Грамадства1616

«Кубло такое». З перапісак Кабанчука робіцца ясна, чаму Верамейчыка палічылі небяспекай і забаранілі яму ўезд ва Украіну

Перапіскі былога намесніка камандзіра Палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука, якія былі выгружаныя хакерамі з яго ўзламанага тэлеграма, праліваюць святло на адносіны ўнутры беларускіх добраахвотнікаў. Як натуральнае імкненне да мінімізацыі рызык, так і барацьба амбіцый прыводзяць да прыняцця рашэнняў, якія часам маюць неспадзяваныя і доўгатэрміновыя наступствы.

Васіль Верамейчык у руках беларускага КДБ

Арышту былога байца Палка Каліноўскага Васіля «Пацука» Верамейчыка і выдачы яго з В'етнама беларускаму КДБ папярэднічала адмова яму ў праве заставацца ў Літве. Літоўцы кіраваліся сваімі прычынамі, але, можа быць, маглі ўлічыць і забарону на ўезд ва Украіну. А з чыёй падачы Украіна прыняла тое рашэнне? Чалавек ваяваў, а яму забаранілі заязджаць. Зразумець, што папярэднічала ўнясенню «Пацука» ў стоп-ліст, дапамагаюць перапіскі намкампалка Кабанчука.

Прывядзём размову, якая адбываецца летам 2023-га паміж Вадзімам Кабанчуком і спецпасланнікам Офіса Ціханоўскай ва Украіне Генадзем Манько.

«Бачыш, якія цікавыя дэталі»

Ініцыюе дыялог Кабанчук. Ён скідвае Манько юнацкія фота Верамейчыка з сістэмы «Пашпарт» і суправаджае выявы сваім каментаром. 

З кантэксту ясна, што гэта працяг ранейшай вочнай размовы, у якой абмяркоўвалася нейкая «папера», пра змест якой у курсе два суразмоўцы. А Кабанчук яшчэ раз асобна хоча падсвяціць адзін момант. 

«Вітаю, дружа. Верагодна, ён мае сувязь з Пракопам (мянушка Вадзіма Пракоп'ева — НН), разам ляталі ў Маскву 2018-07-10», — піша Кабанчук і дае тлумачэнне аб асобе на фота ўжо галасавым паведамленнем.

«Гэта «Пацук» (пазыўны Верамейчыка — НН), ён быў раней у Палку. Бачыш, якія цікавыя дэталі высвятляюцца… Тут падобна, што кубло такое сплецена было ўжо даўно…», — кажа ён. 

«Вітаю, дружа. Ну я то зразумеў, прачытаў з твайго тэксту. У гэтай паперы толькі бачу па ім два адрэзкі, па Пацуку. Так, я ведаю яго, я бачу, ён часам з'яўляецца на нейкіх перадачах. Толькі дзе пра сувязь з Пракопам? Я не ўбачыў», — голасам выказвае сумневы Манько

«А яны ляцелі на адным самалёце. Ну, тут проста дакумент не ўставілі, але гэты дакумент ёсць. Там яшчэ іншыя цікавыя сувязі з'яўляюцца», — кажа Кабанчук. 

На гэтым суразмоўцы сканчаюць перагаворвацца галасавымі паведамленнямі, працягу мы не ведаем. 

Вадзім Кабанчук на канферэнцыі «Новая Беларусь» 3 жніўня 2024 года. Фота прэс-службы Офіса Ціханоўскай

Сувязь з Пракоп'евым

З размовы можна зрабіць выснову, што кіраўніцтва Палка запытвалася ў «Кіберпартызанаў» не толькі біяграфічныя даныя свайго былога байца Верамейчыка, але і больш тонкія моманты — куды лятаў, калі. І аналізавалі, з кім ён лятаў і куды. У прынцыпе, у такой праверцы няма нічога незвычайнага. Гэта нармальная контрразведвальная і кантрольная дзейнасць.

Ці факт палёту Пракоп'ева і Верамейчыка адным рэйсам Мінск-Масква ў ліпені 2018 года быў выпадковасцю, ці гэтыя двое ляцелі разам?

«Васіль тады праз Маскву лятаў у Тайланд», — сказалі нам яго сябры. 

«Цяпер ужо не ўспомню, але праз Маскву ў тыя годы я лётаў ва Улан-Батар, у Тбілісі», — патлумачыў «Нашай Ніве» Пракоп'еў. 

«Калі я і лятаў адным самалётам з Верамейчыкам у мінулым, то я пра гэта не ведаў, дый ён таксама. Першы раз я ўбачыў гэтага чалавека ў 2022 годзе ў пачатку вайны, калі сабраўся агульны аўтобус на Кіеў з Варшавы. Ён быў адным з тых, хто ехаў. Падсеў, здаецца, у Львове, хацеў ваяваць», — сцвярджае Пракоп'еў.

