Ізраіль не без задавальнення назірае за бітвай гадзюкі і жабы ў Сірыі
Парадаксальна, але яўрэйскай дзяржаве выгадна, каб абодва бакі аслаблі, але ніводзін не перамог.
Ізраіль працягвае выказваць занепакоенасць апошнімі падзеямі ў Сірыі, але не спяшаецца падтрымаць наступ апазіцыйных сілаў супраць рэжыму Асада.
Як адзначае The Wall Street Journal, яўрэйская дзяржава стаіць перад выбарам: «знаёмы д’ябал» ці ісламісцкія паўстанцы?» Гэта пытанне, на якое няма адназначнага адказу.
У чым магчымыя плюсы для Ізраіля ад рэжыму Асада і ў чым рызыкі ад прыходу да ўлады груповак, што наступаюць на яго, — давайце разбярэм крок па кроку.
Асад кантралюе сітуацыю ў Сірыі: плюсы і мінусы
Пачнем ад мінусаў.
- Асад быў і застаецца саюзнікам Ірана — галоўнага рэгіянальнага праціўніка Ізраіля. Ягоны кантроль над Сірыяй азначае захаванне ўплыву Ірана і робіць магчымым перадаваць зброю «Хезбале», а гэта азначае прамую пагрозу для Ізраіля.
- Калі Асад выжыве і кансалідуе сваю ўладу, то ёсць рызыка, што ён ўмацуе адносіны з Іранам. Гэта падарве намаганні Ізраіля аслабіць сетку саюзнікаў і ўзброеных проксі Ірана.
Ёсць і плюсы:
- Рэжым Асада — «вядомая велічыня» для Ізраіля, «д’ябал, якога мы ведаем». Панаванне Асада дае прадказальнасць, і Ізраіль цягам многіх гадоў навучыўся функцыянаваць у суседстве з гэтым рэжымам.
- Рэжым Асада, што праўда, падтрымліваў «Хезбалу» ў яе канфлікце з Ізраілем, але гэта была асцярожная і стрыманая падтрымка. Рэжым спрыяў перадачы зброі, але не пасылаў войскаў.
- Апошнім часам Асад спрабаваў наладзіць адносіны з празаходнімі арабскімі дзяржавамі. Гэта давала надзею на паступовае паслабленне яго саюзу з Іранам і падтрымкі «Хезбалы».
А што, калі Асад губляе кантроль над Сірыяй?
У такім выпадку тэрыторыя Сірыі, хутчэй за ўсё, стане арэнай барацьбы некалькіх разрозненых груповак. Сярод іх на першы план, хутчэй за ўсё, выйдзе «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ).
Магчымыя плюсы:
- Аслабленне рэжыму Асада і фрагментацыя Сірыі могуць пазбавіць Іран моцнага саюзніка ў рэгіёне. Гэта патэнцыйна аслабіць уплыў узброеных груповак, якія падтрымліваюцца Іранам, такіх як «Хезбала».
- Нестабільнасць сярод саюзнікаў Асада (Іран, Расія, «Хезбала») можа абмежаваць іх магчымасці для вядзення дзеянняў супраць Ізраіля.
Было б, можа, і нядрэнна, калі б не наступнае:
- ХТШ, якая з’яўляецца галоўнай сілай у цяперашнім наступе на пазіцыі Асада, афіцыйна прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША. Яе ідэалогія блізкая да ідэалогіі «Талібана» і «Хамаса». У выпадку прыходу да ўлады ХТШ ні пра якую дэмакратызацыю Сірыі гаворка ісці не будзе, а краіна стане яшчэ больш варожай да Ізраіля і заходняга свету.
- Хаос у Сірыі можа ўзмацніць пагрозы на ізраільскай мяжы. Апрача ХТШ, розныя іншыя ісламісцкія групоўкі могуць актывізавацца, што зробіць рэгіён больш непрадказальным і небяспечным для Ізраіля.
- Хуткае наступленне паўстанцаў можа парушыць рэгіянальны парадак і ўцягнуць іншыя краіны, уключаючы Ізраіль, у канфлікт.
З увагі на ўсю гэту неадназначнасць сітуацыі, Ізраіль не схільны апладзіраваць апошнім поспехам апанентаў Асада.
«Найлепшы варыянт для Ізраіля цяпер — гэта ўзаемнае аслабленне гэтых сіл, а не рашучая перамога адной з іх», — цытуе WSJ Харэля Хорэва, старшага даследчыка Тэль-Авіўскага ўніверсітэта.
Кантэкст
Пратэсты, якія ўспыхнулі ў 2011 годзе, паступова перараслі ва ўзброенае супрацьстаянне. Спачатку Ізраіль займаў пазіцыю старонняга назіральніка.
Аднак заангажаванне ў канфлікт Ірана і «Хезбалы» прымусілі Ізраіль дзейнічаць. Каля 2014 года Ізраіль пачаў аперацыі, якія назваў «вайной паміж войнамі». Яна палягала ў тым, каб ствараць перашкоды для перадачы зброі «Хезбале» ў Ліван.
Апошнія гады Ізраіль спадзяваўся адцягнуць Асада ад Ірана праз стымуляванне сувязяў з празаходнімі дзяржавамі Персідскага заліва. Паўторнае прыняцце Сірыі ў Лігу арабскіх дзяржаў разглядалася як частка гэтых намаганняў, але апошнія падзеі паставілі іх пад пытанне.
Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы
Як сірыйскія паўстанцы сталі дзейснай арміяй і як яны паставілі на паток выраб дронаў
Войскі Асада ў Сірыі працягваюць адступаць
Расійскія вайсковыя караблі пакінулі базу ў сірыйскім Тартусе
МЗС рэкамендуе ўстрымацца ад паездак у Сірыю
Па дамоўленасці з сірыйскімі паўстанцамі байцы курдскіх Сірыйскіх дэмакратычных сілаў пакінулі раён Алепа
Каментары
Леони́д I (царь Спарты)