У Мінску сёння распачнецца Міжнародны кангрэс беларусістаў. На працягу двух дзён навукоўцы будуць абмяркоўваць праблемы ў даследаванні Беларусі і беларусаў.

Старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Сяргей Запрудскі расказаў аб некаторых акалічнасцях развіцця гэтага кірунку.

«НН»: Хто сёлета прыме ўдзел у кангрэсе беларусістаў?

Сяргей Запрудскі: Пераважна гэта сябры Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, аднак таксама даследчыкі, якія пакуль не маюць з намі арганізацыйнай сувязі. Прыедзе больш за 170 удзельнікаў, з іх 99 з Беларусі. Самая вялікія замежная дэлегацыя будзе з Польшчы — трыццаць чалавек, з Германіі і Украіны — па адзінаццаць, з Літвы — дзевяць. Будуць таксама прадстаўнікі з Чэхіі, Расіі, ЗША, Аўстрыі, Швейцарыі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Нарвегіі.

Звычайна нашы кангрэсы ўяўляюць сабой агляд беларусістыкі на дадзены момант. Нейкай агульнай праблематыкі пяты кангрэс не мае. На ім будуць працаваць трыццаць шэсць тэматычных блокаў, таксама будзе праведзена пасяджэнне аднаго «круглага стала».

У кангрэсе прымуць удзел такія вядомыя даследчыкі, як Арнольд МакМілін (Вялікабрытанія), Адам Мальдзіс (Беларусь), Мікалай Нікалаеў (Расія), Юрась Гарбінскі (Польшча), Ніна Баршчэўская (Польшча), Гун-Брыт Колер (Германія), Герман Бідэр (Аўстрыя).

Галоўная частка кангрэса — навуковая, хоць, зразумела, гэты наш з’езд, як спадзяемся, мае таксама вялікае грамадскае значэнне. Верагодна, ніякія заявы ад імя кангрэса рабіцца не будуць.

«НН»: Што сабой уяўляе беларусістыка сёння?

СЗ: Беларусістыка ў свеце найлепш развіваецца там, дзе ёсць адпаведныя кафедры, інстытуцыі. На жаль, іх не вельмі шмат. Напрыклад, можна назваць універсітэты ў Варшаве, Беластоку, Вільні. Беларусістычныя даследаванні могуць добра развівацца ў рамках вывучэння агульнаславістычных праблем. Укараненне беларусістыкі на «новых» тэрыторыях няпростае. Для таго, каб, напрыклад, у Іспаніі актыўна вывучалі беларусаў, нам трэба было б нешта неардынарнае. Трэба было б пашыраць там прысутнасць нашай культуры, трэба было многім беларусам ездзіць у Іспанію на канферэнцыі. Калі мы хочам, каб недзе ў свеце вывучалі нас, трэба і самім імкнуцца вывучаць іншыя народы. «Аднабаковага» руху тут быць не можа. Мне ўспамінаецца прыклад Славістычнага інстытута ў Парыжы, які быў заснаваны яшчэ ў міжваенны час. Гэты інстытут узнік таму, што ўрады Чэхаславакіі і былой Югаславіі выдаткавалі на гэта грошы. Інстытут славянскіх даследаванняў у Парыжы існуе і сёння, і гэта стварае пэўныя ўмовы для існавання славістыкі ў Францыі.

Нельга гаварыць пра заняпад беларусістыкі ў свеце. А для таго, каб быў росквіт, яшчэ вельмі шмат трэба было б зрабіць. Напрыклад, на Захадзе цягам апошніх 10-15 гадоў славістыка сутыкалася са значнымі цяжкасцямі, зачыняліся кафедры славістыкі ў многіх універсітэтах. Для таго, каб беларусістыка развівалася за мяжой, для гэтага патрэбны намаганні беларусаў у першую чаргу.

«НН»: Беларусісты — гэта пераважна філолагі?

СЗ: Неабавязкова. Беларусістамі могуць быць літаратуразнаўцы, сацыёлагі, эканамісты, юрысты. Апошнім часам за мяжой вельмі хутка развіваецца беларусістычная паліталогія.

«НН»: Ці ўсе беларусісты валодаюць беларускай мовай?

СЗ: Не ўсе. Замежныя беларусісты валодаюць беларускай мовай у рознай ступені. Фактычна ўсе могуць чытаць па-беларуску. А што тычыцца вуснага маўлення, то гэта больш складана. Але мы ведаем, што і ў самой Беларусі не ўсе маюць добрыя навыкі вуснага маўлення па-беларуску. У першую чаргу лінгвісты і літаратуразнаўцы маюць стымулы, каб вучыцца гаварыць на нашай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?