Сам факт гэтай размовы Кабанчука і Манько не дае падставаў адназначна сцвярджаць, што за адпраўкай Верамейчыка ў стоп-ліст стаяў намеснік камандзіра палка ці яго кіраўніцтва.

Размова адбылася праз паўгода пасля моманту, калі Верамейчык даведаўся аб забароне на ўезд ва Украіну: апошні раз ён быў там восенню 2022-га, а ў пачатку 2023-га ўжо не змог заехаць.

Мы не ведаем, калі Верамейчыка палічылі пагрозай бяспецы Украіны і на падставе якой інфармацыі было прынятае тое рашэнне. Спецслужбы і дзяржаўныя органы, як правіла, не раскрываюць такіх звестак. 

Але гэтая размова ўказвае на тое, што кіраўніцтва Палка Каліноўскага адназначна лічыла кампраметуючым фактам сувязь людзей з Пракоп'евым.

Чаму кіраўніцтва Палка Каліноўскага і, у прыватнасці, Кабанчук не ўспрымалі Вадзіма Пракоп'ева? 

«У кіраўніцтва Палка была пазіцыя, што ва Украіне не павінна быць альтэрнатыўнага падраздзялення беларусаў», — кажа былы баец.

У падпалкоўніку Сахашчыку — ён на той момант быў прадстаўніком Аб'яднанага пераходнага кабінета па бяспецы і абароне — кіраўніцтва Палка бачыла канкурэнта з туманнай біяграфіяй і шкоднымі мэтамі. Замест далучэння да Палка Каліноўскага ці работы на валанцёрскіх пачатках на яго карысць Сахашчык хацеў стварыць сваю яму альтэрнатыву.

Адпаведна, людзей Сахашчыка ў Палку не лічылі сябрамі. А Пракоп'еў быў найбліжэйшым паплечнікам Сахашчыка, чалавека, які рухаў Сахашчыка ў палітыку.

У Сахашчыка — мінулае ў беларускай арміі плюс расійскі пашпарт. Ядро каліноўцаў, якое выйшла з фанацкіх асяродкаў і з 2014-га у складзе «Азова» рызыкавала сабой за Украіну, убачыла ў ім чалавека, які заяўляе права на лідарства, не маючы на тое заслуг і біяграфіі, з наскоку хоча стаць галоўным на чужым полі.

Асабістая непрыязнасць разагравала падазрэнні ў ненадзейнасці, расійскім следзе. 

«І тыя, хто быў з Сахашчыкам звязаны — у тым ліку Пракоп'еў, яны праходзілі для вярхоў каліноўцаў па той жа катэгорыі як мінімум небяспечных канкурэнтаў, а то і магчымых расійскіх засланцаў», — дадаў іншы суразмоўца «Нашай Нівы».

Пры гэтым непазбежная на вайне максімальная падазронасць спрыяла рашэнням, скіраваным на мінімізацыю рызык.

Васіль Верамейчык падчас службы ў Палку Каліноўскага

Прычыны не любіць

Адначасова ў кіраўніцтва Палка Каліноўскага былі прычыны не любіць Верамейчыка.

«У сярэдзіне-канцы 2022-га адносіны ўнутры Палка Каліноўскага былі ўжо складанымі. Загінулы камандзір батальёна «Волат» — Іван «Брэст» Марчук спрабаваў вывесці сваё падраздзяленне са складу ПКК. Але не паспеў», — расказвае саслужывец Верамейчыка.

«Пацук» хацеў давесці да канца гэтую задуму. Кіраўніцтва палка ўспрымала гэта як сепаратызм, як нешта няправільнае. Верамейчык перагарэў, перасварыўся, захацеў узяць паўзу. Звольніўся.

Потым аддыхаўся і зноў захацеў ваяваць.

«Пацук» папрасіўся назад, было нават галасаванне наконт гэтага — вяртаць, не вяртаць. Галасавала толькі вярхушка, а не ўсе байцы. У выніку вырашылі не вяртаць. Як тады сказаў адзін з удзельнікаў галасавання: «Гаўнамут». Вернецца і будзе зноў настройваць частку калектыву на раскол», — расказвае каліновец.

На той момант падраздзяленне «Тэрор» ужо адкалолася ад палка, іншыя байцы вагаліся. Таму з былым намеснікам батальёна «Волат» Васілём Верамейчыкам вырашылі не рызыкаваць.

