«Думалі, што я амерыканец». Беларус стварыў у Польшчы эма-панк-гурт, які палюбілі ў ЗША
Ryan Cooper — пад такім псеўданімам выступае 20-гадовы беларус — заснаваў у Польшчы музычны гурт Rusted Teeth, які грае ў жанры эма-панк. Музыкі ўжо запісалі першы альбом і анансавалі тур па Польшчы. Як узнік праект і чаму гурт стаў папулярны сярод амерыканскіх слухачоў, Раян расказаў выданню Most.
Музыкай Раян захапіўся яшчэ ў школе — кажа, яму вельмі пашанцавала з выкладчыцай.
«Са школы адразу бег на рэпетыцыі, капейкі збіраў, каб за іх заплаціць. І ўвогуле ніколі не расставаўся з гітарай», — расказвае малады чалавек.
Падлеткам Раян граў на вуліцах Мінска, зарабляючы «вельмі нядрэнныя грошы для школьніка» — часам атрымлівалася нават «адхапіць сто даляраў ад замежніка». А калі два гады таму малады чалавек пераехаў у Польшчу, зноў стаў граць на вуліцы, каб мець даход, пакуль не знойдзе працу. Праўда, аказалася, што «тут людзі крыху скупейшыя».
«Ніхто не верыў, што з гэтага нешта выйдзе»
Неўзабаве Раян зразумеў, што яму не хапае калектыву — з-за таго, што не было з кім было граць, пачалася «жудасная ломка». Тады беларус знайшоў тэматычны гурт у фэйсбуку і выклаў вялікі пост на англійскай мове, у якім распавёў пра свой музычны досвед.
«Палякі, якія пісалі мне, думалі, што я амерыканец, — смяецца музыка. — Калі я ім сказаў, што з Беларусі, у іх вочы былі па пяць капеек — нічога сабе».
Дзякуючы пасту ў суполцы да Раяна далучыўся гітарыст. Ён прывёў басіста, а той — бубнача. У хлопцаў ужо быў досвед ігры ў гурце, але, па словах Раяна, няўдалы.
Маладыя людзі пачалі рэпеціраваць, і неўзабаве гурт даў першы канцэрт у беластоцкім клубе Motopub.
«Ніхто не верыў, што з гэтага нешта выйдзе. Але калі мы сыгралі першы канцэрт і ўбачылі, што ў нас плюс сто падпісчыкаў, зразумелі: нешта ў гэтым ёсць».
Да таго ж канцэрт акупіўся:
«Мы пайшлі ў вялікі плюс, дзесьці 4 тыс. злотых».
«Падлеткі і старыя мужыкі, якія ў маладосці слухалі панк»
Далей хлопцы вырашылі запісаць першы альбом — Pictures. У Раяна якраз былі грошы ад продажу машыны ў Беларусі, і ён уклаў іх у запіс.
За першы месяц альбом сабраў каля 22 тыс. праслухоўванняў у Spotify. Але затым, дасягнуўшы адзнакі ў 50 тыс., прагляды сталі паступова падаць.
«Мы сталі хутка дзейнічаць і анансавалі першы тур, у які паедзем ужо ў чэрвені», — расказвае музыка.
У планах гурта — выступы ў Ольштыне, Уроцлаве і Гданьску. Раян упэўнены, што адзін з найважнейшых спосабаў атрымаць папулярнасць — уменне правільна прарэкламаваць групу. Заробленыя на канцэртах грошы маладыя людзі ўкладаюць у развіццё ўласнага брэнда — рэкламу, кліпы і фотасесіі.
«Я не спаў начамі, каб навучыцца прасоўваць музыку. Сэрцы фанатаў на канцэрце вельмі лёгка захапіць, але іх занадта мала ў Беластоку. Таму я стаў вучыцца правільна размяркоўваць грошы на рэкламу — і ў мяне атрымалася выгадна прадаць сябе, свой вобраз», — расказвае беларус.
У Spotify цяпер у гурта больш за ўсё праслухоўванняў з Амерыкі: хлопцы выконваюць песні па-англійску. На канцэрты, па назіраннях Раяна, прыходзяць у асноўным падлеткі і «старыя мужыкі, якія ў маладосці слухалі панк».
«Часта бываюць эма, готы. І я вырашыў, раз такая аўдыторыя, то атрымліваецца такі жанр — эма-панк. Хоць ставіць межы я не хачу, напрыклад, музыка ў наступным альбоме будзе цяжэйшай», — адзначае беларус.
Пры гэтым сам Раян не належыць ні да якіх субкультураў, называючы сябе свабодным чалавекам.
«Як быццам усё жыццё сярод палякаў і жыў»
Граць у групе з палякамі Раяну камфортна. Кажа, не заўважыў розніцы ў менталітэце.
«Як быццам я ўсё жыццё сярод іх і жыў, неяк у нас усё адразу закруцілася. Бываюць выпадкі, што хлопцы не разумеюць лакальныя беларускія прыколы, але я іх вучу, і яны паціху пачынаюць размаўляць па-руску і па-беларуску», — расказвае Раян.
У сваю чаргу, астатнія ўдзельнікі гурта вучаць беларуса польскай — дзякуючы ім Раян ужо засвоіў мову на размоўным узроўні. Кажа, хлопцы «склаліся, як пазл».
Цяпер гурт запісвае песні на англійскай мове, але Раян не выключае, што ў будучыні могуць з'явіцца і беларускамоўныя песні. А вось на польскай — наўрад ці.
«Калі шчыра, польская як быццам не меладычная мова, але гэта маё суб'ектыўнае меркаванне», — кажа Раян.
Каментары