Здароўе

У ЗША зацвердзілі наватарскія таблеткі ад пасляродавай дэпрэсіі

Разбіраем, чым адрозніваецца «бэбі-блюз» ад клінічнай пасляродавай дэпрэсіі (ПРД), як мінімізаваць прыгнечаны стан пасля нараджэння дзіцяці і як працуе новы прэпарат супраць ПРД.

Фота: vecteezy

Для большасці маладых бацькоў вяртанне дадому з дзіцем, напэўна, самае вялікае ўзрушэнне ў жыцці. Дзеці — гэта ​​радасць, але і цяжкая нагрузка. Бяссонныя ночы, частае кармленне і догляд за бездапаможнай істотай, якая цалкам залежыць ад вас, могуць быць вельмі знясільваючымі. Тым не менш з часам, некаторай практыкай і, калі пашанцуе, падтрымкай сям'і і сяброў многія бацькі ў выніку прыстасоўваюцца да новых роляў і перабудоўваюць сваё жыццё належным чынам.

Але некаторыя маці аказваюцца ў стане, які далёка пераўзыходзіць тыповы «дзіцячы блюз» — прыгнечаны стан духу, характэрны (па розных даных) для 40—80% маладых маці. Бэбі-блюз выклікае стомленасць, раздражняльнасць і агульнае пачуццё прыгнечанасці на працягу першых некалькіх тыдняў пасля родаў.

У большасці выпадкаў бэбі-блюз узнікае праз тры-пяць дзён пасля родаў і доўжыцца ад двух дзён да двух тыдняў. Сімптомы пасляродавай прыгнечанасці жанчына можа адчуваць ад некалькіх хвілін да пары гадзін на дзень. Калі праз два тыдні праявы бэбі-блюзу не толькі не зніклі, але і пагоршалі, лічыцца, што пачалася пасляродавая дэпрэсія, якая, дарэчы, можа ўзнікнуць у маці ў любы момант на працягу ажно двух гадоў пасля нараджэння дзіцяці.

Па даных Цэнтра кантролю і прафілактыкі захворванняў ЗША, у кожнай восьмай жанчыны развіваецца пасляродавая дэпрэсія (ПРД). І калі ПРД досыць моцная, яна можа прывесці нават да смерці: паводле вынікаў, апублікаваных у 2022 годзе, на самагубства сярод маладых маці прыпадае 20% усіх выпадкаў мацярынскіх смерцяў.

Цяпер Упраўленне кантролю за прадуктамі і лекамі ЗША (FDA) зацвердзіла новы прэпарат, які можа дапамагчы жанчынам. Гэта таблетка, якую трэба прымаць раз на дзень два тыдні. Зураналон (zuranolone), які трапіць на прылаўкі прыблізна з кастрычніка 2023 года і будзе прадавацца пад маркай Zurzuvae, будзе першым пераральным метадам лячэння ПРД. Popular Mechanics піша пра тое, што трэба ведаць наконт новага прэпарату.

Правільны дыягназ

Па-першае, трэба разумець, што такое клінічная дэпрэсія ў цэлым. Гэты стан прымушае чалавека адчуваць некаторыя або ўсе з наступных сімптомаў: страта матывацыі, безнадзейнасць, моцная стомленасць і сур'ёзныя змены апетыту і сну (бессань ці, наадварот, зашмат сну). Таму важна пацвердзіць афіцыйны дыягназ клінічнай пасляродавай дэпрэсіі ў лекара, каб дакладна ведаць, ці ёсць яна ў вас. Стан здаецца знясільваючым, у той час як вышэй згаданы дзіцячы блюз (што ўзнікае, напэўна, праз гарманальныя змены і, як вынік, змены ў хіміі мозга) — часовае адчуванне перападаў настрою. Гэта ўсё ж не перашкаджае чалавеку знаходзіць радасць і спраўляцца са штодзённымі абавязкамі.

Як перамагчы пасляродавую дэпрэсію

У той час як доктар можа вызначыць, што ў некаторых выпадках патрэбныя лекі, некалькі альтэрнатыўных стратэгій дапамогуць мінімізаваць ці ўвогуле пазбегнуць ПРД. Псіхічнае здароўе як падчас цяжарнасці, так і пасля нараджэння дзіцяці патрабуе шматузроўневага падыходу.

Напрыклад, дапамога, якую сям'я і навакольныя могуць аказаць падчас цяжарнасці і ў першы, самы цяжкі, год, значна ўмацуюць псіхічны дабрабыт маладой маці (і бацькі). Пры неабходнасці кагнітыўная паводзінская тэрапія і гутарковая тэрапія ў многіх выпадках з'яўляюцца праверанымі метадамі памяншэння і нават прадухілення ПРД. Таму знайдзіце добрага суразмоўцу ў асобе сяброўкі, партнёра, мамы ці кагосьці, каму вы цяпер больш за ўсё давяраеце і хто не будзе асуджаць ці абясцэньваць вашы адчуванні.

Таксама варта адрэгуляваць рацыён. Падчас наладжвання лактацыі многія жанчыны налягаюць на простыя вугляводы, якія робяць перапады настрою больш адчувальнымі. Таму класічныя парады пазбягаць мучнога і піць больш вады (абязводжванне пагаршае прыгнечаны стан) справядлівыя ў любой сітуацыі. Лекі варта разглядаць у крайнім выпадку, калі нельга дапамагчы іншымі спосабамі.

Таксама спецыялісты раяць часам шпацыраваць у адзіноце, каб даць сабе і свайму арганізму пераключыцца і адпачыць ад адчування дня сурка. І, вядома, не трэба імкнуцца зрабіць усё ідэальна: вы жывяце не ў кнізе з парадамі, а ў рэальным свеце.

Як Zurzuvae спраўляецца з пасляродавай дэпрэсіяй

Жанчыны прымаюць таблеткі адзін раз на дзень на працягу 14 дзён разам з тлустай ежай. Падчас даследаванняў кампаніі некаторым пацыенткам спатрэбілася ўсяго тры дні, перш чым яны адчулі сябе лепш. 

Вытворцы правялі два рандамізаваныя даследаванні з удзелам 196 жанчын. Усе яны мелі сімптомы ў трэцім трыместры або на працягу чатырох тыдняў пасля родаў. Палова жанчын прымала Zurzuvae, а іншая палова атрымлівала плацэба. 170 жанчын прайшлі падвойныя сляпыя выпрабаванні, што азначае, што ні ўдзельнікі, ні даследчыкі не ведалі, у якіх жанчын быў сапраўдны прэпарат. Да канца выпрабаванняў жанчыны, якія прымалі Zurzuvae, паказалі «значнае паляпшэнне сімптомаў у параўнанні з групамі плацэба», гаворыцца ў прэс-рэлізе. Станоўчы эфект працягваўся 45 дзён, пасля чаго даследаванне было скончана.

У адрозненне ад некаторых іншых антыдэпрэсантаў, напрыклад, як флуаксецын (прадаецца пад гандлёвай маркай «Прозак»), зураналон не павышае ўзроўню сератаніну — нейрамедыятару, які дзейнічае як гармон і перадае паведамленні ад мозга, рэгулюючы шэраг функцый арганізма, уключаючы тэмпературу, сон і голад. Сератанін таксама ўплывае на настрой, а нізкі яго ўзровень у мозгу непасрэдна звязаны з дэпрэсіяй.

Сератанінавым антыдэпрэсантам патрабуецца значна больш часу, каб пачаць дзейнічаць, але зураналон дзейнічае непасрэдна на нервовыя клеткі мозга. Вядомы як нейраактыўны стэроід, зураналон імітуе форму прагестэрону, які натуральна выпрацоўваецца мозгам і ўзровень якога значна падвышаецца падчас цяжарнасці. Калі гэты спецыфічны прагестэрон (які называецца дакладна алапрэгнаналонам (allopregnanolone) рэзка падае, як гэта адбываецца пасля родаў, мозгу цяжэй знізіць узровень трывогі і даць рады стрэсу. У некаторых жанчын гэта спрыяе рызыцы ўзнікнення ПРД. Прыём зураналону пераральна можа дапоўніць адсутны алапрэгнаналон і дапамагчы мозгу кіраваць высокім узроўнем стрэсу. Аднак дакладны механізм, з дапамогай якога гэтыя нейраактыўныя стэроіды ўплываюць на настрой, не да канца зразумелы.

Што трэба ўлічваць, перш чым прымаць Zurzuvae

Нягледзячы на ​​​​сваю зручнасць, Zurzuvae прызначаюць з агаворкамі, таму што ў гэтым лячэнні ўсё яшчэ ёсць некаторыя невядомыя рэчы.

Жанчынам, якія кормяць грудзьмі, рэкамендуецца зрабіць паўзу падчас прыёму прэпарату, бо навукоўцы пакуль не ведаюць, ці можа стэроід трапляць у грудное малако. Таксама могуць быць пабочныя эфекты, у тым ліку санлівасць, галавакружэнне, заблытанасць свядомасці, дыярэя, стомленасць, катар і інфекцыі мочавыдзяляльных шляхоў. FDA таксама папярэджвае, што выкарыстанне Zurzuvae можа выклікаць суіцыдальныя думкі і паводзіны і што прэпарат можа нанесці шкоду дзіцяці.

Жанчынам падчас яго прымянення і на працягу тыдня пасля прыёму рэкамендуецца выкарыстоўваць эфектыўныя сродкі кантрацэпцыі. Пры гэтым даследаванне ўсё ж не паказала суіцыдальных паводзін сярод жанчын, якія прымалі Zurzuvae, а таксама страт прытомнасці або сімптомаў адмены.

Таблеткі таксама нельга змешваць з алкаголем або іншымі прэпаратамі, якія выклікаюць дэпрэсіўны эфект. Інструкцыя папярэджвае таксама, што Zurzuvae можа паўплываць на здольнасць чалавека кіраваць аўтамабілем і выконваць іншыя патэнцыйна небяспечныя віды дзейнасці. А жанчынам, якія ўжо дасягнулі добрых вынікаў з дапамогай іншага антыдэпрэсанту, магчыма, лепш прытрымлівацца яго.

Кошт прэпарату пакуль не абвешчаны вытворцам.

Каментары

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебску ставяць самую вялікую ў Еўропе навагоднюю елку2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам28

У Францыі бацька некалькі гадоў гвалціў сваю дачку-падлетка і прапаноўваў іншым4

У Мінску ў шматпавярховіку закрылі вокны шчытамі

Спецпасланнікам па Украіне Трамп хоча зрабіць былога начальніка разведкі

Памёр расійскі прапагандыст Скот Бенет. Сіманьян лічыць, што яго маглі забіць7

Праваабаронцы: Палітвязняў прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні

Магілёўскую і Гомельскую вобласці замяло снегам ФОТЫ

Адрасы рэдакцый і любімая кавярня Купалы. Гід па віленскіх месцах «Нашай Нівы» ШМАТ ФОТА9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →