Меркаванні3636

Лукашанец пра пераклад статутаў: Спецыфічныя тэксты — спецыфічны падыход

Пра пераклад вайсковых статутаў на беларускую мову карэспандэнт «НН» пагутарыў з дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандрам Лукашанцам.

Нядаўна ў шэрагу СМІ з’явілася інфармацыя аб перакладзе некаторых вайсковых статутаў на беларускую мову. У прэсу трапілі некаторыя прыклады беларускамоўных каманд.

Яны адразу выклікалі хвалю абмеркаванняў на форумах. Перакладам статутаў займаўся Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. «НН» пагутарыла з гэтай нагоды з яго кіраўніком, Аляксандрам Лукашанцам.

«НН» Як увогуле з’явілася ідэя перакласці вайсковыя статуты на беларускую мову? Хто быў ініцыятарам гэтага?

АЛ: У канцы мінулага года, паводле заказу Міністэрства абароны, Інстытутам мовы і літаратуры быў зроблены пераклад агульнавайсковых статутаў на беларускую мову. Наколькі я ведаю, Міністэрства абароны праводзіла спецыяльны тэндар, і ў выніку пераклад статутаў быў даручаны нашаму Інстытуту. Над перакладам працавала група нашых супрацоўнікаў. Былі перакладзены Статут унутранай службы, Статут гарнізоннай і каравульнай служб, Дысцыплінарны статут і Страявы статут. Чатыры асноўныя статуты і ўсе неабходныя дадаткі да іх.

Пераклад ажыццяўляўся ў адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы і новымі правіламі арфаграфіі і пунктуацыі.

«НН» Ці існуюць планы перакладу ўсіх вайсковых статутаў і іншых дакументаў УС РБ?

АЛ: Пра гэта не магу дакладна сказаць. Спадзяюся, што гэтая работа будзе ажыццяўляцца ў далейшым. Калі зыходзіць з прынцыпу дзяржаўнага двухмоўя, то ўсе афіцыйныя дакументы такога тыпу павінны быць увасоблены ў дзвюхдзяржаўных мовах. З цягам часу гэта павінна быць зроблена.

«НН» Чаму менавіта зараз, толькі праз 20 гадоў незалежнасці, беларуская мова змагла прабіцца ў беларускае войска?

АЛ: Я думаю, што гэта абумоўлена спецыфікай дадзенай сферы, якая традыцыйна была фактычна поўнасцю рускамоўнай. Але тут я хацеў бы звярнуць увагу на прысутнасць беларускай мовы ў беларускім войску і да гэтага часу. Апазнавальныя знакі, нашыўкі на абмундзіраванні і раней выконваліся на беларускай мове. Рота ганаровай варты рэгулярна выкарыстоўвае беларускую мову.

Пераклад статутаў сведчыць аб пашырэнні гэтай прысутнасці. Будуць беларускамоўныя тэксты і любы ваеннаслужачы зможа выкарыстоўваць іх падчас сваёй службы.

Гэта дастаткова відавочны зрух у бок пашырэння беларускай мовы ў сферы вайсковай дзейнасці.

«НН» У інтэрнэт пратачыліся некаторыя пераклады вайсковых каманд, зробленыя Інстытутам мовы і літаратуры. У прыватнасці такія, як «Смірна!», «Крокам марш!» і «Стройся!». Яны выклікалі хвалю абурэння сярод беларускамоўнай публікі, якая прызвычаілася выкарыстоўваць варыянты «Зважай!», «Крокам руш!» і «Шыхтуйся!». Як бы Вы пракаментавалі такую рэакцыю?

АЛ: Сапраўды, у СМІ і інтэрнэце распаўсюдзілася інфармацыя аб перакладзе статутаў і з’явіліся каментарыі, часам рэзкія, адносна перакладу некаторых камандаў. З аднаго боку, сёння ў прынцыпе нельга гаварыць пра тое, што многія прызвычаіліся да іншых камандаў, паколькі яны да гэтага часу нікім практычна не выкарыстоўваліся. Па‑другое, я хацеў бы сказаць, што ў мяне няма сумненняў, што крытыкі не бачылі ўвесь тэкст перакладу. Па асобных словах нельга меркаваць аб яго якасці ў цэлым. Тэкст воінскіх статутаў адносіцца да спецыфічных тэкстаў. Тут неабходна тэрміналагічная дакладнасць, сэнсавая адназначнасць у разуменні і сістэмнасць. Таму асобныя фрагменты перакладу тэкстаў статутаў таксама неабходна ўспрымаць у сістэме.

Я перакананы, што выбраныя найбольш аптымальныя варыянты беларускіх камандаў.

