«Блішчыць як Swarovski». Беларускі палююць за таннымі бранзалетамі з царкоўных крам
Threads падштурхнуў беларускіх дзяўчат да незвычайнага шопінгу: яны пачалі шукаць бранзалеты ў царкоўных крамах. У сацыяльнай сетцы з'яўляюцца допісы з фотаздымкамі купляў і парадамі, дзе можна знайсці такія ўпрыгажэнні. Кошт некаторых з іх складае ўсяго 3 рублі, піша Myfin.by.

Адна з карыстальніц пахвалілася, што набыла бранзалеты ў царкоўнай краме ў Брэсце.

Іншая апублікавала фота сваёй куплі, назваўшы сябе «ахвярай Threads».

Асаблівую ўвагу прыцягнуў бранзалет з каляровымі ўстаўкамі і невялікай падвескай у выглядзе крыжыка. Яго набылі за 3 рублі. Уладальніца ўпрыгажэння ацаніла яго кароткай фразай: «Блішчыць як Swarovski».

Удзельніцы абмеркавання дапамагаюць адна адной знаходзіць месцы, дзе прадаюцца такія бранзалеты. Адна з карыстальніц паказала адразу дзве вітрыны з упрыгажэннямі і адзначыла, што там можна знайсці нават вырабы, падобныя да прадукцыі Pandora. Якія, дарэчы, так і называюцца.


Згаданае месца знаходзіцца ў мінскім Ракаўскім прадмесці. Адзін з бранзалетаў, які называецца «Пандорай», там каштуе 12,50 рубля.

Трэнд распаўсюдзіўся і ў тыктоку. Там з'явіўся хэштэг «Царкоўныя бранзалеты з Threads», пад якім дзяўчаты паказваюць свае пакупкі і здымаюць агляды ўпрыгажэнняў.
На апублікаваных фотаздымках можна ўбачыць тонкі серабрысты бранзалет з блакітнымі і празрыстымі бліскучымі ўстаўкамі. Яго ўпрыгожвае невялікі крыжык з зялёнымі элементамі. Падобны выраб можна знайсці і на інтэрнэт-маркетплэйсах, але там ён каштуе амаль утрая даражэй.
Гісторыя з бранзалетамі паказвае, як хутка распаўсюджваюцца спажывецкія трэнды дзякуючы рэкамендацыям у сацыяльных сетках. Часам паведамленне карыстальніцы пра ўдалую знаходку аказваецца больш дзейсным за дарагую рэкламную кампанію.
Паводле апытання «Залатога Яблыка», 36,7% удзельнікаў пры выбары касметыкі арыентуюцца на водгукі іншых купцоў, а 28% прыслухоўваюцца да парад сяброў і знаёмых.
Каментары