Грамадства88

Хто такі Мацвей Бяляй, якога нібыта дэпартавалі ў Беларусь? Расказваем гісторыю дзіўнага актывіста з падазроным мінулым

Мацвей Бяляй — загадкавая фігура. Меў некалькі судзімасцяў, атрымаў прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, неяк уцёк у Еўрасаюз, таемна здымаў акцыі эміграцыі, ездзіў па розных краінах, жыў у Амерыцы. Нядаўна ГУБАЗіК заявіў, што Бяляй нібыта затрыманы ў Беларусі, бо яго дэпартавала Літва. Але што пра яго самога вядома і ці дэпартацыя можа быць праўдай?

Мацвей Бяляй. Фота з ягонай старонкі ў Facebook

Хто такі Мацвей Бяляй?

Мацвей Бяляй нарадзіўся ў 1990 годзе ў аграгарадку Маісееўшчына, які знаходзіцца ў Барысаўскім раёне. Вучыўся ў гімназіі №2 у Барысаве.

Ягоная палітычная актыўнасць з падлеткавага ўзросту — факт. У 2006-м Мацвея затрымлівалі за расклейку налепак «Мы хочам новага». У 2007-м Мацвея затрымалі на Еўрапейскім маршы.

Што з навучаннем? Тут разабрацца складаней. Бяляй расказваў, што яго нібыта адлічылі з юрыдычнага факультэта БДУ за ўдзел у тым самым Еўрапейскім маршы. У дзяржаўных СМІ пісалі, што пасля ён нібыта вучыўся ў ЕГУ. У базах яго адукацыя пазначаная спачатку як «сярэдняя спецыяльная», а пасля як «вышэйшая». Дзе менавіта вучыўся Мацвей — незразумела.

У гэты ж час Бяляй паспеў атрымаць некалькі судзімасцяў і ўрэшце надоўга трапіць за краты.

Па звестках Digital Intelligence Team, у 2007-м яму, тады яшчэ непаўналетняму, далі год калоніі з адтэрміноўкай за крадзеж, здзейснены групай асобаў (падвёз чалавека, які скраў нешта ў суседа). У 2009-м атрымаў год папраўчых работ за махлярства (узяў тэлефон, каб пазваніць, і не вярнуў).

А ў 2012-м яму далі дзевяць з паловай гадоў калоніі за наркотыкі, па частках 2 і 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса. За кошт змены заканадаўства Бяляй вызваліўся трохі раней. Адбываў пакаранне ён у калоніі №2 у Бабруйску.

Мацвей Бяляй у гасцях у Алеся Пушкіна. Год фота невядомы

Працаваў Мацвей шмат дзе. Напрыклад, з 2008 па 2011 гады быў дырэктарам фірмы «Каларыт-Плюс», сферы дзейнасці якой — цырульніцкія і іншыя паслугі. Па вызваленні з турмы меў статус індывідуальнага прадпрымальніка, працаваў у таксі, а таксама ў 2019-м у фірме, якая займалася рамонтам аўто. Жыў у Віцебску.

Дзяржаўныя СМІ пісалі — хутчэй за ўсё, па словах самога Бяляя, — што ў 2006-м ён быў сябрам ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, а ў 2010-м збіраў подпісы за Саннікава. Як мінімум першы факт — дакладная хлусня, на час выбараў-2006 ён быў яшчэ падлеткам. У 2020 годзе Бяляй лічыўся зборшчыкам подпісам за Сяргея Чэрачня.

Мацвей Бяляй у офісе прафсаюза РЭП. Фота з ягонага фэйсбуку

Ён ёсць у базе «Беспарадкі» — у чэрвені 2020-га з ім праводзілі прафілактычную гутарку.

Па словах Бяляя, 9 жніўня 2020 года яго затрымлівалі. Але падобна, што мужчына схлусіў — ён кажа, што ў гэтыя дні ў яго мусіла нарадзіцца другая дачка ад жонкі. Але, згодна з пашпартнай базай, з жонкай ён даўно развёўся, і ўвосень 2019-га яна ўжо пабралася новым шлюбам. Таксама ягонае затрыманне нідзе не зарэгістраванае, хоць гэта рэдкая сітуацыя. Неўзабаве яго быццам выпусцілі з віцебскага СІЗА, і Бяляй, па яго словах, нават паспеў паўдзельнічаць у пратэстах 11 жніўня у Мінску.

Адметна, што за ўсе наступныя гады згадак пра сям'ю і малое дзіця ў яго не было — ні ў інтэрв'ю, ні ў допісах у сацсетках. А ў адным з тэлеграм-чатаў ён шукаў сабе жанчыну адносна нядаўна, напрыканцы 2024 года.

У інтэрв'ю заходнім медыя Бяляй называў сябе адным з заснавальнікаў партыі «Разам», сябрам Каардынацыйнай рады і сябрам Марыі Калеснікавай.

