Грамадства99

Рэспекты ад дактароў і спецыфіка ў войску. Прынцыпова беларускамоўны юнак расказаў, як ён адслужыў

Як адчувае сябе беларускамоўны чалавек у рэчаіснасці цяперашняй Беларусі? Публікуем маналог аднаго такога чалавека.

Ілюстрацыйнае фота: прэсавай службы Унутраных войскаў

Чакаў нагоды

Я размаўляю па-беларуску не ад нараджэння. Упершыню паспрабаваў перайсці ў дзявятым класе. Гэта быў лагічны працяг ланцужка: цікавасць да роднага так і падказвалі нарэшце адрачыся «великого и могучего». І вось перайшоў, але ўсяго на гадзіну. На столькі часу хапіла маіх сяброў, якія сказалі: «Пераходзь на рускую, мы цябе не разумеем».

Спакваля мова стала займаць два-тры дні на тыдзень. А акрамя гутарак на ёй — кнігі, курсавыя, першыя вершы.

Ва ўкраінцаў, асабліва ў вайскоўцаў, цяпер дужа папулярны выраз «чекай нагоди». Той «нагоды» я і чакаў. І дачакаўся.

Акалічнасці вымусілі ехаць працаваць у іншы горад, дзе мяне ніхто не ведаў. Там я адразу ж пачаў па-беларуску, а дома сказаў, што на новым месцы беларускамоўныя калегі.

Нагода нікога не здзівіла. Хіба толькі стрыечную цётку: «О, а ты чаго па-беларуску? Ты толькі, калі ў ваенкамат пойдзеш, размаўляй па-руску, а то ў нармальныя войскі не забяруць». 

Дактары і «настаўнікі»

Дактары сталі адной з самых заўважных груповак пратэстаў-2020. Яны ж выключна прыхільна рэагуюць на мову. 

— Ой, а вы сядзелі на Акрэсціна? — пытаецца жанчына-хірург, да якой я прыйшоў на здымак. 

— Так, сядзеў.

— Ой, там жа страшна было. Вас білі?

— Не, не білі, усё добра абышлося. 

Іншым разам спагадлівыя дактары ледзь не дапамаглі «вырашыць» вайсковае пытанне. Завітаць у бальніцу давялося падчас медкамісіі ад ваенкамата. 

— Ну што, знойдзем нешта ў хлопца? — пытаецца маладая жанчына ў сваёй калегі.

— Паспрабуем. Не трэба беларускамоўнага ў армію адпраўляць.

Але я не хацеў адмазвацца ад зялёнай формы. Дый доктаркі ніякіх хвароб у мяне не знайшлі. Не выявіў праблем са зрокам і іх калега-афтальмолаг. Затое павысіў маю моўную культуру. 

— Што бачыш на малюнку?

— Трохкутнік.

— Трохкутнік? Усё ж такі, напэўна, трохвугольнік. Куты — у хаце. А ў фігуры — вуглы. 

Наогул такіх «настаўнікаў» мовы хапае. Калегам па працы, прыкладам, не падабаецца мая «гарбата». 

— Ведаеш, мы любім беларускую мову, але тваю часам не разумеем. Для нас усё ж такі больш звыкла «чай», — усміхаючыся, тлумачаць мне кабеты.

А аднойчы мне прачытаў лекцыю тутэйшы паэт.

— Ты ведаеш, што такое брама? Вароты, а якія? Двайныя, вялікія, як Вострая брама. Але не футбольныя. Дык чаго ты футбольнага варатара брамнікам называеш?

— Адмысловая футбольная лексіка ў нас пачала з’яўляцца нядаўна, таму нормаў яшчэ няма, спрэчак багата. А мова ўсё ж такі жывы арганізм, — спрачаюся я з беларускамоўным дзядулем, з якім мы ўсё ж такі паразумеліся. 

«Беларус»

Ваенкамат адправіў мяне на службу ў рэзерве: войска абмяжуецца адно толькі некалькімі месячнымі зборамі. Перспектыва абуцца ў берцы турбуе значна менш за моўнае пытанне. Адразу ж згадваецца сентэнцыя Сяргея Навумчыка: беларуская мова ў войску, маўляў, скончылася з першым жаўнерам, які за яе паехаў на гаўпвахту. Ці так насамрэч?

* * *

Нас па адным выклікаюць на знаёмства да камандзіра ўзвода. Надыходзіць і мая чарга. Некалькі дзяжурных пытанняў пра адрас, адукацыю і сям’ю — усе гэтыя даныя афіцэр запісвае сабе ў нататнік. Нарэшце ён заўважае: 

— Гэта ты па-беларуску размаўляеш?

— Ну так. Але, калі трэба, магу і па-руску. 

— А навошта па-расейску? У нас у краіне дзве мовы — беларуская і расейская, — здзівіўся ўзводнік не менш, чым я яго «па-расейску».

Ужо пазней я даведаўся, што наш узводны не кадравы афіцэр. Гэты ж самы чалавек на наступны дзень у нас спытаўся, ці чытаў хто з нас «О дзіўны новы свет». 

На першым зборы афіцэры часта цікавяцца мной, але не дзеля ціску. Камандзір роты, прыкладам, пытаецца, ці не цкуе мяне хто за мову, і просіць пра такія выпадкі паведамляць яму. Нампаліты просяць напісаць беларускамоўныя тэксты для выступаў ці вершы. Адзін з афіцэраў часам і сам размаўляе са мной па-беларуску. З гэтым лейтэнантам, нядаўнім выпускніком Вайсковай акадэміі, абмяркоўваем і гісторыю. Багата ён даведаўся ад звольненага пасля 2020 годзе выкладчыка, якога згадваў добрым словам. Інтэлектуальнай размовай аднойчы скончыліся і начныя заняткі на палігоне: адзін маёр нечакана па-беларуску пацікавіўся маім стаўленнем да тарашкевіцы. 

Прызыўнікі ў войску. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Але ў медаля ёсць і іншы бок — контрвыведка. Праз супрацоўнікаў гэтага падраздзялення праходзіць кожны з пратэставым бэкграўндам. Сабралі з дзясятак «варожых элементаў» і павялі ў кабінет «контрыка». У нас з ім выходзіць асабліва доўгая размова. 

— Чаго так доўга? Пра што там можна размаўляць?! — пытаецца ў мяне лейтэнант, які прывёў нас і сам не дужа цешыўся з такой місіі. 

— Ды я нічога такога і не казаў… — пачынаю па-беларуску.

— Ой, ### (распусная жанчына скарочана — рус.), маўчы, — махнуў рукой афіцэр.

Але нават чэкісты не патрабуюць адрачыся мовы. Да яе ў войску ўсяго толькі ставяцца з інтарэсам. А некаторыя і са спачуваннем. Выкладчык, афіцэр запасу, калі я сціпла заўважыў, што на занятках магу адказваць па-руску, падтрымаў мяне, як і той самы камандзір узвода:

— Калі ты хочаш размаўляць па-беларуску, няма праблем. Навошта па-руску? — пытаецца ён.

Вайсковы пенсіянер не баіцца агучваць свае думкі. Гэтаму чалавеку было сорамна за паводзіны калег-ветэранаў, калі яны на праўладным шэсці напаткалі калону пенсіянераў-пратэстоўцаў. 

— З таго боку таксама ж людзі, такія ж беларусы. Дык навошта вы падзяляеце народ? — пытаецца ён у сваіх калег. — І салдаты-пратэстоўцы таксама прагнуць лепшага для сваёй краіны. 

Ледзьве не кожны дзень чую пытанне: «А чаму ты размаўляеш па-беларуску?» Адказваць адно і тое ж неўзабаве надакучвае. Як і чуць просьбу: «А скажы нешта па-беларуску». А яшчэ раздражняе мянушка «беларус». Так звычайна называюць жаўнеры, з якімі не дужа раззнаёміліся. Але ёсць адзін хлопец, які так і не пазбаўляецца гэтай звычкі. Аднойчы кідаю ў адказ: «А ты хіба рускі?» 

Вайскоўцы на паказальных выступах. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Каліноўцаў ён нечакана абараняе

Адзін прапаршчык празваў мяне бээнэфаўцам, а не навамодным бэчэбэшнікам. І нават ад яго, максімальна прарасейскага чалавека, няма ніякай дыскрымінацыі — адно інтарэс і нават нейкае спачуванне: «Што, бээнэфавец, цяжка быць не такім, як усе?» Альбо: «Ну што, будучы навабранец Палка Каліноўскага?» Каліноўцаў ён нечакана абараняе.

— Хто б што ні казаў, што яны знаходзяцца ў тыле, а не на фронце, але яны хаця б там. А вы тут. 

Другі збор у рэзерве ў мяне таксама быў беларускамоўным, а вось на трэцім ужо перайшоў на рускую. Баязлівасць і дыскрымінацыя? Не. Рэагавалі на мову па-рознаму: задавалі пытанні пра палітыку, казалі пра нянавісць да бэчэбэшнікаў, але ніводнага разу не загадалі адрачыся мовы ці абмежавалі ў правах за яе. 

Але ёсць у войску іншая разыначка: пастаянна адгукацца на «беларус», тлумачыць, чаму ты размаўляеш не па-руску — і так дзень пры дні. І ты ў цэнтры ўвагі ўсяго толькі за мову. У цывільным жыцці інакш: асяродак аднадумцаў ці сяброў, калі не і не падтрымлівае твой выбар, ужо прызвычаіўся да яго і не задае дурных пытанняў. А іншыя людзі асабліва і не звяртаюць увагі. У войску ж даводзіцца кожны дзень адчуваць «моўны» інтарэс да сябе — і ён раздражняе.

Маё сумленне так і не задушыла сораму за слабіну на трэцім зборы. Але выклікала яго не баязлівасць. Ці можаце ўявіць ва ўкраінскім войску пытанне: «А чаму ты размаўляеш па-ўкраінску?» ці ў чэшскім «А чаму ты размаўляеш па-чэшску». Чаму ж яно гучыць у нас? Абмяркоўваючы русіфікацыю і моўную дыскрымінацыю, мы часта залішне дэманізуем дзяржаву.

У паўсядзённасці нават лукашэнкаўскія чыноўнікі і сілавікі часта прыязна і з інтарэсам рэагуюць на мову. Больш беларускамоўных — менш пытання: «А чаму ты размаўляеш па-беларуску?»

Параўнайце гэтыя нататкі з тым, што расказаў пра сваю службу, беларускамоўны жаўнер 20 гадоў назад:

Курс маладога байца. Як найлепш прыстасавацца да вайсковага побыту?

ПГД, прысяга і далей

Перамога над дзядухай. Нішто так не адрознівала еўрапейскія арміі ад савецкай, як адсутнасць дзедаўшчыны. Беларускаму войску на вынішчэнне «дзядухі» спатрэбілася 10 гадоў

Капіталісты з лычкамі. Мілыя падрабязнасці з непублічнага жыцця беларускага войска

Тым, хто чакае дэмбелю

Дэмбельскі акорд. Ёсьць рэчы ў нашым войску, якіх магло б і ня быць. І жаўнеры б нічога ня страцілі, і абароназдольнасьць умацавалася б

Каментары9

  • ?
    05.01.2025
    гэта што - рэклама беларускага войска? вымагае час?
  • Так
    05.01.2025
    Павага хлопцу. Не баяўся ў Беларусі па-беларуску ды яшчэ ў арміі, адной з самых абруселых структурах.

    А некаторыя дзеячы "новой оппозиции" за 4-5 гадоў не змаглі вывучыць беларускую і далей толькі на расейскай кажуць і пішуць, у тым ліку многія члены КР.
  • Omg
    05.01.2025
    pakul yani guliaucca u armiu - tisiachi katuucca u turme. en sluzhiu ne narodu, a hitrazachesannamu

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе9

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»48

У Мінску ад удару токам загінуў 16-гадовы падлетак1

«Гэта больш не зона свабоды і праўды». Сяргей Падсасонны пакідае «Белсат»73

Гэта цікава: ці адрозніваецца вада ў кране ад вады ў трубах ацяплення?3

Рэспекты ад дактароў і спецыфіка ў войску. Прынцыпова беларускамоўны юнак расказаў, як ён адслужыў9

Якім будзе надвор’е на наступным тыдні1

Стала вядома, колькі бонусных выплат атрымаў у 2024 годзе генеральны дырэктар «Беларуськалія»3

Да 4-5 сутак у чарзе. На выездзе з Беларусі ў Еўропу безліч аўто8

У Астравецкім раёне ў смяротнае ДТЗ трапіла аўто, у якім ехалі адразу пяцёра дзяцей. Загінула жанчына

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе9

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе

Галоўнае
Усе навіны →