Мова77

Як ніжнік крыў кральку. Забытая мова беларускіх картачных гульняў

У беларусаў была свая адметная картачная тэрміналогія, якая часта разыходзіцца з расейскай. У жывых гаворках захаваўся ўнікальны, самабытны свет, дзе карты не тасуюць, а габлююць, і дзе валетаў і дам называлі ніжнікамі ды кралькамі.

Карціна Поля Сезана «Гульцы ў карты» (1892—1893 гады) выдатна перадае напружаную атмасферу мыслення за картачным сталом. Фота: Wikimedia Commons

Вярнуць з нябыту гэты пласт лексікі вырашыла суполка «RэЗервацыЯ» — група перакладчыкаў, якіх яднае супольная мэта стварэння якасных беларускіх лакалізацый гульняў. Яны сабралі і сістэматызавалі картачную лексіку ў невялікі, але надзвычай змястоўны слоўнік.

Масці і маскі

Для нас сёння звыклымі з’яўляюцца французскія назвы картачных масцей, але беларуская народная традыцыя захавала і іншыя найменні. Чорныя пікі часцей за ўсё называліся «віна» (націск на першы склад). Прыметнік: віновы. Або віноўкі: «Я табе дам віноўку, і ты знімеш».

Трэфы практычна паўсюдна называліся жалуды, ці скарочана жлуды, а ў некаторых рэгіёнах мелі альтэрнатыўную назву — хрэсці, прыметнік: храстовыя. Масць, вядомая нам як бубна, мела таксама мілагучную назву — звонкі. Напрыклад, фіксуецца такі выраз: «Кідай звонку».

Чырву называлі таксама чарвонкамі, або чырвенямі.

Многія з гэтых назваў засталіся ад старажытнай еўрапейскай сістэмы сімвалаў старой нямецкай калоды, якая была вядомая на беларускіх землях раней за французскую.

Ніжнікі, вышнікі і шапяркі

Звыклыя нам ігральныя карцінкі таксама мелі ўласную іерархію. Тое, што мы сёння называем валетам, у беларусаў раней было ніжнікам. Гэтая назва лагічна паходзіць ад нямецкага «Unter». Адпаведна, дама фігуравала ў гаворках як вышнік (ад нямецкага «Ober») або краля і кралька. Апошняе слова пайшло ад польскага «krala» — каралева. 

Самі ж дробныя карты мелі зборную назву малодкі. Дасведчаныя жанчыны пры варажбе абавязкова адкідалі іх убок, каб яны не псавалі сур'ёзны расклад: «Мая бабуля адкідае ўсе младкі, калі гадае на даму».

Кожная лічба мела сваё азначэнне. Васьмёрку маглі назваць асьмаком ці восемкай: «А я твайго карыля казырнай восемкай пабіў». Сямёрку — сямак ці сёмка, семка, а шасцёрку — словам шапёрка, шыпёрка.

Агулам калоду карт называлі таліяй.

Габляваць і пускаць буслікаў

Карціна Мікеланджэла Караваджа «Шулеры» (каля 1594 г.), на якой адзін з мужчын пускае буслікаў у чужую калоду, а яго напарнік звычайны калтыга — мяняе карту за спінай. Фота: Wikimedia Commons

Калі людзі садзіліся за стол, карты тасавалі. У гэтага слова былі і сінонімы — іх габлявалі, тусавалі ці мітусілі.

«Не люблю я іграць, калі банк трымае Андрэй Нагнётка. Як пачне габляваць карты, як стане выкладаць іх! Проста як бы жылы выцягвае з цябе». (З дзённіка пана Жылака — Якуб Колас)

«Нашто ты іх [карты] мітусіш? Не матусі».

Каб сказаць, што нехта даў у масць, гэта значыць пахадзіў або адказаў картай той самай масці, казалі ўлісціўся: «Во як лоўка ў цябе ўлісціліся!»

Не прынята было пускаць буслікаў у чужыя карты, гэта значыць спрабаваць падгледзець чужы расклад: «Што ты буслікаў пускаеш у мае карты?».

Калі ж гулец разумеў, што яму няма чым адбівацца, ён замест пас мог сказаць годзе

Узятка са стала абазначалася словам бітка. Прайграўшы партыю ў дурня, або, як яго называлі беларусы, у кепікі, гулец атрымліваў кеп, гэта значыць пройгрыш, а для поўнага і знішчальнага пройгрыша было слова кікс.

«З вялікага абрання ды выйшаў кікс. Гулялі мы ў карты, дык я выйграў, а ўсе засталіся з кіксам».

Тых жа, хто свядома спрабаваў змахляваць, называлі калтыгамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Синдбад
    24.05.2026
    Цікава, былі й трэфы/крэсьці, разам з вінямі. І так, і гэтак называлі, адначасова, як каму.
  • Зміцер
    24.05.2026
    Я памятаю яшчэ гэтыя назвы
  • у нас
    24.05.2026
    Хрэсці, габляваць - так і казалі. Слова "трэфы" ніхто не ўжываў, нават па-расейску.

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

У ЗША маці застрэліла 11‑месячнага сына, каб бацька ніколі не атрымаў над ім апеку4

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме10

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?1

КДБ затрымаў групу людзей, якіх вінавацяць у зборы закрытай інфармацыі пра абаронныя прадпрыемствы17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць