Ініцыятыва ўзнікла пасля серыі гібрыдных атак у Еўропе, у якіх мясцовыя ўлады западозрылі расійскую ваенную разведку.

У Еўрапейскім саюзе абмяркоўваюць уключэнне Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі, вядомага як ГРУ, у спіс тэрарыстычных арганізацый. Пра гэта паведаміў рэдактар еўрапейскага бюро «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк. Падрабязнасцяў ён не прывёў.
Ініцыятыва ўзнікла пасля серыі гібрыдных атак у Еўропе, у якіх мясцовыя ўлады западозрылі расійскую ваенную разведку, піша Moscow Times.
Так, у пачатку верасня Германія ўсклала на ГРУ адказнасць за падрыхтоўку дыверсіі з выкарыстаннем беспілотнікаў з выбухоўкай у аэрапорце Лейпцыга. У межах расследавання быў затрыманы Алег Л., які, паводле даных нямецкіх праваахоўнікаў, мае непасрэднае дачыненне да гэтай структуры Міністэрства абароны РФ.
У сваю чаргу кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што спроба дыверсіі ў Лейпцыгу «знаменуе новую ступень эскалацыі на еўрапейскай зямлі» з боку Расіі. Яна назвала тое, што адбылося, часткай серыі ўсё больш небяспечных інцыдэнтаў, сярод якіх — парушэнне паветранай прасторы, збоі ў працы аэрапортаў з-за дронаў і ўмяшанне ў крытычную інфраструктуру ЕС. У сувязі з гэтым фон дэр Ляен падкрэсліла, што саюз працягне падтрымліваць Украіну і ўзмацняць санкцыйны ціск на Расію.
Уключэнне ГРУ ў тэрарыстычны спіс ЕС пацягне за сабой замарожванне актываў і забарону прадастаўляць яму сродкі або эканамічныя рэсурсы. Цяпер у гэтым пераліку знаходзяцца 13 фізічных асобаў і 23 арганізацыі, у тым ліку іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, Ісламская дзяржава і «Аль-Каіда».
Сярод такіх дыверсій крыніцы называлі падпал на прадпрыемстве Milrem Robotics у Эстоніі, пажар на заводзе па вытворчасці беспілотнікаў у Чэхіі ў сакавіку, спробу падпалу фабрыкі ў Літве, якая выпускае радыёчастотныя сканеры для Украіны, а таксама выбухі на заводах па вытворчасці боепрыпасаў у Балгарыі і Італіі ў жніўні.
Паводле слоў суразмоўцаў выдання, для правядзення дыверсій Расія вербуе членаў мясцовых злачынных груповак, пераважна праз месенджары, і разлічваецца з імі крыптавалютай.
Каментары