Класкоўскі: На гандаль людзьмі Лукашэнка гатовы, на лібералізацыю — не
Пазітыўнай лічыць заяву міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова пра жаданне аднавіць кантакты з NATO палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. Аналітык аднак скептычна ацаніў магчымасць для істотных змен палітыкі ўладаў у цэлым, паведамляе «Белсат».

«Я вельмі крытычна стаўлюся да палітыкі афіцыйнага Мінска, але гэта той выпадак, калі я пазітыўна ацаніў гэтую заяву. Я памятаю, шмат гадоў таму, калі я прыехаў у штаб-кватэру НАТА, то першы, каго я там сустрэў, быў падпалкоўнік беларускага войска, тады быў пастаянны прадстаўнік. І калі б такія часы вярнуліся, гэта быў бы плюс і для Захаду, і для Беларусі», — пракаментаваў Аляксандр Класкоўскі ў эфіры «Белсату».
Ён мяркуе, што міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў дзейнічае так, як яму кажа Аляксандар Лукашэнка, і падае сігнал, што Беларусь не трэба «на адну роўніцу з Расеяй ставіць, мы не хочам ні на каго нападаць». Аналітык падкрэсліў, што «ў пэўнай ступені мяч на іншым баку».
Як прыклад магчымых дамоўленасцяў і «пэўных сігналаў» Аляксандр Класкоўскі называе «польскі трэк», у якім «шэраг крокаў з таго і іншага боку падвысіў нейкую ступень даверу», «і міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі кажа пра лёгкую адлігу ў дачыненнях з Беларуссю».
«Цудаў тут не даводзіцца чакаць, але летась, калі манеўры «Захад-2025» ладзіліся, палякі выказвалі свае засцярогі, што гэта можа быць прыкрыццём для нападу, і Лукашэнка ўсё ж такі тады адцягнуў гэтыя манеўры ў глыб тэрыторыі Беларусі. А летась, калі рой расейскіх дронаў ляцеў на Польшчу, беларуская супрацьпаветраная абарона частку з іх збіла, і плюс Мінск перадаў папярэджанне Варшаве пра гэтую небяспеку», — адзначыў аналітык.
Прынцыповым момантам, Класкоўскі назваў тое, што Лукашэнка вельмі залежны ад Расіі: «Ён можа дэманстраваць нейкія свае прыхільнасці да мераў даверу, але калі Пуцін захоча нейкія агрэсіўныя дзеянні ажыццявіць, то Лукашэнку цяжка будзе ад гэтага адкруціцца».
Пра ролю РФ ён казаў і ў кантэксце адмены санкцый:
«З аднаго боку, Расіі было б магчыма выгадна, каб санкцыі супраць Беларусі былі аслабленыя, каб гэта быў нейкі хаб, каб праз гэтую дзірку, груба кажучы, ішлі нейкія тэхналогіі, тавары двайнога прызначэння ў Расію і гэтак далей. Але разам з тым у РФ усё ж імперская ментальнасць, і яна баіцца, што Лукашэнка ад яе ўцячэ (хоць ён нікуды не ўцячэ, на мой погляд), але ўсё ж гэты беларускі плацдарм яны трымаюць у полі зроку і баяцца яго страціць. Гэта такая экзістэнцыйная фобія для Крамля».
Пры гэтым сам Аляксандр Лукашэнка на большыя перамены, чым гандаль людзьмі дзеля зняцця эканамічных санкцый, відаць што, не гатовы. Пра «лібералізацыю гаворкі не ідзе», мяркуе эксперт.
«На гандаль ён гатовы, але на лібералізацыю — не. І сама гэтая фразеалогія міністра замежных спраў Беларусі пра выдаткі, што ім не падабаецца, але на што яны мусяць ісці. Гэта азначае, што ні пра якую лібералізацыю тут гаворкі не ідзе, што яны бы далей трымалі за кратамі гэтых людзей, але калі ўжо пайшла такая п’янка, то рэж апошні гурок. У такім выпадку яны ўжо гатовыя адпускаць гэтых «ворагаў», — патлумачыў Класкоўскі.
Сярод магчымых сцэнароў развіцця падзей, паводле яго, «можна казаць пра пэўнае нейкае шыфраванне рэпрэсій»:
«Можа, меней будзе гучных палітычных пасадак на доўгія тэрміны, можа, болей будуць «хатнія хіміі» даваць, адміністрацыйныя арышты выкарыстоўваць, вялікія штрафы — неяк маскаваць гэтую рэпрэсіўную палітыку. Але маё меркаванне, што ўсё ж такі рэпрэсіўная сутнасць па вялікім рахунку пры Лукашэнку не зменіцца».
Тлумачыць гэта Аляксандр Класкоўскi «траўмай 20‑га года».
«На жаль, псіхалагічная траўма, не дае спакою Лукашэнку. Хоць ён з аднаго боку раз за разам заклікае перагарнуць старонку, з іншага боку, мы бачым, што ён не забываецца пра тыя падзеі, пра той выбух народнага гневу, пратэсту, пра спробу мірнай рэвалюцыі. Цяпер ужо ён не будзе рызыкаваць нейкімі сур’ёзнымі паслабленнямі, нават у межах нейкага магчымага дыялогу з Еўропай. Пэўныя касметычныя крокі могуць быць, але сутнасць не зменіцца», — падкрэсліў эксперт.
Каментары