жа адварам шоўк і воўну. Вельмі прыемны колер атрымаўся (паказвае кветку, якую зваліла)».

Гэтая кветка зробленая з шоўку і воўны, пафарбаваных… шалупіннем ад цыбулі

На вырабы Галіны Паўлоўскай можна падзівіцца ў кутку «Мацейкавы рамёствы». Гэтую творчую прастору жанчына стварыла больш як дзесяць гадоў таму, каб праводзіць там майстар-класы. Ідэю прывезла ў 2010 годзе з навучальнай паездкі ў адну з вёсачак суседняй краіны.

«Там летам ладзіцца пленэр ганчароў, яны лепяць вырабы, абменьваюцца досведам. Мне тая ідэя запала ў душу, і так захацелася штосьці падобнае праводзіць у сваім родным Пераброддзі. Ганчарствам у нас не захапляліся, затое тут спакон веку гадавалі авечак. Вось я і вырашыла, паколькі мае дзед Мацей і цёця Соня валілі валёнкі, то і мы будзем займацца валеннем».

За некалькі месяцаў Галіна Паўлоўская напісала праект, падала заяўку і атрымала грант. У тым жа годзе знайшла майстра, сабрала людзей і правяла першы летнік рамёстваў «Жывое цяпло» па валенні з авечай воўны.

Праз пяць гадоў ён плаўна перацёк у сямейны летнік «Вясёлка рамёстваў». Шточэрвень дзеці ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў (у тым ліку і па рэкамендацыі Беларускага дзіцячага фонду) са сваімі бацькамі, дзядулямі ці бабулямі прыязджаюць у Пераброддзе на два тыдні і цікава ды з карысцю бавяць час, адкрываючы для сябе штосьці новае.

«А пачалося ўсё з таго, што мне захацелася штосьці перадаць унукам. Адарваць іх хоць на нейкі час ад гаджэтаў. А для гэтага (як настаўніца, ведаю тое не па чутках) іх трэба чымсьці зацікавіць. Таму пачынаю рыхтаваць праграму сямейнага летніка за год. Запрашаю цікавых людзей, якія праводзяць майстар-класы. Што мы толькі ні рабілі: і сыр варылі, і масла ў маслабойцы вучыліся біць, стваралі выцінанкі ды маляванкі… Ладзілі спартакіяды, «Поле цудаў», дабрачынны кірмаш.

Сёлета я запрасіла бабулю 1941 года нараджэння. Яна сядзела ў цэнтры «Кутка вясковых гісторый», прала і адначасова распавядала пра сваё дзяцінства, спявала старадаўнія песні. Дзеці слухалі, разявіўшы раты. Кожны дзень я ладзіла ім «вясковыя хвілінкі», паказвала нейкую старадаўнюю рэч, прасіла здагадацца, для чаго яна. А потым замацоўвалі яе прымяненне на практыцы: спрабавалі прынесці ваду на каромысле, памыць з пранікам бялізну…

Калі чую, што маладыя мараць назаўсёды з'ехаць з вёскі, мне робіцца вельмі сумна. Хочацца, каб марылі па-іншаму: «Вось я вярнуся і штосьці цікавае зраблю тут, а не дзесьці там». Таму я заўсёды стараюся пазнаёміць дзяцей з людзьмі, якія знайшлі сябе ў вёсцы.

Сёлета ездзілі ў Суромшчыну. Сям'я пераехала туды з Полацка і адкрыла сваю справу. Яны вараць такія класныя сыры, што іх бяруць нават для рэстаранаў. Уявіце сабе: яны да гэтага ніколі ў жыцці не даілі кароў, не ведалі, з якога боку да іх падысці. Але я заўсёды казала і кажу: «Хацець — значыць магчы». Калі ёсць моцнае жаданне — усё абавязкова атрымаецца».

«Хто да цябе сюды паедзе?»

Зялёную хатку сваімі рукамі пабудаваў бацька Галіны Паўлоўскай. Менавіта ў ёй прайшло шчаслівае дзяцінства гераіні гэтага артыкула.

«Хата майго дзеда Мацея, на жаль, не захавалася. Яна стаяла на месцы вунь таго блакітнага дома (паказвае). Поруч з хатай дзеда Мацея месцілася яшчэ сем хат яго радні, усе сяліліся побач. Таму наша сям'я складала значную частку вёскі. Жылі вельмі дружна, дапамагалі адно аднаму.

