У Еўрапейскім саюзе пачалі абмяркоўваць магчымыя сцэнары на выпадак, калі Фрыдрых Мерц у найбліжэйшыя месяцы пакіне пасаду федэральнага канцлера Германіі або будзе настолькі заняты ўнутрыпалітычнымі праблемамі, што не зможа актыўна займацца еўрапейскімі справамі. Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на пяцярых еўрапейскіх дыпламатаў і чыноўнікаў.

Паводле сведчанняў крыніц выдання, урады дзвюх краін ЕС ужо нават правялі закрытыя нарады, каб ацаніць магчымыя наступствы сыходу Мерца для палітыкі Еўрасаюза.
Сам Мерц пасля няўдалых для яго партыі выбараў у некалькіх нямецкіх землях заявіў, што мае намер працягваць працу і праводзіць рэформы. Ён назваў вынікі выбараў «катастрофай», але падкрэсліў, што будзе працягваць рэформы, у тым ліку перагляд пенсійнай сістэмы.
Асаблівую ўвагу ў ЕС прыцягнулі вынікі выбараў у Саксоніі-Ангальце, Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі і Берліне. У Саксоніі-Анхальце «Альтэрнатыва для Германіі» атрымала 43,8% галасоў, у Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі — 38,2%. У апошняй зямлі Хрысціянска-дэмакратычны саюз Мерца не пераадолеў пяціпрацэнтны бар'ер і ўпершыню ў пасляваеннай гісторыі не трапіў у зямельны парламент. У Берліне ХДС таксама страціў лідарства, прапусціўшы наперад партыю «Левыя».
Па словах дэпутаткі Еўрапарламента Ханны Нойман, у выпадку датэрміновых выбараў партнёры па ўрадавай кааліцыі могуць страціць частку сваіх пазіцый. Аднак асноўныя палітычныя сілы Германіі пакуль не зацікаўленыя ў датэрміновых парламенкіх выбарах, а чарговыя павінны прайсці толькі ў 2029 годзе.
Для Еўрасаюза магчымая палітычная нестабільнасць у Германіі мае значэнне, паколькі Берлін удзельнічае ў вырашэнні шэрагу важных пытанняў. Сярод іх — фармаванне сямігадовага бюджэту ЕС, падтрымка еўрапейскай прамысловасці, а таксама дапамога Украіне і праграма пераўзбраення Германіі.
Мерц разам са Швецыяй, Фінляндыяй, Даніяй, Аўстрыяй і Нідэрландамі выступае за скарачэнне выдаткаў у будучым бюджэце ЕС на сотні мільярдаў еўра. Таму ягоныя магчымыя ўнутрыпалітычныя праблемы могуць паўплываць і на перамовы паміж краінамі Еўрасаюза.
Пры гэтым у асяроддзі Мерца не пагаджаюцца з тым, што ён можа аддаляцца ад еўрапейскай палітыкі. Чалавек, знаёмы з пазіцыяй канцлера, заявіў Politico, што нестабільнасць у Германіі, наадварот, можа падштурхнуць Мерца да больш актыўнага праяўлення лідарства на еўрапейскім узроўні.
Пытанне пра магчымую змену канцлера пакуль застаецца сцэнаром, які абмяркоўваецца ў ЕС, а не прынятым палітычным рашэннем. Мерц сам заяўляе, што не мае намеру пакідаць пасаду датэрмінова.
Германія запатрабавала скараціць праект бюджэту ЕС на сотні мільярдаў еўра. З бюджэту ЕС фінансуецца і беларуская культура
Лёс Мерца вырашаюць выбары на ўсходзе Германіі
Мерц заявіў пра завяршэнне «эры безумоўнага трансатлантычнага сяброўства»
Мерц адмяніў запланаваную размову з Трампам пасля падтрымкі апошнім «Альтэрнатывы для Германіі»
Сцяна ў галаве. Чаму ўсходнія немцы галасуюць інакш?
Каментары