Беларускія добраахвотнікі — «Пацук», «Волат», «Брэст», «Зубр»

І тут ужо дылема

Прыкладна тады ж Сахашчык з Пракоп'евым спрабавалі ўдыхнуць новае жыццё ў сваю задуму стварыць асобны полк «Пагоня». Полк Каліноўскага выстаўляў на фронт сотні чалавек, «Пагоня» складалася з тузіна пры інтэрнацыянальнай роце. Людзі Сахашчыка хацелі пашырыцца і выйсці на самастойнае падраздзяленне, шукалі сабе байцоў, вялі перамовы з некаторымі каліноўцамі. Хтосьці быў блізкі да згоды.

«Як расказваў мне асабіста Верамейчык, яго таксама абходжвалі. Відаць, Вася дзяліўся гэтай інфармацыяй з былымі саслужыўцамі, яна дайшла да кіраўніцтва палка», — кажа яго былы саслужывец. 

І тут ужо дылема. Калі ўзяць Верамейчыка назад — рызыка, што захоча стаць атаманам і звядзе яшчэ групу людзей. Калі не браць, то ён пойдзе да Сахашчыка і ўжо адтуль будзе агітаваць ісці да яго, у «Пагоні» не было аўтарытэтных публічных людзей, ён мог бы стаць такой фігурай». 

«Такім чынам, у нейкі момант прычыны не любіць Верамейчыка амаль да літары супалі з прычынамі не любіць Вадзіма Пракоп'ева», — лічаць інфармаваныя суразмоўцы, якім «Наша Ніва» паказала дыялог Кабанчука і Манько.

Барацьба з раскольнікамі, адстойванне манаполіі сваёй арганізацыі прывяло да таго, што абедзве гэтыя фігуры, якія хацелі па-свойму рознага, з пазіцыі кіраўніцтва палка хацелі аднаго і таго ж. 

«Напрошвалася найлепшае рашэнне, каб Верамейчык увогуле не апынаўся ва Украіне. ПКК нічога не губляе, «Пагоня» Сахашчыка нічога не набывае — таму, я думаю, так здарылася, таму з ім так абышліся. Менеджмент рызыкаў», — сказаў нам суразмоўца, у мінулым блізкі да Верамейчыка.

Пракоп'еў лічыць прычынай рэўнасць

Вадзім Пракоп'еў катэгарычна абвяргае спекуляцыі пра сваю сувязь з Расіяй. Ён лічыць прычынай недаверу да сябе проста барацьбой за рэсурсы.

«З першых дзён вайны цяпер ужо былое кіраўніцтва ПКК змагалася з любымі альтэрнатыўнымі падраздзяленнямі беларусаў. Я быў абвешчаны ворагам. У ход ішло ўсё: рознага роду падставы, дыскрэдытацыі, выкарыстоўванне сувязяў у ГУР [Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны], у Офісе Ціханоўскай. 

«Пагоню» цалкам расфарміравалі, мяне выклікалі ў СБУ і ветліва, але цвёрда прапанавалі выехаць з Украіны.

Але мне пашанцавала больш, чым Верамейчыку, таму што на той момант я ўжо атрымаў прытулак у адной з еўрапейскіх краін», — кажа Пракоп'еў.

«Спроба аб'яднаць нас з Васілём у «кубло» можа быць звязана з тым, што ён цвёрда выказваў незадаволенасць уладкаваннем ПКК. Гэта выклікала рэўнасць кіраўніцтва. А намаляваць нас маскоўскімі шпіёнамі-змоўнікамі — гэта сёння самы верны спосаб сапсаваць камусьці жыццё ва Украіне», — мяркуе Пракоп'еў, які рэзка крытыкуе і былое кіраўніцтва Палка Каліноўскага за інтрыганства, і Офіс Ціханоўскай за нерашучасць у ваенны час. 

У той жа час Пракоп'еў ухваляе змену кіраўніцтва Палка.

«Калі б усе адразу разабраліся, што ўяўляе з сябе цяпер ужо былое кіраўніцтва ПКК, то беларускі добраахвотніцкі рух мог бы ўяўляць з сябе абсалютна іншую сілу. І я толькі рады, што адбылася змена кіраўніцтва ў ПКК. Усё, што я ведаю пра Паўла Шурмея, кажа, што ён правільны чалавек і на правільным месцы лідара», — кажа Пракоп'еў. 

«Факты не пацверджаныя»

Васіль Верамейчык, 2022 год. Фота: Наша Ніва

Забарона Верамейчыку ўезду ва Украіну сыграла ў лёсе Верамейчыка злую ролю. Ён па натуры не любіў прасіць і аспрэчваць, лічыў гэта ніжэй за свой гонар, казала ягоная жонка. «Сказаў: я тут нічога прасіць не буду», — апісала яна рэакцыю Васіля на прызнанне яго пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы.

Апынуўшыся між небам і зямлёю, без магчымасці паехаць ва Украіну хаця б проста жыць, ён паслаў усіх і паляцеў у В'етнам, дзе апынуўся ў зоне дасяжнасці беларускіх спецслужбаў. Так забарона ўезду стала першапрычынай доўгага ланцужка падзей, якія прывялі байца ў камеру СІЗА КДБ. Ніхто не ведае, што з ім там адбываецца.

Што ж магло быць у той паперы, якую нехта — пакуль што невядома хто — падклаў украінскім службам як матывацыю падазрэнняў на адрас Верамейчыка, былога афіцэра беларускай арміі, які свядома выбраў шлях супраціву? Пакуль адказу на гэтае пытанне няма.

Чытайце таксама: Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Хто ўзламаў тэлеграм Кабанчука, няясна. Напрошваецца думка, што гэта маглі быць беларускія ці расійскія спецслужбы або звязаныя з імі структуры. Па меркаванні журналіста «Нашай Нівы», які вывучаў узламаныя даныя, узлом адбыўся 24 жніўня 2023 года, трэція асобы мелі доступ да акаўнта з 09:40 да 10:11. Самае свежае з выгружаных у выніку ўзлому паведамленняў датуецца жніўнем 2023 года. 

«Факты па гэтай справе пакуль не пацверджаныя, таму без каментарыяў», — адказаў Вадзім Кабанчук на запыт «Нашай Нівы». Мы пыталіся ў яго пра змест той паперы, у якой фігуравала прозвішча Верамейчыка. 

Пасля адстаўкі Валерыя Сахашчыка з Аб'яднанага пераходнага кабінета ў жніўні 2024-га Кабанчук заняў там ягонае месца.

Калі вам важная праца, якую робяць журналісты «Нашай Нівы», падтрымайце нас, калі ласка, данатам праз «Патрэон».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • бабруйчанін
    11.01.2025
    Калі пачаць з 2014 калі в Украіне стал " медыйна" вядомы " правы сектар" і побач ...асобы Ківы Білецкага Малюты ( зараз 3 штурмавую ) узначальвае ??Бярозы да і Яроша таксама.Ківа- Білецкі ?? Бяроза - Ярош
    Наконт " Свабоды" і фінансаванне Ахметовым Стэрнэнко..
    Ці вядомага правакатара як Карчынскі , той хто з Дугін Арэстовічам за адным сталом у Масква сядзелі 2004.Карчынскі уМалдове прэдністроўскіх за сепараў ваевал .
    Да сбУ грУ..і у2014 і пасля 24 лютага шмат ??? на якія і дагэтуль падказу німа.
  • Claude Woodward
    11.01.2025
    дык хто зь іх вінаваты
  • Acab
    11.01.2025
    -Акабчык Маленькі, ты зьдзіўлены?
    -Ня зьдзіўлены

«Кубло такое». З перапісак Кабанчука робіцца ясна, чаму Верамейчыка палічылі небяспекай і забаранілі яму ўезд ва Украіну16

«Кубло такое». З перапісак Кабанчука робіцца ясна, чаму Верамейчыка палічылі небяспекай і забаранілі яму ўезд ва Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі квашанай капусты трэба з'ядаць за дзень для здароўя? Вы толькі не дзівуйцеся16

У Малінаўцы «Форд» на пешаходным пераходзе насмерць збіў 8-гадовае дзіця5

У Асіповічах падчас вячэры ў дзіцячым садку памерла двухгадовае дзіця1

У ЗША затрымалі «вагнераўца», які спрабаваў перасячы мяжу праз раку. У яго ў заплечніку быў дрон5

Ксенія Лебедзева атрымала прэмію расійскага ўрада5

«Атрымліваю 600 рублёў на месяц як ахоўнік на аўтастаянцы». Як выжывае былы праваабаронца Алег Волчак12

Польшча выйшла ў лідары па выдатках на абарону сярод краін НАТА1

Расійскі танкер страціў кіраванне і дрэйфуе каля нямецкага вострава1

Ад заўтра ў Беларусь можна будзе заязджаць па расійскіх візах1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кубло такое». З перапісак Кабанчука робіцца ясна, чаму Верамейчыка палічылі небяспекай і забаранілі яму ўезд ва Украіну16

«Кубло такое». З перапісак Кабанчука робіцца ясна, чаму Верамейчыка палічылі небяспекай і забаранілі яму ўезд ва Украіну

Галоўнае
Усе навіны →