Мы з братам, можна сказаць, выраслі ў падоле ў бабы Каці, гэта маці дзядзі Віці, яго хата знаходзілася насупраць нашай. Памятаю, мама пойдзе на агарод ці ў ягады, а нам так і карціць уцячы на возера. А шлях да берага ішоў праз двор дзядзі Віці, дзе заўсёды сядзела ў хусцінцы і доўгай спадніцы баба Каця і драмала на сонейку.

На дыбачках ідзём, каб яе не разбудзіць. Але кожны раз, як толькі даходзілі да бабы Каці, яна прачыналася і са словамі «ах вы мае жэўжыкі» садзіла нас на сваё вялікае пакрывала. А там у фартуху ў яе заўсёды былі смачныя сушаныя яблыкі, дагэтуль памятаю іх смак».

Ад таго «радавога гнязда» Галіне Паўлоўскай у спадчыну дасталіся дзве хаты: бацькоўская і дзядзькі Віці. У сезон яна здае іх для адпачынку сем'ям з дзецьмі, пажылым людзям

«Наогул, пачатак турызму ў нашай вёсцы паклаў 50 гадоў таму вясковы пастух дзед Сцяпан. Яшчэ калі я была маленькая, ужо тады ў яго дамку спыняліся госці з Піцера. І гэта цалкам лагічна, бо тут неверагодныя мясціны. Я тут нарадзілася, вырасла, пражыла практычна ўсё жыццё і ўсё адно не магу нацешыцца гэтай прыгажосцю. Часам сяджу на беразе возера, любуюся зорнымі россыпамі ці захадам сонца і так хочацца гэтым дзяліцца з астатнімі.

Таму ў пачатку 2000-х кажу мужу: «Чэсік, давай і мы будзем запрашаць гараджан у вёску». Але ён толькі махнуў рукой: «Хто да цябе сюды паедзе? Што тут рабіць? Тым больш дом без выгод…» — «Дык давай зробім выгоды, ну робяць жа іншыя». Прыгналі трактар, выкапалі вялікую яму, і на гэтым скончылася наша добраўпарадкаванне. Муж проста не верыў, што мы ўкладзём грошы і нешта з таго атрымаецца, таму так неахвотна гэтым займаўся.

І вось раптам да нас прыязджае міжнародная група навуковых супрацоўнікаў, якая збіраецца вывучаць наша «Балота Мох». Я паказала ім бацькоўскі дом, а потым дом дзядзі Віці — без падлогі, электрычнасці, з пахіленым гнілым плотам, з ямай, праз якую трэба пераходзіць па дошчачцы. «А праз два тыдні гэты дом будзе гатовы?» — на поўным сур'ёзе запыталася кіраўнік групы. «Будзе!» — адказала я без ноткі сумневу.

А потым сама сабе думаю, як мне гэта паведаміць мужу? Цэлы дзень рыхтавалася, кажу: «Чэсік, ты ведаеш, у мяне добрыя навіны. У нас будуць жыць вучоныя». — «Калі, налета?» — «Не, праз два тыдні». У мужа мову адняло ад маёй нахабнасці. Але менавіта з гэтага пачаліся зрухі.

І вы не паверыце, за два тыдні мы паспелі больш, чым за чатыры гады. Паставілі прыгожы плот, пралажылі камунікацыі, зрабілі падлогу, правялі электрычнасць. Усю ноч перад заездам вучоных мы з малодшай дачкой прыбіралі хату. У восем гадзін раніцы выходзім да веснічак сустракаць гасцей.

Але… чырвоны аўтобус праехаў міма. Першая думка: «Ну, напэўна, яны нас не выбралі…» Але неўзабаве аўтобус вярнуўся. Аказваецца, вучоныя проста не пазналі дом без галоўных арыенціраў — ямы з дошчачкай ды гнілога плота. Пасля таго муж памяняў сваё стаўленне да турызму на вёсцы і дапамагае з большым імпэтам».

За гарбатай Галіна Уладзіміраўна распавяла яшчэ мноства цікавых вясковых гісторый. Самая смешная — пра гусей.

«У адным канцы Пераброддзя жыў хлопец, у другім — дзяўчына. Вырашылі яны сысціся. Паколькі хлопец жыў з мамкай, а дзяўчына адна, то жаніх перайшоў да нявесты. Прычым так паважна, з гусямі. І вось як толькі яны пасварацца, ён збірае сваіх гусей і ідзе да маці. А праз нейкі час з тымі ж гусямі вяртаецца назад. Але што самае цікавае, як толькі яны пачынаюць сварыцца, гусі ўжо стаяць ля веснічак, чакаюць. Яны ўжо ведаюць, чым гэта справа скончыцца».

Пакуль госці смяюцца, Галіна Уладзіміраўна згадвае, як у дзяцінстве сама пасвіла гусей. «Адзін шкодны гусак пастаянна імкнуўся звесці наш статак у суседнюю вёску. Але я была баявая, садзілася ў лодку і адганяла іх да свайго берага».

Яшчэ адным цікавым фактам гэтай мясцовасці была вышыўка па сетцы каляровай ваўнянай ніткай. Такія абрусы клалі на стол толькі на самыя вялікія святы.

У гэты момант Галіна Уладзіміраўна глядзіць у акно і ўсклікае: «Наташа, лебедзі з малымі! Цябе, напэўна, шукаюць». Усе выбягаюць на двор, спрабуюць прагнаць іх з дарогі, але птушкі не слухаюцца.

Тады Галіна Уладзіміраўна бярэ ініцыятыву ў свае рукі. Як потым смяяліся, дзіцячы досвед пастушкі гусей прыдаўся. Трэба было бачыць, як па-майстэрску прыгожа адвяла яна лебедзяў з дзеткамі з дарогі на возера. Проста махала рукамі, быццам крыламі, і птушкі паслухмяна ішлі за ёй.

На беразе возера ў вочы адразу ж кінулася пара жураўлёў. Але не звычайных. «Мае бацькі пражылі разам 53 гады, спачатку не стала таты, а праз восем гадоў — мамы. Мы з братам вырашылі, што павінны зрабіць штосьці прыгожае ў памяць аб іх. Менавіта на гэтым маляўнічым беразе возера Набіста, дзе бацькі пражылі сваё шчаслівае жыццё.

Гэтых жураўлёў Галіна з братам паставілі на беразе роднага возера як памяць аб бацьках

А паколькі брэнд нашай мясцовасці — жураўлі, і песня такая ёсць — «И превратились в белых журавлей», вырашылі зрабіць скульптурную выяву ў выглядзе гэтых птушак. Бачыце, яны як быццам з гэтага берага ўзлятаюць у нябёсы. Адна за другой. Тата ўсё жыццё аберагаў нашу сям'ю, нашу маму, ён і там сёння нас усіх аберагае, я гэта адчуваю».

«Адкуль ты? — спытаюць.
Я з краю азёрнага,
дзе рыбы пудовыя б'юць.
Адкуль ты?
Я з краю, дзе россыпы зорныя любым заснуць не даюць.
Адкуль ты?
Я з краю, дзе песні спяваюць, дзе квеценню ззяе вясна.
Адкуль ты, з якога цудоўнага краю?
Мой край Перабродскім завецца здаўна».

На развітанне Галіна Паўлоўская чытае вершы і запрашае абавязкова вяртацца ў Пераброддзе, побач з якім таксама ёсць што паглядзець — заказнікі «Ельня» і «Балота Мох», Дзедзінская крыніца, Ваўчыная гара, камень-следавік…

Каментары

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Усе навіны →
Усе навіны

Ва ўзросце 112 гадоў памёр самы стары мужчына ў свеце1

Пачалі судзіць пажарнага, які публічна звольніўся ў 2020 годзе

Украінскія разведчыкі эвакуявалі з вострава Змяіны 15 кацянят ФОТЫ1

Пратэстоўцы ўвайшлі ў Ісламабад, дзе цяпер з візітам Лукашэнка. Пачаліся беспарадкі і страляніна38

Міністр спорту Кавальчук выйграў расійскі-беларускі турнір па більярдзе ФОТАФАКТ2

Яшчэ каля 800 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за паўгода. Праверце сябе і блізкіх2

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне5

Памёр былы рэгіянальны начальнік КДБ Іван Корж12

У Хойніцкім раёне воўк напаў на вартаўніка, а потым на міліцыянераў, якія прыехалі на выклік1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Галоўнае
Усе навіны →