Яны адпавядаюць сучаснаму стану беларускай мовы і зразумелыя яе носьбітам. Так, каманда «Раўняйся!» (форма загаднага ладу ад дзеяслова раўняцца) — абсалютна звычайнае і пашыранае беларускае слова. Яна дакладна перадае патрабаванне аб неабходным дзеянні. Іншыя варыянты могуць быць незразумелымі ў сучасным войску. Напрыклад, слова «Шыхтуйся!», якое прапануецца ў якасці альтэрнатыўнага варыянта, з’яўляецца запазычыаннем і сучаснаму носьбіту беларускай мовы пераважна незразумелае. Акрамя таго, у сучаснай беларускай мове існюць словы шыхта (ням. Schicht), шыхтаваць і інш., якія адносяцца да сферы горназдабываючай тэрміналогіі, а не вайсковай. Што датычыць каманды «Смірна!», то можна ў пэўным сэнсе лічыць яе русізмам. Аднак гэтае слова славянскага паходжання і таму можа лічыцца і беларускай спадчынай. Яно добра зразумелае і адназначнае. Справа ў тым, што спецыфіка вайсковых статутаў заключаецца ў тым, каб дакладна перадаваць паняцці. У беларускай мове гэтае слова выкарыстоўваецца толькі ў вайсковай сферы і таму адпавядае гэтаму патрабаванню. Альтэрнатыўны варыянт «Зважай!» у сучаснай беларускай мове па сваім сэнсе з іншай семантыкай, і фактычна азначае «звярні ўвагу». Акрамя таго, каманда «Зважай!» як адпаведнік рускага «Смірно!» сустракаецца толькі ў

«Руска‑беларускім слоўніку» пад рэдакцыяй Александровіча (1937), які адназначна лічыцца русіфікатарскім.

Што датычыць выразу «Крокам марш», які таксама падвяргаецца абструкцыі, я не вельмі разумею, чаму да яго прад’яўляюцца прэтэнзіі. Слова «марш» з’яўляецца запазычаннем з французскай мовы, дзеяслоў‑тэрмін «маршыраваць» — з нямецкай. Таму «Марш!» як каманда можа ў поўнай меры лічыцца беларускай. А тое, што яна супадае ў рускай і беларускай мовах, не падстава для адмаўлення ва ўжыванні.

Пры перакладзе мы стараліся выбраць найбольш адэкватныя, карэктныя і зразумелыя тэрміны. Самае галоўнае, што зроблены пераклад адпавядае нормам сучаснай беларускай мовы і можа паспяхова выкарыстоўвацца ў практычным маўленні.

Гэта не здзек з беларускай мовы, як пісалася на сайтах, а рэальная магчымасць пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў гэтай сферы дзейнасці.

«НН» Беларуская вайсковая гісторыя налічвае шмат стагоддзяў. Ці выкарыстоўваліся падчас перакладу статутаў гістарычныя тэрміны са старых дакументаў, летапісаў?

АЛ: Гістарычная традыцыя ўлічвалася, і тое, што не пярэчыла нормам сучаснай мовы, абавязкова выкарыстоўвалася. Напрыклад, на наш погляд, знойдзены дакладны і добры пераклад такіх камандаў, як «В ружьё!» і «К оружию!» — «За зброю!» і «Да зброі!». Дакладна перадаецца сэнс і цалкам па‑беларуску.

«НН» З якімі праблемамі сутыкнуліся падчас працы над перакладам?

АЛ: Было складана паслядоўна перадаць выраз «положение» — «положение оружия», «положение Боевого Знамени». Беларускае слова «становішча» тут не заўсёды стасуецца. Пытанне абмяркоўвалася з ваеннымі, якія ведаюць беларускую мову. У выніку выбралі выраз «положеніе оружія» перакладзены як «пастава зброі», а «положеніе боевого Знамені» — як «становішча баявога Знамені».

Увогуле хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, калі перакладаюцца спецыфічныя тэксты, патрэбны і спецыфічны падыход. Неабходна вельмі дакладна і сістэмна перадаваць сэнс кожнага выразу, кожнага слова. Кожнае слова павінна забяспечваць дакладнасць і адназначнасць разумення. Таму перш чым крытыкаваць кагосці, трэба добра падумаць і ўсё ўзважыць.

А памылак не робіць толькі той, хто нічога не робіць.

Гутарыў Алесь Пілецкі

Каментары36

Цяпер чытаюць

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу4

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Усе навіны →
Усе навіны

Пяцёра альпіністаў загінулі на Эльбрусе

Беларусы расказалі пра сямейны бюджэт і выдаткі на іпатэку ў Польшчы5

Навукоўцы вызначылі рысы твару, якія людзі часцей за ўсё лічаць прывабнымі5

Другая пятля на шыі сусветнага гандлю. Хусіты пагражаюць закрыць Чырвонае мора5

Як каралева голых землякопаў падтрымлівае сваю калонію бясплоднай3

У Берліне аўтамабіль урэзаўся ва ўдзельнікаў ЛГБТ-прайда15

«Замарозка немагчымая, пакуль Расія не дасягнула сваіх мэтаў». У Крамлі адказалі на прапанову Такаева9

Індыйскія «тараканы» масавымі пратэстамі дабіліся адстаўкі міністра адукацыі2

Каля берагоў Пуэрта-Рыка знайшлі самалёт, які разбіўся 74 гады таму1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу4

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць