І праз трыццаць гадоў пасля падзення камуністычнага рэжыму ва ўсходняй Германіі яна працягвае адрознівацца ад астатняй краіны. Выбары ў Еўрапарламент чарговы раз яскрава падкрэслілі мяжу, якой быццам даўно не існуе.
Дзве Германіі
У чэрвені 1945 года саюзнікі, якія перамаглі нацысцкую Германію, падпісалі пагадненне пра падзел яе тэрыторыі на чатыры зоны акупацыі. Паўночна-заходняя частка дасталася Брытаніі, паўднёва-ўсходняя — ЗША, а ўсходняя — Савецкаму Саюзу. У 1946 годзе Савецкі Саюз спыніў пастаўку сельскагаспадарчых прадуктаў са сваёй зоны акупацыі ў заходнія рэгіёны. У адказ амерыканцы ўвялі свае абмежаванне. Каб пазбегнуць крызісу ў кіраванні, амерыканская і брытанская зона былі аб’яднаныя, да іх у 1948 годзе была далучана і французская зона.
У маі 1949 года ў Боне пад кантролем вайсковых губернатараў на тэрыторыі заходніх зон акупацыі была абвешчана Федэратыўная Рэспубліка Германія. У адказ на гэта ў наступным годзе савецкая зона акупацыі была ператворана ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Далей дзве часткі адной краіны развіваліся па розных эканамічных і ідэалагічных мадэлях. Калі ў заходняй Германіі панавала дэмакратыя і свабодны рынак, інтэграцыя ў еўрапейскую і міжнародную супольнасць, то ва ўсходняй была ўсталявана аднапартыйная сістэма, планавая эканоміка і ізаляцыянісцкая знешняя палітыка.
Нягледзячы на тое, што ГДР аказалася найбольш паспяховай сацыялістычнай краінай ва Усходнім блоку, саступаючы па эканамічных паказчыках толькі СССР, у параўнанні з Заходняй Германіяй яна прайгравала. Узровень жыцця не дасягаў нават даваеннага.
Нізкі ўзровень жыцця і палітычныя рэпрэсіі прывялі да таго, што з 1950 года з усходняй Германіі на захад збегла да 15% насельніцтва, перш за ўсё маладога і высокакваліфікаванага. Каб прадухіліць «уцёкі з Рэспублікі», улады закрылі межы з ФРГ і пабудавалі сцяну на мяжы з Заходнім Берлінам, які заставаўся свабодным анклавам пасярод сацыялістычнай краіны.
У 1980-я гады ў ГДР ціскі камуністычнага рэжыму пачалі слабець. Гэта было выклікана як унутранымі працэсамі, так і палітыкай «перабудовы» ў СССР, палітыкай адмовы Міхаіла Гарбачова ад савецкай гегемоніі ва Усходняй Еўропе. Натхнёныя прыкладам Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі немцы запатрабавалі дэмакратызацыі краіны. У 1989 годзе ў ГДР перамагла мірная рэвалюцыя, адбылося сімвалічнае падзенне Берлінскай сцяны, якая падзяляла адзін народ.
На першых свабодных выбарах у сакавіку 1990 года ва ўмовах шматпартыйнасці з вялікім адрывам перамаглі хрысціянскія дэмакраты. Ужо ў жніўні 1990 года парламент падаў заяву аб уваходжанні ГДР у склад ФРГ. Афіцыйна аб'яднанне Германіі адбылося 3 кастрычніка, якое цяпер адзначаецца як дзяржаўнае свята.
Аб'яднаная, але не адзіная
Але працэс інтэграцыі не быў такім гладкім. Перабудова эканомікі «новых зямель», як сёння нейтральна называюць былыя тэрыторыі ГДР, запатрабавалі ад Германіі велізарных фінансавых выдаткаў. Каб хоць неяк пакрыць іхнюю частку, у 1991 годзе быў уведзены «падатак салідарнасці», які існуе дагэтуль, што сведчыць пра тое, што за 30 гадоў пасля ўз’яднання працэс інтэграцыі ўсходняй Германіі далёкі ад завяршэння.
Непрыемным сюрпрызам для эканомікі Германіі стала прыватызацыя ўсходненямецкіх прадпрыемстваў. Чакалася, што з продажу іх можна будзе выручыць 600 млрд марак, але, каб зацікавіць імі інвестараў, у гэтыя прадпрыемствы давялося ўкласці 270 млрд марак.
Амаль уся прамысловасць Усходняй Германіі была прызнана састарэлай. Бесперспектыўныя, неканкурэнтныя вытворчасці былі ліквідаваныя. Былі зачынены ўсе савецкія атамныя электрастанцыі, бо яны не адпавядалі заходнім стандартам бяспекі: у 1976 годзе пажар на Грайфсвальдскай АЭС ледзь не прывёў да расплаўлення радыеактыўнага ядра станцыі, калі меры бяспекі не спрацавалі.
Рэканструкцыі патрабавала таксама інфраструктура. Амаль усе аўтамабільныя дарогі, чыгунка, каналізацыйныя сістэмы і грамадскія будынкі Усходняй Германіі на момант аб'яднання знаходзіліся ў аварыйным стане, бо ў апошнія дзесяцігоддзі існавання ГДР там амаль не надавалі ўвагі падтрыманню інфраструктуры.
Каб паспрыяць эканамічнаму развіццю рэгіёна, былі пракладзены новыя аўтамабільныя дарогі і рэканструяваны старыя. А вось многія чыгуначныя станцыі і галіны, якія арыентаваліся на пасажыраперавозкі, наадварот былі закрыты праз скарачэнне насельніцтва.
Працоўных месцаў бракавала, узнікла велізарная колькасць беспрацоўных, многія з якіх выехалі на захад у пошуку працы. Гэта былі ў асноўным маладыя людзі, што паўплывала на нараджальнасць і старэнне насельніцтва. Праблема заставалася нявырашанай на працягу дзесяцігоддзяў: так, у 2005 годзе ўзровень беспрацоўя дасягнуў рэкордных 18,7%.
Эканамічнае аднаўленне ўсходняй Германіі аказалася больш доўгатэрміновым, чым меркавалася першапачаткова. Узровень жыцця і сярэднегадавы даход у «новых землях» застаюцца значна ніжэйшымі.
Але, вядома, час згладжвае адрозненні. Сёння ўзровень беспрацоўя ў «новых землях» нават ніжэйшы, чым у некаторых «старых». Таксама Усходнюю Германію найменш закрануў фінансавы крызіс 2007-2008 гадоў, што паспрыяла выраўноўванню з Заходняй Германіяй. І хоць насельніцтва на ўсходзе хутчэй старэе, то-бок колькасць старых адносна маладых большая, але нараджальнасць што на захадзе, што на ўсходзе паказвае аднолькавую карціну.
«Сцяна ў галаве»
Яшчэ да аб’яднання Германіі заходнія немцы называлі ўсходніх «осі» (ад Ost — усход), а тыя заходніх — «весі» (ад Westen — захад). Стэрэатыпныя ўяўленні, якія служылі асновай для шматлікіх анекдотаў, трывала замацаваліся ў свядомасці немцаў.
Осі стэрэатыпна ўспрымаюцца беднымі, з расісцкімі поглядамі, якія ў значнай ступені знаходзяцца пад уплывам рускай культуры. Калі яшчэ больш груба, то осі лічаць «лянівымі нікчэмамі». Весі ж (у стэрэатыпным успрыманні) — багатыя і эгаістычныя снобы, якія няздольныя быць сумленнымі. Дыму без агню не бывае.
Многія ўсходнія немцы першапачаткова пазітыўна ўспрынялі далучэнне да ФРГ, але пасля настроі змяніліся. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі і грэблівае стаўленне заходніх да сваіх новых суайчыннікаў. Далучэнне ГДР да ФРГ трактавалася як перамога заходніх немцаў над усходнімі.
Многія ўсходнія немцы дагэтуль адчуваюць, што яны не належаць да аб'яднанай Германіі або што яны тут чужыя. Гэтае адчуванне апісваюць як «сцяна ў галаве» («Mauer im Kopf») — фізічных і юрыдычных перашкод няма, але ментальна людзі застаюцца ў часах сваёй шчаслівай маладосці, нават калі ўмовы жыцця былі не надта добрымі.
Яшчэ 15 гадоў таму немцы ва ўсходняй Германіі ў сваёй большасці заступаліся за ГДР, амаль палова апытаных казалі, што хоць былі нейкія праблемы, але ў цэлым жыццё было добрым. «Остальгія», сум па часах ГДР, аказалася не менш моцнай за савецкую настальгію на постсавецкай прасторы. Ёй падыгрываюць і вытворцы — адраджаюць усходненямецкія брэнды, каб прывабіць тых, хто настальгуе пра таварах, на якіх выраслі.
Голас супраць
Дагэтуль даход немцаў на ўсходзе краіны істотна ніжэйшы за даход на захадзе. Эканамічная адсталасць рэгіёна, якая толькі павялічвалася за гады камуністычнага кіравання, цяжкасці інтэграцыі і неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя прама ўплываюць на тое, якія пытанні хвалююць людзей у рэгіёне і якія партыі яны падтрымліваюць на выбарах.
Ва ўсходняй Германіі сёння не знаходзяць вялікай падтрымкі традыцыйныя для Заходняй Германіі партыі. Ні правацэнтрысцкі кансерватыўны альянс партый ХДС/ХСС, ні сацыял-дэмакратычная СДПГ, ні Зялёныя, ні тым больш ліберальная СвДП.
Хрысціянская дэмакратыя аказалася малазразумелай для ўсходніх немцаў, яе палітыкі не прапаноўвалі таго, што абяцалі правыя і левыя папулісты, а хрысціянства за часы панавання атэістычнага рэжыму перастала адыгрываць важную ролю ў жыцці ўсходніх немцаў.
Гэта яшчэ адзін важны водападзел паміж часткамі Германіі: у той час як пратэстанты пераважаюць у цэнтральнай і паўночнай частцы краіны, а католікі на поўдні і захадзе, на ўсходзе больш за 70% насельніцтва не вызнае ніякай веры і адносіць сябе ці да агностыкаў, ці да атэістаў.
Вялікую падтрымку ў рэгіёне атрымала левая папулісцкая партыя Die Linke — спадчынніца Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі, якая калісьці была адзінай і кіроўнай партыяй у ГДР.
Гэтаму паспрыяла вялікая розніца ва ўмовах жыцця і заробках з Заходняй Германіяй і высокі ўзровень беспрацоўя. Крайнія левыя традыцыйна атрымліваюць каля 20% працэнтаў галасоў усходніх немцаў на выбарах.
У 2013 годзе традыцыйную трохпартыйную сістэму ў Германіі разбурыла з’яўляенне новага гульца — ультраправай папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ). На федэральных выбарах партыя атрымала найбольшую колькасць галасоў у «новых землях», хоць і не атрымала ніводнага месца. Яе папулярнасць няўхільна расла, на наступных выбарах у Бундэстаг і Еўрапарламент партыя стала заўважнай сілай.
Крайне правых падтрымліваюць у асноўным людзі ў рэгіёнах з высокім узроўнем беспрацоўя і дрэннай эканамічнай сітуацыяй, такіх як Усходняя Германія.
«Альтэрнатыва для Германіі» прытрымліваецца нацыяналістычных, еўраскептычных поглядаў і выступае за ўзмацненне жорсткасці міграцыйнай палітыкі Германіі, каб абараніць «нямецкую культуру», але напраўдзе гэта звычайная спекуляцыя на ўяўным страху малазабяспечаных людзей страціць сваю працу на карысць танных працаўнікоў.
Праз гэта да яе таксама прымыкаюць разнастайныя неанацысцкія, расісцкія, ісламафобныя і ксенафобныя рухі.
Свайго поспеху партыя дасягнула на хвалі міграцыйнага крызісу, які захлынуў Еўрапейскі саюз з восені 2015 года, калі ў разы ўзрос паток бежанцаў і нелегальных мігрантаў з Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёвай Азіі.
Былыя камуністычныя краіны аказаліся больш уразлівымі да ксенафобскай радыкалізацыі, бо на працягу дзесяцігоддзяў не мелі такога ж кантакту з прадстаўнікамі іншых краін і культур, які мелі жыхары краін Захаду. Усходняя Германія не стала выключэннем.
У часы пасляваеннага аднаўлення эканомікі Заходняя Германіі адчувала востры дэфіцыт працоўнай сілы, страціўшы на вайне значную частку працаздольнага мужчынскага насельніцтва. Сітуацыя абвастрылася з пачатку 1960-х гадоў, калі ГДР закрыла мяжу, спыніўшы прыток імігрантаў, які дазваляў часткова закрываць патрэбы Заходняй Германіі.
Замест немцаў Германія пачала наймаць гастарбайтараў з Турцыі, дзе быў моцны эканамічны крызіс. У наступныя дзесяцігоддзі былыя гастарбайтары перацягнулі ў Германію свае сем’і, натуралізаваліся і атрымалі нямецкае грамадзянства. На момант аб’яднання Германіі тут пражывала некалькі мільёнаў чалавек турэцкага паходжання.
Ва Усходняй Германіі масавага прыцягнення гастарбайтараў пасля вайны не было. Гамагеннае нямецкае грамадства, калі сутыкнулася з рэаліямі нацыянальнай разнастайнасці ў Заходняй Германіі, аказалася надзвычай ксенафобным.
На гэта таксама наклаліся праблемы перабудовы эканомікі і вялікага беспрацоўя — замежнікі ўспрымаліся выключна як тыя, хто адбірае працу ў карэнных. Прыток мігрантаў у час міграцыйнага крызісу толькі ўзмацніў гэтыя перакананні.
Заходнім немцам, якія паўстагоддзя пражылі з тымі ж туркамі ў адной краіне, ксенафобія аказалася менш уласцівая. Да таго ж многія былыя мігранты атрымалі права голасу і таксама маглі ўплываць на вынікі выбараў.
Сёлетнія выбары ў Еўрапарламент упершыню так дакладна выявілі межы былой ГДР і ФРГ — за невялікім выняткам уся Заходняя Германія прагаласавала за альянс ХДС/ХСС, Усходняя — за «Альтэрнатыву для Германіі». Большасць усё роўна атрымала ХДС/ХСС, але толькі таму, што насельніцтва «новых зямель» значна меншае за насельніцтва «старых».
Але заўважна, што на найбольш важных выбарах у Бундэстаг, вынікі якіх будуць вызначаць унутраную палітыку ў Германію ў найбліжэйшыя гады, усходнія немцы галасуюць іначай — на першае месца ў апошнія гады тут выйшлі сацыялісты з СДП, а не «Альтэрнатыва для Германіі». На выбарах жа ў Еўрапарламент, вынікі якіх менш відавочна ўплываюць на жыццё немцаў, жыхары «новых зямель» галасуюць менш адказна.
Нягледзячы на значныя поспехі ў інтэграцыі «новых зямель» у складзе аб’яднанай Германіі, як паказвае досвед «дзвюх Польшчаў», пра які мы пісалі раней, электаральныя межы паміж рэгіёнамі, якія развіваліся па-рознаму, верагодна, не знікнуць і праз сто гадоў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
шматлікія немцы выступаюць супраць мігрантаў, бо многія з якіх не асімілююцца, не паважаюць еўрапейскія звычаі, у тым ліку законы і рэгулярна трапляюць у крымінальныя статыстыкі.