Мацвей Бяляй (злева) побач з Марыяй Калеснікавай

Па звестках Digital Intelligence Team, Бяляй выехаў з Беларусі ў Польшчу 20 кастрычніка 2020 года, але вярнуўся 25 студзеня 2021 года. На той момант па чатах эміграцыі актыўна гулялі паведамленні пра тое, што ён «асабліва небяспечны», уціраецца ў давер да розных арганізацый і падманвае людзей. Гэта нам пацвердзілі актывісты дыяспараў — ён звярнуўся ва ўсе магчымыя фонды, збіраў грошы і персанальна.

Скрыншот з аднаго з чатаў беларускай дыяспары, апублікаваны ў студзені 2021 года
Скрыншот з аднаго з чатаў беларускай дыяспары

Адразу па прыездзе ў Бяляя пачаліся праблемы з міліцыяй. Спачатку, 1 лютага 2021 года, яму далі суткі за тое, што ішоў уначы па дарозе без флікера і супраціўляўся арышту.

1 сакавіка 2021 яго затрымалі на вакзале ў Віцебску. А 3 сакавіка Бяляй разбіў малатком шкло Дома ўрада ў Мінску, за што быў арыштаваны. Праз тры месяцы яму прысудзілі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

Па словах Бяляя, адтуль ён проста збег — хоць пра выпадкі уцёкаў псіхічна хворых нічога не было вядома.

Мацвей Бяляй. Фота ў ягонага фэйсбуку

Пасля гэтага Бяляй нейкім чынам дабраўся да Літвы — па яго словах, нелегальна перайшоў мяжу Расіі з Еўрасаюзам.

У Літве мужчына падаўся там на палітычны прытулак. Напрыканцы 2022 года ў яго ўзніклі праблемы з законам — Літва пачала супраць яго справу па ануляванні статусу бежанца. Бяляй здымаў акцыю каля беларускага пасольства, калі актывісты знялі сцяг Беларусі і замянілі яго на сцяг Украіны. Чым тая справа скончылася, невядома.

Са студзеня па сакавік 2023 года, акурат калі ў яго ўзніклі праблемы ў ЕС, Бяляй выехаў у Нью-Ёрк. Ці трапіў ён у краіну легальна, а калі так, то як атрымаў візу — невядома. У ЗША Бяляй падпрацоўваў, а таксама актыўна ўдзельнічаў у акцыях беларускай, украінскай і расійскай дыяспар. Пасля вярнуўся ў Еўрасаюз і, мяркуючы па фота з ягоных сацсетак, зноў удзельнічаў у акцыях.

У ноч на 20 красавіка 2023 года ён закінуў самаробную запальную прыладу на тэрыторыю пасольства Беларусі. За гэта яго арыштавалі. У студзені 2024 года Бяляю прысудзілі адзінаццаць месяцаў зняволення, але палічылі, што за час чакання суда ён ужо адбыў пакаранне.

Неўзабаве над ім мусіў пачацца новы суд, бо Бяляя разглядалі як «пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы». Невядома, ці адбыўся працэс, але ў любым разе гэта мусіла быць няхуткая справа — з улікам усіх магчымых абскарджанняў.

Мацвей Бяляй у Нью-Ёрку. Фота з ягонага фэйсбуку

Пасля гэтага Бяляй выехаў з Літвы і доўгі час жыў у іншых краінах Еўрасаюза. Па нашых звестках, ён падаўся на бежанства ў Германіі, дзе яму адмовілі, таксама жыў у Швейцарыі.

З усіх месцаў, дзе Бяляй бываў, ён вельмі актыўна публікаваў матэрыялы ў сацсетках, але з 8 сакавіка 2025 года замаўчаў. Неўзабаве яго прозвішча знікла з беларуска-расійскай базы вышуку. Магчыма, што Бяляй насамрэч апынуўся на тэрыторыі Беларусі і быў затрыманы.

Радок з імем Бяляя ў базе вышуку. Скрыншот: mediazonaby.com

«Нешта з ім не так»

Па меркаванні ўсіх, хто меў з ім справу — з Бяляем «нешта не так». Ён таемна здымаў акцыі беларусаў замежжа, гутарыў з прапагандыстамі «Мінскай праўды» і казаў падчас званка, што гатовы на любых умовах вярнуцца ў Беларусь і даносіць на паплечнікаў. Таксама званіў у міліцыю і пытаўся пра ўмовы вяртання.

Мацвей Бяляй у Брусэлі. Фота з ягонага фэйсбука

Таксама пісаў ліст Лукашэнку, прапаноўваў, каб яго памянялі на Калеснікаву.

Ліст Бяляя Лукашэнку. Фота з ягонага фэйсбуку

Бяляй прымаў удзел у акцыях беларускай эміграцыі, прадстаўляўся сябрам партыі «Народная Грамада» або БСДП, актывістам прафсаюзаў і шмат кім яшчэ. Невядома, у якіх з гэтых арганізацый ён насамрэч удзельнічаў.

Людзі, з якімі ў яго былі сумесныя фота і якім мы пісалі, адказалі, што Бяляй проста прасіў сфатаграфавацца разам і што яны не ведаюць гэтага чалавека.

У публікацыях за сакавік 2025 года Бяляй у добрым гуморы і не падобна, што ён чакаў высылкі ў Беларусь — прынамсі, у бліжэйшы час. Хоць сам пісаў яшчэ ў лістападзе 2024 года, што Літва вызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспекі і яму пагражае дэпартацыя з ЕС. Але дэпартацыя з Еўрасаюза — гэта доўгі працэс.

Адкуль пайшла інфармацыя пра затрыманне Бяляя?

Інфармацыю пра затрыманне апублікаваў толькі што створаны ананімны канал «ВЧК-ОГПУ Беларусь». Пасля публікацыю пачалі закідваць у чаты беларускай эміграцыі.

Скрыншот з канала ВЧК-ОГПУ Беларусь, дзе першапачаткова з'явілася інфармацыя пра Бяляя

Чым яшчэ займаўся акаўнт, які распаўсюджваў гэтую навіну? Ён рассылаў фэйкавае відэа з Ціханоўскай, якая «пакідае пасаду», разганяў версію пра тое, што гэта відэа стварыў Павел Латушка.

Паведамленні і гісторыя імёнаў акаўнта з ID 5005809222

А пасля гэтага тэлеграм-канал ГУБАЗіКа ў якасці пацвярджэння апублікаваў здымак Бяляя за кратамі. Невядома, наколькі ён актуальны — відавочна, што за час ранейшых арыштаў і зняволення ў сілавікоў мусілі захавацца фота мужчыны.

Сілавікі намякаюць, што яму пагражае 10 гадоў пазбаўлення свабоды, не ўдакладняючы, за якія «злачынствы». Зрэшты, не варта забываць, што папярэдні яго арышт скончыўся не зняволеннем, а накіраваннем на псіхіятрычнае лячэнне.

Дык хто Бяляй?

Актывіст са складаным лёсам і праблемамі са здароўем? Ягоныя падлеткавыя затрыманні пацвярджаюць, што ён насамрэч быў у дэмакратычным руху. Яго паводзіны апошняга часу, як і вынікі судовай экспертызы намякаюць, што з яго псіхікай магло насамрэч штосьці адбыцца. Хоць апошняя літоўская экспертыза прызнала яго цалкам прытомным.

Шукальнік лёгкіх грошай, якога выкрылі і якому давялося вярнуцца ў Беларусь? Беларусы з розных краін свету эміграцыі, з якімі размаўляла «Наша Ніва», выказваюцца пра Бяляя крайне негатыўна, адзначаюць яго бясконцыя махлярскія спробы сабраць дадатковыя грошы для сябе. Сумная слава ішла ўслед за ім і ўскладняла яго дзейнасць.

Чалавек, якога спецслужбы заслалі ў эміграцыю? На гэту думку наводзіць тое, што Бяляй хадзіў на дзясяткі акцый дыяспары ў розных краінах і здымаў удзельнікаў, здымаў і на непублічных мерапрыемствах. Яго выкрывалі, прасілі больш так не рабіць — і на наступны раз ён зноў здымаў людзей, але цяпер ужо таемна. Пры гэтым, не маючы сталай працы, Бяляй свабодна перасоўваўся між краінамі, дабраўся і да Амерыкі.

Дакладнага адказу няма. Магчыма, у некаторай ступені праўдзівыя ўсе тры версіі.

Пакуль жа прапаганда спрабуе выкарыстаць кейс Бяляя, каб напалохаць беларусаў Літвы і ўсумніцца іх у сваёй бяспецы. «Наша Ніва» накіравала запыт уладам Літвы з просьбай патлумачыць, ці адбывалася дэпартацыя Бяляя. Калі мы атрымаем адказ, то паведамім дадаткова.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Все невероятнее и неверотнее
    14.04.2025
    Я, проработав всю жизнь в IT, не был и в половине тех мест, где туссил это неверотяный безработный.
  • Выйдзі з офісу - пачні жыць
    14.04.2025
    Все невероятнее и неверотнее, свет не патрабуе шмат грошай, каб яго пабачыць. Галоўнае - жаданне.
  • Конек- горбунок
    14.04.2025
    Выйдзі з офісу - пачні жыць, Махатма, ты? Левитируеш?
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»28

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»

Усе навіны →
Усе навіны

За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?1

«Мякка кажучы, мяне трэсла». Беларуска атрымала рахункі на 40 тысяч еўра за чатыры дні ў швейцарскай бальніцы9

«Атрымліваем абрыўкі інфармацыі, у нас няма сувязі». Сястра Марыі Калеснікавай расказала апошнія навіны пра яе4

Вітальд Юраш: Польшча здрадзіла беларускай апазіцыі27

Індыя абвінавачвае Пакістан у гібелі турыстаў і пагражае пакінуць яго без вады. Краіны на мяжы вайны10

«Калі грамадствы рыхтуюць да вялікай вайны, то эксплуатуюць і боязь яе»5

Ватыкан запрасіў Святлану Ціханоўскую на пахаванне Папы Францішка5

Ці можа Ігар Сергеенка, які знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза, трапіць у Ватыкан? Аказваецца, лёгка!7

Беларусы ўсё часцей прападаюць, едучы на працу ў Расію5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»28

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць