Меркаванні1717

Заходнія эксперты заклікалі перайсці да «доўгатэрміновай стратэгіі стрымлівання Расіі». «Цярплівай, але цвёрдай»

Краінам Захаду пара развітацца з ілюзіямі пра хуткае спыненне Расіяй вайны ва Украіне і выпрацаваць доўгатэрміновую стратэгію стрымлівання, пішуць у сваім артыкуле ў выданні «Уол-стрыт джорнал» Юджын Румер (Eugene Rumer), які ў мінулым адказваў за расійскі кірунак у Нацыянальнай радзе разведкі (National Intelligence Council) і Эндру Уэйс (Andrew S. Weiss), які займаўся расійскай тэмай у адміністрацыях Буша і Клінтана.

Уладзімір Пуцін Vladimir Putin Владимир Путин
Уладзімір Пуцін, 17 кастрычніка 2023 года. Фота: Contributor Getty Images

У сваім эсэ аўтары звяртаюць увагу на шэраг акалічнасцей, якія даюць Пуціну падставы лічыць, што час у вайне ва Украіне на яго баку. Сярод іх — адсутнасць чаканага выніку контрнаступу, які б даў Кіеву магутны аргумент у перамовах, канфлікт на Блізкім Усходзе, які адцягнуў на сябе ўвагу свету, аслабленне падтрымкі з боку ЗША з-за рознагалоссяў і паралізаванага Кангрэса.

Расійская эканоміка пацярпела, але не развалілася. Пасля мяцяжу Прыгожына Пуцін здолеў умацаваць сваю ўладу. Народ і эліты працягваюць падтрымліваць вайну і прэзідэнта. Малы эфект аказалі санкцыі, а вайсковая прамысловасць Расіі нарасціла вытворчасць у тым ліку артылерыйскіх снарадаў, якія вельмі патрэбныя на вайне. У той жа час абяцанні заходніх чыноўнікаў інтэнсіфікаваць сваю абаронную прамысловасць разбіліся аб бюракратычныя і лагістычныя праблемы.

Расійскі бюджэт напаўняецца за кошт высокіх цэнаў на нафту, якія ўтрымліваюцца такімі дзякуючы хаўрусу Масквы з Саудаўскай Аравіяй. А Украіна моцна залежыць ад фінансавай дапамогі Захаду.

Президент Джо Байден (слева) пожимает руку президенту Украины Владимиру Зеленскому. Прэзідэнт Джо Байдэн (злева) паціскае руку прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму President Joe Biden (left) shakes hands with Ukrainian President Volodymyr Zelensky
Прэзідэнт Джо Байдэн (злева) паціскае руку прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму пасля сустрэчы ў Белым доме 21 верасня. Пуцін спадзяецца, што амерыканская і еўрапейская падтрымка Украіны з часам паменшае. Фота: Drew Angerer / Getty Images

Аўтары сцвярджаюць, што Пуцін можа быць задаволены сваімі замежнапалітычнымі поспехамі. Яго інвестыцыі ў развіццё адносін з важнымі для Расіі краінамі акупіліся. Індыя і Кітай даюць апору для расійскай эканомікі. Тавары з Кітая складаюць амаль 50% расійскага імпарту. А суседнія краіны, такія, як Арменія, Грузія, Казахстан і Кыргызстан, якія, хоць і самі маюць усе падставы асцерагацца агрэсіўных дзеянняў Пуціна, атрымліваюць вялікія прыбыткі, стаўшы пасярэднікамі ў абыходзе Расіяй санкцый.

Пуцін працягвае карыстацца падтрымкай у розных частках так званага «глабальнага Поўдня». Вайна ва Украіне мала цікавіць многія краіны, якія абураюцца тым, што яны лічаць падвойнымі стандартамі ЗША і Еўропы ці недахопам увагі з боку «глабальнага Захаду» да пытанняў, якія іх хвалююць.

Протестующие на Западном Берегу размахивают российскими и палестинскими флагами и несут портреты Путина и северокорейского лидера Ким Чен Ына. Пратэстоўцы на Заходнім беразе Іярдану размахваюць расейскімі і палестынскімі сьцягамі і нясуць партрэты Пуціна і паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына, Protesters in the West Bank wave Russian and Palestinian flags and carry portraits of Putin and North Korean leader Kim Jong Un
Пратэстоўцы на Заходнім беразе ракі Іардан з партрэтамі Пуціна і Кім Чэн Ына, 20 кастрычніка 2023 года. Расія выкарыстала вайну Ізраіля і ХАМАС ды іншыя праблемы, каб атрымаць падтрымку на «глабальным Поўдні». Скрын відэа HT-Videos / YouTube

Аўтары нагадваюць, што Пуцін яшчэ за паўгода да поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года зацвердзіў новую Стратэгію нацыянальнай бяспекі Расіі. Асноўная ідэя гэтага дакумента была ў тым, што краіна павінна падрыхтавацца да доўгатэрміновага супрацьстаяння з Захадам. Сёння Пуцін можа сказаць народу, што ягоная стратэгія працуе. І ён не адчувае ніякага ціску знутры, каб спыніць вайну.

Пуцін разлічвае, што падтрымка Украіны з боку ЗША і Еўропы аслабне, што ўкраінцы стомяцца ад бясконцага жаху вайны і разбурэнняў і што спалучэнне гэтых фактараў дазволіць яму дыктаваць умовы заканчэння канфлікту, каб заявіць пра сваю перамогу. З яго пункту гледжання, ідэальны чалавек, які мог бы пайсці на такую здзелку, гэта Дональд Трамп, у выпадку калі ён вернецца ў Белы дом у студзені 2025 года.

Аўтары сцвярджаюць, што Пуцін гатовы выкарыстаць усё, што ў яго ёсць, каб выйграць вайну ва Украіне. Са спыненнем да 2026 года дзеяння дамоўленасцей аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі расце рызыка непрадказальнай трохбаковай ядзернай гонкі паміж ЗША, Расіяй і Кітаем. Пуцін будзе выкарыстоўваць любую глабальную і рэгіянальную праблему як рычаг для перамогі ў вайне супраць Украіны і Захаду.

Усё гэта ўяўляе сабой беспрэцэдэнтную праблему для лідараў Захаду. Вашынгтон і яго саюзнікі дзейнічалі на дзіва эфектыўна: вырашалі найбольш тэрміновыя задачы па прадухіленні падзення Украіны, забяспечвалі яе сучаснай зброяй і аператыўнымі разведданымі, а таксама пашыралі санкцыі супраць Расіі.

Але зараз, лічаць аўтары артыкула, прыйшоў час перайсці да доўгатэрміновай стратэгіі, якая павялічыць і падтрымае ціск на рэжым у Крамлі. Не павінна быць ілюзій, што любая магчымая камбінацыя кароткатэрміновых крокаў будзе дастатковай, каб прымусіць Пуціна спыніць вайну.

Лідары краін Захаду не гаварылі сваім грамадзянам аб тым, што пагроза з боку Расіі мае пастаянны характар. Яны часта дазвалялі сабе верыць у цуд — спадзяваліся на санкцыі, спадзяваліся на паспяховасць украінскага контрнаступу, спадзяваліся на чароўны эфект ад перадачы Украіне новых відаў зброі, каб прымусіць Крэмль сесці за стол перамоваў, спадзяваліся і на палацавы пераварот у Маскве.

Аўтары нагадваюць, што падчас халоднай вайны амерыканскія эксперты па замежнай палітыцы не рабілі стаўку на раптоўную змену меркавання Крамля або імгненны крах савецкай сістэмы. Замест гэтага яны спадзяваліся на доўгатэрміновы супраціў небяспечнаму рэжыму і рабілі ўкладанні ў нацыянальную абарону і вайсковы патэнцыял альянсаў. Гэта была палітыка, класічную фармулёўку якой даў Джордж Кенан (George Kennan), «цярплівага, але цвёрдага і пільнага стрымлівання расійскіх экспансіянісцкіх тэндэнцый».

Палітыка стрымлівання сёння азначала б працяг заходніх санкцый, ізаляцыю Расіі дыпламатычна, прадухіленне ўмяшання Крамля ва ўнутраную палітыку ЗША і краін Захаду, узмацненне патэнцыялу стрымлівання і абароны НАТА, уключаючы паслядоўныя амерыкана-еўрапейскія рэінвестыцыі ў абаронна-прамысловую базу. Гэта таксама азначала б змякчэнне ўсёй той шкоды (дыпламатычнай, інфармацыйнай, ваеннай і эканамічнай), якую нанесла вайна.

Новая стратэгія, сцвярджаюць аўтары, не павінна азначаць вяртання да «халоднай вайны», бо гэта прывяло б да бессэнсоўнай гульні, якая будзе прыносіць толькі часовыя і нязначныя перавагі. У пуцінскай Расіі няма ні таго вайсковага патэнцыялу, ні той ідэалагічнай прывабнасці, якія былі ў аснове савецкай магутнасці.

Да таго ж, сённяшнія абставіны моцна адрозніваюцца ад савецкай пагрозы. Еўропа не спустошаная, як гэта было пасля Другой сусветнай вайны. НАТА пашырылася за кошт Фінляндыі і Швецыі. А Пуцін вымушаны прасіць дапамогі ў Пекіна, Тэгерана і Пхеньяна. Суадносіны сіл у свеце не на карысць Расіі.

Разбітыя расійскія танкі каля Каменкі ў Харкаўскай вобласці. Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo

Самае галоўнае — што Украіна, насуперак усім прагнозам, вытрымала націск Расіі. Менш чым за два гады ўкраінская армія перамалола ўсё, што Расія дасягнула за два дзесяцігоддзі мадэрнізацыі сваёй арміі. Падтрымка Украіны ў далейшым змаганні і забеспячэнне яе зброяй і боепрыпасамі — неадкладны і эканамічна эфектыўны элемент заходняй стратэгіі. 

Не менш важна дапамагчы Украіне ў пасляваеннай адбудове, каб яна змагла заняць сваё пачэснае месца ў Еўропе. Гэта справа будзе справай пакаленняў не толькі народа гэтай краіны, але і яе шматлікіх сяброў, партнёраў і саюзнікаў.

Для заходніх саюзнікаў важнае значэнне будзе мець падтрымка згуртаванасці і рашучасці лідараў па абодва бакі Атлантыкі, бо Крэмль даўно авалодаў мастацтвам сварыць ЗША з саюзнікамі.

Аўтары заўважаюць, што часта гучаць развагі пра тое, што пасля сыходу Пуціна ў Расіі зʼявіцца новая стратэгічная перспектыва, якая дапаможа ёй вырвацца з абдымкаў Кітая. Аднак у спадзяваннях на новае кіраўніцтва трэба быць вельмі асцярожным.

Былому прэзідэнту Рэйгану спатрэбілася шмат пераканаўчых доказаў таго, што Гарбачоў адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў. А ў актуальных умовах гэтая праблема нашмат складанейшая, бо трэба ўлічваць, што той, хто можа замяніць Пуціна, павінен будзе пакласці канец вайне і ўступіць з Кіевам у сапраўдныя, сурʼёзныя перамовы.

ЗША і іх саюзнікі павінны дакладна разумець доўгатэрміновы характар гэтага супрацьстаяння. Пуцін і яго атачэнне, у тым ліку яго патэнцыйныя пераемнікі, лічаць, што квітнеючая і незалежная Украіна, цалкам інтэграваная ў Еўропу, будзе азначаць паражэнне Расіі. Таму яны зробяць усё магчымае, каб не дапусціць такога варыянта.

Чытайце яшчэ:

Зяленскі заявіў, што з-за вайны ў Ізраілі скараціліся пастаўкі артылерыйскіх снарадаў ва Украіну

«Другая армія свету» паказала прыклад выхавання байцоў

Кіраўнік офіса Зяленскага назваў наступны год вырашальным у вайне

Каментары17

  • Вероятный
    17.11.2023
    Нікчэмныя балбатуны. Нібы "забыліся", як трампавы нізкія, часам адмоўныя, цэны на газ ды паліва прымушалі Пуціна сядзець ніжэй травы, пакуль амерыканцы фізічна знішчалі расейцаў у Сірыі, скасоўвалі Нордстрым-2 ды пастачалі ўкраінцам летальную зброю замест абамава-байдэнаўскіх коўдрачак. 

    І не паспелі Дэмакраты засяліцца ў Белы дом, як Пуцін раптам ачуняў і ўжо праз год распачаў вайну. І зараз гэтыя клоуны збіраюцца мужна "супрацьстаяць" уласным страхам... 
  • Ганьба
    17.11.2023
    Ну што ж. Час і нам развітвацца з марнымі надзеямі на вызвольны паход ПКК на Менск. Рэжым выстаіць пры падтрымцы Расеі. Захад не будзе і ўвагі на яго асаблівай звяртаць, абмяжуецца заклікамі да свабодных выбараў, як сённяшняе ібабо ад АБСЕ. За гады вырасце прарасеенае пакаленне з генацыдам беларускага народа ў галаве, а мігранты заб'юць на калісь сваю краіну перамоглага псіхоза. Прымазаныя будуць за гранты пісаць стратэгіі мірных пераўтварэнняў. Усё як заўжды. Горка, свядомая частка беларусаў, але твая ахвяра дарэмная. Мы прайгралі краіну, якая, праўда, нам і не належала.
    Але свет большы за клачок. І Беларусь, калі яна шчэ для каго актуальна, можа жыць і як ідэя - дзе заўгодна. Калісьці, праз дзесяцігоддзі, парасткі, мо, і ўзыйдуць...
  • New Jersey
    17.11.2023
    Вероятный , паслухайце заявы Трампа, якія ён прамовіў на мінулым тыдні - там ужо гучаць фашысцкія заклікі да расправы з усімі апанентамі ўнутры ЗША. Усё амерыканскія ЗМІ пра гэта напісалі. А “вероятнаму” такія палітыкі мабыць даспадобы? Тады чаму вас абурае Лукашэнка, ён жа менавіта тое ж самае зрабіў з усімі сваімі апанентамі. 

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў5

«Новая эра супрацоўніцтва». У Ісламабадзе да візіту Лукашэнкі з'явіліся білборды на беларускай мове ФОТАФАКТ3

Эксперыментальная разметка з'явілася на дарогах Гомельскай вобласці1

МУС Германіі: Няма прыкмет таго, што крушэнне самалёта DHL у Вільні звязана з самаўзгараннем пасылак

38 шахедаў зайшлі ў Беларусь за суткі — гэта абсалютны рэкорд1

Украінцы ўдарылі ракетамі ATACMS па C-400 у Курскай вобласці — загінулі пяць расійскіх афіцэраў7

Дзе знаходзіцца дом, які прадалі даражэй за ўсё ў кастрычніку1

Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца23

«А сэнс арандаваць кватэру?» Гісторыя беларускай пары, якая жыве ў аўтадоме і падарожнічае па Еўропе3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →