Меркаванні1111

Літоўскі інтэлектуал: Беларусы любяць свабоду не толькі на словах, але і на справе

«Ліцвінам лічыўся той, хто бароніць свабоду і кіруецца Статутамі ВКЛ», нагадвае Аўдрус Сабунас у сваім артыкуле ў літоўскім інтэлектуальным часопісе Šiaurės Atėnai («Шаўрэс Атэнай»). Ён крытыкуе літоўскіх папулістаў. На яго думку, прывід ліцвінізму выкарыстоўваюць тыя палітыкі, якія насамрэч маюць карыслівыя мэты.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

«У пачатку студзеня гэтага года Офіс Святланы Ціханоўскай распаўсюдзіў паведамленне, што пераязджае з Літвы ў Польшчу. Праўда, чуткі пра гэта хадзілі яшчэ летась, неўзабаве пасля рашэння знізіць узровень аховы Офіса Ціханоўскай, якое матывавалі эканамічнымі меркаваннямі, але якое хутчэй за ўсё было адказам на негатыўнае стаўленне ладнай часткі літоўцаў да гэтай інстытуцыі. Так завяршаецца перыяд актыўнай ролі Літвы ў наданні прытулку дэмакратычным сілам Беларусі, і губляе моц лозунг паўстанняў XIX стагоддзя «За нашу і вашу свабоду». Так мы яшчэ больш аддаляемся ад спадчыны Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), вакол абароны якой апошнімі гадамі было зламана столькі дзідаў», — піша Аўдрус Сабунас.

На думку аўтара, перабольшаны страх перад «прывідамі ліцвінізму» штурхае літоўскае грамадства да правінцыялізму і папулізму, прымушаючы бачыць пагрозу там, дзе яе няма, і забывацца на сапраўдную пагрозу — рэжым Лукашэнкі. Аўтар мяркуе, што прывід ліцвінізму выкарыстоўваюць тыя палітыкі, якія насамрэч маюць карыслівыя мэты.

«Здаецца, прывід ліцвінізму так распаліў наша ўяўленне, што мы не заўважылі, як самі пачалі змагацца з прапагандай метадамі прапаганды — ці то ксенафобскія графіці, ці то актывісты, якія называюць сябе праціўнікамі ліцвінізму і змагаюцца супраць беларускіх нацыянальных сімвалаў, ці нават члены Сейма, якія арганізуюць пікеты супраць беларусаў у Літве, а самыя нахабныя з іх прапаноўвалі аднавіць адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам дзеля калійнага бізнэсу».

Святлана Ціханоўская з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваявалі за Украіну. Фота ОСЦ

Аўдрус Сабунас бачыць у такой рыторыцы адыход ад духу Вялікага Княства Літоўскага.

«Жаданне вялікай часткі літоўцаў паддацца правінцыялізму і папулізму, якія ўзурпавалі заходнюю палітычную і медыйную прастору, пазбягаць складаных пытанняў і паддавацца спакусе этнацэнтрызму сведчыць пра тое, што перш за ўсё мы такім чынам самі адкідаем сваю сувязь з ВКЛ».

Аўтар мяркуе, што сіла Літвы заўсёды заключалася ў яе смеласці быць прытулкам для прыгнечаных народаў. Адмова ад падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і закрыццё ад суседзяў азначае ператварэнне Літвы ў «дзяржаву аднаго пытання», што прывядзе да страты свайго маральнага аўтарытэту і гістарычнай пераемнасці.

Сцягі памяці беларусаў-добраахвотнікаў, што загінулі, на Майдане Незалежнасці ў Кіеве. Фота: Наша Ніва

«…аўтарытарная трактоўка гістарычнай праўды — няхай і несвядома, падобная да таго, як гэта робіцца ў Расіі. І калі маецца на мэце максімальна закрытае грамадства. Менавіта гэта і ёсць адыход ад тоеснасці ВКЛ. У гэтым выпадку больш правоў на гістарычную спадчыну ВКЛ, як мне здаецца, маюць беларусы, якія любяць свабоду на словах і на справе — тыя, хто ў 2020 годзе выйшаў на вуліцы, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі; тыя, хто запоўніў стары горад Вільні нацыянальнай сімволікай падчас перапахавання паўстанцаў 1863 года; тыя, хто рэгулярна збіраецца на пратэсты ў падтрымку Украіны ў Вільні, Нью-Ёрку, Токіа ды іншых гарадах, не кажучы ўжо пра тых, хто ідзе абараняць Украіну са зброяй. Калі мы больш не здольныя заставацца вернымі пераемнасці ідэі ВКЛ, то, магчыма, нават не варта і выводзіць свой род ад ВКЛ?» — звяртаецца да сваіх суайчыннікаў Сабунас.

Перапахаванне парэшткаў паўстанцаў у Вільні. 2019 год. Фота: Наша Ніва

Аўтар заклікае не баяцца «постімперскіх амбіцый» у добрым сэнсе слова — як абавязку падтрымліваць змагароў за свабоду, — бо менавіта ў вернасці ідэалам ВКЛ, а не ў вузкім этнічным нацыяналізме, заключаецца сапраўдная сіла і будучыня суверэннай Літвы.

Каментары11

  • Лекцыя Тымаці Снайдэра
    11.02.2026
    каму цікава наша гісторыя, YouTube : Беларусь: Старажытная і сучасная. Новы погляд на гісторыю Цэнтральнай Еўропы. Лекцыя Тымаці Снайдэра
  • Хопіць імперскага мыслення
    11.02.2026
    Лекцыя Тымаці Снайдэра , гэта дзе Палессе называецца скіфскім стэпам? Пра гісторыю Беларусі беларускія гісторыкі расказваюць у разы лепей: без ляпаў пару соцень кіламетраў туды пару сюду, ды куды глыбей. Акудовіча і Краўцэвіча лепей глядзіце, а не шукайце замежных аўтарытэтаў.
  • Пытаннечка
    11.02.2026
    Яго яшчэ не распялі?

Цяпер чытаюць

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Двухмесячнае дзіця выпадкова атруцілася лімоннай кіслатой з чайніка

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, яшчэ двое атрымалі траўмы

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі36

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў46

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

Шакіра — першая спявачка, якая выступіла на чатырох чэмпіянатах свету1

Таленавітага беларускага харэографа злавілі ў Пецярбургу з наркотыкамі11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць