Свет88

Расія і Іран дзейнічаюць у ЗША супраць адзін аднаго. Пра гэта сведчаць сакрэтныя дакументы

Кардынальна розныя погляды на будучы курс Амерыкі і моцнае нежаданне прайграць на палітычных стаўках зводзяць у рожкі двух вайсковых саюзнікаў. І кампраміс тут амаль недасяжны.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і іранскі лідар Алі Хаменеі Фоты: Mikhail Metzel / Kremlin Pool Photo via AP, Office of the Iranian Supreme Leader via Getty Images

Нягледзячы на актыўнае палітычнае і ваеннае супрацоўніцтва Расіі і Ірана ў правядзенні вайны ва Украіне, супраціўленні заходнім санкцыям і жаданні зруйнаваць уплыў ЗША ў свеце, гэтыя дзве краіны сутыкаюцца лбамі як мінімум у адным ключавым і нават лёсавызначальным для іх пытанні — будучыя прэзідэнцкія выбары ў ЗША.

Чаму ў двух саюзнікаў узнік тут раскол, лепш за ўсё пакажуць выяўленыя факты з нядаўніх расследаванняў Міністэрства юстыцыі ЗША і ФБР датычна дзейнасці расійскіх і іранскіх агентаў на амерыканскай тэрыторыі.

Расійскі інтарэс

Паводле амерыканскай контрразведкі, якая перахапіла сакрэтныя дакументы Крамля і ўнутраныя пратаколы сустрэч паміж прадстаўнікамі адміністрацыі Уладзіміра Пуціна, расійскія ўлады адкрыта заяўляюць сваім спецслужбам, прапагандыстам і хакерам пра неабходнасць дамагчыся перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.

Пуціну пры гэтым дакладваюць пра ход выканання гэтай задачы, але публічна ён выказваў патрымку Джо Байдэну, а потым Камале Харыс. На думку экспертаў, гэта мэтанакіраваны крок, каб паспрабаваць зрабіць лідараў дэмакратаў у вачах электарату «прарасійскімі» і тым самым адвесці падазрэнні ад Трампа.

Згодна з атрыманымі расійскімі шматстаронкавымі дакументамі, некаторыя фрагменты з якіх былі нядаўна раскрытыя публіцы, яшчэ з 2023 года, каб забяспечыць перамогу Трампа, Расія распачала маштабную таемную дэзынфармацыйную кампанію, якая мае на мэце аказанне ўплыву на амерыканскіх палітыкаў, бізнэсменаў, журналістаў, селебрыці, рэлігійных дзеячаў, лідараў грамадскай думкі, а таксама стварэнне кантэнту для антыўрадавых ютуб-каналаў, фіктыўных груп прыхільнікаў рэспубліканцаў у сацсетках, псеўдапарталаў рэгіянальных навін штатаў з пратрампаўскім ухілам, клонаў сусветных медыя, таргетаванай рэкламы і велізарнага мноства прарасійскіх каментароў з прыцягненнем ботафермаў і іншае.

Прыклад: Масква з дапамогай агента-амерыканца стварыла ў ЗША сетку рэгіянальных псеўдаСМІ

Кампанія дэзынфармацыі, паводле дакументаў, складаецца як мінімум з трох адначасовых аперацый пад назвамі «Старыя добрыя ЗША», «Сетка агентаў уплыву ў амерыканскіх сацсетках» і «Партызанская медыякампанія».

У апісанні да першай аперацыі аналітыкі Крамля падкрэсліваюць, што Расіі варта прыкласці максімум намаганняў, каб забяспечыць перамогу Дональда Трампа.

Заўвага: імёны кандыдатаў ад двух асноўных амерыканскіх палітычных партый (на момант 2023 года: Джо Байдэн і Дональд Трамп), як і назвы саміх гэтых партый (Дэмакратычная і Рэспубліканская) у атрыманых расійскіх дакументах былі зацэнзураваныя па ініцыятыве Мінюста ЗША, аднак ведамства ў англійскім перакладзе на месцы чорных ліній пазначыла вышэйзгаданыя асобы і партыі, як Candidate A (Трамп), Candidate B (Байдэн), U.S. Political Party A (Рэспубліканская партыя), U.S. Political Party B (Дэмакратычная партыя).

Фрагмент атрыманых ФБР унутраных дакументаў Крамля аб дэзынфармацыйнай кампаніі ў ЗША да прэзідэнцкіх выбараў. Злева — англійскі пераклад тэксту з дакумента Крамля, справа — сам арыгінальны тэкст на рускай мове. Candidate A (Трамп), Candidate B (Байдэн), U.S. Political Party A (Рэспубліканская партыя), U.S. Political Party B (Дэмакратычная партыя). Крыніца: Мінюст ЗША

«На сённяшні дзень міжнародная абстаноўка характарызуецца перш за ўсё рэзкай варожасцю ЗША ў адносінах да Расіі. ЗША імкнуцца захаваць «глабальнае лідарства», нанёсшы Расіі стратэгічнае паражэнне. У той жа час пытанне аб апраўданасці гэтых намаганняў ЗША застаецца цэнтральным пытаннем іх унутранай палітыкі і стане асноўнай тэмай на выбарах прэзідэнта ЗША ў 2024 годзе.

Для Расіі мэтазгодна прыкласці максімум намаганняў, каб забяспечыць перамогу ў грамадскай думцы Амерыкі пункту гледжання Дональда Трампа (у першую чаргу — яго прыхільнікаў), уключаючы палажэнні аб міры ва Украіне ў абмен на зямлю, неабходнасці засяродзіцца на праблемах амерыканскай эканомікі, вяртанні войскаў з усяго свету дадому і г.д.

У цяперашні час існуюць рэальныя магчымасці для таго, каб падштурхнуць грамадскую думку ЗША ў правільным для нас кірунку, выкарыстоўваючы інструменты інфармацыйнай працы з інтэрнэт-карыстальнікамі», — напісана ў тэксце сакрэтнага дакумента Крамля.

У якасці інтэрнэт-інструментаў расійскія ўлады пералічваюць такія сацсеткі, як YouTube, Facebook, Instagram, Reddit, 4chan і іншыя, асабліва звяртаючы ўвагу на твітар, які Крэмль называе «адзінай масавай пляцоўкай у ЗША, дзе можна весці працу без «дэмакратычнай цэнзуры» і ўзмоцненага кантролю з боку амерыканскіх спецслужбаў» (нагадаем, твітар (X) з канца 2022 года належыць мільярдэру Ілану Маску, які адкрыта падтрымлівае Дональда Трампа і, паводле буйных амерыканскіх СМІ, вядзе сакрэтныя размовы з Пуціным).

Вось як спецыялістамі Крамля апісваецца тактыка па стварэнні сеткі ўплыву ў амерыканскім сегменце твітара спецыяльна да прэзідэнцкіх выбараў.

«Мэта — стварыць і развіць сетку з 200 акаўнтаў, па 4 на кожны амерыканскі штат, абараняць сетку пад VPN і фізічнымі серверамі ў саміх ЗША ад выяўлення мясцовымі спецслужбамі «рускага следу» і да выбараў дасягнуць паказчыкаў аўдыторыі звыш аднаго мільёна чалавек», — пішуць крамлёўскія аналітыкі.

Пры гэтым яны без іроніі адзначаюць, што падчас працы ў сацсетках «варта выкарыстоўваць мінімум фэйкаў і больш рэалістычнай інфармацыі».

Фрагмент атрыманых ФБР унутраных дакументаў Крамля аб дэзынфармацыйнай кампаніі ў ЗША да прэзідэнцкіх выбараў. Крыніца: Мінюст ЗША
Фрагмент атрыманых ФБР унутраных дакументаў Крамля аб дэзынфармацыйнай кампаніі ў ЗША да прэзідэнцкіх выбараў. Крыніца: Мінюст ЗША

Апроч гэтага, у апісанні да трэцяй аперацыі «Партызанская медыякампанія» напісана, што Крэмль лічыць прыхільнікаў Байдэна «крайне левымі глабалістамі, якія выступаюць за скажэнне традыцыйных маральных і рэлігійных каштоўнасцяў», у той час як прыхільнікі Трампа для Крамля «з’яўляюцца нармальнымі людзьмі, якія выступаюць, перш за ўсё, за захаванне традыцый амерыканскага ладу жыцця».

Аднак пры гэтым расійскі ўрад заяўляе, што ніводнага з амерыканскіх палітыкаў, у тым ліку рэзка апазіцыйных да прэзідэнта Байдэна, «нельга лічыць прарасійскім або прапуцінскім».

«Падкрэслім яшчэ раз: ніякіх прарасійскіх або прапуцінскіх палітыкаў, ЛГД (лідары грамадскай думкі, у рускай версіі пазначаны як «ЛОМ») і выбаршчыкаў у ЗША няма. Даказваць рацыю Расіі бессэнсоўна і няма каму. Усе амерыканскія палітыкі і ЛГД — патрыёты і прыхільнікі амерыканскай перавагі.

Але прыхільнікі Трампа адчуваюць, што яны абмежаваныя палітыкай прэзідэнта, цэнзурай у сацыяльных сетках і ўрадавымі мерамі. Ёсць незадаволенасць рэзкім зніжэннем узроўню жыцця і вялікімі выдаткамі на палітыку Штатаў у Еўропе і ва Украіне. Ёсць страх страціць амерыканскі лад жыцця і «амерыканскую мару». Менавіта гэтыя настроі варта выкарыстоўваць у ходзе інфармацыйнай кампаніі ў ЗША», — падкрэсліваецца ў дакументах Крамля.

Фрагмент атрыманых ФБР унутраных дакументаў Крамля аб дэзынфармацыйнай кампаніі ў ЗША да прэзідэнцкіх выбараў. Крыніца: Мінюст ЗША
Фрагмент атрыманых ФБР унутраных дакументаў Крамля аб дэзынфармацыйнай кампаніі ў ЗША да прэзідэнцкіх выбараў. Крыніца: Мінюст ЗША

Іранскі інтарэс

Калі Расія спрабуе дамагчыся перамогі Дональда Трампа, то Іран, наадварот, імкнецца забяспечыць перавагу Камалы Харыс. І гэта робіцца не таму, што іранскія ўлады нібыта сталі падтрымліваць і паважаць Харыс, а толькі дзеля таго, каб не пусціць Трампа на прэзідэнцкае крэсла.

Для Ірана гэта жыццёва важны інтарэс, бо Дональд Трамп за свой першы прэзідэнцкі тэрмін здолеў істотна нашкодзіць стратэгічным планам Ірана і бяспецы яго эліт. У 2018 годзе ён вывеў ЗША з заключанай трыма гадамі раней «ядзернай угоды» з Тэгеранам і аднавіў жорсткія сектаральныя санкцыі супраць Ірана, а ў 2020-м па загадзе Трампа быў ліквідаваны іранскі топ-генерал Касэм Сулеймані, які ўзначальваў ССА Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (элітныя сілы Ірана).

За галаву Трампа ў Іране дагэтуль прызначаная ўзнагарода ў тры мільёны даляраў, а іранскія агенты, паводле разведкі ЗША, усё яшчэ спрабуюць забіць Трампа, асабліва ў перадвыбарчы перыяд.

У сваіх намаганнях перашкодзіць Трампу стаць прэзідэнтам Іран дайшоў і да таго, што праз уласныя хакерскія групы ўзломвае серверы перадвыбарчага штабу і іншых структур рэспубліканцаў, а затым з уласнай ініцыятывы перасылае адтуль сакрэтныя дакументы людзям Камалы Харыс і рэдакцыям буйных амерыканскіх СМІ, даведалася агенцтва Reuters.

Так, праўрадавая іранская групоўка APT42 здолела атрымаць наступныя дакументы (іх сапраўднасць пакуль ніхто афіцыйна не пацвердзіў).

  1. Нібыта поўная схема фінансавання перадвыбарчай кампаніі Дональда Трампа, паводле якой рэспубліканскаму кандыдату на перамогу патрэбна не менш за 740 мільёнаў даляраў.
  2. інфармацыя, меркавана, пра ўсіх непублічных фундатараў Трампа з ліку палітыкаў і буйных бізнэсменаў ЗША.
  3. Частка імавернай унутранай перапіскі і паролі супрацоўнікаў штаба Трампа.
  4. Нібыта падрабязнае канфідэнцыйнае дасье на абранага Трампам кандыдата на пасаду віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса, дзе напісана, што ў перыяд з 2016 па 2020 год палітык «быў адным з галоўных лабістаў грашовай падтрымкі Украіны» і, нягледзячы на антыкітайскую рыторыку Трампа, «падазраваў таго ў мэтанакіраванай службе інтарэсам Кітая».
  5. Таксама ў скрадзеных іранцамі файлах фігуравалі даныя аб тым, што пратрампаўская антыімігранцкая арганізацыя NumbersUSA нібыта збіраецца выкарыстаць частку нелегальных мігрантаў без амерыканскага грамадзянства для гасавання на выбарах за Трампа. Сам Трамп не раз публічна прыпісваў такую тактыку штабу Байдэна і крытыкаваў яго за гэта.

Іранскія хакеры разаслалі атрыманыя даныя на электроныя скрыні структур дэмакратычнай партыі ЗША, штаба Камалы Харыс і такім буйным СМІ, як Politico, The Washington Post, The New York Times, Reuters і іншым, але ўсе яны не сталі адказваць на паведамленні хакераў і не сталі публікаваць атрыманыя файлы, адзначае Reuters.

Аднак суперкамітэт палітычных дзеянняў American Muckrakers PAC, звязаны з Дэмакратычнай партыяй ЗША, і адзін з журналістаў буйной пісьменніцкай платформы Substack вырашылі апублікаваць матэрыялы, хоць і не прызналі той факт, што яны былі атрыманыя ад іранцаў.

У той жа час прадстаўнікі перадвыбарчага штаба Трампа асудзілі дзеянні хакераў, абвінаваціўшы іх у «мэтанакіраваным умяшанні ў выбары 2024 года і спробе пасеяць хаос у дэмакратычным працэсе ЗША». Штаб таксама заявіў, што журналісты, якія публікуюць скрадзеныя матэрыялы, «выконваюць даручэнні ворагаў Амерыкі».

Варта адзначыць, што сам Трамп у 2016 годзе займаў зусім іншую пазіцыю адносна палітычных узломаў, калі публічна заклікаў Расію «ўзламаць электронную пошту тагачаснага кандыдата на пасаду прэзідэнта ЗША ад дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан і прадставіць яе прэсе», што выклікала тады значны грамадскі рэзананс.

Фрагмент скрадзеных Іранам нібыта ўнутраных дакументаў перадвыбарчага штаба Дональда Трампа, якія потым апублікавалі ў сябе некаторыя СМІ і структуры Дэмакратычнай партыі ЗША. На выяве пазначаная першая старонка нібыта закрытага фінансавага плану перамогі Трампа. Крыніца: American Muckrakers PAC

Паводле амерыканскіх спецслужбаў, іранскія праўрадавыя хакеры яшчэ з вясны сталі актыўна ўзломваць структуры рэспубліканцаў і з уласнай ініцыятывы перадаваць інфармацыю дэмакратам.

«Усё гэта пачало адбывалася ў чэрвені і ліпені гэтага года, да таго, як Байдэн зняў сваю кандыдатуру на выбарах, і на яго месца заступіла Камала Харыс. Хакеры з уласнай ініцыятывы паслалі асобам, звязаным у той час з выбарчым штабам прэзідэнта Байдэна, імэйлы з вытрымкай са скрадзенага не прызначанага для публікі матэрыялу са штаба былога прэзідэнта Трампа», — гаворыцца ў супольнай заяве ФБР, офіса дырэктара Нацыянальнай разведкі ЗША і ўпраўлення кібербяспекі і бяспекі інфраструктуры ЗША.

Што ў выніку?

Зафіксаваная ў ЗША дзейнасць расійскіх і іранскіх выведак дакладна сведчыць тое, што бакі, пераследуючы свае асабістыя інтарэсы, актыўна замінаюць адзін аднаму дамагчыся жаданага для іх выніку.

Складана сказаць, ці знаходзяцца дзве краіны па даным пытанні ў адкрытай (для іх) сварцы, або яны проста спрабуюць не звяртаць адзін на аднаго ўвагі, канцэнтруючыся выключна на ўласным заданні.

Аднак адно можна сказаць дакладна — перспектыва пройгрышу і для Расіі, і для Ірана, калі браць да ўвагі іх высілкі і дзеянні, з'яўляецца для іх вельмі непажаданай і нават недапушчальнай, таму хочуць яны таго ці не, але ім давядзецца варагаваць адзін з адным па амерыканскім пытанні, і кампраміс тут паміж імі наўрад ці прадбачыцца. 

Адзінае, што можа быць у іх агульнага ў пытанні амерыканскіх выбараў — гэта жаданне справакаваць беспарадкі ў ЗША, незалежна ад вынікаў галасавання, каб паспрабаваць паслабіць краіну і адыграцца з-за магчымай няўдачы на палітычных стаўках за свайго кандыдата па прынцыпе: не даставайся ж ты тады нікому.

Каментары8

  • Беларус
    26.10.2024
    Кстати, здесь в комментариях неоднократно вылазили разные боты с наративами как из кремлевских документов по проведению дезинформационной кампании в США.
  • бабруйчанін
    26.10.2024
    Беларус, Наускідку нагадаю на якія " аўтарытэты" яны абапіраюцца боты і з якіх ..вуснаў чутны аб " леваках"аб уря Трампе Велер Табах Латыніна Белкоўскі ....Далей ?? ))) Неее.хопіць)))
  • Читаю эти бумажки
    26.10.2024
    И сильно трясусь от смеха....
    А серьезно надо прочитать/посмотреть очень грамотного Андрея Илларионова, там о Байдене, Харрис и Трамвае доступно и без шпионов.

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю1

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Усе навіны →
Усе навіны

Ідэя на падарунак — падборка стылёвых аксесуараў з беларускім каларытам1

Зніклы чатыры дні таму на Камчатцы самалёт Ан-2 знойдзены. Людзі жывыя

Кулямёт замест кантрактаў. Чым запомніцца візіт Лукашэнкі ў Аман?3

Украінец Аляксандр Усік зноў перамог Тайсана Ф'юры і абараніў тытул чэмпіёна свету па боксе ў суперцяжкай вазе4

«Мы не маем кур'ераў у Беларусі». Ініцыятыва Dissidentby пракаментавала фільм на АНТ

Пракурор назваў магчымы матыў атакі ў Магдэбургу4

Жыццёвыя драмы Аляксандра Саладухі: ад прафнепрыдатнага артыста да праўладнага мільянера33

Кітай сцвярджае, што стварыў першыя ў свеце дроны з лазернай зброяй3

Сталі вядомыя тэхнічныя характарыстыкі звышсакрэтных дронаў, якія ЗША пастаўляюць Украіне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю1

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Галоўнае
Усе навіны →