У Мінску адкрылі новую дыспетчарскую станцыю замест знесенай савецкай. Але будынка там няма — толькі бытоўка і біятуалет
З суботы грамадскі транспарт у раёне плошчы Бангалор пачаў курсіраваць па змененых маршрутах да новага разваротнага кольца на вуліцы Кульман. Аднак капітальнае збудаванне, пра гатоўнасць якога паведамілі дзяржаўныя медыя, будаўнікі яшчэ нават не пачыналі ўзводзіць.

Пра тое, што з 14 лістапада ў сталіцы змяняюцца трасы шэрагу маршрутаў у сувязі з «завяршэннем будаўніцтва новай дыспетчарскай станцыі «Кульман»», раней паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь».
Аўтобусы і тралейбусы ў вызначаны дзень сапраўды паехалі на новую пляцоўку, аднак карэспандэнт выдання Blizko.by, які наведаў лакацыю пасля адкрыцця, абяцанага будынка там не знайшоў.


Цяпер функцыі дыспетчарскай выконвае часовы павільён. Унутры гэтай бытоўкі абсталявалі пакой для адпачынку кіроўцаў і асобнае памяшканне для дыспетчараў, а побач на тратуары паставілі шапік для продажу білетаў і службовы біятуалет. Да ўзвядзення паўнавартаснага будынка рабочыя яшчэ не прыступалі — на месцы будучай станцыі няма нават падмурка.

Зала чакання на рэндарах і выратаваная кавярня
Як мы пісалі раней, маштабная перабудова на скрыжаванні вуліц Кульман, Крапоткіна і Лілі Карастаянавай пачалася праз пашырэнне жылога комплексу «Паўночны бераг». Каб працягнуць вуліцу Карастаянавай непасрэдна да МКАД і вуліцы Іосіфа Лангбарда, уладам спатрэбілася знесці старую дыспетчарскую станцыю «Карастаянавай», якая апынулася акурат на трасе будучай магістралі.


Транспартны вузел вырашылі вярнуць на гістарычнае месца на вуліцы Кульман, дзе ў савецкі час ужо працавала дыспетчарская, якая абслугоўвала ў тым ліку прыгарадны напрамак. Пазней гэтую тэрыторыю заняла аўтастаянка, а ў старым будынку размясціліся ветэрынарная клініка і кавярня Coffee Everyday. Першапачаткова пад знос планавалі аддаць усю пабудову цалкам.
Аднак падчас грамадскага абмеркавання праекта ў лістападзе 2025 года мясцовыя жыхары пасля закліку ўладальнікаў кавярні выступілі ў абарону ўстановы. У выніку ў кастрычніку 2026 года экскаватары зруйнавалі толькі крыло з ветклінікай, а частку будынка з кавярняй захавалі — яна працягвае працаваць упрытык да новага разваротнага кольца.



Паводле праектнай дакументацыі, побач з ацалелай кавярняй мусяць пабудаваць новую аднапавярховую аўтастанцыю плошчай каля 370 квадратных метраў. Акрамя службовых пакояў для кантралёраў і кіроўцаў, медпункта, білетнай касы і камер захоўвання, там запраектавалі залу чакання для пасажыраў плошчай 70 квадратных метраў на 30 месцаў, а таксама буфет плошчай 59 квадратных метраў, разлічаны на 20 наведнікаў. Тэрміны пачатку будаўніцтва гэтага корпуса пакуль не называюцца.
Як змяніліся маршруты транспарту
Нягледзячы на адсутнасць капітальнага будынка, само разваротнае кольца ўжо прымае гарадскі транспарт. З 14 лістапада тралейбусы № 22, 40 і 40а ў напрамку дыспетчарскай «Кульман» накіравалі па вуліцах Максіма Багдановіча, Кульман, Крапоткіна, Веры Харужай, бульвары Шаўчэнкі і вуліцы Кахоўскай. У зваротным напрамку яны рухаюцца па Кахоўскай, бульвары Шаўчэнкі, Веры Харужай і далей па сваіх маршрутах, дзякуючы чаму аднавіўся двухбаковы рух гэтых тралейбусаў па бульвары Шаўчэнкі і Кахоўскай.
Аўтобусы № 44 і 136 таксама сталі курсіраваць да новай дыспетчарскай, зноў праязджаючы па вуліцах Леаніда Бяды, Някрасава і Лілі Карастаянавай у абодвух напрамках. Акрамя таго, аўтобусы № 19, 68, 105, 105д і 131 цяпер высаджваюць пасажыраў на новай станцыі, а не на прыпынку «Парк Дружбы народаў». Трасы аўтобусаў № 29 і 154, а таксама тралейбуса № 92 часова пакінулі без змен. У «Сталічным транспарце і сувязі» адзначылі, што маршруты ў бок «Паўночнага берага» будуць карэктавацца і надалей па меры рэканструкцыі вуліцы Карастаянавай і ўладкавання новага разваротнага кольца на месцы былой дыспетчарскай.
-
У Беларусі перастала працаваць сістэма анлайн-кантролю за рухам тавараў — ад шын да фенаў. Гэта не першы такі збой сёлета
-
«А як ты выкупіў адразу акцэнт?» Рэпер Баста па голасе пазнаў музыканта з Чавусаў і расказаў пра сваё дзяцінства ў закрытым гарадку пад Дзятлавам
-
Амаль 400‑метровы пуцеправод паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным абяцаюць адкрыць да канца года
Каментары